68 кіламетраў чавускай трасы плануюць рамантаваць амаль 25 гадоў

З Апавяшчэння аб грамадскіх абмеркаваннях аб’екта «Аўтамабільная дарога Р-122 Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы», якое размешчана чавускай раённай газетай “Іскра”, сталі вядомымі тэрміны рэканструкцыі трасы. 

Рэканструкцыі падлягае ўчастак трасы Р-122  ад 13,508 км да 81,480 км (амаль 68 км), які праходзіць па тэрыторыі Магілёўскага, Чавускага і Чэрыкаўскага раёнаў.

Уражваюць запланаваныя тэрміны ажыццяўлення дзейнасці: 1 этап –  з 13-га па 44 кіламетры – з уводам у эксплуатацыю ў 2027 годзе, 2 этап – з 44-га кіламетра па 81-шы – з уводам у эксплуатацыю ў 2036 годзе. 3 этап – узвядзенне абходу г. Чавусы – з уводам у эксплуатацыю ў 2047 годзе. Атрымліваецца, што агулам будаўніцтва 68 кіламетраў трасы і аўтаабхода Чавус расцягнецца на 24 гады.

Неверагодна, але факт – на працягу 10-13 гадоў будаўнікі плануюць рамантаваць участак у 37 км (ад 44 да 81), або па 3 км на год.  

Пакуль Р-122 будзе рэканструявацца, у свеце ўжо будуць іншыя транспартныя сродкі, іншыя транспартныя шляхі, інўшыя будаўнічыя тэхналогіі. І наогул невядома, колькі застанецца насельніцтва у Чавусах, Чэрыкаве да сярэдзіны ХХІ стагоддзя.

Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар

Колькасць крам, дзе гандлявалі пратэрмінаванай прадукцыяй паменшылася на 40%

Аддзяленне гігіены харчавання Магілёўскага абласного цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя размясціла на сваім сайце інфармацыю па аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання, у якіх у снежні 2022 года ажыццяўляўся гандаль таварамі са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці ці захоўвання.

Былі выяўлены парушэнні ў 9 гандлёвых кропках у 6 адміністрацыйных адзінках вобласці, галоўным чынам, у гарадах і толькі два ў сельскай мясцовасці – Магілёўскі раён, в. Міхалёва, Хоцімскі раён, в. Трасціно . 

Парушэнні дапусцілі крамы добравядомых гандлёвых сетак: “Соседи” (Бялынічы, прадукцыі з парушэннямі тэрмінаў на 89,55 рублёў – самы высокі паказчык сярод правераных кропак), “ПерекрестОК-4” (Магілёў),  “Копеечка” (дзве ў Чавусах), “Родны кут” (дзве крамы ў Хоцімскім раёне). Парушэнні выяўлены і ў крамах «Фея», «Каля дома» у г. Горкі.

На  гэтых аб’ектах гандляваліся з пратэрміноўкай мясныя, кулінарныя, каўбасныя вырабы, кісламалочная прадукцыя, квас, салата. 

Аналіз праверак гандлёвых кропак паказвае станоўчую тэндэнцыю – колькасць крам з пратэрмінаванай прадукцыяй паменшылася на 40%. Напрыклад, у  кастрычніку 2022 года парушэнні былі выяўдены на 15 гандлёвых аб’ектах у 8 раёнах з 21 у вобласці – Быхаўскім, Горацкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім і Шклоўскім. 

Якія змены чакаюць з наступнага года абітурыентаў – разбіраемся

Замест чатырох сертыфікатаў цяпер будзе тры. Плюс абавязковы дакумент – характарыстыка са школы. Выглядае, што так міністэрства будзе зацягваць школьнікаў у БРСМ і атрымае інструмент для ціску на настаўнікаў, школьнікаў, бацькоў.

