Духоўны фестываль пройдзе сёлета ў Мсціславе

Духоўны фестываль пройдзе ў другі раз за чатыры гады і будзе адлюстроўваць багатае рэлігійнае жыццё рэгіёна.

Як піша mstlife.by духоўны фестываль “Мсціслаўшчына – цэнтр духоўнасці” плануюць правесці сёлета ў Мсціславе. Пра гэта расказала начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп.

У 2019 годзе быў праведзены Першы духоўны міжканфесійны фестываль “Мсціслаўшчына – цэнтр духоўнасці”. Святары, паломнікі з розных куткоў Беларусі і Расійскай Федэрацыі прыехалі ў Мсціслаў, каб дакрануцца да гісторыі, узяць удзел у богаслужэннях. Правесці ў 2020 годзе фестываль не ўяўлялася магчымым з-за пандэміі. Сёлета прадстаўнікамі мясцовага аддзела культуры было вырашана  вярнуцца да фармату дадзенага фэсту.

Сёння Мсціслаў у жыхароў Беларусі і бліжэйшых краін у першую чаргу асацыюецца са святам сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”.  

– Дастаткова багата прадстаўлена на Мсціслаўшчыне і духоўнае жыццё, аднак, яно менш папулярызавана – лічыць Наталля Біскуп. 

Адзначым, што папярэдні духоўны фестываль знайшоў водгук як у мясцовых жыхароў, так і гасцей горада. За кошт дабрачынных сродкаў, сабраных у тым ліку падчас фестываля, быў зроблены рамонт у адной з цэркваў старажытнага Мсціслава.

Фота з адкрытых крыніц

Пад Мсціславам паляўнічыя забілі сям’ю ваўкоў

Двое ваўкоў абжылі балаціну каля вёскі Буліна Мсціслаўскага раёна, але былі выяўленыя мясцовымі паляўнічымі і забітыя.

Сляды пары ваўкоў, што вялі ў балота, заўважыў кіроўца школьнага аўтобуса, які з’яўляецца таксама паляўнічым. Сляды вялі ў балота каля вёскі Буліна пад Мсціславам. Вадзіцель-паляўнічы тут жа звязаўся з кіраўніцтвам раённай арганізацыі паляўнічых і была арганізаваная аблава на ваўкоў – паведамляе газета “Святло Кастрычніка”.

Сляды ваўкоў – самца і самкі – вялі ў балота, а зваротных слядоў выяўлена не было. Па гэтай прыкмеце паляўнічыя выявілі, што пара драпежнікаў застаюцца на месцы сваёй лёжкі. Акружыўшы сцяжкамі кіламетр тэрыторыі і сабраўшы шаснаццаць чалавек паляўнічых, у тым ліку на трох снегаходах, удзельнікі адстрэла дабылі драпежнага звера. І самец і самка былі забітыя са снегаходаў.

Паляванне на валкоў, яшчэ з часоў СССР – абавязак паляўнічых арганізацый і гаспадарак. Нягледзячы на статус санітараў лесу, ваўкі разглядаюцца як небяспечныя суседзі для людзей і хатняй жывёлы, а таксама могуць спрычыніцца да распаўсюджвання шаленства. 

Фота: “Святло Кастрычніка”

Усім жыхарам аграгарадка ў Мсціслаўскім раёне забаранілі трымаць свіней

Для функцыянавання свінакомплекса “Віхра”, у аграгарадку Капачы Мсціслаўскага раёна забаронена трымаць свіней у прываных гаспадарках. Таксама мсціслаўскія ляснікі атрымалі заданне перастраляць усіх дзікоў у акрузе.

Такія меры былі прынятыя на пасяджэнні штаба па прадухіленні афрыканскай чумы свіней – піша “Святло Кастрычніка”. Побач з аграгарадком Капачы працуе свінакомплекс “Віхра”, а заканадаўства прадугледжвае, што хатніх свіней нельга трымаць у двухкіламетровым радыюсе ад свінакомплексаў.

Фота ілюстрацыйнае.

Крынічку ў паселішчы пад Мсціславам жыхарам прапанавалі добраўпарадкаваць талакой

Жыхары аграгарадка Падсолтава ў Мсціслаўскім раёне звярнуліся да старшыні райвыканкама ў тым ліку і з праблемай уборкі і рамонта крынічкі на ўскрайку вёскі. Гэта адбылося падчас выязной сустрэчы старшыні з жыхарамі, піша “Святло Кастрычніка”. Акрамя таго абмяркоўвалі праблемы рамонту і чысткі шахтавага калодзежа, размешчанага на вуліцы Савецкай, стан дарог, працу аддзялення паштовай сувязі, забеспячэнне сучасным касавым абсталяваннем мясцовай крамы.

Варта адзначыць, што год таму жыхары Падсолтава ўрачыста адкрылі помнік землякам, што загінулі ў часы Другой Сусветнай вайны за кошт складак. Відаць, паспяховы вопыт самаарганізацыі жыхароў паселішча не быў незаўважаны. Падчас сустрэчы чыноўнікам з народам старшыня Падсолтаўскага сельвыканкама Аксана Лісоўская патлумачыла аднавяскоўцам, што працу па добраўпарадкаванні воднай крыніцы можна выканаць у форме сумеснай ініцыятывы – а гэта значыць талакой, да якой далучацца ўлады.

Фота: “Святло Кастрычніка”.

