Невядомы нецвярозы мужчына папрасіўся пераначаваць – дайджэст здарэнняў з магілёўскай глыбінкі

У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі паступала некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні: ад няпрошаных гасцей і пабытовага скандалу да хэйта ў інтэрнэце.

Жыхарка аграгарадка Сялец Мсціслаўскага раёна паведаміла, што да яе дадому прыйшоў невядомы мужчына ў нецвярозым стане і прасіўся пераначаваць. Няпрошаным госцем аказаўся жыхар Жлобінскага раёна. У выніку на яго складзены адміністрацыйны пратакол, згодна з якім мужчыне пагражае штраф у памеры да 8 базавых велічыняў.

У вёсцы Доўгавічы п’яны мужчына учыніў сямейны скандал. Ён пагражаў жонцы, разбіў тэлевізар, сапсаваў іншую маёмасць. Дэбашыра чакае штраф у памеры да 10 базавых велічыняў або грамадскія працы ці наогул адміністрацыйны арышт.

У самім Мсціславе жыхарка горада стала закладніцай суседскага сабакі. Праз яе жанчына не можа выйсці з уласнай хаты. 

А іншы мсціславец паскардзіўся на сваю былую жонку, якая абражае яго ў сацсетках. Па двух названых фактах праваахоўнымі органамі праводзіцца праверка – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота ілюстрацыйнае

Пакурыў на балконе – восем чалавек эвакуявалі ў Круглым

Пажар адбыўся ў горадзе Круглым – перадае БелТА са словаў прэс-службы абласнога МНС. З-за ўзгарання ратавальнікам давялося эвакуяваць восем чалавек, жыхароў пяціпавярховіка. Паводле папярэдняй высновы, прычынай пажару стала курэнне на балконе – малады чалавек 25-гадоў узростам, які здымае ў доме двухпакаёвую кватэру, неасцярожна абыйшоўся з агнём.

 

Смяротнае ДТЗ на начной дарозе пад Магілёвам

Кіроўца аўтамабіля Acura сутыкнуўся з прычэпам, які буксіраваўся трактарам у папутным кірунку – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС. Трагедыя адбылася ў 18.50 31 кастрычніка на трасе каля вёскі Зімніца Магілёўскага раёна. 33-гадовы вадзіцель, жыхар вёскі Раманавічы загінуў на месцы. Яго 22-гадовы пасажыр шпіталізаваны з траўмамі.

Прыяцелі ў Магілёве скралі тую за 1100 рублёў

Гуляючы па Ленінскай, двое юнакоў 18 і 19 гадоў забралі тую, высаджаную ў гаршчок адной з індывідуальных прадпрымальніц – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Дрэва яны прынеслі на сваю здымную кватэру, аднак гаспадыня жылля забараніла ім трымаць дома габарытную расліну. Маладыя людзі не вярнулі тую на месца, а выкінулі яе на вуліцу каля свайго дома. Як высветлілася, законная гаспадыня каштоўнага дрэва ацаніла яго ў 1 100 рублёў і напісала скаргу ў міліцыю. Супраць юнакоў узбуджаныя крымінальная справа.

 

Сталі вядомыя падрабязнасці ДТЗ у Магілёве, калі машына наехала на светлафор

За стырном аўтамабіля Audi знаходзілася 40-гадовая жыхарка абласнога цэнтра. Сама яна не пацярпела, а здарэнне адбылося з-за няўважлівасці жанчыны. 24 кастрычніка ў 22:50 яна рухалася па вуліцы Якубоўскага і здзяйсняла паварот на праспект Міра, але не справілася з кіраваннем – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.