На мінулым тыдні адбылася нарада беларускіх урадоўцаў, на якой падымалася пытанне пра змены і навацыі ва ўступнай кампаніі ў ВНУ з наступнага года. Заяўляецца, што падрыхтоўка змен вялася з прыцягненнем шырокага кола спецыялістаў, грамадскасці, бо тэма адукацыі так ці інакш закранае вялізную колькасць людзей. Толькі ў 2023 годзе ў Беларусі будзе каля 54 000 выпускнікоў, якім важна даведацца пра правілы прыёму ў ВНУ і зрабіць лёсавызначальны для сябе выбар.

Тры сертыфікаты замест чатырох

Неабходна здаваць два абавязковыя цэнтралізаваныя экзамены (ЦЭ) і адзін экзамен па прадмеце (ЦТ) на выбар для ўніверсітэта, у які вызначыўся паступаць абітурыент. Усяго патрабуецца тры сертыфікаты, і ўсяго школьніку дадуць толькі тры спробы.

– У рамках школьнай праграмы абітурыент здасць цэнтралізаваны экзамен па рускай ці беларускай мове, атрымае адзнаку і сертыфікат. Пасля здасць экзамен па прадмеце на выбар – і таксама атрымае сертыфікат. Атрымліваецца, ужо два сертыфікаты. І пасля, у тэрмін асноўнага ЦТ, здасць яшчэ адзін прадмет на выбар для ўніверсітэта, у які вызначыўся паступаць, — і атрымае трэці сертыфікат. – распавёў на нарадзе міністр адукацыі Андрэй Іванец

Залічэнне ва ўніверсітэты будзе праводзіцца з улікам трох сертыфікатаў і сярэдняга бала атэстата.

Раней абітурыент меў права здаваць чатыры дысцыпліны, што дазваляла яму падстроіцца пад мінімальны прапускны бал на розных спецыяльнасцях у розных ВНУ. Менавіта гэтая магчымасць выбару для абітурыента і стала мішэнню чыноўнікаў ад адукацыі.

– Тут мы бачым рашэнне задачы спыніць беганіну паміж ВНУ. Калі раней была прадугледжана магчымасць здачы чатырох ЦТ, і, умоўна кажучы, малады чалавек мог выбраць спецыяльнасць ад лірыка да фізіка. Сёння, калі мы пакідаем фармат здачы двух ЦЭ і аднаго ЦТ, мы дакладна упэўнены, што малады чалавек выбірае той напрамак, з якім хоча звязаць сваё далейшае жыццё. – падкрэсліў міністр.

 

Наш каментарый

Здача ўступных экзаменаў у ВНУ, як сусветная практыка, існавала ў нас і да пачатку 2000-х гадоў і была заменена ЦТ пад лозунгамі барацьбы з экзаменатарамі-карупцыянерамі. 

Большасць выкладчыкаў выказваюцца, што цяпер замест чатырох прадметаў у школе, абітурыенты будуць вывучаць толькі тры, астатнія іх не будуць цікавіць. А сярэдні бал атэстата “падмалююць”. Вось толькі ці ўзрасце ад ўсяго гэтага агульны ўзровень адукаванасці сучасных маладых беларусаў? Без ведаў дакладных навук, замежных моў?  

Характарыстыка са школы ўключана ў пералік абавязковых дакументаў для паступлення абітурыента.

Важнай навацыяй уступнай кампаніі 2023 года міністр назваў увядзенне характарыстыкі вучня, якая па ўстаноўленай форме будзе выдавацца ўстановай адукацыі – школай або каледжам. 

Характарыстыка, паводле слоў міністра, будзе адлюстроўваць “не толькі і не столькі паспяховасць, а асабістыя якасці маладога чалавека, удзел у рабоце грамадскіх аб’яднанняў (піянеры, БРСМ), у акцыях патрыятычнай накіраванасці”. 

 

Наш каментарый

Выглядае, што гэта робіцца для яшчэ большага ціску на псіхіку школьнікаў, якім цяпер і дома і ў школе будуць пагражаць за любую самастойнасць думкі і наяўнасць пазіцыі дрэннай характарыстыкай.

