Пад Асіповічамі выпрабавалі мадэрнізаваную ракетную ўстаноўку “Шквал”

1 красавіка на палігоне “Асіповіцкі” прайшлі стрэльбавыя выпрабаванні рэактыўнай сістэмы залпавага агня “Шквал” – беларускага аналага сістэмы “Град”.

РСЗА “Шквал” – гэта распрацоўка беларускага вытворцы “Волатаўта” на аснове савецкай сістэмы “Град”. Работы над РСЗА пачаліся ў 2019 годзе, а ўпершыню на публіцы беларуская сістэма была прадстаўлена ў жніўні 2020 года на Міжнародным ваенна-тэхнічным форуме “Армія–2020” у падмаскоўнай Кубінцы.

“Шквал” мае дзве мадыфікацыі – з аўтаматызаванай сістэмай падрыхтоўкі дадзеных для стральбы і без. Таксама навацыяй стала прымяненне новага тыпу трубы для пакета снарадаў. Заяўляецца, што мадэрнізаваны і аўтаматызаваны “Шквал” паказвае больш чым у 1,5 разы лепшыя вынікі па трапнасці стральбы і высокія характарыстыкі па эканоміі людскіх затрат і часу на падрыхтоўку залпа. Так, замест пяці чалавек экапажа дастаткова трох.

Адметнай рысай выпрабавання “Шквала” пад Асіповічамі стала выкарыстанне беспілотніка дзеля цэлеўказання – паведамляе Дзяржкамваенпрам.

Фота: Дзяржкамваенпрам

У Асіповічах мужчына патануў у палутараметровай яміне

23 сакавіка а пятай вечара цела невядомага мужчыны было выяўлена ў тэхналагічнай яміне на чыгуначным адгалінаванні, якое не эксплуатуецца. Сама яміна – запоўненая вадой, памерамі 10 метраў на 2, і глыбінёй у 1,5 метры. Зараз высвятляецца асоба ахвяры і абставіны здарэння – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

Выбухі каля Асіповічаў ізноў грымелі ўчора і будуць працягвацца да канца года

На вучэбнай пляцоўцы палігона “Асіповіцкі” з 20 сакавіка па 31 снежня 2023 г., у тым ліку ў начны час у выхадныя і святочныя дні, будуць праводзіцца баявыя стрэльбы падраздзяленняў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, што ўсхвалявала мясцовых жыхароў. 

Стрэльбы на палігоне праводзяцца як днём, так і ўначы. Пасля стрэльбаў заўжды застаюцца неспрацаваўшыя выбуховыя прадметы. Да таго ж, часам ракеты і снарады мяняюць траекторыю або ў выніку памылак вылятаюць за межы палігона. Таму, несанкцыянаванае пранікненне на тэрыторыю палігона ў гэты перыяд можа стаць смяротным, папярэджвае сайт газеты “Асіповіцкі край”. 

Тэрыторыя трэніровачнай пляцоўкі Асіповіцкага палігона – гэта небяспечная зона. На ёй могуць знаходзіцца выбуховыя элементы ракет і боепрыпасаў. Наведванне палігона для збору грыбоў, ягад, лекавых раслін, металалому ці ў іншых мэтах можа ператварыцца ў трагедыю. 

Пры знаходцы падазроных аб’ектаў забаронена дакранацца да выяўленых выбуховых прадметаў: снарадаў, мін, гранат, бомбаў, дэтанатараў і іншых прадметаў. У выпадку выяўлення любога аб’екта, нават знешне падобнага на выбуховы, трэба абгарадзіць месца яго знаходжання і ўсталяваць прыкметныя знакі з адпаведнымі надпісамі, якія папярэджваюць пра небяспеку: напрыклад, “Небяспечна, міна!” альбо “Не дакранацца, гэта небяспечна!” Затым трэба неадкладна паведаміць пра знаходку выбуховага аб’екту ў вайсковую частку 12147 альбо супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў.

