У вёсцы Бель-1 Крычаўскага раёна 62-гадовая пенсіянерка спрабавала растапіць печку, лінуўшы бензіну. Ад успышкі лёгкаўзгаральных пароў яна атрымала апёкі 15% цела. У момант здарэння ў доме знаходзіўся сын пацярпелай, які загасіў на жанчыне вопратку і выклікаў медыкаў. Жанчына шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС.
Пастановай Міністэрства культуры статус гісторыка-культурнай каштоўнасці быў нададзены тэхналогіі вырабу і традыцыйным вобразам гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя ў Крычаве і Магілёве. Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны цяпер уключаны ў Дзяржаўны спіс каштоўнасцей Беларусі.
Яшчэ напрыканцы 2022 года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры, было прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка гісторыка-культурнай каштоўнасці тэхналогіі вырабу і традыцыйным вобразам гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя.
Як адзначае гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, толькі на Крычаўшчыне выраблялася цацка-свістулька “Крычаўскі конь”. Гэта архаічны выраб, які складаецца з галавы каня і тулава качкі (яе яшчэ называюць “качка-конь”), што з’яўляецца брэндам Крычава і сімвалам рэгіянальнага фестывалю “Крычаўскі канёк”. Дарэчы, доўгі час адраджэннем падняпроўскай цацкі і вывучэннем традыцыі вырабу займаўся народны майстар Беларусі і кіраўнік студыі “Свістулька” Вячаслаў Якавенка.
На цяперашні час старадаўную народную традыцыю спасцігаюць удзельнікі студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свістулька” з Крычава і аб’яднання па інтарэсах магілёўскай школы № 44 “Чароўная гліна”. Яны вучацца не толькі правільна выляпляць з гліны цацкі-свістулькі, але і свістаць у іх.
Нагадаем, што на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўсяго 17 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Бюджэт Крычаўскага раёна за 2022 год выкананы з прафіцытам: расходы перавысілі даходы на 0,8 мільёна рублёў. Пра гэта на паседжанні Крычаўскага выканаўчага камітэта расказала намеснік начальніка фінансавага аддзела Аксана Чухлей.
Паступленні ад плацельшчыкаў дзяржаўнага сектара эканомікі за мінулы год склалі 32,6 % раённага бюджэту, недзяржаўнага – 58,5 %.
Гэта паказчык вышэйшы чым у цэлым па Магілёўскай вобласці. 43,1% даходу бюджэту Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе сфарміраваны прыватным сектарам, 56,9% – дзяржаўным сектарам эканомікі пісалі mogilev.media.
Як адзначыла намеснік начальніка фінансавага аддзела Крычаўскага райвыканкама, у структуры расходаў асноўнымі накірункамі з’яўляюцца расходы на сацыяльную сферу (68,1%), а таксама на жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва (18%).
90,6% расходаў раённага бюджэту – гэта фінансаванне ў рамках 14 зацверджаных дзяржаўных праграм. Найбольшая вага – 35% – ідзе на дзяржаўную праграму «Адукацыя і моладзевая палітыка». Амаль чвэрць – на дзяржпраграму “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека”.
Пліты невялікага маста праз рэчку Крычаўку рассыпаюцца на вачах – паведамляюць мясцовыя жыхары.
Мост праз рэчку Крычаўку знаходзіцца недалёка ад старажытнага гарадзішча Гарадзец. Бетонныя пліты, па якіх ходзяць штодня нямала людзей, знасіліся і пачалі проста абсыпацца – прычым так мост выглядае ўжо не першы год.
Складаецца ўражанне, быццам жалезная агароджа з парэнчамі вось-вось зваліцца ў рэчку.
Гэта досыць рэдкая з’ява для беларускай чыгункі, бо затрыманні цягнікоў па маршрутах складаюць хіба якіх 20-25 хвілін.
Сёння па тэхнічных прычынах цягнік № 6593 Крычаў-Магілёў прыбыў на станцыю Магілёў са спазненнем прыблізна ў паўтары гадзіны.
Цягнік з чыгуначнай станцыі Крычаў-1 адпраўляўся ў 7:37 раніцы і мусіў прыбыць на станцыю Магілёў-1 у 10:02, аднак прыйшоў толькі ў 11:30. Дакладная інфармацыя пра прычыну затрымкі не паведамляецца.
