Поўгады таму mogilev.media ужо пісалі пра забруджанасць тэрыторыі вакол Забялышанскай крыніцы, што адрозніваецца добрай пітной вадой, і якой карыстаюцца мясцовыя жыхары.
На цяперашні момант сітуацыя амаль не змянілася, бо сметніцу каля крыніцы так і не прыбралі. Смецце не проста забруджвае вакольную тэрыторыю воднага аб’екта, але і стварае пах смуроду. Прычым службы не парупіліся прыбраць тэрыторыю вакол крыніцы, але таблічку з забаронай ствараць сметнік павесіць не забыліся.
Вакол крыніцы акрамя смецця знаходзяцца паваленыя дрэвы і развалены драўляны плот.
Нагадаем, што крыніца знаходзіцца ў раёне старой частцы Крычава пад назвай Забялышанскі пасад. Водны аб’ект блізка размешчаны да Забялышанскіх могілак і лакалізуецца ў некалькіх дзясятках метраў ад Сожа.
Нядаўна на пасяджэнні Крычаўскага райвыканкама яго старшыня Андрэй Седукоў прагаварыўся, што з рамонтам дома №3 у мікрараёне Камсамольскі мясцовыя будаўнікі і дарожнікі зганьбілі сябе на ўсё Магілёўскую вобласць.
На пасяджэнні райвыканкама Седукоў канстатваў факты неўпарадкаванасці тэрыторыі вакол дома, а менавіта – бруд, непрыбраныя будаўнічыя вагончыкі, а побач з домам адсутнічае элементарная пешаходная дарожка, піша мясцовая газета “Крычаўскае жыццё”.
Mogilev.media вырашылі праверыць ці сапраўды так усё кепска з упарадкаваннем тэрыторыі вакол дома пасля яго капітальнага рамонта.
Адзначым, што рамонт пяціпавярховіка атрымаўся няблагім, бо былі адрамантавалі пад’езды і балконы і цяпер ён выглядае абноўленым. А вось з упарадкаваннем прылеглай тэрыторыі сапраўды ёсць праблемы.
Па адзін бок дома збольшага усё прыбрана, але на прылеглай тэрыторыя да дома дагэтуль стаіць будаўнічы вагончык, а ў некаторых месцах сустракаецца смецце альбо пабітая плітка.
А вось з іншага боку дома размешчана сетка крамаў і там карціна нашмат больш сумная. Нармальнай дарогі каб прайсці ў патрэбную краму для гараджанаў проста няма. Вакол сапраўды бруд, тэрыторыя непрыбраная і выглядае як пасля разрухі.
Але ж дарожныя службы спрабуюць пакрысе гэты ўчастак давесці да ладу: насыпаюць пясок для таго, каб разраўняць дарожку і пакласці роўна плітку. Рамонтныя работы ідуць павольна, аднак упэўненымі крокамі.
Тым не менш, рамонтныя работы пакуль не выпраўляюць сітуацыю, а тэрыторыя побач з домам выглядае бруднай і зусім непрыстасаванай для перасоўвання крычаўлянаў. Побач з домам жыхары мікрараёна прайсці не могуць і вымушаны абыходзіць яго на адлегласці 7-10 метраў. Ці зменіцца ў далейшым ўпарадкаванасць тэрыторыі побач з домам № 3 мікрараёна Камсамольскі ў Крычаве пакажа будучыня.
Гісторыя з драўлянай капліцай пачатку ХХ стагоддзя ў Крычаве працягваецца. Нягледзячы на тое, што ў канцы 2022 года яна была прыбрана, прайшло поўгады і смецце ўнутры драўлянага помніка з’явілася зноўку.
Пасля рэзананснай публікацыі mogilev.media ў кастрычніку мінулага года пра каплічку на праваслаўных могілках у Крычаве, якую ператварылі ў сметніцу, адбылася рэакцыя мясцовых уладаў. Праблему, паднятую ў нашым матэрыяле заўважылі і як вынік – прыбралі ўнутры драўлянай каплічкі смецце. Больш за тое, каб ніхто не мог больш засмечваць помнік мясцовага значэння, камунальныя службы забілі ўваход драўлянымі дошкамі, пра што таксама паведамлялі mogilev.media.
