Тыповыя парушэнні кіроўцаў маршрутак у Магілёве

У Магілёве супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выявілі тыповыя парушэнні правіл дарожнага руху кіроўцамі маршрутных таксі – паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў.

Маршрутчыкі часта перавозяць пасажыраў звыш дапушчальнай колькасці, не саступаюць дарогу пешаходам і іншаму транспарту, ездзяць не прышпіленымі.

На працягу некалькіх дзён падчас рэалізацыі прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне парушэнняў правіл дарожнага руху з боку маршрутчыкаў, супрацоўнікамі ДАІ былі праведзены рэйды, правераны дзясяткі адзінак транспартных сродкаў.

Названыя тыповыя парушэнні кіроўцаў маршрутак не з’яўляецца нейкім адкрыццем – такія парушэнні вядомы з моманту масавага з’яўлення маршрутных таксі на вуліцах беларускіх гарадоў. 

Станам жывёлагадоўлі Касцюковіцкага раёна заклапацілася пракуратура

Пракуратура Касцюковіцкага раёна ўстанавіла, што ў раёне не прынята вычарпальных мер па выпраўленні сітуацыі ў жывёлагадоўлі – паведамляе  golk.by. 

Нягледзячы на адсутнасць негатыўнай дынамікі, у студзені 2023 года ў  сельскагаспадарчых арганізацыях раёна адбыўся падзёж 42 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 12 па прычынах безгаспадарлівасці.

Гэта адбываецца з прычыны грубых парушэнняў умоў кармлення, утрымання, вакцынацыі, лячэнні жывёлы, жахлівага стану памяшканняў.

У прыватнасці ўстаноўлена, што на  філіяле № 1 “Цэмагра” Беларускага цэментнага завода дапускаюцца грубыя парушэнні тэхналагічных рэгламентаў для жывёлагадоўлі, адсутнічае эфектыўнае выкарыстанне сховішчаў травяных кармоў, 12 рулонаў  сена на 276 рублёў згнілі. 

Службовымі асобамі парушаліся нормы ветэрынарнай дзейнасці пры пахаванні і знішчэнні трупаў жывёл, прадуктаў жывёльнага паходжання, ветэрынарна-санітарных правілаў, што дазваляла жывёлам пранікаць на тэрыторыю жывёламагільніка.

Пракурор раёна вынесены прадпісанні ў адрас гендырэктара Беларускага цэментнага завода  аб устараненні парушэнняў заканадаўства і кампенсацыі прычыненага ўрону.

Фота мае ілюстрацыйны характар

На кожным пятым аб’екце вобласці – парушэнні санітарных норм

На 800 аб’ектах з абследаваных 4382 тэрыторый Магілёўскай вобласці ў студзені бягучага года а гэта 18,3% – выяўлены парушэнні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, паведамляе санэпідслужба.

Традыцыйнымі ўжо становяцца неахайныя адносіны да ўтрымання кантэйнерных пляцовак і прылеглых да іх тэрыторый, несвоечасовы вываз камунальных адкідаў, утварэнне несанкцыянаваных звалак, несвоечасовая ачыстка снегу, прымяненне супрацьгалалёдных мер. 

Вынесена 12 пастаноў аб накладанні штрафу, выдадзена 168 прадпісанняў, рэкамендацый, ліквідавана 7 несанкцыянаваных звалак.

Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты толькі 1% вінаватых: 8 асоб на 800 аб’ёктаў.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Праверкі медыцынскіх устаноў па гігіене паказалі парушэнні ў 66% выпадкаў

У  2022 годзе выяўлены парушэнні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага характару ў медыцынскіх установах у 66% выпадкаў сярод усіх праведзеных праверак. А ўсяго праверак праведзена больш за 7 500 па краіне – паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароў’я

Да найбольш распаўсюджаных парушэнняў адносяцца неякасная, несваечасовая дэзінфекцыя, стэрылізацыя інструмента Неахайныя адносіны да падтрымання  тэхнічнага стану, своечасовага  рамонту будынкаў, памяшканняў, інжынерных сістэм, мэблі, санітарна-тэхнічных вырабаў і абсталявання, уборачнага інвентару. Выкарыстанне няспраўных дазатараў для вадкага мыла і санітайзераў, несвоечасовае іх запаўненне.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Тавары без дакументаў і высокая надбаўка – у Горках зачынілі прыватную краму

За найгрубейшыя парушэнні заканадаўства прыпынена праца гандлёвага аб’екта ў горадзе Горкі – паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантроля Беларусі.

Пры праверцы магазіна, які належыць мясцоваму індывідуальнаму прадпрымальніку, работнікамі Камітэта дзяржкантролю выяўлены факты завышэння цэн на розныя тавары. Так, на вінаград гандлёвая надбаўка была завышаная на 100%, на хурму – на 110% і г.д.

