Міжнародны дзень кіно (International Cinema Day).
У гэты дзень у 1895 годзе ў Парыжы ў падвале “Гранд-кафэ” на бульвары Капуцынак прайшоў першы платны паказ кінафільма для першых 35 гледачоў.
Дэманстрацыя фільмаў у Беларусі пачалася ў канцы XIX стагоддзі. У пачатку XX стагоддзя дзейнічала ўжо 56 прыватных кінатэатраў. Першы кінатэатр у Мінску адкрыў у 1900 годзе прадпрымальнік Рыхард Штрэмер у доме Ракаўшчыка на Захар’еўскай вуліцы. У 1908 годзе Рыхард сам пачаў здымаць хранікальна-дакументальныя фільмы. Кінааператары мінскага кінатэатра «Гігант» знялі ў1910-1912 гадах свае фільмы, у тым ліку пра палёты авіятара Утачкіна над Камароўскім полем у Мінску, «Крушэнне цягніка на станцыі Руднікі».
Першае знаёмства жыхароў Магілёва з дзіўным светам кіно адбылося 10 жніўня 1903 года. Першы стацыянарны “сінематограф” атрымаў у Магілёве пастаянную прапіску ў 1909 годзе – кінатэатр «Чары» (пасля рэканструкцыі 1930-1932 гадоў – “Чырвоная Зорка”).
1879 год. Ураган, які пранёсся над усходняй Шатландыяй, абрынуў цэнтральную частку чыгуначнага маста праз заліў Ферт-оф-Тэй Паўночнага мора.
У ваду ўпаў пасажырскі цягнік Эдынбург – Дандзі, лакаматыў і ўсе шэсць вагонаў. Ніхто з 75 пасажыраў не выжыў.
Па мясцовай легендзе, Карл Маркс, які жыў у той час у Дандзі, павінен быў ехаць на гэтым цягніку, але з-за хваробы перадумаў.
Самы працяглы ў свой час – 3,2 км – Тэйскі чыгуначны мост прастаяў толькі 19 месяцаў. Спраектаваў яго знакаміты інжынер Томас Бауч, які і атрымаў за сваю працу тытул лорда.
Судовае разбіральніцтва завяршылася суровым вердыктам: “Мост быў дрэнна задуманы, дрэнна пабудаваны і дрэнна абслугоўваўся”.
1896 год. Памёр ураджэнец в. Галоўчын (цяпер – Бялыніцкі раён) Лявонцій Галынец.
Беларускі ўрач. Доктар медыцыны
Першы прыват-дацэнт медыцынскай статыстыкі і геаграфіі кафедры гігіены Імператарскай медыка-хірургічнай акадэмі.
Працаваў ваенным урачом у Магілёве. Даследаваў санітарны стан, натуральны рух (нараджальнасць, смяротнасць, прырост) насельніцтва ў Магілёве.
Усебакова вывучыў умовы жыцця, асаблівасці фізічнага развіцця асобных сацыяльных груп насельніцтва Магілёва ў залежнасці ад эканамічных, кліматычных і гігіенічных умоў, прыйшоў да высновы аб нізкім адукацыйным узроўні жыхароў.
1908 год. У Вільні заснавана беларускае кнігавыдавецкае таварыства «Наша Хата».
Заснавальнікамі сталі В. Бонч-Асмалоўскі, Б. Даніловіч, Я. Манькоўскі, А. Уласаў, У. Цэтэрман.
Выпусціла ананімную беларускую паэму «Тарас на Парнасе», «Дзед Завала», Ядвігіна Ш., «Дзядзька голад» С. Віткевіча, «Дым» М. Канапніцкай, «Архіп і Лявонка» М. Горкага, падручнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа, а таксама навукова-папулярныя кнігі.
У 1911 годзе спыніла дзейнасць у сувязі з эканамічнымі цяжкасцямі.
1908 год. Горад Месіна на востраве Сіцылія стаў ахвярай найстрашэннага прыроднага катаклізму.
