Узровень кішачнай палачкі на магілёўскім пляжы ў 24 разы перавысіў норму

У Магілёве і Бабруйску ўводзяць новыя абмежаванні на купанне, а ў Кадзіне, Клімавічах і Леніно наадварот, адкрываюць пляжы для ўсіх ахвотных.

Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі расказаў аб выніках лабараторных даследаванняў проб вады з зон рэкрэацый Магілёва і Магілёўскага раёна – піша выданне Mogilev.in.

Дапушчальны індыкатар паказчыка кішачнай палачкі Е.соli складае не больш за 100 СЁЕ/100 см³. На Дняпры ў раёне гарадскога пляжу абласнога цэнтра ён перавышае норму ў 24 разы, а ў заліве ракі на Фаціна – у 6,2 разы.

На сённяшні дзень у Магілёве закрытыя тры афіцыйныя пляжы на Дняпры – гарадскі, на Фаціна і ў Палыкавічах. Аднак, купацца можна ў Пячэрскім водасховішчы (тут, дарэчы, самая чыстая вада ў горадзе) і на Святым возеры. На Святым возеры, праўда, рэкамендуецца не пускаць у ваду дзяцей.

Магілёўскі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведамляе, што ўсяго па вобласці было ўзята 68 проб вады на 14 жніўня 2024 года. У 17 выпадках нарматывы былі перавышаныя. У выніку цэнтр рэкамендаваў абмежаваць купанне на гарадскіх пляжах №1 і №2 у Бабруйску.

Адначасова, абласныя гігіеністы рэкамендавалі зняць абмежаванні з пляжаў:

  • каля аграгарадка Кадзіна на возеры Гусіным;
  • на рацэ Асцёр у Клімавічах;
  • на сажалцы ў пасёлку Леніно Горацкага раёна.

Поўную інтэрактыўную мапу забарон на купанне па Магілёўскай вобласці можна знайсці тут.

Фота: mogilev.media

На васьмі пляжах Магілёўшчыны абмежавалі купанне – вось на якіх

Беларуская Санэпідэмслужба з наступленнем спёкі абнавіла спіс пляжаў па Беларусі, на якіх забаронена купацца, альбо ўведзеныя абмежаванні для наведвальнікаў. У Магілёўскім рэгіёне пад такія абмежаванні патрапілі восем пляжаў, на трох з іх купацца забаронена ўвогуле.

Так, забаронена купацца на вадасховішчы ў пасёлку Брады ў Магілёве, на пляжы ў Палыкавічах і на рацэ Проня ў Дрыбіне каля аўтамабільнага маста.

Магчымасць купацца на пляжы Святога возера ў Магілёве прыпыненая.

Таксама абмежавана купанне дзяцей на гарадскім пляжы Магілёва на рацэ Дняпро, у зонах рэкрэацыі Вільчыцкага вадасховішча ў аграгарадку Вільчыцы Магілёўскага раёна, на вадасховішчы Рудэя ў раёне аграгарадка Гарбавічы Чавускага раёна, у месцы адпачынку на рацэ Осліўка каля базы адпачынку «Глухарыны ток» Бялыніцкага раёна.

Фота: mogilev.media 

 

На Святым возеры ў Магілёве патануў падлетак

Хлопчык 2007 года нараджэння плаваў разам з сябрам у 20 метрах ад берага. Дзеці прыйшлі купацца на Святое возера ў Магілёве кампаніяй без дарослых.

У нейкі момант хлопец знік пад вадой, а яго сябар паплыў на бераг за дапамогай – паведамляе прэс-служба МНС. На маторнай лодцы на месца трагедыі накіраваліся 3 вадалаза-выратавальнікі і 1 медыцынскі работнік станцыі АСВОД «Грабянеўская».

У 19:30 работнікі АСВОД дасталі дзіця з вады. Працаўнікі хуткай медыцынскай дапамогі пасля правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў канстатавалі смерць дзіцяці. Цела знаходзілася за 20 метраў ад берага, на глыбіні каля 2 метраў.

Фота: МНС

У Магілёве пачалі чысціць Святое возера

На Святым возеры ў Магілёве пачаліся працы па расчыстцы вадаёма – пры дапамозе тэхнікі вядзецца ачыстка дна ад глею і расліннасці. Пасля гэтага комплекса работ пачнуцца працы па добраўпарадкаванні пляжа – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. 

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

Вось дзе забаронена купацца на Магілёўшчыне

На сямі пляжах рэгіёна – у абласным цэнтры і ў раёне Шклова – уведзены абмежаванні на адпачынак на вадзе. 

На чатырох пляжах Магілёўскай вобласці дзейнічае поўная забарона на купанне дарослых і дзяцей, на заняткі воднымі відамі спорту. Гэта Святое возера і кар’еры ў пасёлку Брады ў Магілёве, гарадскі пляж на Дняпры ў Шклове і пляж на правым беразе пруда каля вёскі Путнікі пад Шкловам.

Яшчэ на трох пляжах дзейнічае абмежаванне на купанне дзяцей. Гэта пляж у Палыкавічах пад Магілёвам, Пячэрскае водасховішча і затока на вуліцы Фаціна ў абласным цэнтры. Актуальную мапу забарон можна пабачыць тут.

Фота з адкрытых крыніц

У Магілёве на Святым возеры масава паміраюць чайкі – відэа

Магілёўцы дзеляцца ў соцсетках назіраннямі – на Святым возеры ў Задняпроўі масава гінуць чайкі. Некаторыя птушкі дзіўна паводзяць сябе, не палохаюцца людзей і самнамбулічна круцяцца на адным месцы. Мы сабралі відэа з розных крыніц, паглядзіце.

Пакуль невядома, масавы мор птушак звязаны з экалогіяй, хваробамі ці чымсьці яшчэ.

Фота з сацыяльных сетак.

 

Магілёўскія пляжы на Фацінскай затоцы і кар’еры ў Брадах адкрыюць для купання

Да сёлятняга сезона купання ў Магілеве будуць адкрыты 5 афіцыйных пляжаў. Летась іх было 3.

У гэтым годзе купацца будзе дазволена на пляжы Пячэрскага вадасховішча, на Святым возеры, на гарадскім пляжы ракі Днепр, а таксама на пляжы вадаёма ў вёсцы Брады і на Фацінскай затоцы Дняпра. 

Купанне ў апошніх двух месцах у мінулыя гады было забаронена, што не спыняла жыхароў Магілёва, і яны станавіліся масавымі парушальнікамі закону. Людзі цягнуліся ў спякоту да гэтых вадаёмаў, часам на гэтай глебе здараліся канфлікты з праваахоўнікамі, пра што пісалі mogilev.media. 

Найперш, трэба павіншаваць гараджан з легалізацыяй пляжа на Фацінскай затоцы. Яно лагічнае, бо вакол заліва ўжо праведзена добраўпарадкаванне: створана вулічная мэбля для адпачынку, створана ўтульная пляжная зона і месцы для паркоўкі транспарту. 

Пляж у Брадах яшчэ патрабуе навядзення парадку.