Магілёў спрабуе актывізаваць супрацоўніцтва з расійскім Хабараўскам

Мары і рэчаіснасць пакуль не супадаюць.

Магілёў і Хабараўск падпісалі 2 красавіка 2008 года намер аб супрацоўніцтве паміж двума гарадамі. Ва ўмовах санкцый свабодных дзяржаў супраць Расіі і Беларусі вельмі актуальнай для апошніх стала прага да рэалізацыі сумесных праграм імпартазамяшчэння.

Беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара наведвае Хабараўскі край Расійскай Федэрацыі. Мэта – паглыбленне супрацоўніцтва.


Даведка: Хабараўск (на фота) — горад у Расіі. Адміністрацыйны цэнтр Далёкаўсходняй федэральнай акругі і Хабараўскага краю. Порт на рацэ Амур. Буйны прамысловы і культурны цэнтр. Насельніцтва 579,0 тыс. чал. (2005 г.).


З дакладамі аб міжмуніцыпальным партнёрстве Хабараўска і Магілёва, як напісаў Веснік Магілёва”, у рэжыме анлайн выступілі старшыня Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Студнеў і мэр Хабараўска Сяргей Краўчук.

Што ўдалося зрабіць

Па магчымасці прадстаўнікі абодвух бакоў прымаюць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных Дням гарадоў. Так, у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у Магілёве сустракалі дэлегацыі школьнікаў Прыморскага краю і Хабараўска.

У бягучым годзе Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прымаў завочны ўдзел у Міжнародным форуме “Здаровы горад. Найлепшыя практыкі па захаванні здароўя насельніцтва» з дакладам па тэме «Вопыт працы па стварэнні здаровага гарадскога асяроддзя ў г. Магілёве». 

У ліпені бягучага года ў Хабараўску адбыўся адкрыты чэмпіянат Расіі па цяжкай атлетыцы, у якім удзельнічалі беларускія спартсмены. Два медалі заваявалі прадстаўнікі горада на Дняпры.

Бакі адзначылі, што нягледзячы на ​​рост аб’ёму знешняга гандлю ў 3,5 разы за 2021 год, ён склаў усяго $95 тыс. і быў прадстаўлены толькі экспартам. Для параўнання ў бягучым годзе – $23 тыс., або 136 працэнтаў да параўнальнага перыяду мінулага года. Аднак гэтага недастаткова, тут ёсць над чым сумесна працаваць.

Падводзячы вынікі, трэба прызнаць, што супрацоўніцтва пакуль здзяйсняецца больш на паперы, чым у рэальнасці. 

Перспектывы

Кіраўнікі абодвух гарадоў выказалі меркаванне аб неабходнасці развіцця дзелавых сувязяў і ўзаемнага гандлю. У прыватнасці, расійскі бок зацікаўлены ў пастаўках на Далёкі Усход малочнай, мясной і іншай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.

Аляксандр Студнеў унёс прапанову аб распрацоўцы “Дарожнай карты” па супрацоўніцтве Магілёва з Хабараўскам з замацаваннем адказных па рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на актывізацыю двухбаковых адносін.

Акрамя таго, стала вядома, што ў рамках Міжнароднага інвестыцыйнага форуму “Млын поспеху”, які пройдзе ў Магілёве 24-25 лістапада, плануецца падпісаць Пагадненне паміж Магілёўскім гарвыканкамам і адміністрацыяй горада Хабараўска аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах, што стане закладам супрацоўніцтва ў будучыні.

Пажадаем нашаму цяляці, як казалі нашы продкі, ваўка з’есці. 

Фота: Ілья Варламаў, серыя “Плохой Хабаровск”

Праход праз арку каля касцёла ў Магілёве зрабілі інклюзіўным

Шматлікія мінакі, якія карыстаюцца для праходу аркай на вуліцы Першамайскай каля касцёла  і цырульні “Юнацтва” заўважылі і ацанілі змены, якія адбыліся з дарожным пакрыццём.  

