Горы пяску і смецце, наламалі дрэваў, разварацілі паркоўку – чарговая будоўля па-крычаўску

Горкі пяску не агароджаны, смецце вяляецца, дзясятак дрэваў зламана. Жыхарам дома №34 знішчылі пляцоўку для выбівання дываноў, загрузілі пяском дзіцячую пляцоўку, разварацілі паркоўку ды яшчэ здзекваюцца, называючы сябе “сэнсэямі”.

Ужо амаль поўгады будуюць дом №37 на тэрыторыі мікрараёна Камсамольскі. Яго ўзвядзенне адбываецца побач з праблемным доўгабудам – домам №38, пра які не так даўно пісалі mogilev media.  

Будаўнічы працэс асноўнага корпуса новага дома нічым не адрозніваецца ад суседняга доўгабуда – гэтаксама неахайна і з парушэннямі правілаў бяспекі. Сярод відавочных парушэнняў правілаў бяспекі – адсутнасць агароджаў небяспечных зон і знакаў бяспекі. Ёсць таксама недахопы і пры выкарыстанні сродкаў індывідуальнай абароны, пры эксплуатацыі металічных лесвіц, рыштаванняў і аўтамабільных кранаў. Парушэнні аналагічныя тым, якія былі зафіксаваны на будаўнічай пляцоўцы дома №38 па вуліцы Мікрараён Камсамольскі – паведамляла раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Побач з будаўнічай пляцоўкай будучага дома № 38 знаходзяцца некалькі горак пяску, зусім неагароджаных, па якіх лазяць дзеці, што можа ўяўляць для іх небяспеку. Яны нібыта фармальна агароджаны, але гэта выглядае поўнай абыякавасцю будаўнічай арганізацыі наконт бяспекі людзей. Не абыходзіцца і без будаўнічага смецця і сухога галля, якое валяецца пасярод горак з пяском.

Наогул з пачаткам будаўнічых работ былі cпілаваныя або паламаныя з дзясятак дрэваў, якія не імкнуліся захаваць. Асабліва дасталося дрэвам каля дома №34 па мікрараёну Камсамольскі, за прыгажосцю якіх сачылі жыхары дома.

Менавіта жыхарам дома №34 будаўніцтвам створана шмат нязручнасцяў. Напрыклад, няма нармальнай паркоўкі для машын, бо прылеглую тэрыторыю разварацілі, а асфальтавая дарога побач з домам ператварылася ў грунтовую, пыльную зону.

Акрамя таго знішчылі пляцоўку, дзе знаходзіліся спецыяльныя турнікі для выбівання дываноў, а маленькую дзіцячую пляцоўку засыпалі зямлёй, пагэтаму цяпер там немагчыма гуляць.

Адзначым, што ўзвядзеннем дома №37 на мікрараёне Камсамольскім займаецца крычаўскае будаўнічае прадпрыемства, якое робіць гэта абы-як, ствараючы шмат праблем жыхарам навакольных дамоў. На гэтым фоне будаўнічы вагончык з надпісам “сэнсэй” глядзіцца як здзек з жыхароў гэтага квартала, бо ўзровень будаўніцтва вельмі далёкі ад такога вызначэння.

Фота: mogilev media

Рыбачылі і выпівалі – рыбалка на возеры ў Клімавіцкім раёне скончылася трагедыяй

На возеры ў Клімавіцкім раёне патануў 41-гадовы мужчына, які спрабаваў дагнаць лодку. Яго цела з дна вадаёма паднялі работнікі асвода.

Сталі вядомымі падрабязнасці трагедыі, пра якую пісалі mogilev.media. Загінулы з’яўляўся жыхаром г. Касцюковічаў, і разам з 64-гадовым знаёмым яны прыехалі на возера паблізу вёскі Якімовічы Клімавіцкага раёна каб парыбачыць. Паралельна з лоўляй рыбы мужчыны ўжывалі спіртное. 