Улады нагадваюць, што артыкул 295 Крымінальнага кодэкса краіны за незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі прадугледжвае адказнасць – ад папраўчых прац да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: “Асіповіцкі край”

Для пяцісот старшакласнікаў на палігоне “Асіповіцкі” правялі ракетныя стрэльбы

На асіповіцкім палігоне ўлады сабралі 500 юнакоў для ўдзелу ў паказальных стрэльбах з мэтай прафарыентацыі. Адных школьнікаў мілітарысцкія стрэльбы захапілі, іншых напалохалі.

На вучэбнай пляцоўцы палігона “Асіповіцкі” ўлады правялі маштабную ваенна-патрыятычную акцыю. Яе мэтай была ваенна-патрыятычнае выхаванне і агітацыя да службы ў ракетных войсках і артылерыі, піша газета “Асіповіцкі край”. 

У “грандыёзным” мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 500 дзяцей, школьнікаў, вучняў ваенна-патрыятычных класаў і клубаў, сувораўцаў і курсантаў.

На выставе кадэты і афіцэры распавялі і паказалі ўзоры вайсковай тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні ў розных радоў войск беларускай арміі.

Разлікі артылерыі прадэманстравалі выкананне агнявых задач баявымі снарадамі. Кульмінацыяй падзеі стаў залп батарэі РСЗА “Ураган”, які выклікаў у гледачоў бурныя незабыўныя станоўчыя і адмоўныя эмоцыі.

Падобна на тое, што палігон “Асіповіцкі” становіцца галоўным цэнтрам ваеннай агітацыі ў Беларусі.

Фота: “Асіповіцкі край”.

Асіповіцкі лясгас увайшоў у спіс тэрыторый з найбуйнейшай колькасцю зуброў

Сустрэча з зубрамі ў асіповіцкіх лясах становіцца ўсё больш верагоднай. Эксперыментальная лясная гаспадарка Асіповіч увайшла ў спіс пяці тэрыторый, дзе сканцэнтраваны найбуйнейшыя папуляцыі зуброў Беларусі.

Самыя вялікія папуляцыі зуброў канцэнтруюцца на пяці тэрыторыях Беларусі: нацыянальны парк “Белавежская пушча”, Асіповіцкі вопытны лясгас, СПК “Азёры” Гродзенскага раёна, турыстычны комплекс “Красны Бор” Верхнядзвінскага  раёна, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, паведамляе газета “Асіповіцкі край”.

Беларусь з’яўляецца сусветным лідарам у колькасці зуброў, якія пражываюць на волі. У нашай краіне іх больш за 2,3 тысячы. Павелічэнне сярэдняга статку складае як мінімум 50 зуброў штогод. 

У нашай краіне ўжо сфарміравалася 11 мікрапапуляцый зубра. Найбуйнейшая з іх – Белавежская пушча. На 1 студзеня 2022 года там пражывалі больш за 700 зуброў. Працы над рэакліматызацыяй зуброў праводзяцца тут з 1929 года. За апошнія 5 гадоў іх колькасць павялічылася амаль на траціну.

Фота: газета “Асіповіцкі край”.

Асіповіцкі дзесяцікласнік сканструяваў вадародны рухавік і спрачаецца з Іланам Маскам

Малады вынаходнік з Асіповіч Уладзіслаў Шпілеўскі  ўпэўнены, што менавіта вадародны рухавік у будучыні дапаможа чалавецтву адмовіцца ад вуглевадароднага паліва.

Уладзіслаў Шпілеўскі і яго навуковы кіраўнік Алена Мурашка ўпэўненыя, што будучыня сусветнай аўтамабільнай прамысловасці менавіта за вадародам і спрабуюць рэалізаваць сваю тэорыю, піша “Асіповіцкі край”.

Па шчырасці, ідэю дзесяцікласніка нельга назваць рэвалюцыйнай. Першы рухавік, які працуе на вадародзе, быў вынайдзены яшчэ ў 1806 г. Сёння машыны з вадароднымі рухавікамі называюцца асноўнымі канкурэнтамі экалагічна чыстых электрамабіляў. Неацэнная перавага вадародных рухавікоў заключаецца ў экалагічнай прыязнасці і ў адсутнасці выкідаў у атмасферу вуглякіслага газу. Аднак, па словах заснавальніка Tesla Ілана Маска, “гэта надзвычай непрадуманая тэхналогія”.