Нагадваем, што больш падрабязную інфармацыю пра графік руху цягнікоў можна атрымаць па тэлефоне 105 кантакт-цэнтра Беларускай чыгункі.
Нягледзячы на нясмелыя спробы прапаганды традыцыйнага Дзеда Мароза, жыхары Крычава па звычцы ўпрыгожваюць вокны і балконы цацкамі Санта-Клауса.
Апошнія месяцы ў Беларусі адзначаны прыкметамі барацьбы з “чужымі заходнімі каштоўнасцямі”. Робіцца гэта млява і без іскрынкі, але час ад часу здараюцца канвульсіі барацьбы з ёлачнымі ўпрыгажэнні, дзіцячымі лялькамі і навагоднімі персанажамі. Барацьба нібыта ідзе па лініі “сваё – чужое”, але пад “сваім” разумеецца зусім не беларускае, а савецкае.
Нядаўна з крытыкай на цацкі монстра Хагі Вагі абрынулася раёнка “Веснік Чэрыкаўшчыны”, пра што пісалі mogilev.media. А вось на аграсядзібе ў Чэрвенскім раёне Мінскай вобласці наогул было забаронена праводзіць навагодняе мерапрыемства з удзелам Санта-Клауса і эльфаў, як паведамляе telegraf.news.
У аснове падобных праяваў беларускай прапаганды – кансерватызм і антызаходніцтва. Супрацоўнікі дзяржаўных СМІ часта дазваляюць сабе зняважлівыя выказванні пра вобраз Санта-Клауса, а адзіная фабрыка ёлачных цацак “Грай” у Беларусі працуе пад лозунгам «Делаем не Санта-Клаусов, а Дедов Морозов», пра што пісала дзяржаўная “Мінская праўда”.
На Магілёўшчыне шмат у якіх гарадах перад наступленнем Новага Года быў праведзены шэраг святочных мерапрыемстваў, якія падкрэслена рабіліся ў стылістыцы савецкага вобразу Дзеда Мароза з унучкай Снягуркай. Не выключэннем быў і Крычаў, дзе прапаганда “традыцыйных” каштоўнасцей адзначэння навагодніх святаў прайшла досыць актыўна. У канцы 2022 года адбылося штогадовае шэсце Дзедаў Марозаў са Снягуркамі па вуліцы Камсамольскай.
Акрамя таго на сёлетнія навагоднія святы ў палацы Пацёмкіна-Галынскіх была адкрыта рэзедэнцыя Дзеда Мароза, у якой прайшлі мерапрыемствы для дзетак рознага ўзроста.
Будынкі і тэрыторыі навучальных ўстаноў Крычава таксама ўпрыгожвалі выключна савецкімі навагоднымі персанажамі.
Што цікава, яшчэ на леташнія калядныя і навагоднія святы мясцовыя ідэолага Санты не цураліся – пры ўваходзе ў будынак чыгуначнага вакзала ў Крычаве стаяла менавіта яго надутая постаць.
Што ж да простага люду? Мы прайшліся па вуліцах Крычава і заўважылі, што да намаганняў ідэолагаў паставіць перад абавацелем сцяну, якая б адрэзала яго ад звыклых традыцый святкавання людзі ставяцца прынамсі абыякава. Вось болкон з Сантай, вось вакно з персанажам у кароткай шубейцы і штоніках.
І так дом за домам – недзе фігурка, недзе малюнак на вакне. Змаганне са святам, змаганне з радасцю, змаганне з дзіцячымі перажываннямі, чаканнямі, наіўнай верай і любоўю – каму яно патрэбна, падумалася міжволі. Што гэта за людзі?
Сённяшні двухпавярховы будынак, што знаходзіцца каля раённага ваенкамату ў Крычаве, колісь быў аднапавярховай плябаніяй.
Пасля разбурэння каталіцкага храма Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў 1930-х гадах бальшавікамі, плябанію, якая адносілася да касцёла, вырашылі не руйнаваць, а перабудавалі.
