“Справа аб змове”. Рыгора Кастусёва адправілі на 10 гадоў у калонію

Кастусёў адзіны з фігурантаў «справы аб змове» адпрэчыў абвінавачванні ў намерах учыніць дзяржаўны пераварот.

Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватымі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і даў яму 10 гадоў калоніі.

Столькі ж прысудзілі Аляксандру Фядуце. Юрася Зянковіча адправілі ў калонію на 11 гадоў. Фядуту і Зянковіча, як і Кастусёва, прызналі вінаватымі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука асудзілі на 2,5 гады калоніі за «арганізацыі пратэстаў».

65-гадовы Рыгор Кастусёў ад красавіка мінулага году ўтрымліваецца ў няволі. Яго арыштавалі ў Шклове і завезлі ў Мінск. У следчым ізалятары ў зняволенага выявілі анкалагічнае захворванне. Звароты аб змяненні меры стрымання пакінутыя без задавальнення, пісаў Магілёў.media.

Кастусёў заявіў падчас допыту ў судзе, што з боку следства на яго аказваўся ціск.

«Калі тваю сям’ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна», адрэагаваў ён на цытаванне пракурорам яго ліста на імя старшыні КДБ Івана Церцеля.

фота: БелТа