Увечары 41-гадовы касцюкаўчанін вырашыў праверыць закінутыя прыстасаванні для лоўлі шчупака, для чаго адштурхнуў маторную лодку ад берага, каб маторам не закрануць дно. Лодку стала адносіць ад берага, і мужчына паплыў даганяць яе. Дагнаў, але забрацца ў лодку не змог і стаў тануць. Яго напарнік паспяшаўся на дапамогу, але з-за таго што не ўмеў плаваць, не змог дабрацца да лодкі, якая знаходзілася на глыбіні паведамляе раённая газета “Родная ніва”. 

Супрацоўнікаў міліцыі і ратавальнікаў пасля здарэння выклікалі ўжо відавочцы драматычнай падзеі. Цела патанулага са дна паднялі супрацоўнікі клімавіцкага асвода, а яго лодку даставілі на бераг.  

Фота: “Родная ніва” і з адкрытых крыніц

У Бабруйску зноў адмяняюць рэйсы аўтобусаў – крытычна не хапае кіроўцаў

На мінулым тыдні ў Бабруйску адмянялі дзясяткі рэйсаў маршрутных аўтобусаў – пісалі mogilev.media. Сёння зноўку масавая адмена – паведамляе афіцыйны сайт Бабруйскага філіяла Аўтапарка №2 “Магілёўаблаўтатранса”. Прычынай зноў называецца выхад на бальнічныя вадзіцеляў парка. У сацыяльных медыя паведамлялася пра крытычны недахоп кіроўцаў аўтобусаў у Бабруйску.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”

Усе лясы Магілёўшчыны адкрыты для наведвання

Абмежаванні захаваліся толькі ў чатырох раёнах вобласці – Бялыніцкім, Круглянскім, Магілёўскім і Шклоўскім.

На мапе забарон на наведванне лясоў практычна ўся Магілёўшчына зялёнага колеру. Выключэнне – паўночна-заходні рэгіён вобласці.

Тут можна наведваць лясы, але нельга распальваць вогнішча і праводзіць масавыя мерапрыемствы ў лясах, і канечне – кідаць пад ногі недапалак.

Фота з адкрытых крыніц

Крымінальныя хронікі даўняга Магілёва – пра што пісала гарадская дарэвалюцыйная прэса

Mogilev.media працягваюць экскурс у архіўныя навіны дарэвалюцыйнага Магілёва. Гэтым разам – крымінальная хроніка за 27 чэрвеня 1912 года.

Сёння ў Магілёве чакаюцца збоі ў рабоце святлафораў

27 чэрвеня з 9:00 да 16:00 у Магілёве будуць праводзіцца планавыя работы па тэхнічным абслугоўванні сістэмы ўпраўлення святлафорнага рэгулявання, у сувязі з чым магчымы збоі ў рабоце святлафорных аб’ектаў – папярэджвае прэс-служба абласнога УУС.

Фота: mogilove.by

Разгром і ўпартая барацьба – прайшоў тур чэмпіяната Магілёўскай вобласці па футболе

Вось агляд сёмага тура Магілёўскай вобласці па футболе, які быў насычаны галамі, перамогамі з буйным лікам, разгромамі гасцей і гаспадароў, а таксама ўпартай барацьбой з нічыйным вынікам.

У зоне “Усход” у сёмым туры чэмпіяната Магілёўская вобласці па футболе хапала забітых мячоў і ўпартай барацьбы. Напружанай сустрэчай аказалася гульня паміж касцюковіцкімі і чавускімі футбалістамі. 

Гаспадары с першых хвілін узялі ініцыятыву, але госці небяспечна і рэзка контратакавалі. Панавала вязкая барацьба ў цэнтры поля, а вось галявых момантаў было не так шмат. Адзін з іх змаглі рэалізаваць касцюковіцкія футбалісты. 

Гульцы “Нівы” спрабавалі зраўняць лік, але абаронцы гаспадараў дзейнічалі паспяхова, нейтралізуючы атакі суперніка. У выніку ўпарты матч скончыўся мінімільнай перамогай гаспадароў з лікам 1-0. 

Адзін з самых відовішчных матчаў тура адбыўся ў Слаўгарадзе, дзе мясцовыя футбалісты прымалі на хатнім стадыёне гульцоў крычаўскага “Сожа”. Нягледзячы на дажджлівае надвар’е сустрэча была насычана рознымі галявымі момантамі, стандартнымі палажэннямі і небяспечнымі ўдарамі. 