Прайшло толькі поўгады, але праблема зноў актуалізавалася. Частка драўляных дошак, якімі забілі ўваход ў каплічку, была выламана, а ўнутар культавага збудавання зноў пачалі закідваць смецце. На дадзены момант унутры капліцы валяецца надмагільны мармуровы помнік і спілаваныя дзве бярозавыя калодкі. У далейшым смецця будзе яшчэ больш, бо ўвайсці ў драўлянае стогадовае збудавання можна з лёгкасцю, як і насмеціць там.
З’явілася і яшчэ адна праблема. На самым версе чатырохскатнага даха капліцы да нядаўняга часу знаходзіўся невялікі драўляны крыж, які сведчыў пра культавае значэнне збудавання. Сёння на версе капліцы крыжа няма, ён згубіў сваю гарызантальную перакладзіну і цяпер выглядае простай вертыкальнай палкай наверсе драўлянага помніка.
Гумовую лодку знайшлі супрацоўнікі Касцюковіцкай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры правядзенні палявога мерапрыемства на тэрыторыі Крычаўскага раёна. Гэта адбылося паблізу вёскі Вародзькаў каля ракі Волчас. Была выяўлена лодка ў камплекце з адным сядзеннем, помпай і двума вёсламі – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Знойдзеная маёмасць на дадзены момант знаходзіцца ў касцюковіцкай прыродаахоўнай інспекцыі да высвятлення сапраўднага гаспадара лодкі. Пакуль не зразумела, з чым звязана знікненне гаспадара – з няшчасным выпадкам, ці ўцёкамі, бо ў час нераста карыстанне лодкамі забаронена.
Узровень вады на Сожы каля Крычава і Слаўгарада апускаецца да небяспечна нізкай адзнакі, паведаміліў у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У найбліжэйшыя дні на рацэ ўзроўні вады апусцяцца ніжэй за адзнакі, пры якіх узнікаюць цяжкасці ў рабоце рачнога транспарту. У сувязі з гэтым Белгідрамет аб’явіў штармавое гідралагічнае папярэджанне – паведамляе БелТА.
На месцы будавання новай паліклінікі адбыўся магічны рытуал з удзелам кіраўніцтва Крычаўскага раёна і праваслаўнай царквы, які мясцовая прэса акрэсліла як “старадаўні абрад”.
Дзейства ачолілі прадстаўнікі мясцовай праваслаўнай царквы і крычаўскія чыноўнікі. Яно адбылася на месцы будаўніцтва новай паліклінікі, побач з тэрыторыяй цэнтральнай раённнай бальніцы.
Мерапрыемства пачалося з выступлення старшыні райвыканкама Седукова, пасля перацякло ў малебны і акрапленні вадой месца будучай паліклінікі настаяцелям Свята-Уваскрасенскай царквы пратаіерэям Сяргеем Карасцялёвым.
А потым было кіданне манет у фундамент будучай здраўніцы. Гэты “старадаўні абрад”, як апісвае раённая газета “Крычаўскае жыццё”, адбыўся нібыта дзеля спрыяння будаўніцтву паліклінікі.
Яшчэ прадстаўнік Свята-Уваскрасенскай царквы Карасцялёў падараваў дырэктару раённай бальніцы абраз для палікнілікі. Хацелася б, аднак, спадзявацца, што ў новай ўстанове аховы здароўя будуць лекаваць таксама і з дапамогай сучасных дасягненняў медыцынскай навукі.
Мясцовая дзяржаўтаінспекцыя сёлета выкапала шырокія траншэі, каб крычаўляне і госці горада не маглі пад’ехаць блізка да рэчкі. Адна з іх прайшла проста па валейбольнай пляцоўцы.
Цяпер да Сожа не толькі пад’ехаць, але і падыйсці можна з цяжкасцю. На адным з самых папулярных пляжаў у гарадскім раёне Забялышан шырокая траншэя з’явілася па перыметру ўсёй зоны адпачынку. Што цікава, у гэтым жа месцы ўсталяваны шлагбаум, які забараняе праезд аўто далей паркоўкі. Але траншэю-роў тым не менш выкапалі, каб ужо дакладна ніхто не прасачыўся на пляжную зону.
