Амаль на паўметра затапіла мост пад Мсціславам

Паводка на Магілёўшчыне ўсё павялічваецца. Як паведамляе прэс-служба МНС, каля вёскі Калодліва Касцюковіцкага раёна з-за павышэння ўзроўню вады ў Бесядзі на 100 метраў затапіла ўчастак аўтамабільнай дарогі. Тут глыбіня падтаплення невялікая, да 15 сантыметраў. У Мсціслаўскім раёне каля вёскі Красны Бераг на 45 сантыметраў затапіла мост праз раку Віхра.

Фота ілюстрацыйнае.

У англійскім стылі. Прыгожыя фотаздымкі з маёнткам на памежжы Гомельшчыны і Магілёўшчыны

На рацэ Добасна ў мястэчку Красны бераг, гісторыя якога сягае ў пачатак 16 стагоддзя, размешчаны сядзібна-паркавы комплекс Козелаў-Паклеўскіх. Экскурсаводы лічаць яго «вельмі цікавым турыстычным аб’ектам».

Да 1919 году тутэйшыя мясціны былі памежнымі між Магілёўшчынай і Міншчынай. Цяпер гэта Гомельская вобласць. Гістарычна ж мясцовы люд цягнецца да Бабруйску, які быў часткай Мінскай губерні.

Да бліжэйшага райцэнтру Жлобіна ад Краснага берага 20 кіламетраў. Да Бабруйску напрасткі – 45 кіламетраў.

Сядзібна-паркавы комплекс помнік архітэктуры, узведзены ў стылі эклектыкі і садова-паркавага мастацтва канца 19 стагоддзя.

Маёнткам Красны Бераг у канцы 19 стагоддзя валодалі генерал-лейтэнант расійскай арміі Міхаіл Гатоўскі і яго жонка дваранка Марыя-Юзэфа Гатоўская. Для іх архітэктар з еўрапейскай адукацыяй Віктар Шротэр, спраектаваў палац. У 1893 годзе ён быў узведзены.

Адначасна з яго будаўніцтва вяліся працы па закладцы «англійскага парку». Гэтым займаўся варшаўскі садавод Францішак Шаніёр. Садова-паркаваму рамяству ён вучыўся ўва Францыі, а ў Варшаве быў адказным за сад і парк каралеўскага палацу.

Уклаўся ў будаўніцтва і зяць Гатоўскіх – Козел-Паклеўскі, ураджэнец Полаччыны, купец, мецэнат, грамадскі дзеяч.

У аздабленні 36 пакояў сядзібы спалучаюцца элементы 12 стыляў. Сярод іх готыка, ракако, барока і нават рэдкі арабскі стыль – альгамбра / маўрытанскі.

У 1905 годзе мясцовыя сяляне спрабавалі абрабаваць маёнтак, але прыбылыя з Бабруйскай крэпасці вайскоўцы такім намерам перашкодзілі.

У 1917 годзе бальшавікі маёнтак нацыяналізавалі, а пазней савецкая ўлада стварыла ў ім сельскагаспадарчую вучэльню. Гэта ўратавала комплекс ад разбурэння.

У часы Другой сусветнай вайны ў сядзібе гітлераўцы размясцілі шпіталь.

Паводле знаўцаў архітэктуры, комплекс выглядае цэласным. Добра захаваны сядзібны дом, флігель, гаспадарчыя пабудовы. Комплекс з’яўляецца філіялам Жлобінскага краязнаўчага музею. Тутэйшы парк – помнік прыроды рэспубліканскага значэння.