Замест разбітага асфальту, ям з дажджавой вадой, тут з’явіўся інклюзіўны пераход, які злучае двары паміж вуліцамі Ленінская і Першамайская. Канструкцыя уключае металічны каркас і элементы з дрэва і пліткі.  

Паглядзіце на гэты пандус у Магілёве на праспекце Дзімітрава

Здымак з жахлівай лесвіцай прыслалі чытачы Магілёў.media. Мала таго, што на ёй развальваюцца прыступкі, якія не рамантаваліся, відаць, з часоў пабудовы спуска. Пандус не мае ніякіх парэнчаў, таму застаецца толькі маліцца за тых інвалідаў-вазочнікаў, якія рызыкнуць тут праехаць.

Разам з тым, у мікрараёне на іншых лесвіцах праводзіцца сякое-такое добраўпарадкаванне.

Нейрасетка DALL-E намалявала Магілёў па нашай просьбе – шмат карцінак

Паглядзіце, як мяняецца горад, калі ў ім прадаюцца разрэзаныя курыцы.

DALL-E – гэта нейронная сетка, створаная пры фінансавай падтрымцы Microsoft, здольная генераваць высокаякасныя выявы, сыходзячы з тэкставых апісанняў. Яна працуе як стваральнік новых ілюстрацый, якія абапіраюцца на ўжо існуючыя, адвольна змешваючы рысы розных выяваў у цэласную карцінку, а штосьці дадаючы па толькі ёй зразумелым алгарытмам. 

Для таго, каб працаваць з ёй, неабходна ўвесці ў пошукавае поле некалькі словаў, якія ахопліваюць усю палітру вашага запыту. Для пачатку мы ўвялі ў пошук усяго адно слова – Магілёў. У выніку атрымалі чатыры выявы.

Варта адзначыць, што на гэтых “чыстых” выявах горада дамінуе гістарычная архітэктура, горад ілюструецца з жывапісным і велічным рэльефам. Грацыёзныя вежы, відавочна, натхнёныя магілёўскай ратушай – адной з улюбёных для гараджан і гасцей горада  архітэктурных дамінант.

Калі павялічыць пошукавы запыт, то ў выніковыя карцінкі нейрасетка дабаўляе адвольныя рысы іншых з’яваў. Мы спачатку асабліва не вычвараліся, і папрасілі DALL-E намаляваць лірыку на гарадскую тэматыку, а таксама на тэму восені, людзей і горада ў яго мінулым, сучаснасці і будучыні. У наш новы запыт увайшлі словы “Магілёў, гісторыя, сучаснасць, будучыня, гараджане, архітэктура, восень”. 

Набярэжная Дубравенкі, будынак былой філармоніі каля “Кас Аэрафлота”, зноў жа ратуша і пляцоўка перад музеем этнаграфіі на Першамайскай – першыя асацыяцыі ад гэтай працы нейрасеткі. Пагадзіцеся, атрымалася вельмі па-магілёўску.

Далей мы вырашылі адгукнуцца на сучасныя і вострыя сацыяльныя праблемы, і да папярэдняга запыту дабавілі яшчэ два словы: “разрэзаныя курыцы”.

І ўжо першая ж карцінка выклікала шчырае захапленне яркай мастацкай вобразнасцю штучнага інтэлекта. 

Пагадзіцеся, на гэтай выяве ёсць усё пра восеньскі Магілёў – старая тратуарная плітка пад нагамі і экспрэсіўныя абрысы апалых чорных дрэў на фоне вусцішнага ў сваёй банальнасці і афарбоўцы трохпавярховіка.

Наступныя выявы таксама дадалі Магілёву трохі экспрэсіі, трохі загадкавасці і трохі курэй.

На гэтым мы прыпынілі свае эксперыменты, але можам іх працягнуць дзеля вас, шаноўныя чытачы. Задавайце нам свае пошукавыя запыты, і мы з радасцю апублікуем новыя творы нейрасеткі на магілёўскую тэматыку. 

Ну, а які Магілёў выглядае лепш – з разрэзанымі курыцамі ці без, вырашаць вам, чытачы.

