Дзень беларускай кухні правялі ў школе ў Чавусах

Навучэнцаў і настаўнікаў сустракалі прыказкамі і прымаўкамі пра хлеб, бульбу, сала і іншую ежу, рэцэптамі страў беларускай кухні, якія пасля ўсе змаглі пакаштаваць у сталовай.

Школьныя павары пастараліся, каб зрабіць шэраг страў звязаных з народнай кухняй. На сняданак яны прыгаваталі бутэрброд “Купалле”, на абед – крупеню, салат  «Агеньчык», дранікі, калбаскі па-магілёўску, а на полудзень – бабку, узвар з сухафруктаў, кісель з яблык. 

Гэтая падзея адбылася ў сценах чавускай сярэдняй школы №1. У холе першага паверха школьнага будынку была зладжана сустрэча-прэзентацыя «Прывiтанне – запрашэнне» для навучэнцаў у стылі беларускіх традыцый, з музычным суправаджэннем у стылізаваных народных касцюмах. Падчас мерапрыемства была асветніцкая частка, дзе ўсіх прысутных пазнаёмілі з асаблівасцямі беларускай кухні, з спосабамі апрацоўкі і прыгатавання прадуктаў і страў рознага кшталту. 

Акрамя музычна-забаўляльнай і асветніцкай часткі ў Дзень беларускай кухні навучэнцам раздавалі анкеты “Мая любімая беларуская страва”. Між іншым частымі адказамі чавускіх школьнікаў былі бабка, дранікі, бліны і калдуны. Заканчэнне гастранамічнага свята ў сценах установы адукацыі адзначылася правядзеннем інтэрв’ю «Беларуская кухня для мяне…» для навучэнцаў старэйшых класаў і маніторынгам «Пустая талерка» сярод школьнікаў малодшых класаў. 

Натуральна, што падобныя мерапрыемствы вельмі важныя, асабліва ў школах, каб нагадаць навучэнцам пра іх карані, асабліва на фоне заціскання і згортвання ўсяго нацыянальнага афіцыйнай уладай у Беларусі. 

Фота: mogilevnews.by

У Чавускім раёне дэмантуюць 67 калонак, і гэта агульнанацыянальная тэндэнцыя для эканоміі вады

Абавязковым элементам звычайнага вясковага ландшафта апошніх 30 гадоў з’яўлялася водазаборная калонка, як сведчанне спрычынення да цывілізацыі. 

Амаль ці не на кожнай сельскай вуліцы і ў прыватным сектары гарадоў і гарадскіх пасёлкаў была або ёсць такая калонка, якой карыстаюцца не толькі тыя, у каго няма ў хаце цэнтральнага вадаправода, але і кожны жадаючы, любы мінак. 

Праўда, яшчэ 25-30 гадоў таму нікому не прыходзіла ў галаву лічыць, колькі ж вады праз іх выцякала. А калі камунальнікі пачалі працаваць ва ўмовах жорсткай эканоміі, тады, каб скараціць страты, колькасць калонак вырашылі аптымізаваць.

Раней па вобласці, у 21 раёне, дзейнічала пад 30 000 такіх калонак, у тым ліку ў Магілеве па стану на 2015 год – 1500 у прыватным сектары.   

З кожным годам скарачаецца колькасць жыхароў сельскіх населеных пунктаў, і там няма мэтазгоднасці ў рабоце калонак. Ды і мала зараз засталося двароў, дзе няма вады ў самім доме.

Закрыццё водаразмеркавальных калонак у апошняе дзесяцігоддзе набыла агульнацыянальны маштаб. 

У большасці населеных пунктах  па тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўздоўж буйных аўтадарог водазаборныя калонкі ўжо або дэмантаваны, або закансерваваны, або доступ да іх маюць толькі мясцовыя жыхары.

Увогуле,   забор вод з прыродных водных крыніц у вобласці за 1990-2020-я гады скараціўся у 3 разы, з 300 да амаль 110 млн. м³, у тым ліку з падземных гарызонтаў з 160 да 100 млн. м³.

Тэндэнцыя дакацілася і да аддаленных ад сталіцы сельскіх раёнаў. 