Таксама ў продажы знаходзіліся больш за 40 найменняў тавараў, на якіх не была адлюстравана неабходная інфармацыя аб іх складзе, даце вырабу, тэрміне прыдатнасці, вытворцы, і 7 найменняў тавараў (агародніна і садавіна) без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё і якасць гэтай прадукцыі.

Па патрабаванні КДК Магілёўскай вобласці дзейнасць крамы прыпыненая.

Фота: прэс-служба Камітэта дзяржкантроля

На кожным чацвёртым аб’екце Магілёўшчыны не праводзіцца сваечасовая ўборка снегу

Санэпідслужбай Магілёўскай вобласці з 25 лістапада па 9 снежня бягучага года пры  абследаванні 2 861 тэрыторый і аб’ектаў у частцы захавання санэпідзаканадаўства па пытанні правядзення суб’ектамі гаспадарання супрацьгалалёдных мерапрыемстваў выяўлены шматлікія выпадкі несвоечасовай ачысткі снегу – на 752 аб’ектах (а гэта 26,3% ад агульнай колькасці), несвоечасовага прымянення супрацьгалалёдных сродкаў на 741 (25,9%).

Асноўная частка парушэнняў прыпадае на ўнутрыдваровыя тэрыторыі (праезды, пешаходныя дарожкі, тратуары, вуліцы, аўтадарогі) – 597 парушэнняў нарматываў ачысткі снегу, і 591 парушэнне што да прымянення супрацьгалалёдных сродкаў. 

На прыпыначных пунктах  – 46 парушэнняў па ачыстцы снегу і 39 па прымяненні супрацьгалалёдных сродкаў. 

Для ўстаранення парушэнняў патрабаванняў санэпідзаканадаўства кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў выдадзены рэкамендацыі, па выніках нагляду за выяўленыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства вынесена 4 пастановы аб накладанні штрафаў.

На кожным трэцім аб’екце вобласці – парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту

Санслужбай Магілёўскай вобласці выяўлены парушэнні (у тым ліку паўторна) заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва на 19 106 аб’ектах (27,6% ад агульнай колькасці) за 10 месяцаў 2022 года . Усяго абследавана 69 218 тэрыторый.

За выяўленыя парушэнні вынесена 478 пастаноў аб накладанні штрафу. Для ліквідацыі парушэнняў патрабаванняў санэпідзаканадаўства кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў выдадзена 5 309 прадпісанняў, рэкамендацый.

За 10 месяцаў па вобласці ліквідавана 607 несанкцыянаваных звалак.

Па хадайніцтвах органаў дзяржсаннагляду да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 111 вінаватых асоб, дзеянні (бяздзеянні) якіх прывялі да парушэнняў.

Санэпідслужбы адзначаюць, што тыповымі парушэннямі заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту з’яўляюцца нездавальняючае ўтрыманне кантэйнерных пляцовак, прылеглых да іх тэрыторый, несвоечасовы вываз камунальных адходаў, іх размяшчэнне ў неўстаноўленых месцах.

 Але вядомы і выпадкі з аб’ектамі, да якіх не дайшоў маніторынг служб. Так, Магілёў.media пісалі пра тое, што ў Быхаве дзядуля з унукам праваліліся ў калодзеж, а драўляную капліцу на крычаўскіх могілках ператварылі ў сметніцу.

фота: depositphotos

Пракуратура ўгледзела ў сельскай гаспадарцы сістэмныя парушэнні і за тыдзень арыштавала 6 аграрнікаў

Ім інкрымінуюць хабарніцтва і іншыя злачынствы.

Пракуроры каардынуюць усе кантрольныя органы, якія выяўляюць і выкараняюць сістэмныя парушэнні ў аграпрамысловым комплексе. Заяўляецца, што мэта дзейнасці – павысіць эфектыўнасць працы сельскай гаспадаркі. Такую задачу ім паставіў Лукашэнка.

“Толькі за апошні тыдзень за атрыманне хабару і іншыя злачынствы арыштаваныя шэсць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў” – кажа намеснік начальніка аддзелу па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генпракуратуры Павел Елісееў.

Пракурорскія работнікі ў выніку праверак выкрываюць шматлікія факты безгаспадарчасці, нядбайнасці, бяздзейнасці, крадзяжоў, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, піша БелТА.

Пракуратура ўбачыла, што службовымі падлогамі займаюцца кіраўнікі і матэрыяльна адказныя асобы прадпрыемстваў, супрацоўнікі ветэрынарнай службы і органы выканаўчай улады. Кіраўнікі прадпрыемстваў неналежным чынам дбаюць аб захаванасці буйной рагатай жывёлы, паліўных рэсурсаў і тэхнікі, псаванні ўраджаю, утойванні рэальных праблем.