Падземныя штуршкі, сіла якіх дасягала 7,5 балаў па шкале Рыхтэра, забралі жыцці больш як 75 000 чалавек, а выкліканая такім магутным землятрусам хваля цунамі вышынёй 10 метраў змыла і затапіла ўсё, што засталося. Пад разваліны патрапілі больш за 160 000 жыхароў.
Характэрна, што гэты землятрус не належаў да ліку наймацнейшых. Трагедыя Месіны была ў тым, што падземны штуршок адбыўся непасрэдна пад горадам.
1918 год. У в. Багданаўка Хоцiмскага раёна нарадзілася Ніна Ерашова.
Географ, краязнавец. Кандыдат геаграфічных навук, дацэнт.
Выхаванка геаграфiчнага факультэта Магiлёўскага педiнстытута.
Першы даследчык гісторыі Першай Рускай Палярнай экспедыцыі 1900–1903 гадоў пад кiраўнiцтвам Э. В. Толя.
У 1946–1975 гадах працавала ў Магілёўскім педінстытуце. Вучоны сакратар Магiлёўскага аддзела геаграфічнага таварыства (1963-1975).
Аўтар больш за 50 навуковых прац, у тым ліку дапаможнікаў “Карысныя выкапнi Беларусi”, “Определитель минералов и горных пород”.
Даследчыца глебаў поймы Дняпра ў межах Магілёўскай вобласці, прыроды Краснапольскага, Слаўгарадскага, Хоцiмскага, Чэрыкаўскага раёнаў.
Памерла ў 1993 годзе.
1920 год. Скончыліся баявыя дзеянні Слуцкага паўстання (збройнага чыну) супраць савецкай улады.
Узброенную барацьбу вялі Слуцкі і Грозаўскі палкі 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі
Першыя баявыя сутычкі адбыліся 26-27 лістапада 1920 года.
Польскія ўлады не падтрымалі паўстанцаў, далі дазвол на ўваход савецкіх 8-й і 17-й стралковых дывізій 16 арміі не толькі ў нейтральную зону, але і ўглыб польскай тэрыторыі.
У гонар паўстанцаў пасталены помнік «Змагарам за волю Беларусі» (1948) ў нямецкім Мітэнвальдзе, у 1990-х гадоў па ініцыятыве БНФ у весках Грозава, Семежава Капыльскага і Чырвоная Слабада Салігорскага раёна былі ўсталяваны памятныя крыжы, памятны знак усталявалі ў прыватным музеі А. Белага ў Старых Дарогах (2007).
У 2017 годзе Слуцкі райвыканкам адмовіў ва ўстаноўцы помніка слуцкім паўстанцам у Слуцку.
1927 год. У Вільні пачаўся I з’езд Таварыства беларускай школы (ТБШ) – культурна-асветнай арганізацыі ў Заходняй Беларусі (1921–1936).
ТБШ імкнулася распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул. Перад з’ездам дзейнічала 12 акруговых упраў ТБШ – у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме і Вільні
I з’езд ТБШ (28-29 снежня 1927, Вільня) пастанавіў дамагацца адкрыцця дзяржаўных беларускіх пачатковых школ, беларускіх гімназій і настаўніцкіх курсаў, семінарыі, стварэння пры Віленскім і Палескім школьных апякунскіх беларускіх аддзелаў, заснавання кафедры беларусазнаўства ў Віленскім універсітэце імя С. Баторыя.
У Рэспубліцы Беларусь ТБШ адноўлена ў 1996 годзе, ліквідавана 17 верасня 2021 года Вярхоўным судом на пазоў Міністэрства юстыцыі.
1965 год. Нарадзіўся Юрый Якавенка.
Беларускі мастак-графік. Ганаровы грамадзянін г. Гродна.
Мае больш за 25 міжнародных і айчынных узнагарод за ўдзел у біенале эстампа і кніжнай графікі. Удзельнік больш за 60 персанальных выстаў у многіх краінах Еўропы.