Пад Мсціславам падчас уборкі снегу загарэўся пагрузчык

Франтальны пагрузчык “Амкадор” загарэўся падчас уборкі снегу каля вёскі Сапрынавічы Мсціслаўскага раёна, паведамляе прэс-служба МНС. Машына належыць мясцоваму філіялу “Магілёўаўтадора”. У выніку абгарэлі маторны адсек, кабіна, калёсы. Ніхто не пацярпеў. Прычына пажару, верагодна, заключаецца ў парушэнні правілаў карыстання электраабсталявання.

Фота ілюстрацыйнае.

На Мсціслаўшчыне адсвяткуюць 130-годдзе Максіма Гарэцкага

У Мсціславе і раёне пройдзе серыя клубных і бібліятэчных мерапрыемстваў – чытанні, выставы, літаратурныя гадзіны ў гонар Максіма Гарэцкага.

Класік беларускай літаратуры і навукі Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна. У гонар 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка ў Мсціслаўскай раённай бібліятэцы з 9 па 19 лютага праходзіць фотавыстава “Скарбы Максіма Гарэцкага”. Шэраг літаратурных сустрэч запланаваныя на 16, 17 і 18 лютага – поўную праграму можна пабачыць тут. У асноўным гэта літаратурныя гадзіны ў сельскіх клубах, выставы і чытанні.

Фота: mstlife.by

37% бюджэта Мсціслаўшчыны ў 2022 годзе сфарміравалі прыватнікі

Больш за траціну мясцовага бюджэта сфарміравалі індывідуальныя прадпрымальнікі, хоць іх лічба скарацілася да трох соцень.

Суб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу Мсціслаўшчыны ў 2022 годзе было сфарміравана 37,2% паступленняў у раённы бюджэт. Такія лічбы агучыла намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Вольга Судзілоўская на паседжанні Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

Нагадаем, што ў цэлым па Магілёўскай вобласці 43,1% даходу бюджэту ў 2022 годзе сфарміраваны прыватным сектарам, 56,9% – дзяржаўным сектарам эканомікі, пра што раней пісалі mogilev.media

Па дадзеных падатковых органаў на 1 студзеня 2023 года ў Мсціслаўскім раёне зарэгістравана 61 юрыдычная асоба і 251 індывідуальны прадпрымальнік. Нягледзячы на тое, што гэтая лічба знізілася ў параўнанні з мінулым годам, суб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу ў 2022 г. было сфарміравана 37, 2% паступленняў у раённы бюджэт. У 2021 годзе гэтая лічба складала 29,8%.

Прычым развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва – адзін з важкіх фактараў забеспячэння занятасці і павышэння эфектыўнасці эканомікі Мсціслаўскага раёна. 

Фота: horki.info

Пад Мсціславам талакой адрадзілі крынічку

Жыхары аграгарадка Капачы ў Мсціслаўскім раёне правялі талаку і аднавілі крыніцу ў паселішчы. Мясцовыя сцвярджаюць, што яна вядомая ўжо каля ста гадоў, аднак апошнім часам зарасла травой і была занядбаная. Цяпер жа вяскоўцы пачысцілі крынічку, ўмацавалі яе зводы жалезабетоннымі зводамі і аздобілі дэкаратыўным каменнем. Крыніцу асвяцілі ў гонар абраза “Паскарыцельніца хлябоў” – распавядае тэлеканал “Беларусь 4”.

Фота: Беларусь 4

Пад Мсціславам правядуць асушэнне зямель на 210 гектарах

Самыя масштабныя меліяратыўныя працы ў 2023 годзе на Магілёўшчыне пройдуць у Мсціслаўскім раёне – паведамляе раённая газета “Святло Кастрычніка”.

Будзе асушана 210 гектараў высокапладародных земляў каля вёскі Шумянічы, якія належаць прадпрыемству “Сож-Агра”.

– Працы тут пачаліся ў 2022 годзе. Асноўная іх частка прыпадае на гэты год. – расказаў выданню намеснік начальніка ПМК-94 Віталь Лушчакоў – Зараз ідзе абсталяванне адкрытай сеткі, карчоўка хмызняку і пнёў, валка і распілоўка драўніны. Працуюць чатыры экскаватары, два бульдозеры. Маецца пакласці 119 км дрэнажу. Гэты аб’ект плануем здаць у эксплуатацыю восенню бягучага года.

Дзякуючы комплексу меліярацыйных мерапрыемстваў паляпшаецца ралля, павышаецца ўраджайнасць – лічаць прадстаўнікі ПМК. На такіх землях добра растуць кармавыя культуры, што адаб’ецца на павелічэнні вытворчасці малака.

Фота: “Святло Кастрычніка”

Стала вядома, калі сёлета пройдзе “Мсціслаўскі фэст”

Фестываль сярэднявечнай культуры “Мсціслаўскі фэст 2023” адбудзецца 5-6 жніўня 2023 года – паведамляюць арганізатары.

Пачынаючы з 1 лютага адкрыта рэгістрацыя патэнцыйных удзельнікаў мерапрыемства. На сённяшні дзень ужо падалі свае заяўкі вулічны тэатр на хадулях “Весёлые Великаны”, гурты “Frozen Garden”, “STEEL RAIN”, “Граф Чапский” з інтэрактыўнай праграмай.

Да ўдзелу ў фэсце запрашаюцца музычныя гурты, вогненныя тэатры, тэатральныя і танцавальныя калектывы. 

Двухдзённы фэст штогадова (акрамя 2020 года па прычыне пандэміі) праводзіцца ў старажытным Мсціславе з 2008 года.