16 ліпеня ў гісторыі. Хіджра. Раскол Хрысціянскай царквы. Еўратунэль. Партызанскі парад. Музей гісторыі Магілёва. Трагічная маланка.

622 год. Прарок Мухамед перабраўся ў Медыну. Дзень Хіджры.

Заснавальнік ісламу Прарок Мухамед з групай сваіх паслядоўнікаў у сувязі з ганеннямі, якім падвяргалася новае веравучэнне ў яго родным горадзе, перабраўся з Мекі ў Медыну.

Дата гэтага перасялення (Хіджра – “адкачоўка”, “уцёкі”) пры халіфе Амары I прынята за пачатак мусульманскага летазлічэння.

1054 год. Раскол Хрысціянскай Царквы.

Патрыярх Канстанцінопальскі Міхаіл Кіруларый, баючыся пашырэння ўплыву каталікоў на грэцкіх хрысціян, закрыў усе лацінскія манастыры на тэрыторыі Візантыі і накіраваў у Італію ліст, у якім крытыкаваў дамаганні рымскіх першасвятароў на поўную ўладу ў хрысціянскім свеце.

У 1054 годзе для вырашэння спрэчкі папа Леў IX паслаў у Канстанцінопаль сваіх паслоў-легатаў на чале з кардыналам Гумбертам для вырашэння канфлікту. У суправаджальным лісце ён заяўляў, што ніхто не мае права крытыкаваць папу і аспрэчваць яго правы (як прамога спадчынніка апостала Пятра) на вяршэнства над усімі хрысціянамі.

Знайсці шлях да прымірэння не ўдалося, і 16 ліпеня 1054 года ў саборы Святой Сафіі ў Канстанцінопалі афіцыйныя прадстаўнікі Папы Рымскага аб’явілі аб звяржэнні Патрыярха Канстанцінопальскага Міхаіла Керуларыя і яго адлучэнні ад Царквы.

У адказ на гэта 20 ліпеня патрыярх і скліканы ім сабор адлучылі ад Царквы Папу і ягоных легатаў. Ніхто тады і ўявіць сабе не мог, што падзел, які адбыўся паміж тымі Цэрквамі, якія неўзабаве назавуць Праваслаўнай і Рымска-Каталіцкай, будзе доўжыцца стагоддзямі.

Так хрысціянства раскалолася на каталіцтва і праваслаўе.

Пакінуўшы Канстанцінопаль, папскія легаты адправіліся ў Рым акруговым шляхам, каб апавясціць аб адлучэнні Міхася Кіруларыя іншых усходніх патрыярхаў. Сярод іншых гарадоў яны наведалі Кіеў, дзе сустрэліся са старажытнарускімі клірыкамі і былі прыняты пры княжым двары. Пры гэтым руская Царква захавала прыхільнасць да праваслаўя.

Папа рымскі Леў IX і патрыярх Канстанцінопальскі Міхаіл Кіруларый

1819 год. Пачалася кругасветная экспедыцыя шлюпаў “Усход” і “Мірны” пад камандаваннем М. Лазарава і Ф. Белінсгаўзена.

Мэта экспедыцыі – прабіцца як мага бліжэй да Паўднёвага полюса.

28 студзеня 1820 года адбылася сапраўды вялікая падзея – радасны крык вахтавага матроса “Зямля! Зямля!” абвясціў аб адкрыцці шостага кантынента, Антарктыды.

У пачатку жніўня 1821 года караблі шчасна вярнуліся ў Кранштадт.

1880 год. У Вялікабрытаніі прыступілі да пракладкі з боку Дуўру тунэлю пад Ла-Маншам.

На французскім беразе таксама заклалі разведвальную галерэю. Праз 2 гады, калі сумарная даўжыня падземных галерэй (дыяметр 2,8 м) з абодвух берагоў дасягнула 1 840 м, брытанскае міністэрства абароны запатрабавала неадкладнага спынення ўсіх прац, бо яны падрываюць дзяржаўную бяспеку краіны.

Да праекту вярнуліся толькі ў 1987 годзе, і 6 мая 1994 года каралева Вялікабрытаніі Лізавета II і французскі прэзідэнт Ф. Мітэран урачыста адкрылі “Еўратунэль”.

Даўжыня тунэля – каля 51 км, з іх 39 праходзяць непасрэдна пад марскім дном.

1941 год. Пачалася акупацыя Чэрыкаўскага раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Немцы захапілі і Смаленск.

