Магілёў спрабуе актывізаваць супрацоўніцтва з расійскім Хабараўскам

Мары і рэчаіснасць пакуль не супадаюць.

Магілёў і Хабараўск падпісалі 2 красавіка 2008 года намер аб супрацоўніцтве паміж двума гарадамі. Ва ўмовах санкцый свабодных дзяржаў супраць Расіі і Беларусі вельмі актуальнай для апошніх стала прага да рэалізацыі сумесных праграм імпартазамяшчэння.

Беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара наведвае Хабараўскі край Расійскай Федэрацыі. Мэта – паглыбленне супрацоўніцтва.


Даведка: Хабараўск (на фота) — горад у Расіі. Адміністрацыйны цэнтр Далёкаўсходняй федэральнай акругі і Хабараўскага краю. Порт на рацэ Амур. Буйны прамысловы і культурны цэнтр. Насельніцтва 579,0 тыс. чал. (2005 г.).


З дакладамі аб міжмуніцыпальным партнёрстве Хабараўска і Магілёва, як напісаў Веснік Магілёва”, у рэжыме анлайн выступілі старшыня Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Студнеў і мэр Хабараўска Сяргей Краўчук.

Што ўдалося зрабіць

Па магчымасці прадстаўнікі абодвух бакоў прымаюць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных Дням гарадоў. Так, у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у Магілёве сустракалі дэлегацыі школьнікаў Прыморскага краю і Хабараўска.

У бягучым годзе Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прымаў завочны ўдзел у Міжнародным форуме “Здаровы горад. Найлепшыя практыкі па захаванні здароўя насельніцтва» з дакладам па тэме «Вопыт працы па стварэнні здаровага гарадскога асяроддзя ў г. Магілёве». 

У ліпені бягучага года ў Хабараўску адбыўся адкрыты чэмпіянат Расіі па цяжкай атлетыцы, у якім удзельнічалі беларускія спартсмены. Два медалі заваявалі прадстаўнікі горада на Дняпры.

Бакі адзначылі, што нягледзячы на ​​рост аб’ёму знешняга гандлю ў 3,5 разы за 2021 год, ён склаў усяго $95 тыс. і быў прадстаўлены толькі экспартам. Для параўнання ў бягучым годзе – $23 тыс., або 136 працэнтаў да параўнальнага перыяду мінулага года. Аднак гэтага недастаткова, тут ёсць над чым сумесна працаваць.

Падводзячы вынікі, трэба прызнаць, што супрацоўніцтва пакуль здзяйсняецца больш на паперы, чым у рэальнасці. 

Перспектывы

Кіраўнікі абодвух гарадоў выказалі меркаванне аб неабходнасці развіцця дзелавых сувязяў і ўзаемнага гандлю. У прыватнасці, расійскі бок зацікаўлены ў пастаўках на Далёкі Усход малочнай, мясной і іншай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.

Аляксандр Студнеў унёс прапанову аб распрацоўцы “Дарожнай карты” па супрацоўніцтве Магілёва з Хабараўскам з замацаваннем адказных па рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на актывізацыю двухбаковых адносін.

Акрамя таго, стала вядома, што ў рамках Міжнароднага інвестыцыйнага форуму “Млын поспеху”, які пройдзе ў Магілёве 24-25 лістапада, плануецца падпісаць Пагадненне паміж Магілёўскім гарвыканкамам і адміністрацыяй горада Хабараўска аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах, што стане закладам супрацоўніцтва ў будучыні.

Пажадаем нашаму цяляці, як казалі нашы продкі, ваўка з’есці. 

Фота: Ілья Варламаў, серыя “Плохой Хабаровск”

“Справа аб змове”. Рыгора Кастусёва адправілі на 10 гадоў у калонію

Кастусёў адзіны з фігурантаў «справы аб змове» адпрэчыў абвінавачванні ў намерах учыніць дзяржаўны пераварот.

Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватымі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і даў яму 10 гадоў калоніі.

Столькі ж прысудзілі Аляксандру Фядуце. Юрася Зянковіча адправілі ў калонію на 11 гадоў. Фядуту і Зянковіча, як і Кастусёва, прызналі вінаватымі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука асудзілі на 2,5 гады калоніі за «арганізацыі пратэстаў».

65-гадовы Рыгор Кастусёў ад красавіка мінулага году ўтрымліваецца ў няволі. Яго арыштавалі ў Шклове і завезлі ў Мінск. У следчым ізалятары ў зняволенага выявілі анкалагічнае захворванне. Звароты аб змяненні меры стрымання пакінутыя без задавальнення, пісаў Магілёў.media.

Кастусёў заявіў падчас допыту ў судзе, што з боку следства на яго аказваўся ціск.

«Калі тваю сям’ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна», адрэагаваў ён на цытаванне пракурорам яго ліста на імя старшыні КДБ Івана Церцеля.

фота: БелТа

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Дзяніс Краўчук, Вольга Галубовіч.

Пракурор Міхаіл Кавалёў агучыў пазіцыю дзяржавы адносна пакарання фігурантаў справы аб «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады не канстытуцыйным чынам».

