У Асіповіцкім раёне зубр напалохаў вёску. Людзі выклікалі ратавальнікаў і сядзелі па хатах

Зубры звычайна атаясамляюцца з Белавежскай пушчай, але і на Асіповіччыне статак гэтых жывёлаў сягае 540 асобін. Іх сюды завезлі два дзясяткі гадоў таму. Тутэйшыя зубры людзей не баяцца, але ставяцца да іх насцярожана і імкнуцца трымаць дыстанцыю.

Днямі зубр завітаў у вёску Лапічы. Паселішча за два дзясяткі кіламетраў ад райцэнтру, разраслося на беразе Свіслачы. Непадалёк ад яго былы вайсковы палігон.

«Ён даволі доўга прастаяў каля гурбаў будаўнічага пяску, потым спусціўся ў пойму Свіслачы. Там паласаваўся дзікай малінай і залёг у густым хмызняку. Вечарам зубр зноў пачаў праяўляць актыўнасць, нетаропка хадзіў па беразе, відаць, думаў, што яму рабіць далей. А ноччу рушыў праз мой участак, выйшаў на вуліцу і некуды знік», – апавядае пра сустрэчу з жывёлай вясковец.

У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кажуць, што жыхары, якія ўбачылі ў паселішчы зубра, паведамілі ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях і папярэдзілі аб патэнцыйна небяспечнай жывёле суседзяў.

gzt-akray.by

Паводле спэцыялістаў-прыродаахоўнікаў, піша раёнка «Асіповіцкі край», «лапіцкі» зубр спрабаваў перайсці праз шашу Мінск-Гомель, аднак з-за сеткавай агароджы быў вымушаны змяніць кірунак. Пераплыў Свіслач і апынуўся ў Лапічах.

Для дзікай жывёліны сітуацыя аказалася стрэсавая, таму вяскоўцам адмыслоўцы параілі стварыць вакол зубра зону спакою: не шумець, без вострай неабходнасці не выходзіць з дамоў, не пакідаць без нагляду дзяцей і сабак.

Ноччу зубр рушыў у бок былога вайсковага палігона, дзе шчыльнае кустоўе. Магчыма, ён сцішыўся ў прыбярэжных зарасніках, толькі па-за межамі паселішча.

vetliva.by

Прыродазнаўцы адзначаюць, што лясному госцю Лапічаў 17 гадоў. У працэсе размнажэння зубр ужо не ўдзельнічае і, мяркуючы па вонкавым выглядзе, не мае фізічных пашкоджанняў, нармальна развіты.

Колькасць асіповіцкага зубрынага статку неўзабаве зменшыцца. 80 галоў адправяць у Бярэзінскі біясферны запаведнік і ў Чэрыкаўскі раён.

Не хапіла асфальту. Вяскоўцы з Бялыніцкага раёну заклікаюць уладу адрамантаваць 500 метраў дарогі

Паводле жыхароў пасёлку, які разлёгся вакол чыгуначнай станцыі Друць, сёлетняй вясной дарогу да Бялынічаў рамантавалі, аднак, іхнае паселішча гэтыя працы абмінулі.

Вяскоўцы наракаюць, што іхны бальшак увесь у калдобінах. Яго разбіла сельскагаспадарчая тэхніка і лесавозы. Каб супакоіць незадаволенасць мясцовай грамадскасці заасфальтавалі пляцоўку, дзе звычайна разварочваецца аўтобус з райцэнтру ды спыняюцца аўтамабілі з дачнікамі.

Дарожнікі, паводле пасялкоўцаў, не дарамантавалі да іх участак у 500 метраў.

«Няўжо цяжка было заадно ўкатаць і гэтыя няшчасныя некалькі сотняў метраў?!»- абураюцца вяскоўцы ў лісце бялыніцкай раёнцы «Зара над Друццю».

Як адзначае выданне, у кепскім стане і дарогі ў самім пасёлку. Яны таксама ў выбоінах. «Зара над Друццю» піша, што чакае ад дарожнікаў адказу на яе запыты.

фота: zara.by

На ўскрайку Магілёва свята. Узведзена дзіцячая пляцоўка

Дзіцячая пляцоўка з забавамі з’явілася ў пасёлку, які магілёўцы называюць Дачным. Ён на ўскрайку гораду, побач з Пячэрскім лесапаркам. 

Гульнявых дзіцячых пляцовак тут не было ніколі. Бацькі з дзецьмі хадзілі ў лес, альбо на школьны двор. Маглі завітаць на тэрыторыю дзіцячага садка, калі іх туды пускалі.

Мясцовыя жыхары кажуць, што звярталіся да прадстаўнікоў улады, каб тыя знайшлі месца для гульнявога кутка і ўпарадкавалі яго. Два месяцы таму пачалося будаўніцтва.

Цяпер на мясціне, дзе пасвілі коз, стаяць коўзанкі, арэлі і іншыя забавы. Ёсць пляцоўкі для валейболу і баскетболу.

Не абышлося без пафаснага адкрыцця.