У першым тайме каманды глядзеліся роўна, востра атакуючы брамы адзін аднога. Заканамерна, што першая палова гульні скончылася з лікам 1-1. Нічога не змянілася фактычна і ў другім тайме, калі слаўгарадскія і крычаўскія футбалісты гулялі відовішчна, востра, але ніхто не мог перахапіць ініцыятыву. 

У другім тайме кожная з каманд змагла забіць яшчэ па аднаму галу і ў выніку напружаная, але роўная гульня каманд, скончылася з лікам 2-2.

Абсалютна іначай складвалася сустрэча у Горках паміж мясцовымі футбалістамі і клімавіцкімі гульцамі. Абедзьве каманды знаходзяцца ў лідарах, аднак гэта не паўплывала на хаду матча. Барацьбы не атрымалася, бо гаспадары былі на дзве галавы вышэй па ўзроўню гульні за сваіх супернікаў. 

Ужо першы тайм раставіў ўсё кропкі над “і” і паказаў, што госці глядзяцца слаба. Першы тайм скончыўся з лікам 3-0 на карысць гаспадароў. Нягледзячы на гэта ў другім тайме горацкія гульцы прыбавілі і выглядалі яшчэ мацнейшымі, забіўшы чатыры мячы, на якія госці не змаглі адказаць. 

Яшчэ адзін лідар турнірнай табліцы зоны “Усход”, клуб “Сервалюкс Агра” без праблем дома абыграў дрыбінскіх. У першым тайме гаспадары хоць і валодалі ініцыятывай, аднак госці часам адказвалі небяспечнымі контратакамі. 

Тым не менш, першы тайм прайшоў пад поўным кантролем гаспадароў і скончыўся з лікам 3-1. У другім тайме гаспадары ўзяліся за перамогу яшчэ больш апантана, забіўшы з розных стандартных палажэнняў і прыгожых атак чатыры мячы. Госці у сваю чаргу змаглі адказаць толькі адным забітым голам, што хоць крыху апраўдвала іх буйную паразу моцнаму суперніку.

Самы буйны лік тура быў зафіксаваны ў Краснаполлі, дзе мясцовыя футбалісты разарвалі на часткі гасцей з Мсціслава. 

Ужо ў першым тайме гаспадары накінуліся на браму суперніка і літаральна знішчалі абарону гасцей. У выніку былі забітыя пяць мячоў, а мсціслаўскія футбалісты, у сваю чаргу, не маглі адказаць хаця б нават адным галявым момантам.

У другім тайме госці гулялі яшчэ горш, бо іх абарона проста развалілася на вачах, а краснапольцы забівалі адзін мяч за другім. У выінку сустрэча завяршылася з лікам 12-1 на карысць гаспадароў. 

У зоне “Захад” самым напружаным матчам атрымалася сустрэча паміж бялыніцкай “Друццю” і Бабруйскім “Тарпеда”. Госці лічыліся фаварытам, аднак гаспадары ім далі сапраўдны бой. 

Першы тайм бабруйскія гульцы глядзеліся мацней, аднак госці рэзка і часам нечакана для суперніка хутка рзварочвалі свае атакі. У другім тайме гаспадары змаглі паставіць гасцей на месца, наваліўшыся на браму “тарпедаўцаў”. 

Праўда госці таксама не здаліся і востра агрызаліся. Тактыка абодвух каманд прынесла вынік у выглядзе забітых мячоў. Сустрэча  скончылася баявой нічыёй 1-1.

Не атрымалася асаблівай барацьбы паміж шклоўскім “Спартаком” і глускай “Пціччу”. Гаспадары адназначна былі мацнейшымі на працягу ўсёй гульні, захапілі ініцыятыву ў першыя пятнаццаць хвілін першага тайма і не адпускалі да канца матча. 

Глускія футбалісты спрабавалі адказваць небяспечнымі выпадкамі на браму суперніка, але ніводны з іх не стаў паспяховым. А вось гульцы “Спартака” наадварот не проста сыпалі градам свае атакі ў штрафную суперніка, а забілі чатыры галы. Лік сустрэча адпавядае перавазе на полі гаспадароў – 4-0.