А абарончыя баі вакол Магілёва, тым часам, працягваліся.

1944 год. У вызваленым Мінску прайшоў Партызанскі парад.

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў нядзелю 16 ліпеня на полі былога іпадрома з нагоды вызвалення Мінска ад нямецкай акупацыі.

У парадзе ўзялі ўдзел 30 партызанскіх брыгад. Кожная брыгада мела ўласны сцяг і плакаты. На мітынг і парад сабраліся больш за 30 000 партызан і 50 000 мінчукоў.

На парадзе была вялікая дэлегацыя байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам генералам арміі І. Чарняхоўскім.

Адкрывала парад брыгада “Народныя мсціўцы” імя В. Варанянскага. За ёй ішлі партызанскія разведчыкі, падрыўнікі, кулямётчыкі ў поўным баявым узбраенні з брыгад імя Шчорса, Чапаева, “Беларусь”, “Буравеснік”.

У калоне партызан таксама ішоў і казёл па мянушцы Малыш, які быў упрыгожаны стужкай з нямецкімі ордэнамі.

1950 год. Фінал чэмпіянату свету па футболе ў Бразіліі сабраў на стадыёне “Маракана” 199 854 гледача – рэкорд для спартыўных спаборніцтваў.

Тады зборная Уругвая нанесла паражэнне гаспадарам з лікам 2:1.

Увесь стадыён рыдаў, асабліва востра перажывалі гэтую сітуацыю бразільскія футбалісты і іх суайчыннікі. Бразілія фактычна пагрузілася ў жалобу. Штодня сталі паступаць паведамленні аб самагубствах. Неўзабаве журботны спіс ужо налічваў тры з лішнім сотні чалавек.

А ўрад Уругвая абвясціў 16 ліпеня нацыянальным святам.

1976 год. У ЗША памёр Ян Станкевіч (1891-1976).

Беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. Доктар славянскай гісторыі і філалогіі. Працаваў у газеце «Наша ніва», выдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газетай «Бацькаўшчына» і іншымі.

Пасол Сейму Польшчы. Член Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады. Удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, сузаснавальнік Вялікалітоўскага фонду імя Л. Сапегі.

1990 год. Вярхоўны Савет УССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. 

Украіна абвясціла свой намер стаць пастаянна нейтральнай дзяржавай, якая не будзе прымаць удзел у ваенных блоках і абавязуецца выконваць тры няядзерныя прынцыпы: не прымяняць, не вырабляць і не набываць ядзернай зброі.

Дэкларацыя абвяшчала права Украіны непасрэдна рэалізаваць адносіны з іншымі дзяржавамі, заключаць з імі дагаворы, абменьвацца дыпламатычнымі, консульскімі, гандлёвымі прадстаўніцтвамі.

З 1991 года Дзень незалежнасці Украіны сталі святкаваць 24 жніўня у гонар таго, што 24 жніўня 1991 года Вярхоўны савет УССР прыняў Акт аб абвяшчэнні незалежнасці.

1990 год. Заснаваны Музей гісторыі Магілёва.

Быў створаны віртуальна – не было ні будынка, ні фондаў, ні штата. Рэальная праца музея на базе будынка былога архірэйскага палаца на чале з першым дырэктарам Ігарам Пушкіным пачалася ў 1992 годзе. Ігар Пушкін працаваў дырэктарам у 1992-2001 гадах.

Больш за ўсё дырэктарам прабыў 7-ы дырэктар Аляксей Бацюкоў (2011-2021), пры якім праводзіліся найбольш значныя мерапрыемствы, актыўна папаўняліся фонды.

У маі 1999 года гарадскімі ўладамі выдзелена для размяшчэння службовых памяшканняў і выставачнай залы музея 1-ы паверх будынка па вул. Ленінскай, 13, дзе музей прыняў першых наведвальнікаў.

Пасля адбудовы гарадской ратушы ў 2008 годзе, музей пераведзены ў яе. У 2006  створаны філіял музея – мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».  Музей з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць», якая праводзіцца з 1998 г.

1990 год. Памёр Мікалай Арэхва (1902-1990).

Дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык. Заслужаны работнік культуры.

Удзельнік грамадзянскай і польска-савецкай войнаў. Працаваў на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі. Падчас Другой сусветнай вайны – ў Войску Польскім.

