У Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе зменшыўся грузаабарот на аўтатранспарце на 16,5%, а колькасць пасажыраў на транспарце ўпала на 3,7% у параўнанні з 2021 годам – прыводзіць афіцыйныя дадзеныя Магілёўаблстат.
Паводле дадзеных статыстыкі пры гэтым адбыўся толькі рост пасажыраабарота – гэта значыць, колькасці кіламетраў, якія праехалі пасажыры. Ён дасягнуў 108,9% у параўнанні з 2021 годам, але значна зменшыўся, напрыклад, у адносінах да 2019 года – адразу на пятую частку (22,8%)
Калі браць аб’ёмы перавозак пасажыраў не ў параўнанні з 2021 годам, а напрыклад, з 2019 годам, то падзенне яшчэ большае – на 25,4%.
І ў першым месяцы 2023 года ў параўнанні са студзенем 2022 года заўважана падзенне грузаабарота на 18,5%.
Пры гэтым адзначаецца сезонны рост пасажыраабарота і колькасці перавезеных пасажыраў – бо зімой людзі больш ездзяць на транспарце, чым ходзяць пешкі.
Зніжэнне грузаабарота і колькасці пасажыраў на транспарце – гэта статыстычная прыкмета падзення ўзроўню жыцця, скарачэння насельніцтва.
На сённяшні дзень Магілёўская вобласць засталася без каманд у вышэйшай ліге па футболе Беларусі. «Белшына» за парушэнне фінансавага крытэрыя не атрымала ліцэнзію.
Камітэт па ліцэнзаванні клубаў Беларускай федэрацыі футбола не дапусціў 4 футбольных клуба да спаборніцтваў у вышэйшай ліге. У выніку вышэйшая футбольная ліга “скарацілася” да 11 клубаў. «Белшына» засталася без ліцэнзіі, але мае права на апеляцыю.
Як паведамілі на сайце АБФФ, чатыром футбольным клубам Камітэт адмовіў у ліцэнзіі:
ФК «Слуцк» – Артыкул 40 (крытэрый персаналу),
ФК «Белшына» за парушэнне артыкула 57 (фінансавы крытэрый),
ФК «Нафтан» – артыкул 17-1 (спартыўны крытэрый),
ФК «Смаргонь» – артыкул 17, 17-1 (спартыўныя крытэрыі), 29, 42, 45, 46 (кадравыя крытэрыі).
У выніку толькі 11 клубаў вышэйшай лігі атрымалі ліцэнзіі на выступ у будучым чэмпіянаце Беларусі: «БАТЭ», «Гомель», «Дынама-Брест», «Дынама-Мінск», «Іслач», «Мінск», «Нёман», БДУ (каманда «Энергетык-БДУ), «Славія-Мазыр», «Тарпеда-БЕЛАЗ», «Шахцёр».
Футбольны каляндар на 2023 год быў зацверджаны выканаўчым камітэтам АБФФ у сярэдзіне снежня. У Прэм’ер-лізе плануецца выступленне 16 каманд. Першы тур павінен прайсці ўжо 17-19 сакавіка.
Футбольныя клубы маюць права звярнуцца з апеляцыяй на рашэнне камітэта на працягу трох працоўных дзён. Як паведамляюць інсайды, «Белшына» напісала хадайніцтва, якое будзе разгледжана на наступным пасяджэнні выканаўчага камітэта АБФФ. Каманда настроена на станоўчы вынік. Зараз футбалісты трэніруюцца.
Цяпер, каб працягваць сваю дзейнасць надалей, уласнікі аграэкасядзібаў павінны да 1 ліпеня 2023 года прайсці працэдуру складанай перарэгістрацыі і атрымаць адпаведны дазвол.
Пасля ўступлення ў сілу ў 2023 годзе ўказа “Аб развіцці аграэкатурызму” паведамляльны прынцып праходжання рэгістрацыі сядзіб змяніўся на дазвольны.
Фармальна ўказ № 351 ад 4 кастрычніка 2022 года “Аб развіцці аграэкатурызму”, як раней паведамляліmogilev.media, скіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў гэтай сферы, павышэнне якасці паслугаў, выключэнне магчымасці вядзення гасцінічнага ці рэстараннага бізнесу, абарону правоў грамадзян, якія жывуць па суседстве з сядзібамі.