На Магілёўшчыне амаль усе дзіцячыя атракцыёны траўманебяспечныя, сведчаць вынікі праверкі

Год таму праз нядбайства ўладальніка такога атракцыёну на фестывалі «Аляксандрыя сустракае сяброў», які наведвае Лукашэнка, пацярпелі 7 чалавек. Рэгламент з патрабаваннямі эксплуатацыі такіх забавак увялі толькі ў 2015 годзе, хаця атракцыёны ўжо былі.

Сёлета з 15 суб’ектаў гаспадарання, што ажыццяўляюць эксплуатацыю надзіманых атракцыёнаў і немеханізаваных батутаў, у 14 выяўлены парушэнні. 

 

За паўторныя парушэнні 5 з іх прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Па выніках маніторынгу суб’ектам гаспадарання выдадзены прадпісанні аб забароне аказання паслуг і рэкамендацыі. Парушэнні выяўляліся ад пачатку летняга перыяду.

Парушэнні ў эксплуатацыі атракцыёнаў

Пра тое паведамляе Магілёўская абласная інспекцыя дзяржаўнага нагляду

за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і стандартаў і дзяржаўнага метралагічнага нагляду Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі.

Ведамства пералічвае выяўленыя хібы абсталявання:

– мацаванне атракцыёнаў не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням;

– зона вакол абсталявання не вызвалена ад перашкод, якія могуць траўмаваць дзяцей;

– у зоне падзення адсутнічае ўдарапаглынальнае пакрыццё;

– у гульнявай зоне знаходзяцца токаводныя часткі абсталявання;

– агароджы адсутнічаюць альбо ў поўнай меры не выконваюць сваіх функцыяў;

– канструкцыя гульнявога абсталявання не адпавядае нормам бяспекі. Абсталяванне прызначанае для 15 і больш карыстальнікаў не мае дадатковага выйсця;

– на гульнявым абсталяванні адсутнічае неабходная маркіроўка;

– адсутнічае належны кантроль і тэхнічнае абслугоўванне абсталявання.

Акрамя таго, пішуць інспектары, устаноўлены факты эксплуатацыі абсталявання, якое не прайшло працэдуру ацэнкі адпаведнасці (адсутнічалі дэкларацыі аб адпаведнасці).

Мела месца наяўнасць дэкларацый аб адпаведнасці прынятых на падставе пратаколаў выпрабаванняў, выдадзеных не акрэдытаванымі арганізацыямі.

Ведамства заклікае бацькоў: не пакідайце без увагі сваіх дзяцей і паклапаціцеся аб іх бяспецы.

Інцыдэнты з забаўкамі 

Год таму на фестывалі «Аляксандрыя сустракае сяброў», які праходзіць з удзелам Лукашэнкі, сарвала было надзіманы атракцыён. На ім у той момант забаўляліся дзеці. Па медычную дапамогу звярнуліся двое дзяцей і трое дарослых. Пазней кіраўніцтва абласнога ўпраўлення аховы здароўя ўдакладніла, што пацярпелі 7 чалавек. 

Тады паведамлялася, што атракцыён быў кепска замацаваны і яго ўзняў у паветра парыў ветру. Наведніка фестывалю, які зняў на відэа інцыдэнт і выклаў яго ў інтэрнэт, затрымалі. Пазней прызналі вінаватым у распаўсюджванні інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама ў вырабе, выданні, захоўванні або перавозцы з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі.

Вядома, што да 2015 года ў Беларусі наогул не было правіл, якія рэгламентуюць эксплуатацыю надзіманых атракцыёнаў, хаця самі атракцыёны былі.

На гэты прабел звярнулі ўвагу толькі пасля няшчаснага здарэння ў Горках. Там моцны вецер перавярнуўся надзіманы атракцыён, і дзевяць дзяцей аказаліся ў больніцы. У іх былі сур’ёзныя траўмы – пераломы, удары. Самаму малодшаму з пацярпелых дзяцей на той момант было 2,5 гады.

фота ілюстрацыйныя і ўзятыя з адкрытых у інтэрнэце крыніцах

Сучасныя “калгасы”. Работнікі не носяць спецадзення і працуюць на няспраўнай тэхніцы 

Тэхнічныя інспэктары з афіцыйнага прафсаюзу  ў 60 гаспадарках Магілёўшчыны выявілі больш за 400 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы.

Сярод найбольш распаўсюджаных – невыкарыстанне работнікамі спецадзення, неўкамплектаванасць аптэчак, праца на няспраўнай тэхніцы, несвоечасовае правядзенне інструктажаў па ахове працы, даводзіць інфармацыйнаму агенцтву “БелТА” тэхнічны інспектар абласнога аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Сяргеенка.

Паводле яго, з пачатку года ў Магілёўскай вобласці назіраўся рост вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі і гібельлю работнікаў. Цяпер, настойвае ён, сытуацыя стабілізавалася.

За першае паўгоддзе 2022 года адбыліся 54 няшчасныя выпадкі, за аналагічны перыяд 2021-га – 55

фота ілюстрацыйнае