Самым буйным лікам у зоне “Захад” стаўся разгром футбалістамі круглянскай “Зары” быхаўскіх гульцоў. Гаспадары з’яўляюцца адназначнымі аўтсайдэрамі і знаходзяцца на апошнім месцы ў турнірнай табліцы. 

Слабасць быхаўскай каманды была відавочнай, іх гульня зусім не клеілася, небяспечных момантаў каля брамы суперніка было мала, а абаронцы не спраўляліся са сваімі задачамі. Футбалісты “Зары” наадварот, дзейнічалі сканцэнтравана і мэтанакіравана, а іх атакі праходзілі як нож скрозь масла. Вынік матча цалкам заканамерны – 0-6 на карысць гасцей.

Фота: golk.by, slavgorod.by, gorkiv.by

Расійскае СМІ заяўляе, што пад Асіповічамі пачалі будаваць лагер для ПВК “Вагнер” на восем тысяч чалавек

Расійскае выданне “Вёрстка” паведамляе, што на Магілёўшчыне ў Асіповіцкім раёне ўжо пачалося будаўніцтва лагера для байцоў ПВК “Вагнер” на 24 000 квадратных метраў і на восем тысяч чалавек. 

Па словах суразмоўцы, лагераў будзе некалькі, адзін з іх размесціцца недалёка ад горада Асіповічы. Выданне заяўляе, што гэтую інфармацыю ім пацвердзілі ў Асіповіцкім лясніцтве. “Мы працуем, ужо сёння працуем. Заўтра да абеду стаіць задача [пабудаваць]» – сказаў суразмоўца «Вёрсткі». Ён дадаў, што плошча лагера складзе 24 тысячы квадратных метраў, ён будзе разлічаны на восем тысяч ложкаў.

Крыніца «Вёрсткі», блізкая да кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, пацвердзіла, што ўладам дадзена ўказанне пабудаваць лагер для ПВК у рэгіёне. Інфармацыю аб тым, што наймітаў адправяць у Беларусь, пацвярджаюць і сваякі ўдзельнікаў групы “Вагнер” – адзначае выданне.

Адна са сваячак са спасылкай на свайго знаёмага паведаміла, што падраздзяленні ПВК Вагнера, якія засталіся ў Растове-на-Доне, накіруюць у Беларусь. Яшчэ адна суразмоўніца выдання распавяла “Вёрстцы”, што яе муж, які ў суботу знаходзіўся ў Растове, паведаміў ёй аб адпраўцы ў Беларусь “хутчэй за ўсё”, але больш на сувязь не выходзіў.

Адначасова, гэтую інфармацыю ставяць пад сумнеў аўтары Тэлеграм-канала “Рыбарь”, заклікаючы не давяраць “апазіцыйнаму СМІ”, не разабраўшыся ў сітуацыі.

Фота з адкрытых крыніц

Унікальная святая крынічка пад Крычавам стала месцам адпачынку з алкаголем, шашлыкамі і гучнай музыкай

Апісанне крыніцы вядома з канца XVIII стагоддзя ў гістарычнай працы “Апісанне Крычаўскага графства” (1786), што з’яўляецца першай згадкай пра культ святых крыніц на беларускіх землях. Цяпер прылеглая тэрыторыя да крыніцы – месца адпачынку.

Некалі шанаваная вясковая святыня пад назвай Святы калодзеж або Святая крыніца цяпер – зонай адпачынку. Парадаксальна і супярэчліва спалучаецца назва “Святая крыніца” (яна пазначана на шыльдзе, што паказвае напрамак да воднага аб’екта) і цяперашняга афіцыйнага статуса.

Прылеглая тэрыторыя да самой крыніцы ўключае некалькі альтанак для людзей, якія прыязджаюць сюды адпачыць. На шчасце, тут ёсць сметніцы з прыбіральнямі, каб людзі не загаджвалі тэрыторыю вакол воднага аб’екта.