 

Грузавік дарожнага прадпрыемства збіў металічную канструкцыю на Слаўгарадскай шашы ў Магілёве, іншы ўехаў у слуп

Моцны туман у горадзе – кіроўцы, будзьце пільныя!

Адразу з серыі ДТЗ пачалася туманная раніца ў Магілёве 13 кастрычніка. МАЗ “Магілёўаблдарбуда” знес на Слаўгарадскай шашы ў горадзе вялізную металічную канструкцыю – паведамляе папулярны вадзіцельскі паблік “ДПС Могилев ГАИ”. Таксама іншы грузавік камунальных службаў сутыкнуўся са слупам на на той жа трасе ў Магілёве.

 

На абласным конкурсе выбіралі лепшых міліцыянтаў – расказваем, што на ім было, а чаго не хапала

Кастрычніцкі і чэрыкаўскі сталі лепшымі на Магілёўшчыне і паказалі, што павінен умець рабіць прафесіянал у міліцыі

З работай самых масавых катэгорый работнікаў міліцыі так ці інакш сутыкаецца кожны беларус. І мы ўсе разумеем, як важна, каб міліцыянеры з аднаго боку былі прафесіяналамі, а з іншага – памяталі, што служаць беларускаму народу, умелі падтрымліваць кантакт і вырашаць праблемы простых людзей. 

Сам жа конкурс цікавы яшчэ і тым, што ён паказаў, якія якасці міліцыянераў лічыць важнымі іх міліцэйскае начальства. 

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства прайшоў у Магілёве на званне “Лепшы ўчастковы інспектар міліцыі” і “Лепшы ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх”. Конкурс паказаў, якія якасці патрэбны самым блізкім да народу шэраговым міліцыянерам для нясення службы і чаго ім не хапае. 

Што было

Як сведчыць сайт УУС вобласці спаборніцтвы пачаліся са страявога агляду і экзамену па страявой падрыхтоўцы. Тут усё зразумела. 

Надалей супрацоўнікі міліцыі стралялі з табельнай зброі і дэманстравалі баявыя прыёмы барацьбы. Трэба адзначыць без жартаў, што гэта вельмі актуальныя навыкі менавіта для ўчастковых. Многія думаюць, што толькі АМАП і іншыя спецыяльныя структуры здзяйсняюць захопы і абясшкоджванне злачынцаў. А насамрэч, “пад нож” часцей за ўсё ідуць менавіта работнікі нізавога звяна, а большасць злачынстваў маюць побытавы характар. 

Яшчэ інспектары здавалі іспыты па фізічнай, спецыяльнай і медыцынскай падрыхтоўцы. Без добрай фізічнай формы і спецыяльных навыкаў паспяхова працаваць немагчыма. А ўмець аказаць першую медычную дапамогу, нават прыняць роды, абавязан кожны міліцыянер.  

Завяршыўся дзень спаборніцтвам у аратарскім майстэрстве. Сайт не тлумачыць, у чым заключаўся гэты конкурс. Калі ва ўменні выступаць са сцэны, то гэта, як падаецца, не самае важнае. 

Чаго не было

Што здзівіла, так гэта адсутнасць рэальна важных конкурсаў па вырашэнню канфліктных сітуацый і прымірэнні жыхароў, на недапушчэнне канфліктаў. 

Што рабіць, калі п’яныя не кантралююць сябе, калі муж скардзіцца, на тое, што жонка скрала з іх халадзільніка ягоную каўбасу? Як паводзіць сябе, калі суседзі знізу “пасылаюць” радыяцыю на суседзяў зверху? 

Падобных нестандартных сітуацый у любога ўчастковага некалькі тузінаў. Вось у вырашэнні іх і крыецца прафесіяналізм міліцыянера, які павінен умець без прымянення сілы знайсці выйсце з самай складанай сітуацыі. Хочацца верыць, што падобныя заданні былі ў час экзамена па спецыяльнай падрыхтоўцы. 

