У меліярацыйным канале ў Глускім раёне патануў мужчына

Вечарам 17 чэрвеня цела мужчыны 1975 года нараджэння было знойдзена ў меліярацыйным канале каля вёскі Яўсеевічы Глускага раёна – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

Музычны спектакль па Васілю Быкаву пакажуць у Бабруйску

У Бабруйску адбудзецца музычны спектакль паводле аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада». 29 чэрвеня ў 18.00 у тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча пройдуць гастролі Тэатра юнага гледача. Рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Самбук.

На фота: кадр з кінафільма “Альпійская балада”

Горача, пахмурнае з дажджамі надвор’е. Даўжыня дня – максімальная. Прагноз на тыдзень

На працягу новага рабочага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае з дажджамі, умерана цёплае надвор’е. 

Будуць пераважаць вятры паўночна-ўсходнія і паўночныя. Удзень да +25 +31°С, начныя тэмпературы будуць вагацца паміж  +12 і +15°С. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы падрасце і дасягне максімальнай велічыні – 17 гадзін і 9 хвілін. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:27, зойдзе ў 21:39.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 19 чэрвеня. 

У ноч з нядзелі на панядзелак да +15°С, раніцай да +23°С, увечары не ніжэй за +19°С. У дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +27°С месцамі да +29 + 31°С. 

На працягу сутак будзе воблачна, раніцой і днём вялікая верагоднасць выпадзення дажджоў. Вятры на працягу сутак будуць мяняць свой напрамак з паўднёвага на паўночна-усходні, хуткасць да 2-4 м/с, пры парывах да 6 м/с. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Маладзік на небе.

Аўторак, 20 чэрвеня 

У аўторак, 20 чэрвеня, уноч і днём пройдуць дажджы, магчымы навальніцы, увечары – воблачна і пераважна без ападкаў. Будуць панаваць зрання паўднёва-заходнія вятры, якія потым памяняюць свой накірунак на паўночна-усходні і ўсходні, хуткасць да 2-5 м/с. 

Уноч каля +14°С, раніцай да +20°С, днём тэмпература дасягне рыскі +25°С, месцамі і да +27°С. Да вечара слупок тэрмометра утрымаецца на адзнаке не ніжэй за +19°С. Маладзік.

Серада – воблачная 

У сярэдзіне рабочага тыдня, 21 чэрвеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Начныя і ранішнія тэмпературы да +12°С, у другой палове дня да +28°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-усходнія вятры хуткасцю 3-5 м/с. Месяц расце.

 Дзень летняга сонцастаяння

У чацвер, 22 чэрвеня, у Дзень летняга сонцастаяння, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі ў другой палове дня надвор’е. Вецер паўночны, паўночна-ўсходні хуткасцю 3-4 м/с. Ноччу і ўранні да +13°С, у абед і на працягу другой паловы дня +25° +28°С. Месяц расце.

Пятніца – дажджы 

У апошні дзень працоўнага тыдня, 23 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць уноч і раніцай дажджы, у другой палове дня – воблачнае надвор’е з панаваннем паўночна-ўсходніх вятроў хуткасцю да 2 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +14°С, удзень і ўвечары да +28°С. Месяц расце.

Фота: mogilev.media

Два чалавекі загінулі ў аварыі пад Магілёвам

Сёння ноччу, каля чатырох гадзін на дарозе з Магілёва на Дрыбін і Горкі перакуліўся аўтамабіль. Папярэдне – вадзіцель не справіўся з кіраваннем, машына выскачыла з дарогі і перакулілася.

У выніку аварыі загінулі кіроўца і пасажыр – мужчына пяцідзесяці двух гадоў і 45-гадовая жанчына, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

Шэсць рэгіянальных бальніц будзе мадэрнізавана ў 2023 годзе на Магілёўшчыне

У шэрагу цэнтральных раённых бальніц вобласці будзе праведзены капітальны рамонт будынкаў. Акрамя таго, рэканструююць і анкалагічны дыспансер у Магілёве.

На Магілёўшчыне працягваецца мадэрнізацыя медыцынскіх устаноў. У першым квартале 2023 года ў строй дзеючых быў уведзены інфекцыйны корпус Магілёўскай гарадской бальніцы №1. Цяпер завяршаецца рэканструкцыя абласнога анкалагічнага дыспансера.

На працягу года таксама плануецца правядзенне рэканструкцыі ў чэрыкаўскай, хоцімскай і шклоўскай цэнтральных раённых бальніцах, а таксама капітальны рамонт галоўнага корпуса быхаўскай бальніцы.