Як распавёў начальнік Чавускага ўчастка філіяла «Магілёўскі водаканал» Сяргей Сцяканаў, у Чавускім раёне дэмантуюць 67 водаразборных калонак з агульнай колькасці больш за 1000.

Зараз вядзецца праца па частковым адключэнні, а пасля і зусім іх прыбяруць. Чыноўнік растлумачыў, што перад тым, як убраць калонку, іх службай вядзецца маніторынг запатрабаванасці і апытанне насельніцтва: 

– Калонкі мы прыбіраем у мэтах зніжэння страт і няўлічаных расходаў вады, а таксама змяншэння затрат на аказанне паслуг водазабеспячэння, выключэння выпадкаў несанкцыянаванага адбору вады.

Пры гэтым варта адзначыць, што ў дачыненні да ліквідацыі калонак дзейнічае строгі сацыяльны стандарт: калі ў радыусе 100 метраў пражывае хаця б адзін грамадзянін без праведзенага ў дом вадаправода, калонка не будзе адключана і дэмантавана.

Для вызначэння магчымасці дэмантажу водаразборнай калонкі на першапачатковым этапе калонка адключаецца ад сеткі і на працягу 3 месяцаў праводзіцца маніторынг па зваротах грамадзян. У выпадку адсутнасці зваротаў прымаецца рашэнне па дэмантажы. Пры гэтым, каб карыстацца вадой з калонкі на законных падставах, у грамадзян павінна быць заключана дамова з водаканалам.

Вадой з калонкі павінны карыстацца тыя, у каго ў хаце няма вадаправода. Нярэдка водаразборная калонка патрэбна ўсяго толькі аднаму чалавеку, але ёю карыстаецца, па факце, хто жадае, у тым ліку, і для мыцця машын.

У Чавускім раёне 4,5% спажыўцоў не плацяцяць за камунальныя паслугі

Чатыром сотням неплацельшчыкаў пагражае высяленне.

У Чавускім раёне  499 чалавек (4,5%) з агульнай колькасці ў 11 026 спажыўцоў камунальных паслуг у ліку даўжнікоў, паведамляе chausynews. Яны агулам запазычалі дзяржаве 171 000 рублёў. Ёсць асобныя грамадзяне, у якіх сума запазычанасці больш за 3 000 рублёў.

Тыя, хто мае запазычанасці могуць быць выселены па рашэнні суда з арэнднага жылля без прадастаўлення іншага жылля. Калі вялікая сума запазычанасці, то могуць выселіць і з уласнай хаты. 

Такія меры могуць прымяняюцца пасля палугода неплацяжоў. Але да гэтага моманту, пасля 2-х месяцаў неаплаты могуць адключыць электразабеспячэнне, водазабеспячэнне. Калі і гэтыя меры не падзейнічаюць, то тады ўжо камунальнікі накіроўваюць праз натарыуса выканаўчы ліст у службу прымусовага выканання пакаранняў. У Чавускім раёне такіх выканаўчых лістоў каля 400.

Нават калі вы не заплацілі за папярэдні месяц да 25 чысла, з 26-га вам ужо будзе налічвацца пеня 0,3% ад сумы пратэрміноўкі за кожны дзень неаплаты. Гэта амаль 110% гадавых. 

Прычыны запазычанасцей у кожнага свая. Асноўныя неплацельшыкі – гэта беспрацоўныя, людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Але ёсць сярод неплацельшчыкаў і забяспечаныя грамадзяне. Нехта доўгі час не плаціць, а ў кагосьці толькі нядаўна з’явіліся цяжкасці з фінансамі. Пры гэтым тым, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, выдзяляецца безнаяўная жыллёвая субсідыя. Умовы яе прадастаўлення: сума аплаты за ЖКП павінна складаць 20% ад даходу ў гараджаніна,  15% вяскоўца.

Тры дзяўчыны загінулі ў жахлівай аварыі пад Чавусамі

Машыну выкінула ў кювет, дзе яна разбілася аб дрэва і загарэлася. Дааццаціпяцігадовая кіроўца Audiі дзве яе пасажыркі 19 і 24 гадоў узростам загінулі на месцы – перадае Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Яшчэ адну 22-гадовую пасажырку выкінула з машыны падчас аварыі. Яна выжыла і знаходзіцца ў лякарні.

