Экалагічны гарадок у Крычаве ў бязглуздым месцы падрыхтавалі да навагодніх святаў

Экагарадок упрыгожылі ёлкай, да якой мала хто дойдзе – побач ніхто не жыве, транспарт не ходзіць, пешкі не дабрацца.

У новаствораным экалагічным гарадку ў Крычаве ўсталявана натуральная ёлка для адзначэння навагодніх і калядных святаў. Гэтая гарадская прастора была створана нядаўна па асабістым даручэнні старшыні Крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова – пісалі mogilev.media. Паведамляецца, што зараз супрацоўнікі камунальных службаў расчысцілі ад снега пад’езд да экагарадка і тэрыторыю вакол альтанак, якія ўпрыгожаны навагоднімі ілюмінацыямі. 

Падчас зімовых святаў у экалагічным гарадку плануецца правесці і некаторыя раённыя мерапрыемствы. Напрыклад, менавіта тут будуць арганізаваны афіцыйныя калядныя гулянні. 

Наш каментар

Логікі ўпрыгажэння экалагічнага гарадка ў Крычаве мала, бо няшмат людзей захочуць там святкаваць хоць што-небудзь. Акультураная прастора размешчана далёка ад гарадскіх раёнаў Вакзала і Мікра, на амаль голай тэрыторыі, якую пастаянна абдувае з усіх бакоў вецер. 

Больш за тое, дабрацца да экагарадка можна толькі на ўласным транспарце, бо ніводзін аўтобус ці маршрутка не спыняюцца каля экапрасторы. Пешкі таксама цяжка дабрацца па прычыне слабай расчысткі пешаходных дарожак і заваленых снегам абочын цэнтральнай дарогі. 

 

Дзве 102-гадовыя доўгажыхаркі жывуць на Крычаўшчыне

На сённяшні момант на тэрыторыі Крычаўскага раёна пражываюць дзве самыя старыя жыхаркі раёна, якім споўнілася па 102 гады.

Адной з іх, Варвары Гаўрыленка, якая жыве ў самім Крычаве, тыдзень таму споўнілася  роўна сто два гады. У гэты дзень яе віншавалі не толькі блізкія людзі, але і валанцёрская група “Клопат” раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Крычава.

Дарэчы, самай старай жыхарцы Беларусі сёлета споўнілася 118 год. Яе зваць Марыя Канановіч і жыве яна ў вёсцы Лістапады Валожынскага раёна Мінскай вобласці. 

Нагадваем, што сярэдняя працягласць жыцця для жанчын у Беларусі на сённяшні дзень складае 78 год, а для мужчын толькі 64 гады. 

Фота ілюстратыўнае

25 тысяч пар – у Крычаве выпускаюць абутак на патрэбы вайскоўцаў

Крычаўскі завод гумавых вырабаў, і адначасова філіял “Белшыны” стаў пераможцам тэндэра на пастаўку абутку на патрэбы вайскоўцаў. Прычым згодна тэндэру, замова складае ажно на 25 тысяч пар абутку. 

Адзначым, што працы па тэндэру распачалі яшчэ 15 жніўня гэтага года, а да канца гэтага месяца павінна быць адгружана апошняя партыя абутку замоўцу. Прычым займалася вытворчасцю абутку ў Крычаве па лініі ПВХ на агрэгаце італьянскага паходжання «Дэльта III – 900» каля пятнаццаці чалавек. 

Аднак да канца невядома, якім вайскоўцам робіцца абутак: беларускім ці расійскім. Улічваючы, што прадстаўнікі беларускай улады забяспечваюць усім неабходных (ад адзення да зброі) расійскае войска ва ўзброным канфлікце супраць Украіны, то, верагодна, абутак, які робіцца на Крычаўскім гумавым заводзе, таксама прызначаны ім.  

Нагадаем, што ў ранейшы час на заводзе ўжо выпускалі боты для пажарнікаў са спецыяльнай вогнетрывалай гумай, а таксама рабіліся боты для шахцёраў з металізаванай насавой часткай. 

Асноўная ж прадукцыя вытворчасці гумавых вырабаў філіяла ААТ “Белшына” ў Крычаве гэта боты і калошы рознай афарбоўкі і канфігурацыі, пантофлі, сандалі, а таксама разнастайны спартыўны абутак. Дарэчы, абутак з крычаўскага завода заўсёды славіўся якаснай прадукцыяй, што адзначалася граматамі і ўзнагародамі ад раённага да рэспубліканскага ўзроўняў.