Пасля перабудовы былая плябанія стала двухпавярховым будынкам, у якім у пасляваенныя часы знаходзіўся мясцовы паштамт. У ім з тыльнага боку размяшчалася прыбудова з белай цэглы, якая несла функцыю кацельні, што ацяпляла памяшканні будынка для працаўнікоў пошты.
Будынак плябаніі-пошты стаяў закінуты з 1990-х, бо пасля знікнення СССР паштамт
хутка знік тут. У пачатку 2010-х гг. будынак былой плябаніі быў выкуплены мясцовым
прадпрымальнікам, у ім пачаліся будаўнічыя работы: пафарбаваныя сцены, пастаўленыя шклопакеты, аднак далей справа не пайшла. Пэўны час часткова адрамантаваны будынак выкарыстоўваўся нават як інтэрнат для часовых рабочых, што працавалі на будоўлі новага цэментавага завода каля Крычава.
У 2021 годзе у двухпавярховым будынку быў адчынены адукацыйны цэнтр “Sunshine”, дзе рыхтавалі выпускнікоў школ да цэнтралізаванага тэсціравання і міжнародным іспытам. Аднак літаральна праз поўгады цэнтр перастаў працаваць, а будынак плябаніі зноў застаўся пустым.
Значна горш на сённяшні дзень выглядае прыбудова з белай цэглы, у якой некалі знаходзілася кацельная паштамта: вокны выбіты, дзвярэй няма. Тэрыторыя былой кацельнай ужо шмат год закінутая. І гэта нягледзячы на тое, што будынак знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада.
Мсціслаўскае спажывецкае таварыства хоча зачыніць сваю краму ў вёсцы Ермакоўка Крычаўскага раёна, мясцовыя жыхары і крычаўскае чынавенства ад такога рашэння не ў захапленні.
Вёска Ермакоўка на Крычаўшчыне налічвае паўсотні жыхароў. Тут пакуль працуе стацыянарная крама. Нягледзячы на тое, што графік працы гандлёвай кропкі ўсяго тры гадзіны на дзень, яе наведваюць не толькі жыхары самой Ермакоўкі, але і сяляне з бліжэйшых населенных пунктаў.
Тым не менш, прадстаўнікі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства, якому належыць магазін, прынялі рашэнне аб яго закрыцці. З гэтым не пагадзілася стараста вёскі Ермакоўка Надзея Ракоўская, якая паведаміла пра неадназначную сітуацыю свайму кіраўніцтву, а таксама стала збіраць подпісы мясцовых жыхароў супраць закрыцця вясковай крамы.
Канфліктная сітуацыя прывяла да сустрэчы насельніцтва вёскі з кіраўніцтвам Крычаўскага раёна і прадстаўнікамі Мсціслаўскага спажывецкага таварыства. Прадстаўнік дэпутацкага корпуса Крычаўкага раёна Ірына Пруднікава на сустрэчы дакладна абазначыла пазіцыю: ні райвыканкам, ні раённы Савет дэпутатаў згоду на ліквідацыю гандлёвай кропкі не дадуць. У сваю чаргу, прадстаўнікі Мсціслаўскага райспажыўтаварыства патлумачылі, што давядуць пазіцыю да свайго кіраўніцтва.
Па меркаванні раённага кіраўніцтва вясковы гандаль не проста можа развівацца ў далейшым, але і павялічваць тавараабарот, бо сама крама размешчана на трасе, а гэта значыць, што шмат хто заязджае сюды. Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Пруднікавай, хоць Ермакоўка аддаленая і ад раённага цэнтра, і ад аграгарадка Маляцічы, пазбавіць мясцовых жыхароў якаснага гандлёвага абслугоўвання недапушчальна.
Тым не менш, пытанне з будучыняй сельскай гандлёвай кропкі застаецца незразумелым і цьмяным, а далейшы яе лёс будзе вызначацца ў бліжэйшы час. Адзначым, што ў Ермакоўцы налічваецца 11 дзяцей. Больш за тое, у вёсцы жывуць дзве шматдзетныя сям’і, для якіх закрыццё вясковай крамы будзе досыць адчувальным.
Наш каментар.