Пераможцы

Лепшым участковым інспектарам міліцыі Магілёўскай вобласці стаў маёр міліцыі Яўген Дзянісенка з Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва. Другое месца заняла лейтэнант міліцыі Юлія Дзяшук, якая прадстаўляе той жа райаддзел. На трэцім месцы апынуўся капітан міліцыі з Крычава Уладзіслаў Стручкоў.

Сярод участковых інспектараў па справах непаўналетніх лепшым стаў старшы лейтэнант міліцыі Дзяніс Вараб’ёў, які прадстаўляе Чэрыкаўскі РАУС. На другім месцы старшы лейтэнант Ангеліна Казлова з Краснаполля. Замыкае тройку лідараў капітан міліцыі Вікторыя Прымачак з Ленінскага РУУС г. Магілёва.

Радуе, што палова пераможцаў жанчыны. Сусветная практыка паказвае, што калі колькасць жанчын у паліцыі дасягае хаця б 40%, то скарг, карупцыі і канфліктаў у гэтай службе становіцца значна менш. 

Пераможцы будуць абараняць гонар Магілёўскай вобласці на рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэрства.

фота: mogilev.mvd.by

Па Магілёве бегаў лось – перакрывалі трасу, каб яго злавіць

Дзікую жывёлу пабачылі і сфатаграфавалі карыстальнікі папулярнага гарадскога пабліка “ДПС Могилёв ГАИ”. Для таго, каб паймаць лася, супрацоўнікам ДАІ прыйшлося перакрываць Мінскую шашу ў раёне вуліцы Каліноўскага.

 

 

 

Па адбітках пальцаў на банцы піва ў Магілёве знайшлі злодзея

Ён дапамог пажылой жанчыне паднесці сумку і заадно скраў яе гаманец.

70-гадовая жыхарка Магілёва вярталася з крамы з прадуктамі. Падымацца з сумкай на пяты паверх у доме без ліфта ёй было цяжка, і ў падобных выпадках яна звычайна прасіла сваіх знаёмых і суседзяў паднесці торбу да кватэры. Гэтым разам нікога з іх жанчына ў краме не сустрэла, і пагэтаму вырашыла папрасіць незнаёмага мужчыну паднесці сумку. Наўзамен яна набыла для незнаёмца банку піва – тую самую, што на фота.

У кватэры жанчыны незнаёмы мужчына – а ім аказаўся 42-гадовы раней судзімы магілёвец – выпіў піва на кухні і сышоў, захапіўшы кашалёк гаспадыні ў якім захоўвалася 150 рублёў. Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, устанавіць асобу злодзея спачатку выглядала складаным. Жанчына не запомніла знешнасць незнаёмца, не дапамаглі і камеры відэаназірання.

Падчас агляду месца здарэння спецыяліст камітэта судовых экспертыз на банцы з-пад піва выявіў сляды пальцаў рук. Пры праверцы па дактыласкапічных уліках было ўстаноўлена, што сляды пакінуты раней судзімым за крадзеж 42-гадовы магілёвец. Яму і прад’яўлена абвінавачванне.

Амурскі альбо бенгальскі тыгр прыедзе ў Магілёў

У Буйніцкі заасад хутка да двухгадовага льва, які ўжо жыве тут, прыедзе тыгр. Яшчэ да канца не вырашана, якой пароды будзе новая кацяня, бенгальскай або амурскай. Ці пасябруюць леў з тыграм – таксама стане вядома толькі бліжэйшым часам. 

Пра гэта распавёў загадчык вучэбнай лабараторыі “Заасад” Магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа ў Буйнічах Іван Ніжнікаў. 

Пакуль яшчэ сумуючы адзінокі магілёўскі леў у заасадзе. 

Пажылую жанчыну ў Магілёве збіў МАЗ і пераехаў, не заўважыўшы

Жанчына сканала на месцы. 

Трагедыя здарылася сёння каля 13.00 – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 34-гадовы кіроўца МАЗа выяжджаў ад прадуктовай крамы на вуліцы Народнага апалчэння. Не заўважыўшы 82-гадовую жанчыну перад аўтамабілем, кіроўца збіў яе і пераехаў. Ад атрыманых ран жанчына сканала на месцы здарэння.