На Мсціслаўшчыне канфіскавана 20 тон спірту

У Мсціслаўскім раёне затрыманы грузавік, вадзіцель якога перавозіў па падробленых дакументах 20 тысяч літраў вадкасці з утрыманнем спірту ў пластыкавых каністрах аб’ёмам па 10 літраў кожная – паведамляе МУС.

Мужчына патлумачыў, што набыў тавар у Расіі нібыта для ўласных патрэб. Аднак, паводле інфармацыі МУС, спірт прызначаўся для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Увесь груз канфіскаваны.

У рамках праверкі будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням перавозчыка за парушэнні парадку абароту нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і выкарыстанне падробленых дакументаў.

Фота: скрыншот МУС.

Бабруйчанін незаконна перавозіў спірт на 115 000 рублёў

4 620 літраў спірта знайшлі ў грузавым аўтамабілі жыхара Бабруйска супрацоўнікі ДАІ – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Аўтамашына была затрымана паблізу вёскі Ясны Лес. Агульны кошт груза па меркаванні аператыўнікаў дасягае 115 000 рублёў. Цяпер праводзіцца праверка, дзеля высвятлення паходжання спіртаўтрымліваючай вадкасці. Па яе выніках 51-гадоваму жыхару Бабруйска пагражае штраф ад дзесяці да ста базавых велічынь.

Бабруйск становіцца лідарам Магілёўшчыны па канфіскаваных “палёных” спіртовых напоях

Паспяховыя рэйды міліцыянераў дазволілі ў верасні канфіскаваць у Бабруйску больш за 5 тон спіртазмяшчальнай вадкасці. 

Напачатку аператыўнікі затрымалі фуру ў паўпрычэпе якой было знойдзена схованка – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. У ёй выявілася больш за 700 каністраў са спіртазмяшчальнай вадкасцю агульным аб’ёмам амаль 3,6 тысячы літраў. За стырном вялікагруза быў 46-гадовы беспрацоўны бабруйчанін.

Днямі ў 61-гадовага мясцовага жыхара знайшлі буйную партыю аналагічнага рэчыва ў грузавіку на тэрыторыі ягонага домаўладання. У мужчыны канфіскаваны каністры з агульным аб’ёмам звыш 1,6 тысячы літраў.

Па абодвух фактах, як адзначылі ў МУС, праводзіцца праверка, а тавар адпраўлены на экспертызу. Высвятляецца яго паходжанне.

Ужыванне спіртазмяшчальнай вадкасці невядомага паходжання можа быць смяротна небяспечным. У так званыя “ліхія” 1990-я выраб, продаж і ўжыванне левай гарэлкі і спірта было звычайнай з’явай. Мноства людзей страцілі сваё здароўе і нават пазбавіліся жыцця, толькі таму, што не грэбавалі піць “палёную” спіртовую вадкасць.