Сітуацыя, пры якой раённая сетка крамаў Крычаўскага раёна перастала быць у ведамстве мясцовых уладаў склалася ў 2014 годзе. Менавіта тады, пры тагачасным старшыні Крычаўскага райвыканкама Васілі Сысоеве, было ліквідавана Крычаўскае раённае спажывецкае таварыства, а ўсе дзяржаўныя крамы перайшлі ў ведамства Мсціслаўскага раёна. Што цікава, то менавіта ў гэтым годзе мясцовая чыноўніца Ірына Пруднікава стала старшынёй Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў. Яшчэ больш паказальна тое, што да высокай пасады раённага маштабу Пруднікава ўзначальвала сектар гандлю і паслуг аддзела эканомікі і мае непасрэднае дачыненне да ліквідацыі Крычаўскага РАЙПО.
Замест рэстаўрацыі адной рэтра-машыны крычаўскія ўлады проста забралі сабе чужы помнік – успамінаем жарсці, якія ўскалыхнулі глыбінку.
Увосень 2020 года са скверу аграгарадка Касцюшкавічы Крычаўскага раёна раптам знік з пастамента трактар-помнік, “пуцілавец” 1930-х гадоў, на якім працаваў жыхар вёскі, першы трактарыст раёна. Раптоўнае знікненне помніка спарадзіла занепакоенасць мясцовых жыхароў, а таксама шмат чутак наконт яго лёсу.
трактар-пуцілавец у Касцюшкавічах
Старшыня Касцюшкавіцкага савета дэпутатаў Уладзімір Мядзведзеў вырашыў супакоіць вяскоўцаў, і распавядаў, што з дапамогай спецтэхнікі трактар звезлі на рэстаўрацыю. Аднак неўзабаве трактар-пуцілавец апынуўся ўжо на іншым пастаменце ля былога транспартнага прадпрыемства “Крычаўгрузаўта” ў самім Крычаве.
У сваю чаргу грузавую машыну-самазвал ЗІЛ-164, што знаходзілася каля транспартнага прадпрыемства, прыбралі з пастамента, аднак не сталі рэстаўраваць і рамантаваць, а проста замянілі на трактар-пуцілавец.
ЗІЛ-164, фота ілюстрацыйнае
Адразу пасля з’яўленне трактара-помніка на новым месцы, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі пачалі пісаць пра з’яўленне новага турыстычнага аб’екта ў Крычаве. У мясцовай раёнцы “Крычаўскае жыццё” пачалі з’яўляцца матэрыялы, якія з гонарам паведамлялі, што абноўлены помнік уключаны ў турыстычны маршрут Магілёўшчыны.
З назіранняў чытачоў mogilev.media, за два гады, што прайшлі пасля гэткага бясхітраснага прысабечвання, трактар-пуцілавец так і не стаў турыстычным аб’ектам у Крычаве.
А жыхары Касцюшкавічаў, у сваю чаргу, пазбавіліся адметнага помніка, які адлюстроўваў пачатак механізацыі іх мясцовасці – вядома, што гэты трактар першым праклаў баразну на калгасным полі Касцюшкавіцкага сельсавета, а першым трактарыстам Крычаўшчыны быў якраз мясцовы жыхар Іван Вацура, успаміны якога захоўваюцца ў вясковай школе.
Зараз можна пераканацца ў абыякавым стаўленні да помніка ў Крычаве – дарога да яго замецена снегам, тэкст з інфармацыйнага банера здалёк прачытаць немагчыма. Падыйсці ж да банера цяжка, бо гурбы снега не даюць гэта нармальна зрабіць.
Трактар «Універсал», выпускаўся на Ленінградскім заводзе «Чырвоны пуцілавец» з 1934 па 1940 гады.На тэрыторыі Беларусі падобныя тэхнапомнікі сустракаюцца дастаткова рэдка.
Пасля публікацыі mogilev.media пра знішчэнне надпісу “Жыве Беларусь” у спальным раёне горада, а таксама пра тое, што побач пакінулі мацерны надпіс – адбылася рэакцыя мясцовых камунальных службаў.
Непрыстойны надпіс і іншыя графіці пад банэрам “Госэнергогазнадзор” на будынку траснфарматарнай падстанцыі ў жылым комплексе мікрараёна Камсамольскі, былі замазаны жоўтай фарбай.