Яшчэ літаральна пару год таму да крыніцы немагчыма было пад’ехаць на машыне ці на іншым транспартным сродку, бо пад’езд быў абмежаваны драўляным плотам. Гэта было разумнае рашэнне, каб захаваць экалогію крыніцы. Аднак сёння частка плота прыбрана і ўжо любая машына можа пад’ехаць да Святой крыніцы ўсутыч. Сама ж крыніца ўжо даўно накрыта жалезным купалам і вада з яе выцякае з трубы.

Побач з крыніцай знаходзіцца жалезны крыж, дзе да нядаўняга часу былі павязаны ручнікі.

Цяпер яны раптам пачалі вісець на драўлянай агарожды, дзе іх не павінна быць. Больш за тое, некаторыя з гэтых ручнікоў могуць аказацца аброкам, калі людзі просяць дапамогі ў вышэйшых сілаў і пакідаюць нешта з сваіх рэчаў (хустку або ручнік часцей за ўсё). Камусьці ж спатрэбілася іх перавесіць туды, дзе з імі можа здарыцца што заўгодна.

Некалькі неглыбокіх ям рознай велічыні зроблены на другім баку ад ручая, які выцякае з крыніцы, а ўсіх ямаў на адлегласці 20-30 метраў ад крыніцы можна налічыць з дзясятак. Натуральна, што вялікай небяспекі помніку экалогіі і гісторыі раскапаныя ямы не нанеслі, але тым не менш тарфяныя глебы немагчыма стварыць ці аднавіць штучным шляхам. І гэта таксама не можа не ўплываць на экалогію воднага аб’екта. 

А тым часам крынічка магла стаць месцам паломніцтва і часткай турыстычных маршрутаў, але замест гэтага тут альтанкі для адпачынку, часта з алкаголем і гучнай музыкай. Больш за тое, тут працягваецца савецкая традыцыя правядзення прафесіянальных святаў і разнастайных турыстычных злётаў (у тым ліку і школьнікаў).

Гісторыя ўнікалькай крыніцы пад Крычавам досыць сумная, бо колішняя вясковая святыня, якая была шырока вядома за межымі Крычаўшчыны, пацярпела аб савецкага ваяўнічага атэізму. Знешні выгляд стаў іншы і яна была моцна пашкоджана, нават ледзь не знішчана падчас меліарацыі і здабычы торфу ля Прудка.

На крыніцу апусцілі бетоннае кальцо, яе абнеслі меліярацыйным валам, а таксама праклалі трубы, па якіх павінна была цекчы вада. Больш за тое, быў знішчаны традыцыйны драўляны зруб, а крыніца, што была ў выглядзе невялічкага азярца, наогул спушчана падчас земляных работ. Гэта прывяло да таго, што цэлы культавы комплекс (крыніца, зруб, аброчны крыж), які раней быў даволі вядомым і шанаваным месцам, знешне вельмі моцна дэградаваў.

І цяпер належнага дагляду за крыніцай няма, хоць аб’ект культуры і экалогіі, які цудам захаваўся, уяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасць рэгіёна.

Фота: mogilev.media

Маштабная рэканструкцыя “Бабруйскі кацёл” прайшла каля вёскі Шчаткава – фота

Ваенна-гістарычная рэканструкцыя ў рамках фестываля-злёту “Бабруйскі кацёл”

Рэканструкцыя прайграла кровапралітныя баі, якія адбыліся 28-29 чэрвеня 1944 года падчас вызвлення горада Чырвонай арміяй.

У маштабным дзействе прынялі ўдзел каля 500 рэканструктараў з 70-ці ваенна-гістарычных клубаў Беларусі, Расіі, Латвіі, Эстоніі і Японіі.

У цэнтры ўвагі падчас рэканструкцыі апынуўся эпізод з захопам маста праз Бярэзіну каля вёскі Шчаткава.

“Бабруйскі кацёл” – штогадовы фэст, на якім збіраюцца рэканструктары з Беларусі і іншых краін, аб’яднаных тэматыкай Другой Сусветнай вайны.

Поўныя фотарэпартажы можна знайсці тут, ад газеты “Бабруйскае жыццё”, і тут, ад “Магілёўскіх ведамасцяў”.

Фота: “Бабруйскае жыццё”, “Магілёўскія ведамасці”