Асіповіцкі лясгас увайшоў у спіс тэрыторый з найбуйнейшай колькасцю зуброў

Сустрэча з зубрамі ў асіповіцкіх лясах становіцца ўсё больш верагоднай. Эксперыментальная лясная гаспадарка Асіповіч увайшла ў спіс пяці тэрыторый, дзе сканцэнтраваны найбуйнейшыя папуляцыі зуброў Беларусі.

Самыя вялікія папуляцыі зуброў канцэнтруюцца на пяці тэрыторыях Беларусі: нацыянальны парк “Белавежская пушча”, Асіповіцкі вопытны лясгас, СПК “Азёры” Гродзенскага раёна, турыстычны комплекс “Красны Бор” Верхнядзвінскага  раёна, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, паведамляе газета “Асіповіцкі край”.

Беларусь з’яўляецца сусветным лідарам у колькасці зуброў, якія пражываюць на волі. У нашай краіне іх больш за 2,3 тысячы. Павелічэнне сярэдняга статку складае як мінімум 50 зуброў штогод. 

У нашай краіне ўжо сфарміравалася 11 мікрапапуляцый зубра. Найбуйнейшая з іх – Белавежская пушча. На 1 студзеня 2022 года там пражывалі больш за 700 зуброў. Працы над рэакліматызацыяй зуброў праводзяцца тут з 1929 года. За апошнія 5 гадоў іх колькасць павялічылася амаль на траціну.

Фота: газета “Асіповіцкі край”.

На Магілёўшчыне мядзведзь выйшаў на дарогу

Гэта адбылося ў Круглянскім раёне. 

Відэаролік з жывёлай запісаў аўтамабіліст на ўчастку дарогі паміж вёскамі Шапялевічы і Падар. Цяпер відэа разыходзіцца па сацыяльных сетках.

Як бачна на відэа, малады мядзведзь перасякае дарогу і, заўважыўшы аўтамабіль, хаваецца ў лесе. 

Мядзведзі на Магілёўшчыне не рэдкасць. Самая буйная іх папуляцыя жыве ў межах і навокал Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Мясціна размяшчаецца на мяжы Віцебскай і Мінскай абласцей. 

З гэтай лакацыі мясцовыя мядзведзі часта разыходзяцца па лясах Кругляншчыны, Клічаўшчыны, Бялыніччыны.

Усяго на Беларусі пастаянна жыве менш за 100 мядзведзяў. Прычым колькасць папуляцыі мяняецца мала – каля 100 асобін мядзведзяў рэгістравалася ў БССР у 1927 годзе, у 1989-ым годзе – 107 па ўсёй краіне за выключэннем Бярэзінскага запаведніка (у ім – яшчэ каля 20). 

На сённяшні час дадзеныя пра папуляцыю мядзведзяў у Беларусі розняцца. Так, Нацыянальны статыстычны камітэт рэгістраваў у 2019 годзе ўсяго 19 мядзведзяў на ўсю Беларусь, у той час як біёлагі Бярэзінскага запаведніка налічвалі ў гэты ж самы час 84 асобіны на тэрыторыі аднаго толькі запаведніка і ў прылеглых мясцінах.