– 12 гадоў калоніі для палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты, абвінавачанага паводле часткі 1 артыкул 357 Крымінальнага кодэксу «змова з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

– 12 гадоў калоніі для старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва, абвінавачанага паводле часткі 1 артыкул 357 Крымінальнага кодэксу «змова з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

– 12 гадоў калоніі для юрыста Юрыя Зянковіча, абвінавачанага паводле часткі 1 артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу «змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», часткі 1 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу «стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім», часткі 3 артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу «публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады», часткі 3 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу «распальванне сацыяльнай варожасці»;

– 3 гады калоніі для супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, абвінавачанай паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»;

– 3 гады калоніі для актывіста і дальнабойніка Дзяніса Краўчука, абвінавачанага паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Аляксей Іванчыкаў, Андрэй Андрэеў, Аляксандр Комар.

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.

Павел Вінаградаў.

Змешчаны ў штрафны ізалятар.

Пра гэта даведалася ягоная жонка. Паводле яе мужа пакаралі штрафным ізалятарам за спагнанні і там ён прабудзе да 2 верасня.

У Паўла Вінаградава дыягнаставаныя сухоты. 28 ліпеня яго перавялі ў аршанскую папраўчую калонію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму гэтай хваробы.

У турме ён схуднеў на 36 кілаграмаў.

Дзмітрый Каспяровіч.

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў, якія спасылаюцца на праўладныя тэлеграм-каналы, нагодай для пераследу стаў удзел у пратэстах 2020 году.

Дзяніс Навалаеў, Андрэй Віталёў.

Затрыманыя.

Праваабаронцы пішуць, што на апублікаваных «пакаяльных відэа» яны кажуць, што ў 2020 годзе ездзілі некалькі разоў у Мінск на акцыі пратэсту.

Апазіцыйны палітык Рыгор Кастусёў адпрэчыў абвінавачванні ў змове дзеля захопу ўлады

65-гадовы палітык ад красавіка мінулага году ўтрымліваецца ў няволі. Яго арыштавалі ў Шклове і завезлі ў Мінск. У следчым ізалятары ў зняволенага выявілі анкалагічнае захворванне. Звароты аб змяненні меры стрымання пакінутыя без задавальнення.

Рыгору Кастусёву інкрымінавана «змова, учыненая з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Па словах пракурора, абвінавачаны нібыта ўступіў у змову, арганізаваную яшчэ двума фігурантамі справы – Юрыем Зянковічам і Змітром Шчыгельскім.

1 жніўня на судовым працэсе старшыня партыі БНФ не прызнаў віну ні па адным з пунктаў выстаўленага яму абвінавачання. Пра гэта стала вядома з публікацыі расійскага выдання «Sputnik-Беларусь».

Інфармацыйнае агенцтва БелТА, якое першым 29 ліпеня паведаміла пра частковае прызнанне віны Аляксандрам Фядутам і 1 жніўня пра прызнанне  віны ў поўным аб’ёме Вольгай Галубовіч і Дзянісам Краўчуком, пра пазіцыю Кастусёва маўчыць.

У публікацыі, выстаўленай на сайт у 10.52, пазначана, што «у дадзены момант пракурор зачытвае абвінавачванне Рыгору Кастусёву».

Выданьне паведаміла пра пазыцыю Кастусёва ў 15.32. У ім адзначалася, што па словах пракурора, абвінавачаны ўдзельнічаў у зум-канферэнцыях па абмеркаванні плана захопу дзяржулады. Аднак сам Кастусёў віну не прызнае. Пасля абвяшчэння абвінавачання ён адзначыў, што ўдзельнічаў у зум-канферэнцыях як слухач.

“Я толькі прызнаю віну ў тым, што даў гэтым людзям уцягнуць мяне ў гэтыя размовы: аб сілавой змене ўлады, аб трох групах ваеннаслужачых, аб фінансаванні гэтага мерапрыемства”, – падкрэсліў Рыгор Кастусёў.

«Sputnik-Беларусь» піша: Кастусёў заявіў падчас допыту ў судзе, што з боку следства на яго аказваўся ціск.

«Калі тваю сям’ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна», цытуе абвінавачанага выданне. Ён адзначыў: калі ўжо быў затрыманым, то знявольвалі яго дачку і зяця.

Справа разглядаецца ў Мінскім абласным судзе. Спачатку працэс быў абвешчаны закрытым, але нечакана яго зрабілі адкрытым.

Акрамя Кастусёва, Галубовіч, Краўчука і Фядуты падазраванымі па крымінальнай справе з’яўляюцца псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.

Пачалі судзіць Рыгора Кастусёва, апазіцыйнага палітыка і жыхара Магілёўшчыны

Разам з ім судзяць Аляксандра Фядуту, Юрыя Зянковіча, Вольгу Голубовіч, Дзяніса Краўчука. Іх вінавацяць у «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Крымінальную справу разглядае Мінскі абласны суд. Працэс будзе адкрытым. Пачнецца а 14 у Мінскім раённым судзе.

Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года.

 Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.

Паведамлялася, што арыштаваныя мелі такія намеры і абмяркоўвалі іх на зум-канфэрэнцыях.

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ўсіх арыштаваных, акрамя Зянковіча.

Перад яго пачаткам у судовую залю пусцілі журналістаў праўладных мэдыяў.

Фігурантамі справы з’яўляюцца таксама псіхіятр Дзьмітрый Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.

фота: Белта