Трагедыя адбылася а трэцяй гадзіне ночы 29 лістапада. Яе прычынай стала тое, што вадзіцель не справілася з кіраваннем на фоне цяжкага надвор’я і дрэннай дарогі – мяркуюць следчыя. Узбуджана крымінальная справа.

Фота: ДАІ

 

Новая станцыя абезжалезвання адкрылася ў Чавускім раёне

Раней мясцовыя жыхары маглі ўжываць для піцця ваду толькі са студні – з прычыны цёмнага колеру і жалезнага прысмаку вадаправоднай.

У вёсцы Галачова Чавускага раёна ўрачыста адкрылі станцыю абезжалезвання. Гэта  трэцяя па ліку з пачатку года і 11-я ў раёне. Адкрыцце неабходнага аб’екта прымеркавалі па старой савецкай традыцыі да дня  Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін павіншаваў галачоўцаў з адкрыццём аб’екта і падкрэсліў, што дзякуючы ўводу ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання жыхары вёскі цяпер будуць спажываць чыстую ваду. 

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Храмянкоў адзначыў, што гэта “адзінаццатая станцыя абезжалезвання, адкрытая ў Чавускім раёне. Дзевяць з іх функцыянуюць у сельскіх населеных пунктах. Рэалізацыя праграмы “Чыстая вада” ў нашым рэгіёне працягваецца”.

Па інфармацыі прадстаўніка «Магілёўскага водаканала» Сяргея Цюканькі якасць вады ў Галачове была нездавальняючай, утрыманне жалеза перавышала 1 мг/л, а пасля таго, як станцыя была ўведзена ў эксплуатацыю, паказчык зніжаны да 0,1 мг /л. Магутнасць станцыі 2,5 кубаметра за гадзіну дазваляе забяспечыць неабходны ўзровень ачысткі вады – паведамляе раённая газета “Іскра”.

фота: chausynews.by

Народныя калектывы з Чавускага раёна святкуюць юбілеі

Адзін з іх мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Адразу два фальклорных калектыва Чавускага раёна святкуюць на гэтым тыдні свае юбілеі. 65-гадовы юбілей адзначае фальклорны калектыў «Незабудкі» з Галавенчыц Чаускага раёна, 45-гадовы  святкуе ансамбль народнай песні “Раніца” Каменскага сельскага Дома народнай творчасці.

Па водгуках спецыялістаў, народная фальклорная група “Незабудкі” вёскі Галавенчыцы – самы яркі і цікавы аўтэнтычны калектыў у Магілёўскай вобласці. Гэта прыклад сапраўднага аднаўлення і захавання мясцовай традыцыйнай культуры.

Калектыў быў створаны 65 гадоў назад, у 1957 годзе, з мясцовых жыхарак. Цяпер ён аб’ядноўвае трох удзельніц яшчэ першага складу – Людмілу Каханоўскую, Валянціну Філіпчанку і Людмілу Кавалёву, а ансамблю і яго творчасці прысвоены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

У рэпертуар “Незабудак” уваходзяць старажытныя народныя песні, абрадавыя і бытавыя.

29 кастрычніка, у Каменскім сельскім Доме народнай творчасці адбудзецца юбілейны канцэрт народнага ансамбля народнай песні «Раніца». 

Ансамбль ўзнік у 1977 годзе з удзельнікаў хора (створаны ў 1972 годзе  маладым старшынёй мясцовага калгаса “Ленінскі шлях” Рыгорам Іванчанка). Аранжыроўкі ансамбля былі смелымі, і традыцыйныя народныя песні гучалі незвычайна сучасна, што заўсёды выклікала жывы водгук у слухача. 

У аснове рэпертуару калектыву доўгі час былі такія творы, як “Вішанька”, “Зялёна лісце”, “Ляшчына”, “Свякроўка”, “Ярыца” і іншыя. За 45-гадовую гісторыю ансамблем было выканана больш за 300 песень.

