Дзяўчына ў Магілёве забыла навушнікі ў таксі, і кіроўца іх прапіў

20-гадовая жыхарка Магілёва падчас паездкі ў таксі забыла свае дарагія навушнікі  салоне і звярнулася ў міліцыю. Як высветлілі праваахоўнікі, вадзіцель таксі, раней судзімы магілёвец, атрымаў гэтыя навушнікі ад наступных пасажыраў і схаваў у бардачок. Праз некаторы час, калі яму не хапіла грошай на выпіўку, ён прадаў навушнікі. Цяпер супраць кіроўцы ўзбуджана крымінальная справа – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Магілёвам мужчына спрабаваў выратавацца, але загінуў пры пажары

Трагедыя адбылася позна вечарам 27 красавіка ў аграгарадку Сухары Магілёўскага раёна – піша “Прыдняпроўская ніва”. Дом гарэў адкрытым полымем, калі на месца здарэння прыбылі ратавальнікі. Яны выявілі цела 48-гадовага гаспадара каля самага выхада. Відавочна, што ён спрабаваў але так і не змог выбрацца з абнятага полымем будынка.

Разглядаюцца дзве версіі прычыны пажару – неасцярожнае курэнне і ўзгаранне ад печкі. Вядуцца следчыя дзеянні.

Фота ілюстрацыйнае.

Бабруйчанін уцёк з расійскай калоніі

Як перадаюць “Кубанскія навіны”, 41-гадовы жыхар Бабруйска Алег Калінаў самавольна пакінуў калонію-пасяленне ў горадзе Краснадары, дзе адбываў пакаранне за крадзёж. Ён быў асуджаны на 1 год і 8 месяцаў. Цяпер за ўцёкі з калоніі яму пагражае новы тэрмін да чатырох гадоў. 

Фота: “Кубанскія навіны”

Воблачнае з праясненнямі, без ападкаў надвор’е – прагноз на апошнія дні красавіка.

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць павышэнне сярэднесутачных тэмператур да +8 10°С, з ваганнямі ноччу ад +4°С да +7°С, днём – ад +11°С да +15°С. Спякоты да +26 +28°С, як ў 2012 годзе і марозаў да -3°С, як у 1988 годзе не чакаецца.

Будзе пераважаць воблачнае з праясненнямі, без ападкаў надвор’е. Працягласць дня вырасце да 15 гадзін 2 хвілін 30 красавіка. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 5:27, зойдзе а 20:28.

Сінаптычны прагноз надвор’я на выходныя наступны.

Суботняе, 29 красавіка, надвор’е абяцае быць ясным ноччу і раніцай, воблачным на працягу дня. Уноч да +1°С, раніцой і ўвечар да +8  +10°С, днём тэмпература падрасце да +16°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, увечары з паўднёвага ўсходу, хуткасць вятроў 1-4 м/с. Месяц расце. Магнітнае поле неустойлівае.

У нядзелю, апошні дзень месяца, 30 красавіка, ноччу каля +5 °С, раніцай да +11°С, удзень паветра прагрэецца да +18°С, увечары тэрмометры пакажуць +12°С. Воблачна, без ападкаў. З рання вызначаць надвор’е будуць паўднёва-ўсходнія і паўднёвыя вятры, якія у другой палове зменяць свой напрамак на заходні і паўночна-заходні хуткасцю да 3-6 м/с. Месяц расце. Магнітнае поле неустойлівае.   

Ранак панядзелка, першага дня апошняга вясновага месяца, 1 мая пачнецца з воблачнага надвор’я, без ападкаў, з паўночнымі вятрамі хуткасцю да 5-6 м/с, тэмпературай да +5°С. Днём паветра прагрэецца да +15°С.

Пад Крычавам адзін дарожны знак ператварылі ў святыню, а другі зрынулі з дарогі – фота

Каля вёскі Прудок вяляецца дарожны знак на абочыне дарогі, якая вядзе з паселішча  на цэнтральную трасу. Знак абазначае перакрыжаванне з другараднай дарогай, што вядзе да Чорнага возера – месца адпачынку і рыбалкі крычаўлянаў.   

У пары сотнях метраў ад яго знаходзіцца знак паркоўкі, размешчаны насупраць помніка ахвярам фашызма побач з Прудком. Гэты знак кімсьці быў ператвораны ў святыню – на яго павязалі ручнік і прымацавалі абразок Ісуса Хрыста. Прычым знак знаходзіцца побач са сметніцай, што надае парадаксальны выгляд агульнай карціне. Ёсць верагоднасць, што на гэтым месцы адбыўся нейкі няшчасны выпадак, чым можа тлумачыцца з’яўлення абразка з ручніком.

Фота: mogilev.media

Новы інфекцыйны корпус у Магілёве ніяк не адкрыюць з-за санкцый?

Інфекцыйная лякарня ў Магілёве даўно і цалкам пераехала ў новы корпус. Цяпер гэта адно з падраздзяленняў Магілёўскай бальніцы №1 (больш вядомай як Лаўсанаўская). Новы корпус ужо даўно прымае пацыентаў і працуе ў звычайным рэжыме. 