З 1945 года працаваў у апараце дзяржбяспекі Польскай Народнай Рэспублікі.

З 1956 года працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі рэвалюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху, Камуністычнай партыі і камсамола.

2002 год. Маланка ў Чэхіі.

Унікальнае, але ўсё роўна сумнае здарэнне адбылося ў Чэхіі. На поўдні гэтай краіны адным адзіным разрадам маланкі быў забіты цэлы статак з 22-х кароў.

У жніўні 2016 года ў Нарвегіі адным разрадам маланкі было забіта 323 алені.

 

7 ліпеня ў гісторыі. Свята Хрысціцеля. Карл ХІІ у Магілёве. Нарадзіліся Я. Купала, М. Шагал Знік Дз. Завадскі.

Дзень Святога Яна Хрысціцеля.

Вялікае царкоўнае свята. Прысвечана памяці хрысціцеля Ісуса Хрыста.

Святкуецца пасля Купальскай ночы (народна-хрысціянскае свята). Лічылася, што раніцай пасля Купальскай ночы сонца «грае». Яно нібыта плавае ў вадзе далёка на гарызонце, «купаецца». «На Купалу сонца грала…» – спяваецца ў народных песнях.

Пасля прыняцця хрысціянства свята стала спалучаць у сабе паганскія і праваслаўныя рысы. Замест бога Сонца людзі пачалі праслаўляць хрысціцеля Ісуса Хрыста.

Ян Хрысціцель нарадзіўся ў сціплай сям’і святара. Да 30 гадоў жыў у пустыні, насіў адзенне з вярблюджай воўны, харчаваўся дзікім мёдам і пладамі пустынных раслін. Ян прадказаў прыход Збавіцеля. На беразе Ярдана прарок уладкоўваў абмыванні, каб пазбавіць людзей ад грахоў і падрыхтаваць іх да з’яўлення Хрыста. 

Ісус прыйшоў да Яго і прыняў сакрамэнт хросту. Кіраўнік Галілеі і Перэі Ірад Анціпа пакараў смерцю Яна за тое, што ён выкрыў яго ў незаконным сужыцці з жонкай брата.

Свята прыпадае на Пятроў пост. Вернікам забараняецца есці мясныя і малочныя прадукты, яйкі, але дазваляюцца рыба і крыху чырвонага віна.

Нельга  выконваць цяжкую фізічную працу, злавацца, лаяцца, аддаваць, прадаваць, пазычаць нешта з дому, падбіраць знойдзеныя на дарозе грошы – гэта можа прывесці да беднасці.

Нельга абліваць вадой цяжарных жанчын, дзяцей і старых, крыўдзіць і біць свойскую жывёлу.

1572 год. Памёр Жыгімонт Аўгуст (1520-1572).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ, апошні з Ягелонаў.

Другая яго жонка, Барбара ўвайшла ў гісторыю як “Чорная Панна Нясвіжа”, здань якой штоноч гуляе па парку і замку Нясвіжа.

Пры Жыгімонце адбылася Лівонская вайна з Масковіяй, заключаны Люблінская унія, зацверджаны Статут ВКЛ, праведзена прагрэсіўная зямельная рэформа, заснаваны марскі флот, праводзілася палітыка канфесійнай талерантнасці, ён дазволіў дзейнасць езуітаў.

Яго ўладарста было перыядам росквіту Адраджэння ў ВКЛ.

1633 год. Пайшоў з жыцця Леў Сапега (1557-1633).

Аадзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Арганізатар стварэння Трыбунала ВКЛ, распрацоўшчык і фундатар выдання трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588), канцлер ВКЛ на працягу 34 гадоў.

Сярод яго шматлікіх уладанняў – Цяцерын і Круглае (зараз – Круглянскі раён), староствы Свіслач, Магілёў. Багацці Л. Сапегі дазвалялі яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.

Помнікі Л. Сапегу пастаўлены ў Лепелі, Слоніме.

Адна з вуліц Магілёва названа ў яго гонар.

Помнік Л. Сапегу ў Лепелі

1708 год. У Магілёў уступіў шведскі кароль Карл ХІІ з войскам.

5 чэрвеня шведы, узмацніўшыся да 38 000 чалавек, пакінулі лагер у Радашковічах каля Мінска і павольна з прычыны дрэнных пагодных і дарожных умоў рушылі да Дняпра. 