“Раніца” – удзельнік многіх фестываляў, конкурсаў, свят: “Беларусь – мая песня”, “Таленты роднага краю”, “Гуляй, гамон!”, “Сузор’е талентаў” і іншых, “У госці да радзімічаў”, “Зялёныя святкі”, “Пятроўскія радасці”, “Александрыя збірае сяброў” і іншых. У 1995 годзе ансамблю “Раніца” было прысвоена званне “народны”. 

На сённяшні дзень у складзе «Раніцы» выдатна спяваюць і радуюць слухачоў сваёй творчасцю Тамара Дзюўбакова, Лілія Рамнянок, Алена Мурашка, Святлана Чуркіна, Таццяна Шынкарова, Вікторыя Куцечка, Вольга і Лілія Глінковы. А яшчэ ўвесь час ідзе пошук жамчужын аўтэнтычнай этнаграфічнай спадчыны, вядзецца праца са старажыламі вёсак Каменскага сельсавета, пераймаецца старадаўняя манера выканання.

фота: chausynews.by

 

У Чавусах прадаецца фарш з зацёртым тэрмінам прыдатнасці

На ўсіх пакунках прадукцыі брэнда “Просто вкусно” інфармацыя пра дату прыгатавання аказалася сцёртай – дзеляцца ў беларускіх пабліках жыхары горада. Пры гэтым тэрмін прыдатнасці вырабу – 10 сутак. Фарш для катлет прадаецца ў краме “Радыус”. Паведамляецца, што тыя, хто набыў такія мясныя вырабы, скардзяцца, што яны аказаліся тухлымі.

Ініцыятыўныя жыхары пабудавалі мост праз Басю ў Чавусах самі

Цяпер шлях з ускраіны да цэнтра горада карацей на 1,5 кіламетра. 

У чавускім мікрараёне “Зарэчча” жыхары самі аднавілі пешаходны мост праз раку Басю, павядамляе чавуская раённая газета.

Яшчэ нядаўна Зарэчча была вёскай за 5 км ад Чавусаў. Да 1930-х гадоў у ёй існавала каталіцкая капліца. Але вёску неўзабаве далучылі да райцэнтра.

Каб дабрацца ад Зарэчча да цэнтра горада, да крам, школ, працы трэба было ісці кругавой дарогай праз раку Бася і два масты. Такое хаджэнне даволі стомнае, тым больш, што людзям даводзіцца яго пераадольваць не адзін раз у дзень.

12 гадоў таму жыхары мікрараёна са старастай, настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі Алегам Пынікавым зрабілі муры маста. Але за гэты час мост пачаў разбурацца.

Мясцовы жыхар Юры Душко ініцыяваў аднаўлення моста. Жыхары мікрараёна вельмі хутка сабралі добраахвотныя складкі па 10 рублёў на матэрыялы і за чатыры дні трухлявая пераправа ператварылася ў моцную канструкцыю. Дапамаглі валанцёрам і гарадскія ўлады: начальнік электрасетак Аляксандр Бузнікаў з дэмантажом старых канструкцый, старшыня Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін з дастаўкай піламатэрыялаў, дырэктар Чавускага СДЮШАР Аляксандр Дарафееў са зварачнымі работамі.

Мост цяпер мае трывалы металічны каркас, каб не было разбурэнняў пад час разводдзя. Для трываласці ён стаіць на адпрацаваных аўтамабільных шынах. Па металаканструкцыі насцелены дошкі, зроблены парэнчы.

Цяпер па пешаходным мосце можна і прайсці, і пракаціць ровар, тачку, дзіцячы вазок.

У вырашэнні праблемы з пераходам перамаглі ініцыятыўнасць і неабыякавасць мясцовых жыхароў.

На Магілёўшчыне кіроўца «засеяў» 26 тонамі зерня дарогу

Гэта другі вядомы інцыдэнт у рэгіёне, звязаны з памылкамі пры транспартаванні збожжа. Трыма днямі раней у Кіраўскім раёне 4 тоны зерня рассыпаліся на двух кіламетрах дарогі з незачыненага кузава.