Што ж прынцыпова новага ў распрацоўцы альтэрнатыўнага носьбіта энергіі прапануе Уладзіслаў?

Малады чалавек распачаў першыя спробы пабудаваць рухавік, а дакладней, яго сістэму сілкавання вадародам у 14 гадоў. У 2019 годзе, натхнёны відэаматэрыяламі на YouTube, падлетак пачаў плаўнае апусканне ў свет альтэрнатыўнай энергіі, але хутка прыйшоў да высновы, што інтэрнэт не самая надзейная крыніца ведаў, таму ён павінен стварыць рухавік сам. 

У мінулым годзе Уладзіслаў стварыў і прадставіў устаноўку для пераводу класічных рухавікоў унутранага згарання на працу на вадародзе на рэспубліканскі конкурс. Ягоны бацька Сяргей і дзед Валянцін узялі на сябе тэхнічны бок выканання распрацоўкі – выраб шматлікіх дэталяў.

Устаноўка стала своеасаблівым “сэрцам” сістэмы вадароднага забеспячэння . Карыстальнік улівае звычайную ваду ў рэзервуар, які пастаўляецца на электралізер. Пад уздзеяннем электрычнага току вадарод падзяляецца на кісларод і вадарод у прапорцыі два да аднаго. Гэта рэчыва называецца “выбуховым газам”. Для пастаўкі ў рухавік сумесь газу падвяргаецца падрыхтоўцы, рэалізацыя якой і з’яўляецца аўтарскім ноу-хау.

Галоўнае дасягненне – у рухавіку Уладзіслава Шпілеўскага захоўваецца ціск газу пры  пераключэнні хуткасці, а таксама захоўваецца герметычнасць канструкцыі. Маладому вынаходніку паспяхова ўдалося “перасадзіць” сістэму вадароднага сілкавання на матацыкл Miнск-125 і праверыць яе на дарогах. 

Наколькі перспектыўныя разлікі Уладзіслава – пакажа будучыня.

Фота: “Асіповіцкі край”.

Пад Асіповічамі выявілі незвычайную піраміду са старажытным егіпецкім крыжам Анкх

Піраміда вышынёй з двухпавярховы дом знаходзіцца ў вёсцы Троіцкая. Прыстасавана яна для жылля пчолаў і лячэння людзей. 

На самай справе, піраміда ўяўляе сабой вялікі… вулей, піша “Асіповіцкі край”. Яна можа ўтрымліваць адразу некалькі дзясяткаў сем’яў пчол. 

Па словах стваральніка піраміды Аляксандра Саковіча, унутры піраміда падзелена на дзве часткі: адна, для насякомых, другая (верхні паверх) абсталявана для знаходжання чалавека.

Вядома, што блізкасць да пчол станоўча ўплывае на здароўе чалавека. Такім чынам, піраміда прызначана і для лячэння людзей – лячэбнага кірунку, вядомага як біярэзанансная апітэрапія.

Над пірамідай можна заўважыць крыж Анкх – крыж старажытнага Егіпта, які каранаваны зверху з дапамогай кальца. Яшчэ яго называюць “копцкі крыж”, “ключ жыцця”, “ключ Ніла”, “бант жыцця” і г.д.

Піраміда для пчол можа стаць адной з мясцовых адметнасцяў.

Фота: “Асіповіцкі край”.

Асіпаўчане смяюцца і плачуць з квэсту ў краме “Світанак”

Філіял прадпрыемства “Світанак” у Асіповічах неаднаразова крытыкаваўся ў мясцовых пабліках за нязручную для пакупнікоў працу. Паколькі станоўчых зрухаў няма, то жыхары раёна цяпер лічаць за лепшае проста смяяцца з працы крамы.   

Фірменны магазін “Світанак” у Асіповічах стаў яскравым прыкладам “абмежаванай зручнасці” і крыніцай гумару, піша газета “Асіповіцкі край”.

Пакупнікі сведчаь, што асартымент у краме “Світанак” задаволіць любога пакупніка: зойдзеш, вочы проста разбягаюцца. А вось схема набыцця тавару цалкам адпавядае законам квэсту. Адміністрацыя крамы зрабіла ўсё, каб пакупнікі надоўга запомнілі паход у магазін.  