На іншым пляжы гадамі раней можна было гуляць у валейбол. Сёлета гэта практычна немагчыма: выкапаная траншэя праходзіць акурат па валейбольнай пляцоўцы.
Такія дзеянні дзяржаўтаінспекцыі абумоўлены тым, што супрацоўнікі службы нібыта турбуюцца за бяспеку крычаўлянаў у летні перыяд, пагэтаму з дапамогай трактароў вырылі траншэі.
Жыхары горада занепакоены станам гарадскіх пляжаў, бо пакуль што ў межах Крычава няма дзе атрымаць асалоду ад надыходзячай летняй цяплыні.
У адным з месенджараў мужчына натыкнуўся на аб’яву пра нібыта легальны выраб вадзіцельскіх правоў. Пры гэтым сам ён не меў ніякай катэгорыі на кіраванне аўтамабілем.
Падчас перапісак невядомая асоба пераканала хлопца, што дадзеная працэдура абсалютна легальная і права на кіраванне транспартным сродкам ён атрымае ў хуткім часе ў адпаведнасці з заканадаўствам, а сам дакумент забярэ у дзяржаўтаінспекцыі Крычаўскага раённага аддела ўнутраных спраў.
За пасведчанне кіроўцы невядомая асоба папрасіла перавесці на банкаўскую картку грошы. Крычаўлянін даверыўся і перавёў ды не адзін раз: са сваёй карты і з карты жонкі на агульную суму 1150 рублёў.
Спачатку ён сапраўды думаў, што ўсё законна, але пасля да мужчыны дайшло, што яго падманулі і звярнуўся ў міліцыю. У працэсе разбіральніцтва высветлілася, што крычаўлянін ніколі не праходзіў навучанне ў аўташколе і не меў ніякай катэгорыі на права кіравання транспартным сродкам.
У Крычаўскім раёне адзін падлетак скраў матаблок, каб абмяняць на мапед, а неўзабаве яго знаёмыя скралі той жа самы мапед, каб пакатацца.
У вёсцы Песькавічы 17-гадовы падлетак, які і так чакаў адпраўкі ў спецустанову, улез у гараж мужчыны, які жыў па суседстве, каб выкрасці матаблок. Юны зламыснік планаваў памяняць яго на мапед.
Хлопец нейкім прадметам адамкнуў замок гаража суседа і скраў мотаблок. Аднак доўга цешыцца мапеду, на які ён вымяняў мотаблок, падлетку не прыйшлося, бо крадзёж раскрылі вельмі хутка. На цяперашні момант у дачыненні да хлопца распачалі крымінальную справу, ён узяты пад варту. Маёмасная шкода прычыненая гаспадару матаблока вызначана на суму ў 1000 рублёў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Аднак на гэтым гісторыя з крадзяжамі ў Песькавічах не скончылася. Праз некаторыя час тройка знаёмых сямнаццацігадовага злачынцы вырашыла пакатацца і скрала той самы мапед з гаража іншага мужчыны, на які іх агульны знаёмы абмяняў скрадзены матаблок.
Скралі, а пасля пакацілі мапед да суседняй вёскі Беражыстае. Там паспрабавалі завесці, але мапед быў няспраўны. Хлопцы вырашылі закаціць яго пад бліжэйшыя кусты і сысці. Але і іх знайшлі. У адносінах да ўсіх трох узбуджана крымінальная справа.
Паблізу вескі Наноскава Крычаўскага раёна мужчына на рацэ Асцёр здабываў рыбу забароненым спосабам: ён выкарыстоўваў дзве стаўныя лескавыя сеткі агульнай даўжынёй амаль сто метраў. І гэта рыбак рабіў у перыяд устаноўленых абмежаванняў і забарон пры аматарскім рыбалоўстве, пагэтаму патрапіўся на вочы Мсціслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Незаконная здабыча браканьера склала толькі адну асобіну плоткі. Складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а рыбака чакае судовае разбіральніцтва – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”