Татальны кантроль – у Крычаве паставяць пад сорак новых камер відэаназірання

Да канца 2022 года ў Крычаве з’явяцца парадку 30-40 новых камер відэаназірання.
Натуральна, што мясцовая ўлада, а таксама прадстаўнікі Крычаўскага РАУС тлумачаць
такія захады выключна забеспячэннем грамадскага парадку і дасягненнем высокага
ўзроўню раскрыцця злачынстваў і іншых правапарушэнняў.

Насамрэч, як паказвае вопыт 2020 года, з дапамогай праграмы татальнага кантролю атрымліваецца не толькі папярэджваць і спыняць відавочныя злачынствы і парушэнне правілаў грамадскага парадку, але і выяўляць ды караць нязгодных з афіцыйным курсам уладаў. 

Новыя камеры будуць усталяваны ў грамадскіх месцах, дзе збіраецца шмат людзей. Відэаздымка будзе весціся кругласутачна, дзякуючы чаму мясцовая міліцыя зможа аператыўна рэагаваць на правапарушэнні або здарэнні іншага парадку.  

Больш за тое, у перспектыве плануецца, што пункт назірання будзе арганізаваны ў дзяжурнай частцы аддзела унутраных спраў. Гэты крок надасць магчымасць неадкладна рэагаваць супрацоўнікам міліцыі на любы інцыдэнт.  Пры паступленні заяўкі на правапарушэнне або злачынства ў мясцовы аддзел міліцыі Крычава, можна будзе праглядзець відэазапіс напрацягу 30 дзён для выяўлення дадатковых фактаў.

Папярэдне супрацоўнікі Крычаўскага ЗУЭС Магілёўскага філіяла РУП «Белтэлекам» плануюць усталяваць па горадзе больш за 30 камер відэаназірання да пачатку новага года і яшчэ дваццаць чатыры камеры будуць усталяваны ў першае паўгоддзе 2023 года. 

На сённяшні дзень у Крычаве ўжо ўсталявана парадку трыццаці камер відэаназірання, прычым размешчаны яны не толькі ў грамадскіх месцах, але і на жылых дамах у населеных гарадскіх кварталах. 

Фота: yehansinternational.com

Крычаўскія пекары зноў сталі лепшымі ў краіне

На галоўным спаборніцтве пекараў Беларусі вырабы Крычаўскага хлебазавода чарговы раз атрымалі залатыя ўзнагароды. Гэта адбылося ў межах штогадовай Міжнароднай прадуктовай аптовай выстаўкі-кірмаша “Продэкспо”. Падчас выставы праводзіцца хлебны салон, у праграму якога ўваходзіць рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытэрскіх вырабаў “Смаката”.  

Такая добрая тэндэнцыя адбываецца ўжо на працягу трох год запар. Прычым Крычаўскі філіял ААТ “Булачна-кандытарскай кампанія “Дамачай” прымае ўдзел у падобным конкурсе пекараў з 2008 года і ніводнага разу не вяртаўся без узнагарод. Адзначым, што ў сёлетнім конкурсе прымала ўдзел больш за сто прадпрыемстваў, а колькасць прадстаўленых відаў кандытарскай прадукцыі набліжалася да тысячы – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. 

На агляд-конкурс супрацоўнікі Крычаўскага хлебазавода прэзентавалі дзве аўтарскія распрацоўкі: булачку “Крычаўка” і ляпёшку “Фатыр”, а таксама мучныя слодычы “Касія”. Паказальна, што першых два кандытарскіх выраба – унікальныя распрацоўкі крычаўскага філіяла “Дамачай”, а рэцэптура «Касія» вядома ўсім, аднак толькі супрацоўнікі Крычаўскага хлебазавода вырабляюць гэты ласунак на вышэйшым узроўні. 

Сімвалічна, што такая падзея адбылася ў 70-гадовы юбілей з часу пачатку будаўніцтва хлебазавода ў Крычаве.

Паўзучая дэленінізацыя ў Крычаве – адзін помнік прыбралі, другі схавалі падалей

З чатырох крычаўскіх помнікаў савецкаму лідару толькі два засталіся на ранейшым месцы. З адкрыццём сквера гістарычнай памяці ў старой частцы горада галоўны помнік Леніна заняў другаснае месца ў архітэктурна-гістарычным ансамблі, хоць і не знік канчаткова – яго схавалі падалей ад цэнтра плошчы. 

Абазначэнне бліжліжэйшага прыпынку “плошча Леніна” знікла і застаўся толькі знак, які пазначае прыпыначны пункт. 

У дзіцячым парку ў старой частцы Крычава колісь працавалі каруселі, быў дом піянераў, а побач з ім знаходзіўся помнік Леніну. Хоць дом піянераў адносна даўно знік, аднак помнік Леніну яшчэ доўга стаяў. Сёлета ўвосень помнік правадыра пралетарыята быў прыбраны наогул, а колішні дом піянераў трансфармаваўся ў філіял Крычаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Крэчут”.