Па-першае, паміж стойкамі з адзеннем нельга прайсці, каб не зачапіць тавар. Вешалкі з адзеннем забіты наколькі мажліва. Таму, пакупнік альбо эквілібрыст, або, калі ён дастане цікавую рэч, абавязкова скідвае тую, што вісіць побач. 

Днямі адміністрацыя, як здаецца, увогуле вырашыла пажартаваць над пакупнікамі. 22-23 лютага, перад святам у магазіне дзейнічалі добрыя зніжкі на мужчынскае адзенне. Вядома, жанчыны паспяшаліся набыць падарункі для сваіх мужчын. 

І вось перад жанчынамі першая пастка квэсту: падлога перад вешалкамі застаўлена цюкамі вышэй за калена. Каб дабрацца да тавару, неабходна пераступіць або пералезці праз гэтую перашкоду, бо адцягнуць непад’ёмныя цюкі ў бок слабы пол не здольны. 

Тым, хто прайшоў “першы ўзровень”, адміністрацыя прапануе вызначыцца з неабходнай па колеры тканінай, якая выглядае з шэрагаў шчыльна спрасаванага адзення. 

А ўжо затым трэба паспрабаваць выцягнуць рэч, якая зацікавіла пакупніка, і адначасова не скінуць на падлогу тыя рэчы, што вісяць побач. 

Калі пакупнік выцягнуў і паглядзеў, то шчасце, калі рэч падышла. Калі ж не, то трэба нанава прайсці квэст. 

Калі пакупнік вырашыў нешта набыць, то яму падаюць вішаньку на торце: да касіра таксама цяжка дабрацца, бо цесна ў краме неверагодна.

У  студзені 2021 года газета “Асіповіцкі край” ужо крытыкавала нязручнае размяшчэнне тавару ў магазіне. Дырэктар філіяла № 2 ААТ “Світанак” Вольга Марчанкова ў сакавіку таго году палымяна распавядала пра планы пераносу фірменнага магазіна на большыя плошчы. Прайшло амаль два гады, але воз і цяпер там.

Фота з адкрытых крыніц. 

У Асіповічах у 2022 годзе не было забойстваў, а ўзнагародзілі за гэта пракурораў

Пракуратура Асіповіцкага раёна прызнана лепшай у Беларусі, бо ў рэгіёне летась – было шмат крадзяжоў, квітнела п’янства, не была выкаранена карупцыя – але затое не здарылася асабліва цяжкіх злачынстваў.

У інтэрв’ю карэспандэнту “Асіповіцкі край” раённы пракурор Дзяніс Іван’коў даволі шчыра абмаляваў карціну стану злачыннасці ў рэгіёне і дзейнасці пракуратуры. Пракурор лічыць, што прызнанне лепшымі – вынік працы яго каманды прафесіяналаў, з якой усе задачы могуць быць паспяхова вырашаны. 

Афіцыйная статыстыка сапраўды выглядае аптымістычнай і паважнай. Іван’коў адзначыў, што летась агульная колькасць злачынстваў на Асіпоўшчыне знізілася з 609 да 590, іх раскрыццё павысілася і працэнт раскрыцця перавышае рэгіянальны і рэспубліканскі ўзровень. У раёне не зарэгістраваныя забойствы ці замахі на іх, не было фактаў наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія б прывялі да смерці, не было разбояў.

Каб пазбегнуць сур’ёзных злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, пракурор распачаў дзевяць крымінальных спраў па фактах прычынення лёгкіх цялесных пашкоджанняў, катаванняў і пагроз забойствам.

Найбольш распаўсюджаныя злачынствы 

Нягледзячы на аптымістычную справаздачнасць і вялікую працу мясцовых пракурораў, Асіповіцкі раён досыць часта мільгае ў зводках крымінальнай злачыннасці. Часткова прычына гэтага тлумачыцца самім пракурорам. 

