У Чавускім раёне дэмантуюць калонкі

У Чавускім раёне дэмантуюць 67 калонак, і гэта агульнанацыянальная тэндэнцыя для эканоміі вады

Абавязковым элементам звычайнага вясковага ландшафта апошніх 30 гадоў з’яўлялася водазаборная калонка, як сведчанне спрычынення да цывілізацыі. 

Амаль ці не на кожнай сельскай вуліцы і ў прыватным сектары гарадоў і гарадскіх пасёлкаў была або ёсць такая калонка, якой карыстаюцца не толькі тыя, у каго няма ў хаце цэнтральнага вадаправода, але і кожны жадаючы, любы мінак. 

Праўда, яшчэ 25-30 гадоў таму нікому не прыходзіла ў галаву лічыць, колькі ж вады праз іх выцякала. А калі камунальнікі пачалі працаваць ва ўмовах жорсткай эканоміі, тады, каб скараціць страты, колькасць калонак вырашылі аптымізаваць.

Раней па вобласці, у 21 раёне, дзейнічала пад 30 000 такіх калонак, у тым ліку ў Магілеве па стану на 2015 год – 1500 у прыватным сектары.   

З кожным годам скарачаецца колькасць жыхароў сельскіх населеных пунктаў, і там няма мэтазгоднасці ў рабоце калонак. Ды і мала зараз засталося двароў, дзе няма вады ў самім доме.

Закрыццё водаразмеркавальных калонак у апошняе дзесяцігоддзе набыла агульнацыянальны маштаб. 

У большасці населеных пунктах  па тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўздоўж буйных аўтадарог водазаборныя калонкі ўжо або дэмантаваны, або закансерваваны, або доступ да іх маюць толькі мясцовыя жыхары.

Увогуле,   забор вод з прыродных водных крыніц у вобласці за 1990-2020-я гады скараціўся у 3 разы, з 300 да амаль 110 млн. м³, у тым ліку з падземных гарызонтаў з 160 да 100 млн. м³.

Тэндэнцыя дакацілася і да аддаленных ад сталіцы сельскіх раёнаў. 

Як распавёў начальнік Чавускага ўчастка філіяла «Магілёўскі водаканал» Сяргей Сцяканаў, у Чавускім раёне дэмантуюць 67 водаразборных калонак з агульнай колькасці больш за 1000.

Зараз вядзецца праца па частковым адключэнні, а пасля і зусім іх прыбяруць. Чыноўнік растлумачыў, што перад тым, як убраць калонку, іх службай вядзецца маніторынг запатрабаванасці і апытанне насельніцтва: 

– Калонкі мы прыбіраем у мэтах зніжэння страт і няўлічаных расходаў вады, а таксама змяншэння затрат на аказанне паслуг водазабеспячэння, выключэння выпадкаў несанкцыянаванага адбору вады.

Пры гэтым варта адзначыць, што ў дачыненні да ліквідацыі калонак дзейнічае строгі сацыяльны стандарт: калі ў радыусе 100 метраў пражывае хаця б адзін грамадзянін без праведзенага ў дом вадаправода, калонка не будзе адключана і дэмантавана.

Для вызначэння магчымасці дэмантажу водаразборнай калонкі на першапачатковым этапе калонка адключаецца ад сеткі і на працягу 3 месяцаў праводзіцца маніторынг па зваротах грамадзян. У выпадку адсутнасці зваротаў прымаецца рашэнне па дэмантажы. Пры гэтым, каб карыстацца вадой з калонкі на законных падставах, у грамадзян павінна быць заключана дамова з водаканалам.

Вадой з калонкі павінны карыстацца тыя, у каго ў хаце няма вадаправода. Нярэдка водаразборная калонка патрэбна ўсяго толькі аднаму чалавеку, але ёю карыстаецца, па факце, хто жадае, у тым ліку, і для мыцця машын.