Дэпутатам пазачарговай сесіі Бабруйскага гарадскога Савета прадставілі новага галаву гарадской вертыкалі Ігара Кісяля. Але мясцовыя медыа, у адрозненні ад магілёўскіх, дзе таксама змянілася кіраўніцтва горада, не надалі надта ўвагі гэтай падзеі.
У Магілёве ўсе значныя рэсурсы напісалі пра сыход Уладзіміра Цумарава, аналізавалі ягоную спадчыну, падкрэслілі добрае і згадалі праблемнае. Пісалі пра дасягненні, пра характар былога мэра, збольшага жадалі яму поспехаў і дзякавалі. Пісалі пра Цумарава і Магілёў.media.
Змена гарадскога галавы павінна была ўзрушыць бабруйскія медыа і паблікі, але на сыход Аляксандра Студнева з Бабруйска і прыход Ігара Кісяля яны амаль не адрэагавалі, абмежаваўшыся афіцыйнымі паведамленнямі. Няўжо былога кіраўніка няма за што падзякаваць, а ад новага нічога добрага не чакаюць?
З чаго такая стрыманая рэакцыя на сыход Студнева была ў Бабруйску?
Прагляд бабруйскіх сацыяльных груп і медыя здзіўляе няўвагай на інфармацыю пра сыход спадара Аляксандра Студнева. “Быў, і быў” – нібыта чытаецца паміж радкоў.
Але ж былы мэр так настойліва імкнуўся піарыць сваю дзейнасць, што пра гэта хадзілі ў горадзе анекдоты. Адкрыццё самага нязначнага аб’екта не абыходзілася без яго прамовы. На любым культурным мерапрыемстве ён з сям’ёй быў наперадзе. Яго прамова была абавязкова першай што на гарадскім свяце выпускнікоў, што на адкрыцці навагодняй ёлкі. І вось ён сышоў, а горад у адказ нічога не сказаў.
Пытанні, пытанні. Чаму бабруйчане аказаліся такімі няўдзячнымі? Ці наадварот яны ўспрымалі Студнева, як чужака, які спрабуе лезці навыперадкі і таму не прынялі ў лік сваіх? Адназначнага адказу як заўжды няма. Колькі людзей – столькі і думак.
Праўда, падчас сесіі старшыня аблвыканкаама Анатоль Ісачэнка выказаў падзяку былому старшыні Бабруйскага гарвыканкама, і сцісла адзначыў, што ён «імкнуўся рабіць горад лепшым, і шмат у чым яму гэта ўдалося». Яшчэ Аляксандра Віктаравіча ўзнагародзілі Ганаровай граматай Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў і пажадалі поспехаў на новай пасадзе старшыні Магілёўскага гарвыканкама. Дэпутаты нібыта сказалі: “Язджай ты, дзядзька, да сябе дамоў”.
Новы старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель.
Сесія гарадскога Савета дэпутатаў адзінагалосна зацвердзіла на пасадзе старшыні Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігара Мікалаевіча Кіселя. Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1996 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, у 2012 годзе – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”. Ігар Мікалаевіч мае досвед працы ў органах дзяржаўнага кіравання, працаваў першым намеснікам старшыні Бабруйскага гарвыканкама, што важна.
На сесіі адзначалася ягоная кампетэтнасць, любоў да горада і жаданне працаваць.
Пажадалі яму ўкладваць грошы ў дарогі, ахову здароўя, адукацыю, у стварэнне новых вытворчасцей і пашырэнне дзеючых, у мадэрнізацыю.
“Тыя задачы, якія пастаўлены ўрадам краіны і кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці, Бабруйск выканае. – заверыў Ігар Кісель – Планы па развіцці горада ёсць, яны будуць увасабляцца ў рэалізацыю. У Бабруйску ўжо шмат зроблена, але шмат яшчэ трэба зрабіць”.
Пажадаем і мы Ігару Кіселю плёну ў працы і таго, каб у час, калі ён будзе сыходзіць з пасады мэра, бабруйчанам было за што яго падзякаваць.
фота: БелТа