Рускія чакалі яго каля Барысава, але Карл XII ашукаў іх чаканні і бесперашкодна пераправіўся праз Бярэзіну ў мястэчку Беразіно, разбіў рускія войскі пад Галоўчынам (зараз – Бялыніцкі раён). 3 ліпеня шведы рушылі да Магілёва.

Карл XII заняў Магілёў. У горадзе пакінуў невялікі гарнізон, астатнія войскі размясціў за горадам па беразе Дняпра да Буйніч. Зараз гэта частка па Дняпру называецца Карлава даліна.

Прастаяўшы тры тыдні ў Магілёве, шведскае войска рушыла на паўднёвы ўсход да Рослаўля, каб абысці паласу спусташэння перад Смаленскам і стварыць пагрозу з тылу рускай арміі, якая стаяла пад Горкамі.

1864 год. Адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя.

Першая не для ваеннага ведамства ў Расійскай імперыі. Распрацоўшчыкам праектаў семінарый быў паплечнік К. Ушынскага, ураджэнец Аршаншчыны, заснавальнік сучаснага краязнаўства, першы метадыст прыродазнаўства і геаграфіі Дз. Сямёнаў (1835-1902).

Адчынена згодна з загадам генерал-губернатара М. Мураўёва, пасля падаўлення паўстання 1863 года замест зачыненай у Маладзечне польскай дваранскай 5-класнай прагімназіі. Існавала ў 1864-1920 гадах, у 1915 пераведзена ў Смаленск.

Семінарыя рыхтавала кадры для пачатковых класаў. Першыя семінарысты вучыліся 2 гады, з 1870 года – 3, з 1907 — 4 гады. Перавага аддавалася дзецям сялян. У семінарыі выкладалі этнографы і фалькларысты М. Нікіфароўскі, Ю. Крачкоўскі.

За 50 гадоў семінарыю скончылі 2 000 чалавек. Сярод іх І. Біч, Ф. Валынец, А. Капуцкі, П. Мятла, М. Чарот, С. Рак-Міхайлоўскі, М. Забэйда-Суміцкі і іншыя.

1869 год. У в. Дубейкава пад Мсціславам нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869-1940).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, паэт, інжынер і архітэктар. Збіральнік беларускага фальклора.

Кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Свіслачы, Смальянах.

Член Беларускага нацыянальнага камітэта, галоўны архітэктар БНР.

1882 год. Нарадзіўся Янка Купала (Іван Луцэвіч, 1882-1942).

Народны паэт, перакладчык, драматург, публіцыст. Акадэмік АН БССР і АН УССР.

Класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.

Яго творчасць адзначаецца за яркае апісанне сялянскага быту, нацыянальнага характару беларусаў і яго светаразумення.

Янка Купала ў 1913 годзе напісаў паэму “Магіла Льва” – пэўнае прысвячэнне Магілёву. У Магілёве ўпершыню пабываў толькі ў 1926 годзе.

4 чэрвеня 1942 года Купала быў выкліканы ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркама БССР Івана Былінскага, а 28 чэрвеня загінуў, упаўшы ў лесвічны пралёт 10-га паверха гатэля «Масква». Існуе тры версіі смерці – няшчасны выпадак, самагубства, забойства органамі савецкай бяспекі.

Працуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытанні. Яго імя носяць у Беларусі 246 вуліц ,у тым ліку ў Магілёве (паміж вул. Крупскай і 30 год Перамогі), Нацыянальны акадэмічны тэатр, інстытут мовы і літаратуры НАНБ, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, мінскія парк і станцыя метро, мноства школ, бібліятэк, паркаў.

Помнікі паэту ўсталяваны на Беларусі, у Ізраіле, Польшчы, КНР, ЗША, Балгарыі, Расіі. 

Хата ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Янка Купала. Цяпер Дом-музей Янкі Купалы

1883 год. У Магілёве нарадзіўся Сяргей Бойна-Радзевіч (1883-1978).

Летчык, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскіх воін. Георгіеўскі кавалер, генерал-маёр. Камандуючы паветранымі войскамі арміі Калчака.

1887 год. У Лёзна нарадзіўся Марк Шагал (1887-1985).

Сусветна вядомы беларускі, рускі і французскі мастак.

Магчыма, адны з яго продкаў – Сегалы, жылі на Школішчы ў Магілёве, а прадзед – мастак Хаім Сегал распісаў драўляную халодную сінагогу ў Магілёве.