Аднак урачыстай цырымоніі адкрыцця корпуса так і не адбылося. Крыніцы mogilev.media паведамляюць, што гэта звязана з санкцыямі. Увесці новы корпус у эксплуатацыю планавалася яшчэ ў 2021 годзе. Аднак з-за абмежаванняў на пастаўкі ў Беларусь сучаснага медыцынскага абсталявання, адкрыццё новага корпуса прыйшлося надоўга адкладаць. Mogilev.media паведамлялі, што яшчэ ў жніўні мінулага года называліся толькі арыенціровачныя тэрміны завяршэння будаўніцтва, а на пашпарце аб’екта адсутнічала інфармацыя пра час завяршэння будаўнічых работ.

Цяпер жа, як паведамляюць крыніцы ў медыцынскай установе, новае медыцынскае абсталяванне удалося набыць праз пасярэднікаў у Казахстане. Гэта дазволіла пачаць прыём пацыентаў. Што праўда, людзі, якія трапілі ў новую лякарню, скардзяцца на тыя самыя праблемы, што былі і ў старой – амаль немагчымая для ўжывання ежа, абыякавасць персанала.

Чакаецца, што новы корпус інфекцыйнай бальніцы неўзабаве афіцыйна адкрыюць, у маі месяцы. Для ўдзелу ў цырымоніі чакаецца прыезд аднаго чыноўніка з Мінска.

Фота: mogilev.media

Пад Крычавам мужчына падпаліў дом з дзецьмі і жонкай

25-гадовы жыхар аграгарадка Чырвоная Буда ў п’яным стане пасварыўся з жонкай і паспрабаваў падпаліць дом. Ён асуджаны за пагрозу забойствам.

Мужчына са сваёй жонкай і двума малалетнімі дзецьмі быў дома ў той вечар у стане алкагольнага ап’янення. Апоўначы ў іх з жонкай узнікла сварка, і хлопец стаў пагражаць жонцы, што заб’е яе і падпаліць дом. У пацвярджэнне сваіх слоў ён выйшаў у веранду, сарваў са сцяны шпалеры і падпаліў іх. Пасля гэтага малады мужчына плюхнуў на падпаленыя шпалеры бензін з каністры. Уваходныя дзверы загарэліся і ў дом, дзе знаходзілася яго жонка і дзеці, паваліў чорны дым – паведамляе пра злачынства раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Жанчына замкнулася знутры на металічны кручок, а каб упусціць паветра ў дом, разбіла вокны ў пакоі. Потым мужчына пабаяўся, што спаліць дом і затушыў пажар. Пасля гэтага сышоў з дому. Пра здзейснены ўчынак ў міліцыю паведаміла сястра пацярпелай, таму хлопца хутка затрымалі. Мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся аб сваім учынку, што стала змякчальнай акалічнасцю на судзе.

Была заведзена крымінальная справа, згодна якой маладога мужчыну пакаралі пазбаўленнем волі на 1 год 6 месяцаў. Пры гэтым прызначэнае пакаранне не будзе прыведзена ў выкананне, калі на працягу года мужчына не здзейсніць новае злачынства, а таксама будзе пастаянна апавяшчаць аддзел міліцыі аб сваім месцазнаходжанні. 

Фота ілюстрацыйнае

Як ідзе рамонт Камсамольскай вуліцы ў Магілёве – відэа

Mogilev.media паглядзелі і падзяліліся на сваім Youtube-канале відэа, як прасоўваецца рамонт на вуліцы Камсамольскай у Магілёве. Больш нашых відэаролікаў – тут, дык падпісваецеся.

Відэа: mogilev.media

Пасля праверкі шклоўскай службе таксі выставілі штраф больш чым на 50 тысяч

Падатковая інспекцыя правяла праверку прыватнай арганізацыі, што прадстаўляла паслугі таксі ў Шклове. Праверка выявіла, што на працягу двух кварталаў 2022 года фірма выкарыстоўвала наяўныя грошы, атрыманыя ад кліентаў, у абыход афіцыйнай справаздачнасці. Работнікам таксама выплачваліся зарплаты ў канвертах.

Усяго арганізацыі выстаўлена патрабаванне кампенсаваць у бюджэт 53,9 тысяч рублёў, у тым ліку больш за 30 тысяч – падаходнага падатку за атрыманую супрацоўнікамі зарплату, пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае.

Работніца дома-інтэрната для інвалідаў у Бялынічах крала грошы з картак пацыентаў

За тры з паловай месяцы 30-гадовая жыхарка Магілёва абакрала пацыентаў Бялыніцкага дома-інтэрната на 35 тысяч рублёў. 

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці, жыхарка Магілёва паспела адпрацаваць у бялыніцкім доме-інтэрнаце для інвалідаў тры з паловай месяцы. Яна неаднаразова прабіралася ў незаперты службовы кабінет аднаго з кіраўнікоў ўстановы і забірала з сейфа банкаўскія карткі пацыентаў. На гэтыя карткі ім прыходзіла дапамога па інваіднасці. Потым жанчына абналічвала грошы ў банкаматах – усяго яна завалодала сродкамі на 35 тысяч рублёў.

Уся сума была жанчынай кампенсаваная, яе чакае пераслед па артыкуле 212 частка 4 Крымінальнага кодэкса, па якім прадугледжваецца да трох гадоў няволі альбо абмежаванне правоў ці штраф.

Фота: З аператыўныга відэа Следчага камітэта.