Новае свята будзе праводзіцца ў Слаўгарадскім раёне – “Народная прыпеўка”

У Слаўгарадскім раёне будзе праводзіцца новае свята традыцыйнай культуры – “Народная прыпеўка”, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Гэта прадугледжана рашэннем Слаўгарадскага раённага выканаўчага камітэта ад 29 снежня 2022 года

Арганізатарамі “Народнай прыпеўкі” выступаюць  аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама і ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна”.

Свята накіравана на развіццё і папулярызацыю жанру народнай прыпеўкі, традыцыйнай ігры на гармоніку, на захаванне лепшых узораў фальклорнай спадчыны і мясцовага аўтэнтычнага матэрыялу.

Мерапрыемства будзе праводзіцца ў фармаце біенале – адзін раз на два гады. 

Праграмай мерапрыемства прадугледжаны конкурсныя выступленні па намінацыях: “Выканаўцы прыпевак” (індывідуальныя выканаўцы), “Гарманісты” (ансамблі гарманістаў ад двух і больш выканаўцаў),

“Групы і ансамблі” (фальклорныя гурты, ансамблі народнай песні).

Чакаецца, што ў ім будуць удзельнічаць творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы як Слаўгарадскага, так і іншых раёнаў, гарадоў, замежных краін.

Дату, тэрмін і месца правядзення свята будзе вызначаць арганізатар – райвыканкам.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Завяршаецца рэстаўрацыя Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля

Святочнае адкрыццё адрэстаўраванага палаца ў Жылічах адбудзецца ў наступным 2023 годзе.

За 13 гадоў аднаўленне помніка архітэктуры праходзіла з рознай ступенню актыўнасці. Імпульс працам надало ўключэнне аб’екта ў інвестыцыйную праграму Магілёўшчыны. Пра ход рэстаўрацыі палацава-паркавага ансамблю ў Жылічах, узведзенага ў пачатку ХІХ стагоддзя, Магілёў.media пісалі ў чэрвені. 

Зараз будаўнічыя арганізацыі завяршаюць працы па аднаўленні зімняга саду, які зруйнавалі нямецкія захопнікі ў 1944 годзе. Праведзена рэстаўрацыя ляпнога дэкору парадных залаў палаца, кафляных печаў, камінаў з мармуру, мастацкага паркету. Пафарбаваны фасады палаца, вядзецца добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Рэстаўратары аздабляюць інтэр’еры заляў. Яны імкнуцца з максімальнай дакладнасцю, па захаваўшыхся фотаздымках, перадаць дух XIX стагоддзя. 

Нягледзячы на рэстаўрацыйныя работы, колькасць ахвочых аглядзець адну з цікавостак Магілёўшчыны не змяншаецца.

Палацава-паркавы ансамбль у Жылічах – гісторыка-культурныя каштоўнасць міжнароднага ўзроўню. Яго ўзяўся ўзводзіць адзін з найбагацейшых людзей Бабруйшчыны таго часу Ігнат Булгак, а працягнуў яго сын Эдгар. Комплекс неаднаразова перабудоўваўся, але захоўваючы адзіны класічны стыль.

За савецкім часам у ім месціўся дзіцячы дом, агранамічная школа. У вайну гітлераўцы разгарнулі тут шпіталь. З 1950-га года ў палацы працаваў сельскагаспадарчы тэхнікум (зараз аграрны каледж). 

У цэлым будынак, перажыўшы дзве вайны, застаўся ў добрым стане.

Народныя калектывы з Чавускага раёна святкуюць юбілеі

Адзін з іх мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Адразу два фальклорных калектыва Чавускага раёна святкуюць на гэтым тыдні свае юбілеі. 65-гадовы юбілей адзначае фальклорны калектыў «Незабудкі» з Галавенчыц Чаускага раёна, 45-гадовы  святкуе ансамбль народнай песні “Раніца” Каменскага сельскага Дома народнай творчасці.

Па водгуках спецыялістаў, народная фальклорная група “Незабудкі” вёскі Галавенчыцы – самы яркі і цікавы аўтэнтычны калектыў у Магілёўскай вобласці. Гэта прыклад сапраўднага аднаўлення і захавання мясцовай традыцыйнай культуры.

Калектыў быў створаны 65 гадоў назад, у 1957 годзе, з мясцовых жыхарак. Цяпер ён аб’ядноўвае трох удзельніц яшчэ першага складу – Людмілу Каханоўскую, Валянціну Філіпчанку і Людмілу Кавалёву, а ансамблю і яго творчасці прысвоены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

У рэпертуар “Незабудак” уваходзяць старажытныя народныя песні, абрадавыя і бытавыя.

29 кастрычніка, у Каменскім сельскім Доме народнай творчасці адбудзецца юбілейны канцэрт народнага ансамбля народнай песні «Раніца». 

Ансамбль ўзнік у 1977 годзе з удзельнікаў хора (створаны ў 1972 годзе  маладым старшынёй мясцовага калгаса “Ленінскі шлях” Рыгорам Іванчанка). Аранжыроўкі ансамбля былі смелымі, і традыцыйныя народныя песні гучалі незвычайна сучасна, што заўсёды выклікала жывы водгук у слухача. 

У аснове рэпертуару калектыву доўгі час былі такія творы, як “Вішанька”, “Зялёна лісце”, “Ляшчына”, “Свякроўка”, “Ярыца” і іншыя. За 45-гадовую гісторыю ансамблем было выканана больш за 300 песень.

“Раніца” – удзельнік многіх фестываляў, конкурсаў, свят: “Беларусь – мая песня”, “Таленты роднага краю”, “Гуляй, гамон!”, “Сузор’е талентаў” і іншых, “У госці да радзімічаў”, “Зялёныя святкі”, “Пятроўскія радасці”, “Александрыя збірае сяброў” і іншых. У 1995 годзе ансамблю “Раніца” было прысвоена званне “народны”. 

На сённяшні дзень у складзе «Раніцы» выдатна спяваюць і радуюць слухачоў сваёй творчасцю Тамара Дзюўбакова, Лілія Рамнянок, Алена Мурашка, Святлана Чуркіна, Таццяна Шынкарова, Вікторыя Куцечка, Вольга і Лілія Глінковы. А яшчэ ўвесь час ідзе пошук жамчужын аўтэнтычнай этнаграфічнай спадчыны, вядзецца праца са старажыламі вёсак Каменскага сельсавета, пераймаецца старадаўняя манера выканання.

фота: chausynews.by