Стваральнік Віцебскай народнай мастацкай школы, афарміцель спектакляў маскоўскага Камернага яўрэйскага тэатра.

Жыў у Парыжы, ЗША.

У Віцебску працуе мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала, ёсць вуліца і праезд яго імя, у Іерусаліме названа плошча.

1892 год. Падчас правядзення экспедыцыі па Калыме заўчасна памёр Іван (Ян) Чэрскі (1845-1892).

Беларускі геолаг, географ, удзельнік паўстання К. Каліноўскага. Даследчык Сібіры.

Заснавальнік байкалазнаўства, уладальнік трох Залатых медалёў Рускага геаграфічнага таварыства.

У гонар яго названы: хрыбеты ва Усходняй Сібіры (1500 км), у Забайкаллі, пасёлак у Якуціі, пік, гара ў Забайкаллі і іншыя, а такжа вуліцы ў шэрагу гарадоў Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы.

У Верхнядзвінску, у в. Валынцы працуюць музей і экспазіцыі ў гонар Чэрскага. Яго імя носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

1904 год. У в. Таўкачы (цяпер – Шклоўскі раён) нарадзіўся Іван Несцераў (1904-1989).

Старшы лейтэнант Чырвонай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза.

Скончыў Маскоўскую горную акадэмію, працаваў у розных арганізацыях. Удзельнічаў у польскім паходзе (1939), у баях на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Нампаліт камандзіра батальёна 108-й гвардзейскай стралковай дывізіі  старшы лейтэнант Несцераў вызначыўся падчас вызвалення Венгрыі. 4 снежня 1944 года ён адным з першых пераправіўся праз Дунай у раёне горада Эрчы, захапіў і ўтрымліваў прыстань, адбіўшы разам з групай байцоў чатыры нямецкія контратакі.

Пасля вайны жыў і працаваў ва Украіне. Памёр у 1989 годзе ў г. Белая Царква.

1910 год. Нарадзіўся Юзаф Трыпуцька (1910-1983).

Ураджэнец Беларусі,  шведскі мовазнавец-славіст.

Скончыў вілейскую гімназію імя Г. Сянкевіча, Універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні (1934).

Выехаў у Хельсінкі выкладаць польскую мову. З 1940 года ва Упсальскім універсітэце (Швецыя), прафесар славянскіх моў.

У працах «Мова Уладзіслава Сыракомлі», «Пра мову ўспамінаў Францішка Міцкевіча»  адзначаў беларусізмы аўтараў, спасылаўся на працы Я. Карскага, іншых беларускіх мовазнаўцаў. Аўтар працы пра славянскія, у тым ліку беларускія прыслоўі, беларускія рэаліі ў творчасці Э. Ажэшкі.

Складальнік каталога старадрукаў з Кароны і ВКЛ, у тым ліку кірылічных, у зборах бібліятэкі Упсальскага ўніверстэта. Перапісваўся  з Адамам Мальдзісам.

Памёр 21 ліпеня 1983 года. 

1961 год. Нарадзіўся Вінцук (Валянцін) Вячорка.

Беларускі мовазнавец, журналіст, палітык і грамадскі дзеяч. Старшыня БНФ «Адраджэньне» і партыі БНФ (1999-2007), палітвязень.

Адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў моладзевых груп і арганізацый “Майстроўня”, “Талака”, Канфедэрацыі беларускіх маладзёжных аб’яднанняў, няўрадавай грамадскай арганізацыі асветніцкай скіраванасці — Цэнтра “Супольнасць”, старшыня працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі.

2000 год. У Мінску прапаў без вестак тэлеаператар Дзмітрый Завадскі (1972-2000).

Беларускі журналіст, тэлевізійны аператар.

З 1989 года працаваў на беларускім тэлебачанні. У 1994-1997 гадах быў асабістым аператарам А. Лукашэнкі, потым працаваў на расійскім тэлеканале ОРТ, у Чачні.

У 1997-1998 гадах неаднаразова пераследваўся, затрымліваўся беларускімі сілавікамі, знаходзіўся пад следствам за аб’ектыўнае асвятленне падзей у краіне.

7 ліпеня 2000 года быў скрадзены беларускімі сілавікамі, калі накіроўваўся ў аэрапорт «Мінск-2». Пасля яго знікнення заснавана прэмія імя Завадзкага, якую сярод іншых атрымалі кампанія БелаПАН, аператар Ул. Бабарыка і іншыя.