У Чавускім раёне 26 тон збожжа высыпаліся на праязную частку дарогі з перакуленай машыны. Кіроўца не пацярпеў. На яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

Інцыдэнт здарыўся ў вёсцы Хількавічы. За рулём МАЗа з паўпрычэпам быў 29-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Краснаполле. Рухаючыся пад гару, кіроўца праявіў няўважлівасць, грузавік перакуліўся, піша БелТА.

З апублікаванага фота бачна, што інцыдэнт адбыўся ў цёмную пару содняў.

Здарэнне ў Кіраўскім раёне абышлося без пакарання кіроўцы. Інспектар ДАІ папярэдзіў яго, каб той больш падобнага не ўчыняў. Да дзясятай гадзіны раніцы работнікі сельгаспрадпрыемства прыбіралі збожжа з дарогі, паведамляў Магілёў.media.

 

На Магілёўшчыне ўшанавалі радзімічаў фэстам і акунаннем у атмасферу паганства (фота)

Сёлетні фэст «У госці да радзімічаў» быў пазбаўлены афіцыёзу і непазбежнай паказушнасці. Наведнікі адзначаюць асаблівую гасціннасць, цеплыню і амаль сямейную атмасферу свята.

У мястэчка Радамля аматары старажытнай культуры з’яжджаюцца 9 год запар, каб згадаць часы летапісных Радзімічаў. На тутэйшай Замкавай гары, дзе археолагі адшукалі сведчанні жыцця гэтага народу, ладзіцца этнафестываль «У госці да радзімічаў». Ён ужо стаў мясцовым брэндам.

Радамля – паселішча ў Чавускім раёне. Лічыцца, што яно тысячу гадоў таму было адным з радавых цэнтраў славянскага саюзу радзімічаў, якое адыграла важную ролю ў фармаванні беларусаў. Сведка тых даўніх стагоддзяў – помнік археалогіі Радамльскае замчышча.

Этнафестываль «У госці да радзімічаў» упершыню адбыўся ў 2014 годзе. Тады ажыццяўляўся праект «Радамля: актыўнасць для адраджэння», які фінансаваўся Еўрапейскім саюзам і Інстытутам міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў. Задумваўся ён дзеля таго, каб уцягнуць мясцовых жыхароў у развіццё прыроднага, культурнага і гістарычнага патэнцыялу тэрыторыі з дапамогай арганізацыі мясцовага свята і стварэння турыстычнага маршруту. У падрыхтоўцы праекту былі задзейнічаны эксперты ў галіне археалогіі і гістарычных навук.

Цяпер часы змяніліся. Колішняя ініцыятыва грамадскіх актывістаў стала фестывалем, які падгарнула пад сябе дзяржава. Разам з тым, сутнасць фэсту засталася ранейшай.

Падчас свята праходзіць вялікі стылізаваны кірмаш, дзе прадаюцца вырабы майстроў і рамеснікаў, праходзяць майстар-класы па ганчарстве, ткацтве, кавальстве. Адным з галоўных складнікаў кірмашу з’яўляецца кулінарнае свята, на якім прадстаўленыя стравы мясцовай традыцыйнай кухні. З’яжджаюцца на фэст рамеснікі з усёй Магілёўшчыны.

У Радамлі створаны музей пад адкрытым небам, дзе рэканструяваны побыт далёкіх продкаў. Кожны ахвотны можна пабыць у славянскіх паўзямлянках, паглядзець, як яны выраблялі хатнія рэчы.

У праграме фэсту конкурсы, этнаімпрэзы і разнастайныя забавы. А традыцыйнае тэатралізаванае «Падарожжа ў сівую даўніну» дазволіла акунуцца ў атмасферу паганскіх часоў.

Сёлета чыноўнікі на фоне маштабных «Вытокаў» у Горках і «Купалля» у Александрыі троху прызабылі фэст у Радамлі. Гэта пазбавіла яго афіцыёзу і непазбежнай паказушнасці. Усю праграму зрабілі чавускія жыхары і работнікі сферы культуры. Можа, таму ўсе наведнікі адзначаюць асаблівую гасціннасць, цеплыню і амаль сямейную атмасферу свята.