Нават у самым лепшым варыянце, выдача ў школах характарыстык абітурыенту – савецкі атавізм і чарговая перастрахоўка. Калі што не так з абітурыентам – спытаюць са школы, з настаўнікаў, з дырэктара і класнага кіраўніка. 

Месца правядзення цэнтралізаваных экзаменаў.

Міністэрства адукацыі прапануе праводзіць цэнтралізаваны экзамен па-за межамі школ. У буйных гарадах і раёнах ужо вызначаны месцы для гэтага. Прымаць экзамен будуць у аўдыторыях каледжаў і ўніверсітэтаў. Паколькі не ў кожным населеным пункце ёсць гэтыя навучальныя ўстановы, частку школьнікаў давядзецца падвозіць для здачы экзамену ў іншыя раёны або гарады.

Паводле слоў Андрэя Іванца, па краіне вызначаны 93 пункты для здачы цэнтралізаванага экзамену. Некаторыя з іх будуць дзейнічаць як міжраённыя.

Падрыхтоўкай заданняў і праверкай работ будзе займацца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

Тэрміны ўступнай кампаніі.

Уступная кампанія пачнецца ў лютым-сакавіку 2023 года, калі пройдуць універсітэцкія і рэспубліканскія этапы прадметных алімпіяд, пераможцы якіх у выніку атрымаюць права на залічэнне ў ВНУ без выпрабаванняў. Адпаведна, у гэты часавы перыяд будзе праведзена іх залічэнне ў ВНУ.

Далей з 14 па 21 мая, да заканчэння навучальнага года, пройдуць цэнтралізаваныя экзамены.

з 1 па 12 чэрвеня можна будзе прайсці сумоўе і ўнутраны экзамен у ВНУ абітурыентам, у якіх ёсць мэтавае накіраванне.

«Напрамую падаецца заява на мэтавае, і для такіх абітурыентаў вывешваецца графік экзаменаў. Праграма гэтых сумоўяў і экзаменаў будзе апублікавана на сайце Міністэрства адукацыі да Новага года, можна будзе рыхтавацца. Ну, і вы ж разумееце, што канкрэтна той заказчык, у якога вы ўзялі мэтавае накіраванне, забярэ вас працаваць да сябе на пяць гадоў», — рэзюмаваў міністр.

Экзамен на мэтавае навучанне здаецца ў вуснай форме.

– Такім чынам мы зможам убачыць будучых медыкаў (плануем каля 50 працэнтаў медыкаў прыняць на мэтавую форму падрыхтоўкі), педагогаў (парадку 20-25 працэнтаў), спецыялістаў, якія будуць сыходзіць у сельскую гаспадарку. – падкрэсліў Андрэй Іванец. 

Паводле яго слоў, да гэтага часу па выніках сумоўя прымалі выпускнікоў педагагічных, аграрных, фізкультурных класаў. Іх было прынята каля 1000 чалавек у 2022-м. 

Выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку, якія праходзяць шматстадыйны адбор, змогуць пайсці вучыцца ў ВНУ па адпаведным профілі на падставе рэкамендацыі наглядальнай рады парка.

Неабавязковы экзамен у форме цэнтралізаванага тэсціравання, які патрэбны выпускнікам для паступлення ў профільную ВНУ, можна будзе здаць пасля 12 чэрвеня. Далей залічэнне ў ВНУ пройдзе ў тыя ж тэрміны, што і ў мінулым годзе.

 

Наш каментарый

Відавочна, што гэта робіцца для таго, каб зацягнуць абітурыентаў у тыя ВНУ, якія выпускаюць спецыялістаў у найбольш праблемныя сферы, і каб гэты спецыяліст потым гарантавана адпрацоўваў пяць гадоў. Вусны экзамен замест ЦТ, гэта практычна гарантыя паступлення, улічваючы хранічны недабор паступаючых.

Апублікаваць выніковы дакумент па ўсіх новоўвядзеннях для ўсеагульнага азнаямлення плануецца да канца 2022 года.