Заўтра жыхары пяці раёнаў Магілёўшчыны застануцца без тэлебачання – вось якіх

Трэцяга кастрычніка будуць праводзіцца рамонтныя работы на сетцы эфірнага тэлебачання і радыё ў горадзе Бабруйску – паведамляе РУП “Белтэлекам”. Пагэтаму з 9 гадзін раніцы і да 15.00 тэлебачанне і радыё не будзе працаваць у Асіповіцкім, Бабруйскім, Глускім, Кіраўскім і Клічаўскім раёнах Магілёўскай вобласці. 

Фота: komkur.info

Асіповіцкая пенсіянерка, якую выратавалі на пажары, памерла ад апёкаў

Учора mogilev.media паведамлялі пра выратаванне пенсіянеркі на пажары ў Асіповічах. Суседка Таццяна Самахвалава пабачыла дым на верандзе і выцягнула з полымя жанчыну 1939 года нараджэння. Сёння стала вядома, што пацярпелая атрымала апёкі 70% цела. Больш за суткі за яе жыццё змагаліся медыкі, але выратаваць жанчыну не ўдалося – піша прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Суседзі выратавалі пенсіянерку на пажары ў Асіповічах

Раніцай 26 верасня пажар адбыўся ў прыватным доме па вуліцы Веры Харужай у Асіповічах. Яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў, гаспадыня дома – пенсіянерка 1939 года нараджэння – была выратаваная мясцовымі жыхарамі. З апёкамі, яна шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Ужо некалькі гадоў – вось такі ўваход у бальніцу пад Асіповічамі

Асфальт перад галоўным уваходам у бальніцу сястрынскага нагляду ў вёсцы Дараганава Асіповіцкага раёна мае такі выгляд ужо некалькі гадоў. Падчас правядзення рамонтных работ на падземных камунікацыях дарожнае пакрыццё было ўскрытае, ды так справу і пакінулі.

“Напэўна, на тое ёсць нейкія аб’ектыўныя прычыны, але ж роўнасць дарогі каля важнага сацыяльнага аб’екта, галоўнай установы аховы здароўя цэлага сельсавета – аб’ектыўная неабходнасць. – адзначае на сваіх старонках раённае выданне “Асіповіцкі край” – Цяжка хворым, рухома-абмежаваным пацыентам сталага веку кожны крок даецца з цяжкасцю, а тут яшчэ штучна створаныя перашкоды ў дадатак.”

Фота: Асіповіцкі край

Пад Асіповічамі пройдзе чэмпіянат па збору грыбоў

На бліжэйшых выходных на беразе Асіповіцкага водасховішча пройдзе экафэст “”Ціхае паляванне” з бардаўскімі песнямі, конкурсам па кулінарыі і чэмпіянатам па збору грыбоў – паведамляе БелТА.

Асноўным месцам правядзення фестывалю стане база адпачынку “Бярозка”. Тут можна будзе спыніцца ў намётавым лагеры ці забраніраваць месцы ў летнім доміку. У 11.00 9 верасня тут пачне працаваць горад майстроў і міні-кірмаш фермерскай і экапрадукцыі “Дары восені”. У гэты ж дзень запланавана пешая экскурсія. 

Раніцай 10 верасня стартуе чэмпіянат па зборы грыбоў, у якім змогуць паўдзельнічаць усе ахвочыя. Пераможцам стане той, хто набярэ больш за ўсё грыбоў па вазе.

Фота з адкрытых крыніц

Лілеі пад два метры ростам і цыбуліна на паўкіло – асіповіцкія агароднікі дзеляцца рэкордамі

Памідор на 1,5 кг сёлета вырасціў на сваім лецішчы жыхар Асіповічаў Валерый Доўнар – піша “Асіповіцкі край”.

Гэты паказчык – блізкі да нацыянальнага рэкорда, але на Магілёўшчыне збіралі таматы і большай вагі – расказвалі mogilev.media. Так, жыхарка Чавус вырасціла памідор на кіло шэсцьсот. 

А вось дрэвападобныя лілеі ў агародзе Лідзіі Жырнікавай з Асіовічаў перасягнулі ўсе чаканні. Два метры ростам.

Добры ўраджай цыбулі атрымала Ірына Цішурова. Сёлета яна паспрабавала вырасціць гэту культуру з насення. Клопатаў з ёй было нямала, але вынік прыемна ўразіў: вялікія, залацістыя, амаль адна ў адну цыбуліны вагою ў паўкіло.

Кабачок даўжынёй 100 сантыметраў і вагой 3,5 кілаграмы вырасціла Вікторыя Дварэцкая. І гэта не гародніна-пераростак, якая доўга чакала свайго часу на градцы. Кабачок гатунку “кобра” насамрэч павінен быць вялікім. Цікава тое, што пры такіх памерах гародніна мае мяккую лупіну і мякіш амаль без зярнятак.

Фота: “Асіповіцкі край”

Маланка забіла мужчыну пад Асіповічамі

Вечарам 30 жніўня кампанія маладых людзей вярталася на машыне пасля адпачынку на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне. Навальніца заспела іх на лясной дарозе, пагэтаму сябры спыніліся на ўзбочыне дарогі перачакаць непагадзь. 25-гадовы хлопец вырашыў выйсці з машыны, а калі ён адышоў ад аўтамабіля на 10 метраў, яго забіла ўдарам маланкі – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Адразу двое патанулі ў Свіслачы пад Асіповічамі

Два мужчыны аднаго ўзросту – 1982 года нараджэння абодва – патанулі ў рацэ Свіслач у Асіповіцкім раёне 19 жніўня, паведамляе прэс-служба МНС. Цела аднаго мужчыны было выяўлена днём каля аграгарадка Свіслач, цела другога было знойдзена пад вечар у раёне аграгарадка Ліпень.

Фота з адкрытых крыніц

Амаль тону камбікорма скраў жывёлавод у Асіповічах

Дваццаць мяшкоў кармавых сумясяў для буйной рагатай жывёлы знайшлі на падворку ў 30-гадовага мужчыны ў Асіповічах. Працуючы жывёлаводам у адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў горада, на працягу некалькіх месяцаў ён выкрадаў пшанічныя бялкова-крухмальныя прадукты прама з мясцовых пашаў. Усяго скрадзена было 950 кілаграмаў кармоў – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама. Заведзена крымінальная справа.

Фота: УУС, скрыншот

У Асіповіцкім раёне Яўген Прыгожын зарэгістраваў кампанію

Як высветлілі беларускія СМІ, у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў кампанію «Канкорд Мэнэджмент і Кансалтынг». Яе кіраўніком указаны Яўген Прыгожын. Інфармацыя пра гэта ўтрымліваецца ў Адзіным дзяржрэгістры юрыдычных асоб і ІП Мінюста Беларусі.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Канкорд Менеджмент і Кансалтынг” са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў 19 ліпеня 2023 года. Асноўным відам дзейнасці новай кампаніі заяўлена “Кіраванне нерухомай маёмасцю”. Поўны адрас юрыдычнай асобы – Рэспубліка Беларусь, 213727, Магілёўская вобласць, Асіповіцкі раён, Пратасевіцкі сельсавет, в. Цэль, вул. Усходняя, д. 2а. Менавіта там знаходзіцца палявы лагер, куды з Расіі прыбылі найміты ПВК “Вагнер”.

Фота з адкрытых крыніц