Вершы Дуніна-Марцінкевіча і іншых беларускіх класікаў прызнаныя экстрэмісцкімі

Пракуратура Мінска прызнала “экстрэмісцкімі” два вершы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, класіка беларускай літаратуры, паэта, драматурга, тэатральнага крытыка, заснавальніка беларускай драматургіі і нацыянальнага тэатра – піша “Настоящее время Беларусь”.

Таксама ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі кнігі Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Лідзіі Арабей і Уладзіміра Някляева з серыі “Беларускі кнігазбор”.

Паводле заявы пракуратуры Мінска, 17 жніўня “экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаны “вершы “Плывуць вятры” (“Плывуць ветру”) і “Гутарка старога дзеда” (“Размова старога дзеда”), якія крытыкі прыпісваюць Дуніну-Марцінкевічу, а таксама прадмова Язэпа Янушкевіча да кнігі “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы” (Выбраныя творы).

В. Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў Бабруйску ў 1808 годзе.

На фота: помнік яму ў родным горадзе.

На школьным базары ў Магілёве за парушэнні закрылі шапік прадпрымальніка

Дзяржкантроль знайшоў мноства парушэнняў у рабоце гандлёвай кропкі на школьным базары ў Магілёве – паведамляе прэс-служба ведамства. 

Так, гандлёвая надбаўка на тавары магла сягаць 65-105% пры дазволеных 40% максімум. Акрамя таго, амаль 500 адзінак тавараў не мелі ніякіх суправаджальных дакументаў пра іх паходжанне і якасць. Дзейнасць аб’екта прыпыненая.

Фота з адкрытых крыніц

У Клімавічах скралі камбікорм, а ў Клічаўскім раёне – муку і зерне кукурузы

З тэрыторыі фермы ў вёсцы Гута Клімавіцкага раёна было выкрадзена амаль 700 кг камбікорму – паведамляе УУС.

Устаноўлена, што крадзеж учыніў 42-гадовы работнік свінагадоўчага комплексу. На сваім мікрааўтобусе ён вывез 15 мяшкоў камбікорму і выгрузіў іх у суседняй вёсцы, схаваўшы ля дарогі ў кювеце. 697 кг камбікорму агульным коштам каля 470 рублёў вернута ў гаспадарку. Па факце крадзяжу праводзіцца праверка.

У Клічаўскім раёне адбылося аналагічнае злачынства. 300 кг мукі і зерня кукурузы выкраў работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў у Клічаўскім раёне

Мука і збожжа кукурузы вернуты ў гаспадарку.

Фота: УУС

У «Е-Сіці» здарыўся пажар

Пажар адбыўся 15 жніўня ў Магілёве ў гандлёвым цэнтры “Е-Сіці”, у дапаможным памяшканні на 1 паверсе, якое арандуе клінінгавая кампанія – паведамляе МНС.

Узгаранне ліквідаваў дырэктар кампаніі з дапамогай парашковых вогнетушыцеляў да прыбыцця ратавальнікаў.

У выніку пажару пашкоджаны стэлаж з асабістымі рэчамі, закураны сцены і столь у памяшканні. Пацярпелых няма.

Прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

У Беларусі аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі з-за спякоты

На 16-17 жніўня ў Беларусі аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі – папярэджвае Белгідрамет.

Ясна і без ападкаў будзе ў сераду і чацвер у Магілёве і вобласці. Тэмпература ўноч да +16  +18°C, днём спякотна – +30 +32°C.

Вецер лёгкі, паўднёва-усходні, хуткасць 2-3 м/сек.

 

На Магілёўшчыне затрыманы двое закладчыкаў

Аператыўнікі наркакантролю затрымалі 18-гадовага жыхара Круглянскага раёна, які набыў і захоўваў альфа-PVP – паведамляе прэс-служба МУС.

Праз пару дзён быў затрыманы яго “калега” – 16-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. У 10-класніка знойдзена і канфіскавана амаль 100 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС.

Хлопцы менш за месяц прапрацавалі закладчыкамі на адзін і той жа віртуальны наркашоп, распаўсюджваючы “тавар” на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Да моманту затрымання частку псіхатропаў яны паспелі раскласці па тайніках.

Падазроныя затрыманы. У дачыненні да іх следчымі распачаты дзве крымінальныя справы.

Фота: скрыншот МУС

Мінчук спрабаваў даць хабар інспектарам ДПС

Кіроўца аўтамабіля Audi A8 на аўтадарозе Р-31 “Бабруйск-Мазыр” здзейсніў абгон на скрыжаванні і быў спынены супрацоўнікамі ДАІ Бабруйскага РАУС.

37-гадовы жыхар сталіцы паспрабаваў даць хабар інспектарам за непрыцягненне да адказнасці. На неаднаразовыя папярэджанні міліцыянераў аб крымінальнай адказнасці вадзіцель не рэагаваў.

Мужчына затрыманы. Узбуджана крымінальная справа за дачу хабару – паведамляе УУС.

Фота ілюстрацыйнае.

Вярхоўны суд ліквідаваў Партыю БНФ

Вярхоўны суд Беларусі задаволіў іск Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў апазіцыйную Партыю БНФ – паведамілі Sputnik у Мінюсце.

Сёлета ліквідаваны партыі «Зялёных», «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды.

Партыя БНФ – адна з найстарэйшых апазіцыйных партый у Беларусі. Яна была заснавана ў 1993 годзе Зянонам Пазняком. З верасня 2017 да красавіка 2022 года кіраваў Партыяй БНФ Рыгор Кастусёў, якога вярхоўны суд прызнаў вінаватым ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і даў яму 10 гадоў калоніі.

У Магілёве кіроўца Hyundai урэзаўся ў дрэва і загінуў

ДТЗ адбылося 13 жніўня на вуліцы Якубоўскага. 50-гадовы кіроўца Hyundai загінуў на месцы – паведамляе прэс-служба МУС.

Пасажыраў у салоне не было.

Прычыны аварыі высвятляюцца.

Фота: МУС

Ад сёння на Магілёўшчыне можна будзе збіраць брусніцы, а журавіны з 11 верасня

Рашэнне Магілёўскага аблвыканкама, прынятае 11 жніўня 2023 года дазваляе пачынаць збор дзікарослых брусніц з 14 жніўня. Журавіны дазваляецца збіраць толькі з 11 верасня. Пры гэтым пастанова прадугледжвае, што колькасць спелых ягад падчас нарыхтоўкі павінна складаць не менш за 99% ад агульнай масы – у выпадку з брусніцамі. Што да журавін, то тут спелых ягад мусіць быць не менш за 95%.

Падчас збору гэтых восеньскіх ягад трэба глядзець мапу забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў.

Актуальная мапа знаходзіцца на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Фота ілюстрацыйнае