Жанчыну на пешаходным пераходзе збіла таксі ў Магілёве

58-гадовы кіроўца таксі не прапусціў жанчыну на пераходзе па вуліцы Лепяшынскага, каля Зорнай плошчы – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Жанчына з траўмамі дастаўленая ў лякарню. 

Лак для валасоў стаў тэрмічнай бомбай і ледзь не забіў бабруйчанку

Бабруйчанка  распыляла лак для валасоў побач з уключанай газавай плітой. Успышка газу ледзь не спаліла яе. Летась з-за запалення адзення ад газавай пліты загінуў магілёвец. Драма і трагедыя нагадалі, што парушэнне правіл пажарнай бяспекі можа прывесці да траўмы і нават смяротнага выпадку.  

Бабруйск. У двухпакаёвай кватэры шматкватэрнага жылога дома на вуліцы Гогаля дама паважанага ўзросту прыводзіла сябе ў парадак. Рабіла гэта яна на кухне каля працуючай газавай пліты. Успышка пароў распыленага лаку для валасоў аказалася вельмі моцнай і нечаканай для гаспадыні. У выніку 59-гадовая жанчына атрымала тэрмічныя апёкі і была шпіталізавана. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС.  Гаспадарам пашчасціла, што ўспышка не выклікала яшчэ і пажар. 

Магілёў. Гэта не першы ў вобласці выпадак апёкаў грамадзян ад газавых пліт. Напрыканцы мінулага году падобны выпадак быў на вуліцы Папаніна. Ад газавай пліты загарэлася адзенне мужчыны. Нягледзячы на “тэрмічныя апёкі полымем 1-4 ступені 45% цела” яго сям’я выклікала хуткую толькі праз 7 гадзін. Ужо ў шпіталі мужчына памёр. 

МНС падкрэслівае, што балоны з аэразолямі нельга награваць, трымаць каля газавай пліты, радыятара ацяплення, каля крыніц адкрытага агню і кідаць у агонь, а іх змесціва нельга распыляць блізка ад агню. Таксама важна памятаць, што прадукты хімічнай прамысловасці (у тым ліку лакі і фарбы) з’яўляюцца лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі. У абодвух выпадках назіралася відавочнае парушэнне правіл эксплуатацыі газавых прылад і агрэгатаў. 

І яшчэ, памятайце, што лепш выклікаць хуткую дапамогу ў небяспечнай для здароўя сітуацыі, чым потым кусаць локці і шкадаваць з-за сваёй нездагадлівасці ці абыякавасці. Не трэба займацца і самалячэннем.

Раварыст патрапіў пад машыну ў Бабруйску

Здарэнне адбылося 5 кастрычніка на нерэгуляваным пешаходным пераходзе – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 52-гадовы веласіпедыст не спешыўся і быў збіты аўтамабілем Citroen. З траўма і ён быў дастаўлены ў шпіталь, але пасля аказання медыцынскай дапамогі быў адпушчаны дамоў.

П’яны вадзіцель разбіў дзве машыны ў Магілёве

Едучы па вуліцы Маўчанскага ад гандлёвага цэнтра “Атлас” у бок “Гіпа”, кіроўца Hyundai Equus выехаў на сустрэчную паласу, каб абагнаць іншую машыну. У выніку адбылося сутыкненне з машынай Ford, якая ад удару зачапіла Mitsubishi – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 50-гадовы вадзіцель Hyundai Equus быў у нецвярозым стане. Аварыя адбылася ў 9.00.

Аўтамабіль выбухнуў у двары Першамайскай вуліцы ў Магілёве

Здарэнне адбылося ў раёне чыгуначнага вакзала, каля магазіна “Хіт” – паведамляюць відавочцы. Відэа з палаючым аўтамабілем у сваім тэлеграм-канале выклалі журналісты магілёўскай рэдакцыі “Беларусь 4”.

 

Трактар паехаў на чырвонае святло на пераездзе пад Бабруйскам і яго збіў матавоз

Здарэнне адбылося каля вёскі Брожа. Трактарыст выехаў на пераезд, нягледзячы на светлавыя і гукавыя сігналы, якія забаранялі праезд.

Матавоз – рухомая адзінка, якая абслугоўвае чыгуначныя пуці – аказаўся больш цяжкім, збіў прычэп і адкінуў яго на некалькі метраў.

На шчасце, трактарыст і чыгуначнікі не пацярпелі.

У Магілёве гарэла таксі, у якім ехалі мама з немаўляткай

Кіроўца таксі за стырном Volkswagen не прапусціў Peugeot, якім кіраваў 47-гадовы мужчына. Ад удару машына таксі імгненна запалала. Тушыць Volkswagen давялося пажарнай брыгадзе.

У таксі ў момант аварыі ехала 28-гадовая мама з немаўляткай на руках. Дзіця не пацярпела, а маці была з траўмамі дастаўлена ў лякарню. Шпіталізацыя спатрэбілася таксама 46-гадовай пасажырцы Peugeot.

Здарэнне адбылося на скрыжаванні Ленінскай вуліцы і Ціміразаўскай у 8:20. 30-гадовы кіроўца таксі пры павароце налева павінен быў прапусціць Peugeot, што рухаўся прама.

Два чалавекі загінулі пры аварыі ў Магілёўскім раёне

Трагедыя адбылася каля 15:00 паблізу вёскі Сянькова. Паводле папярэдняй інфармацыі, на закругленні дарогі налева, вадзіцель Subaru не справіўся з кіраваннем. Адбыўся занос аўтамабіля, у выніку якога ён перакуліўся на дах.

Побач з транспартным сродкам знойдзены целы дваіх мужчын. Адзін з іх 48-гадовы мясцовы жыхар. Асоба другога ўстанаўліваецца.

 

Мужчыне заціснула нагу мотакультыватарам, прыйшлося выклікаць ратавальнікаў

У вёсцы Сідараўка  Краснапольскага раёна гаспадар працаваў на сядзібе, пераворваючы палеткі. Падчас працы фраза мотакультыватара зачапіла штаніну мужчыны і зацягнула нагу – паведамляе прэс-служба міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Выкліканыя на месца здарэння работнікі МНС дэблакавалі заціснутую нагу і перадалі пацярпелага медыкам. З траўма і ён шпіталізаваны.

Пасажыр у рэанімацыі – п’яны бяспраўнік перакуліўся пад Слаўгарадам

Кіроўцу ўжо неаднаразова каралі за нецвярозае ваджэнне, у тым ліку крымінальна.

27-гадовы вадзіцель на аўтамабілі “Audi” не змог справіцца з кіраваннем і вылецеў у кювет, дзе машына перакулілася. Здарэнне адбылося каля вёскі Кульшычы Слаўгарадскага раёна – паведамляе Тэлеграм-канал “Міліцыя Магілёўшчыны”. 

Пасажыр “Audi” ў выніку дарожна-транспартнага здарэння атрымаў сур’ёзныя траўмы і быў шпіталізаваны. Зараз ён знаходзіцца ў рэанімацыі.

Праверка паказала 0,7 праміле алкаголю ў кіроўцы. Раней ён ужо неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за нецвярозае ваджэнне і быў пазбаўлены правоў.