У пасёлку Леніна пад Горкамі паставілі густоўны памятны знак

Памятны знак з выявай абраза Маці Божай Сямістрэльнай і гістарычнай звесткай пра заснаванне пасёлка быў адкрыты ў Леніна Горацкага раёна. Сам знак вырабіў вядомы горацкі каваль Аляксей Краўчэня – піша “Горацкі веснік”. “Пасёлак Леніна (Раманава) заснаваны ў 1523 годзе” – адзначана на таблічцы, якая размяшчаецца на знаку. 

Урачыстасці адкрыцця памятнага знака не абышліся без парада хлебаробаў і пераразання чырвонай стужкі.

Фота: Горацкі веснік

У Горках праходзіць конкурс фігур з рулонаў саломы – фота

Раённая газета “Горацкі веснік” абвясціла конкурс на лепшую фігуру з саломы, усталяваную арганізацыямі сферы культуры і адукацыі на палях Горацкага раёна. У конкурсе ўдзельнічаюць тры дзіцячыя школы мастацтваў і два раённыя дамы культуры. Прыняць удзел у конкурсе можна тут.

Фота: Горацкі веснік

Забарона на наведванне лясоў дзейнічае ўжо ў пяці раёнах Магілёўскай вобласці

У дадатак да Горацкага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў, забарона на наведванне лясоў распаўсюдзілася таксама на Магілёўскі і Шклоўскі раёны – паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Ва ўсіх астатніх раёнах вобласці дзейнічаюць абмежаванні на наведванне лясоў – тут забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы і распальваць кастры.

У двух раёнах Магілёўшчыны забаранілі наведваць лясы, ва ўсіх астатніх – абмежаванні

Пачынаючы з 6 верасня ўведзена забарона на наведванне лясоў у Горацкім і Дрыбінскім раёнах. Ва ўсіх астатніх раёнах Магілёўскай вобласці ўводзіцца абмежаванне на наведванне – гэта значыць, што самі лясы наведваць можна, але нельга праводзіць у іх масавыя мерапрыемствы і распальваць вогнішча. Поўную інтэрактыўную мапу забарон можна знайсці тут.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Жыхарка Горак вырасціла памідор-гігант – фотафакт

Памідор вагой 738 грама вырасціла жыхарка Горак на ўласным агародзе. А яшчэ на сваёй кухні стварыла памідорна-кветкавую кампазіцыю.

Канешне, гэта не адзіны тамат, які з’явіўся сёлета на яе градках, аднак самым вялікі памідор вырас больш за 700 грам. 

Больш за тое, ураджай памідораў у жанчыны з Горак наогул атрымаўся вельмі салідным. З гэтай нагоды яна нават стварыла спецыяльную памідорна-кветкавую кампазіцыю, якая ўпрыгожвае кухню і стварае добры настрой уладальніцы рэкордная агародніны – паведамляе інфармацыйны рэсурс horki.info

А мы нагадаем, што пакуль трымаецца рэкорд пенсіянеркі з Чавус Вольгі Хічэўскай, якая вырасціла памідор вагой у 1,6 кілаграмы – пра што раней пісалі mogilev.media.

Фота horki.info і з адкрытых крыніц

Прыходзіцца ездзіць у суседні горад, каб памыцца – вось такая вада ў аграгарадку пад Горкамі

На працягу ўсяго жніўня ў аграгарадку Рэкта Горацкага раёна з вадапровада цякла жоўтая, іржавая вада – піша рэсурс horki.info. Жыхары вуліцы Рабочай і суседніх скардзяцца выданню: “

– З-за гэтага, каб памыцца, напрыклад, даводзіцца ехаць у Горкі да сваякоў ці сяброў. А каб прыгатаваць ежу ці проста папіць, трэба ехаць у краму і купляць некалькі бутэлек чыстай вады.

Жыхары Рэкты ўжо тэлефанавалі на нумар 115 яшчэ ў пачатку жніўня са сваімі заяўкамі, але камунальнікі папрасілі пачакаць, пакуль заяўка будзе разглядацца. Да канца жніўня сітуацыя з вадой у аграгарадку не палепшылася.

Фота: horki.info

У Горацкім раёне механізатар спрабаваў выкрасці з поля 3 тоны ячменю

З поля паблізу вёскі Вялікая Каралеўка Горацкага раёна рабочы сельгасарганізацыі спрабаваў выкрасці больш за 3 тоны збожжа насеннага ячменю – паведамляе МУС.

Устаноўлена, што днём механізатар на грузавой аўтамашыне, якая не належыць гаспадарцы, пад’ехаў да збожжаўборачнага камбайна, на якім працаваў, і ссыпаў у кузаў збожжа. Пасля спрабаваў выехаць з поля з грузам, аднак быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

3160 кг збожжа насеннага ячменю агульным коштам больш за 1300 рублёў канфіскаваны і перададзены на захоўванне гаспадарцы.

Заведзена крымінальная справа.

Фота: МУС.

У Горках пенсіянер кінуўся пад цягнік

Раніцай 23 жніўня трагічны інцыдэнт здарыўся на станцыі Пагодзіна ў Горках. Работнікі чыгункі заўважылі на рэйках немаладога мужчыну, які выпіваў спіртное. Супрацоўнікі станцыі папрасілі яго сыйсці з рэек і пенсіянер паслухаўся. Але як толькі на станцыю прыбыў цягнік “Ворша-Крычаў”, мужчына кінуўся пад калёсы. З траўмамі яго шпіталізавалі, але выратаваць не ўдалося – паведамляе “Горацкі веснік”.

Фота ілюстрацыйнае

На Магілёўшчыне за выходныя патанулі яшчэ 2 чалавекі

16 жніўня ў Дняпры каля в. Паляшчыцы Горацкага раёна патануў 22-гадовы жыхар Горак. Ягонае цела знайшлі толькі 20 жніўня – паведамляе МНС.

У в. Падлужжа Кіраўскага раёна на Чыгірынскім вадасховішчы нырнуў мужчына і больш на паверхні вады не з’яўляўся. Праз 2 гадзіны пошукаў работнікамі МНС было знойдзена  цена жыхара Расійскай Федэрацыі 1961 г.н.

Яшчэ два мужчыны патанулі ў рацэ Свіслач у Асіповіцкім раёне – пра гэта мы пісалі раней.

Фота: МНС

У Горацкім раёне правядуць грамадскае абмеркаванне трох кустоў

Горацкі райвыканкам прыняў рашэнне пра грамадскае абмеркаванне наконт выдалення трох кустоў ядлоўцу.

Грамадскае абмеркаванне адбудзецца  1 жніўня па адрасе: Горацкі раён, Даброўскі сельскі савет, 17, каля аўтадарогі Р-7. Пачнецца мерапрыемства а 9-й гадзіне.

У гэты дзень будзе вырашана, як паступіць з трыма кустамі ядлоўца, якія растуць каля запраўкі “Беларуснафта. Згодна заключэнню аддзела архітэктуры і будаўніцтва мясцовага райвыканкама кусты маюць “неналежны якасны стан” – паведамляецца на сайце Горацкага райвыканкама.

Прыняць удзел у абмеркаванні гэтага пытання запрашаюць усіх жадаючых. Для ўдзелу, аднак, трэба мець з сабой пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу.

Нагадаем, што гэта ўжо не першае падобнае абмеркаванне, якое здзіўляе дробнымі масштабам і рашэннем нязначных пытанняў грамадскага жыцця. Дагэтуль райвыканкам у Горках ініцыяваў грамадскае абмеркаванне адной бярозы, пра што пісалі mogilev.media. 

Фота ілюстратыўнае