Таксама распачаты работы па капітальным рамонце бабруйскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, а ў цэнтральнай раённай бальніцы Крычава будаўнічыя работы працягваюцца – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае

У Асіповічах на заводзе загарэліся пары бітума, верагодна, гэта прадпрыемства “Тэхнаніколь”

Позна вечарам 16 чэрвеня МНС атрымала паведамленне аб загаранні пароў бітуму, якія выходзілі з дыхальнай арматуры металічнага рэзервуара на заводзе ў Асіповічах Магілёўскай вобласці па вуліцы Чапаева. 

Работнікам МНС прыйшлося астуджаць рэзервуары на прадпрыемстве. У выніку загарання пацярпелых няма, прычына інцыдэнту высвятляецца – гаворыцца ў паведамленні ратавальнай службы.

МНС не ўдакладняе назву прадпрыемства, аднак найбольш верагодна, што такія сховішчы бітуму можа мець толькі буйны дахавы завод “ТэхнаНІКОЛЬ”, размешчаны па вуліцы Чапаева, 11.

Фота: “Тэхнаніколь”

«Хор Турэцкага» выступіць у Магілёве, уваход вольны

Музычны калектыў “Хор Турэцкага” выступіць 21 чэрвеня на плошчы перад Атрыумам у Магілёве з канцэртнай праграмай “Песні Перамогі” – паведамляецца на афіцыйным сайце арт-групы. У якасці музычнага падарунка гледачам артысты выканаюць песні на беларускай мове. Спецыяльным госцем мерапрыемства стане шоу жаночых галасоў “Soprano”.

– Мае бацькі – ўраджэнцы Беларусі, удзельнікі Вялікай айчыннай вайны. Прайшлі ўсю вайну. Бацька, выхадзец з Магілёўскай вобласці, пешшу дайшоў з Берліна ў Маскву, а маці працавала медсястрой у эвакуацыйным шпіталі. Увесь матулін род быў знішчаны нацыстамі падчас генацыду ў Беларусі ў першыя дні вайны. Таму такі канцэрт для мяне (…) гэта яшчэ і асабістая гісторыя, магчымасць аддаць даніну памяці продкаў. – адзначыў кіраўнік калектыва Міхаіл Турэцкі.

Уваход вольны, пачатак у 18:30

Фота з адкрытых крыніц

У Магілёве пройдзе майстар-клас па народных танцах

17 чэрвеня ў 17 гадзін на летняй пляцоўцы ў дворыку музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі пройдзе майстар-клас па народных беларускіх танцах – гаворыцца ў паведамленні ўстановы на Facebook.

Удзельнікам майстар-класа прапануюць развучыць асноўныя рухі і элементы традыцыйных беларускіх танцаў, якія танчылі нашы продкі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Сярод іх Падэспань, Базар, Субота і Верабей.

Фота: музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Спёка, аранжавы ўзровень небяспекі на сёння – што трэба рабіць

На 17 чэрвеня ў Магілёўскай вобласці абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за высокай тэмпературы паветра. Чакаецца да 31 градуса, надвор’е будзе воблачным, але без ападкаў. 

Белгідрамет нагадаў асноўныя правілы бяспекі ў спякотныя дні. Днём рэкамендуецца зачыняць вокны фіранкамі і шторамі, і адчыняць іх толькі на ноч. Па магчымасці, у гадзіны найбольшага павышэння тэмпературы, неабходна заставацца дома і карыстацца кандыцыянерам.

Штодня раіцца выпіваць 1,5 – 2 літра вады, пазбягаць ужыванні алкаголю, а таксама напояў, якія змяшчаюць кафеін і вялікую колькасць цукру. Варта насіць галаўны ўбор і адзенне светлых тонаў, абмежаваць знаходжанне на сонцы. Штодзённы рацыён харчавання лепш змяніць на карысць летніх салатаў, мінеральнай вады, сокаў і халодных супоў. Кіроўцам не рэкамендуецца садзіцца за руль у сонцапёк, калі аўтамабіль не абсталяваны кандыцыянерам.

Фота з адкрытых крыніц

Аляксандр Баль арыштаваны на 15 сутак – праваабаронцы

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы на падставе сваіх крыніц, музыкант Аляксандр Баль быў арыштаваны ў горадзе Гарадок Віцебскай вобласці 15 чэрвеня.

16 чэрвеня суд Гарадоцкага раёна пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак нібыта за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Фота: сайт Аляксандра Баля