Драўляную капліцу на крычаўскіх могілках ператварылі ў сметніцу – фота

Ужо не першы год драўлянае збудаванне культавага прызначэння выкарыстоўваецца як сметніца. Ні мясцовая ўлада, ні праваслаўныя дзеячы Крычава не звяртаюць ўвагу на каплічку, хаця размешчана яна якраз на праваслаўных могілках. Для Крычава каплічка ўяўляе вялікую каштоўнасць, бо драўлянай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя ў горадзе амаль не захавалася.  

Капліца, што была пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя, знаходзіцца ў старой частцы Крычава ў раёне пад назвай Забялышан. Прычым размешчана яна напасрэдна на тэрыторыі Забялышанскіх могілах, вядомых яшчэ з XVII стагоддзя. 

Капліца ўяўляе сабой чатырохвугольную бярвенчатую канструкцыю з сасновага распілованага дрэва. У верхняй частцы чатырохскатнага даха ўмацаваны драўляны крыж. Некалі дах быў пакрыты гонтам (рэшткі яго можна пабачыць знутры), а зараз шыферам. Яшчэ з дзясятак год таму ў капліцы былі дзверы простай сталярскай работы, якія на сённяшні дзень выбітыя.

Зараз  культавае драўлянае збудаванне занядбанае, па прызначэнні не выкарыстоўваецца. Унутры невялікая па плошчы каплічка завалена будаўнічым смеццем, бярвеннямі, пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі з-пад алкагольных напояў.