10-ы беларускім мастак – ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў.
Зняў мультыплікацыйны фільм «Месяц». Працуе ў тэхніцы традыцыйнага афорта.
Аўтар ілюстрацый да паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» і серыі гравюр «alfabeto», якая прысвечана творчаму даследаванню літары. Кніга «Песня пра зубра» з яго гравюрамі была паднесена ў якасці падарунка Папе Рымскаму Бенедыкту XVI і каралеве Вялікабрытаніі Лізавеце II.
Аздобіў гравюрамі выданне «Песня песняў Саламона».
1971 год. Памёр Дамінік Аніська.
Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, публіцыст
Ваяваў у 1-ю сусветную вайну ў складзе расійскай арміі, служыў у польскай арміі.
Браў удзел у беларускім рэлігійным і грамадскім руху, быў аўтарам віленскай газеты «Беларус», беларускага каталіцкага часопіса «Хрысціянская думка». Аўтар брашур: «Да беларускага народу», «Усё у міласці».
Адзін з відных беларускіх рэлігійных публіцыстаў 1-й паловы ХХ стагоддзя.
У 1939 годзе патрапіў у савецкі палон. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса, разам з ёю выйшаў у Іран, а адтуль у Палестыну.
З 1949 жыў у Вялікабрытаніі. Супрацоўнічаў з рэлігійным часопісам «Божым шляхам».
Пахаваны на лонданскіх могілках Святога Панкрата.
1984 год. Памёр Мікола Лобан.
Беларускі празаік і мовазнавец. Заслужаны работнік культуры. Кандыдат філалагічных навук.
Працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя».
Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці. У 1986 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 3-х тамах.
Адзін са складальнікаў «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М. Суднікам, 1948, 6-е выд., 1990), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), кіраваў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977-1984).
1963 год. Памёр Даніла Васілеўскі.
Беларускі краязнавец, гісторык, літаратуразнавец, педагог.
Актыўны прыхільнік беларусізацыі. Арганізатар Віцебскага губернскага бюро краязнаўства, намеснік старшыні Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства, заснавальнік зборніка «Аршаншчына» (1926). Член Аршанскай філіі “Маладняка”
З 1930 года пачаў выкладаць у Магілёўскім педінстытуце, першы дэкан геаграфічнага факультэта. Удзельнік раскопак верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж.
Арыштаваны 9 снежня 1936 года прама на рабочым месцы пры студэнтах і выкладчыках. Высланы на Поўнач.
Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры XIX стагоддзя, беларускага кнігадрукавання, развіцця мясцовай прэсы, краязнаўчыя, гістарычныя, этнаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы.
Пахаваны ў Феадосіі, Крым.
1972 год. Уведзены ў дзеянне высакагорны каток “Медэа” (“Медэу”).
Размешчаны ў горнай даліне Мэдэу непадалёк ад Алматы, Казахстан.
Найбуйнейшы ў свеце высакагорны комплекс для зімовых відаў спорту з самым вялікім пляцам штучнага лядовага поля – 10 500 м².
Высакагор’е і чыстая горная вада для залівання лёду садзейнічаюць дасягненню высокіх вынікаў у канькабежным спорце. Тут устаноўлена звыш 200 сусветных рэкордаў на ўсіх дыстанцыях сярод мужчын і жанчын.
Алмацінскі каток – празнаная “фабрыка рэкордаў”.
1987 год. 76-гадовая кіпрыётка Ківелі Папаіаанау захрасае ў ліфце крамы, дзе прабудзе да 2 студзеня.
Гэта сусветны рэкорд працягласці знаходжання ў ліфтах. Сустрэла ў ліфце яна і Новы год. Ліфт падвіс паміж паверхамі. Харчавалася сеньёра 6 сутак тымі прадуктамі, што набыла. А вось, як спраўляла патрэбу, не паведамляецца. Яе вызвалілі работнікі крамы, калі вярнуліся з навагодніх вакацый.