Са ловаў Дзяніса Іван’кова, крадзёж – займае па ранейшаму першае месца ў структуры злачынстваў. Значная колькасць крадзяжоў здзейснена шляхам змянення камп’ютарнай інфармацыі, ухілення бацькоў ад утрымання дзяцей альбо ад кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўным забеспячэнні.

Кіберзлачынцы таксама асабліва хвалююць пракурора. Хаця колькасць падобных злачынстваў і знізілася, але застаецца вялікай – 69. Пракурор яшчэ раз нагадаў землякам: каб не быць ахвярай, нельга нікому, у тым ліку асобам, якія называюць сябе “работнікамі банка” ці “міліцыя”, паведамляць свае асабістыя дадзеныя, дадзеныя банкаўскіх карт і коды ад Апавяшчэнні SMS банка. 

Карупцыя таксама па-ранейшаму ўяўляе сабой значную пагрозу для нармальнага функцыянавання дзяржавы. Летась у рэгіёне было выяўлена 14 карупцыйных злачынстваў: 11 крадзяжоў маёмасці шляхам злоўжывання афіцыйнымі паўнамоцтвамі, два выпадкі атрымання хабару і злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. 

У стане алкагольнага ап’янення было здзейснена кожнае трэцяе ад агульнай колькасці злачынстваў – 134 крымінальна пакараныя дзеянні. Нападпітку здзяйсняліся крадзяжы (60), хуліганскія дзеянні (12), нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў (9).

А самае страшнае – у раёне шмат людзей паміраюць з-за алкаголю. З-за злоўжывання спіртовымі напоямі загінула 16 чалавек: сем у выніку атручвання алкаголем альбо яго сурагатамі, шэсць – у транспартных аварыях, двое – на пажары і адзін утапіўся.

Праблема вызначэння лепшых у праваахоўнай дзейнасці па статыстычных паказчыках заключаецца ў тым, што дастаткова здарыцца ў 2023 годзе хаця б аднаму цяжкому  злачынству, як раён пакажа адразу вялікі рост злачыннасці, а асіповіцкая пракуратура перастане быць лепшай у рэспубліцы. 

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц. 

Вялізарнага сома злавіў і адпусціў у Свіслач рыбак Віталь Дубовік

Пад Асіповічамі рыбак змагаўся з магутнай рыбінай каля 30 хвілін, выцягнуў на бераг, а потым выпусціў на волю. Партал osipinfo.by падзяліўся асаблівасцямі рыбалкі.

Пад Асіповічамі ў раёне вёскі Лапічы рыбак Віталь Дубовік выцягнуў са Свіслачы гіганскага сома. Яго вага склала каля 40 кілаграмаў, а даўжыня большая за 180 сантыметраў. Але заканадаўства не дазволіла скарыстацца ўловам.

Сам Віталь распавёў пра рыбалку так:

– Недзе 5 дзён таму паехаў на рыбалку з прыяцелем, узялі намёт і печ. У першы дзень проста адпачывалі, на другі ламалі лёд і крыху рыбачылі (таварыш зачапіў сазана на 10 кг), а на трэці дзень лёд сагнала. Мы пайшлі [на лодцы] па рацэ і пабачылі ў эхалоце некалькі добрых сілуэтаў. Я закінуў вуду і зачапіў сама. Гэта было фізічна складана. Каля 30 хвілін змагаўся з ім і выцягнуў на бераг. На гэтым гісторыя і скончылася. Рыба больш не ішла. Ну як? Яна была, але пайшла пад лёд, і дастаць яе адтуль было амаль нерэальна.

Для Віталя гэты сом – самы вялікі, якога ён калі-небудзь злавіў. Але рыба была выпушчана ў Свіслач, бо з 1 лістапада па 31 сакавіка, дзеля захавання папуляцыі, забаронены лоў сома. Як запэўнівае рыбак, ён не забраў бы яго дадому ў любым выпадку, бо не ест сома, які амаль такі ж тлусты, як сала. А вось карп і сазан яму сапраўды смачныя.

Рыбакі кажуць, што ў Свіслачы шмат самоў.  У апошнія гады рыбакі часта атрымліваюць трафеі з вады па 25-30 кілаграмаў.

Фота з сацыяльных сетак Віталя Дубовіка.