 

 

Драўляную капліцу на крычаўскіх могілках прыбралі ад смецця і раздражнёна пракаментавалі ў мясцовай прэсе

Пасля публікацыі mogilev.media пра каплічку на праваслаўных могілках у Крычаве, якую ператварылі ў сметніцу, адбыўся немалы інфармацыйны рэзананс і рэакцыя мясцовых уладаў. На наш матэрыял буркліва адрэагавала мясцовая раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

 

У рубрыцы “Меркаванне” быў размешчаны матэрыял нейкага А. Сямёнава, у якім аўтар прызнаў, што mogilev.media (не называючы, аднак, выданне, назваўшы яго “одним из интернет-ресурсов”) удалося прыцягнуць увагу на той факт, што “в Кричеве живут малосознательные люди, которые сорят там, где находятся могилки их предков”. Ну, і канечне, вінаватым А.Сямёнаў палічыў аўтара публікацыі на mogilev.media, але ніякім чынам не камунальныя службы – пра іх у публікацыі ні слова. На карэспандэнта, які зрабіў фотаздымкі капліцы, калумніст “Крычаўскага жыцця” абрынуўся з натацыямі, дыктуючы яму, што “если этого фотографа так беспокоит чистота нашего города (а калумніста што, не дужа? – m.m.) то как настоящий кричевлянин он должен был поступить иначе (каму павінен? Камунальным службам? – m.m.). Если и выложить фото, то с другой надписью…” 

Ад рэдакцыі: Mogilev.media прапануе А.Сямёнаву ў далейшым карыстацца функцыяй “Даслаць навіну” на нашым сайце (на выяве ніжэй, выдзелена чырвоным), дзеля рэалізацыі магчымасці ўсебаковага і ўзважанага асвятлення крычаўскага жыцця, свабоднага выказвання сваёй думкі і заахвочвання суграмадзян да пазітыўных і карысных учынкаў.

 

На шчасце, праблему, паднятую mogilev.media заўважылі і мясцовыя ўлады. Унутры драўлянай каплічкі было прыбрана смецце, а ўваход забіты драўлянымі дошкамі, каб ніхто не мог больш засмечваць помнік мясцовага значэння. 

Нагадаем, што капліца была пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя і знаходзіцца ў старой частцы Крычава ў раёне пад назвай Забялышан. На сённяшні момант драўляны помнік патрабуе рэстаўрацыі альбо якаснай кансервацыі. 

У Крычаве прыбралі “Жыве Беларусь”, а непрыстойныя графіці пакінулі

Як нядаўна пісалі mogilev.media, на адным з дамоў мікрараёна Камсамольскі ў Крычаве быў зафарбаваны надпіс “Жыве Беларусь”, які праіснаваў тут дзясяткі гадоў. 

Пры гэтым іншыя надпісы, часам непрыстойнага характару, так і застаюцца некранутымі. Так, чытачы прыслалі нам фота, зробленае на тэрыторыі таго самага мікрараёна Камсамольскі. 

На будынку траснфарматарнай падстанцыі добра бачны мацерны надпіс і іншыя графіці пад банэрам “Госэнергогазнадзор”.

Гасцініца “Сож” у Крычаве запрашае пад гірлянды з ледзяшоў

Па ўсім перыметры даха будынка гасцініцы “Сож” у Крычаве з’явіліся ледзяшы розных памераў і даўжыні. Падобныя “гірлянды” небяспечныя не толькі для супрацоўнікаў мясцовай гасцініцы, але і для часовых жыхароў гатэлю. Прычым у будынку гасцініцы знаходзяцца таксама страхавая кампанія і цырульня. 

Адзначым, што такія ледзяныя сталактыты пры знешняй прыгажосці становяцца надзвычай небяспечнымі пры пацяпленнях, калі падаюць з дахаў жылых будынкаў на іх жыхароў. 

Фота: mogilev.media

Рабочы загінуў на заводзе ў Крычаве

Паводле папярэдніх звестак, раніцай 5 снежня на тэрыторыі аднаго з крычаўскіх заводаў адбыўся адвольны рух канструкцыі, якую рамантаваў мужчына. 44-гадовага работніка прадпрыемства заціснула металаканструкцыяй і ад атрыманых траўм ён памёр – паведамляе БелТА.

Следчыя органы праводзяць агляд месца здарэння, апытваюць сведкаў, забіраюць тэхнічную дакументацыю. Плануецца назначэнне экспертных даследаванняў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.