Ёсць абавязковыя ўмовы, якія павінны быць выкананы ў сукупнасці: наяўнасць жылога дома з не больш чым 10 пакоямі, зямельнага ўчастка, ажыццяўленне дзейнасці па вядзенні асабістай дапаможнай гаспадаркі ці вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, наяўнасць магчымасцяў для азнаямлення аграэкатурыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі, архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі мясцовасці.
Пашыраны спіс паслугаў, якія аказваюцца аграэкатурыстам. Напрыклад, туды ўключана правядзенне майстар-класаў па рамеснай і гаспадарчай дзейнасці. Таксама з’явілася патрабаванне, што такіх паслуг павінна быць не менш за дзве.
Сярод новых прапісаных указам абмежаванняў – адказнасць гаспадароў аграэкасядзібаў за грамадскі парадак на іх тэрыторыях, а таксама забарона праводзіць масавыя шумныя ўрачыстасці непасрэдна ля суседніх участкаў без узгаднення з суседзямі.
Ёсць дзясяткі нюансаў, якія тычацца падаткаабкладання, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, пажарнай бяспекі, грамадскага парадку.
Паколькі з 2023 года паведамляльны прынцып праходжання рэгістрацыі змяніўся на дазвольны, а гэта ўжо адміністрацыйная працэдура, то ва ўсіх раёнах ствараюцца камісіі па ажыццяўленні комплекснай ацэнкі 200-от аграэкасядзібаў, што ёсць у магілёўскіх вёсках.
У склад камісій, як правіла, уваходзяць прадстаўнікі сектара спорту і турызму райвыканкама, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аддзела ўнутраных спраў, гігіеністы і эпідэміёлогі, спецыялісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, аддела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, старшыні адпаведных сельскіх выканкамаў.
Чыноўнікі атрымалі яшчэ адзін рычаг уплыву, а залежнасць гаспадароў аграсядзібаў ад мясцовай улады ўзмацнілася.
У пятніцу ў Магілёве ўрачыста перадалі ключы ад новых 44-ох аўтамабіляў установам аховы здароўя вобласці. Пампезная імпрэза паказала рэальны жахлівы стан машыннага парку сістэмы.
Кожны раён вобласці атрымаў па адной новай машыне хуткай дапамогі. І гэта выдатны паказчык, бо, як сведчаць афіцыйныя дзяржаўныя рэсурсы, у папярэднія гады закуплялася толькі па 18 аўтамабіляў на ўсю вобласць, а спісваць было неабходна 10% – а гэта 60 машын штогод.
У Магілёве застанецца 20 адзінак новых аўтамабіляў, якія і тут крайне неабходныя, бо працуюць для дапамогі не толькі жыхарам горада але і ўсёй вобласці. Машыны працуюць у тры змены і праз 5 гадоў эксплуатацыі ўжо маюць 100% знос.
Па словах галоўнага ўрача Абласной дзіцячай бальніцы Магілёва Ігара Каско, перадача двух рэанімабіляў ва ўстанову стала велізарнай падзеяй для лекараў:
– Гэтыя машыны дазволяць нам замяніць існуючыя. Сёння гэта надзвычай неабходна, важна і своечасова, таму што старое абсталяванне мае 700-800 тысяч кіламетраў прабегу.
Варта сказаць, што аўтапарк рэгіёна складае каля 600 аўтамабіляў, якія маюцца ў кожнай медыцынскай амбулаторнай клініцы. Паколькі транспарт пастаянна зношваецца (да 10% штогод), заўжды маецца вострая патрэба набыцця падобнай тэхнікі. Пры падобнай нагрузцы штогод павінна набывацца 60 аўтамашын, а ў сёлетнім рэкордным годзе плануецца набыць толькі 50. Гэта больш за леташнія 18, але ўсё роўна замала.
Кіраўнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў падзякаваў за тое, што ў 2023 будзе набыта больш за 50 адзінак транспарту, ключы ад першых 44-х з якіх былі перададзены сёння. З іх 38 аўтамабіляў медыцынскай дапамогі, 5 машын хуткай медыцынскай дапамогі (2 з іх рэанімабілі) і адзін мабільны медыцынскі комплекс.
Выступенні медыкаў на імперэзе перадачы новай тэхнікі былі поўныя падзяк абласному кіраўніцтву і прыхаваных просьбаў. Яны не крытыкавалі напрасткі, але апісвалі рэальныя патрэбы сістэмы хуткай дапамогі.
Так, медыкі з аднаго боку адзначылі, што ніколі не было такога вялікага абнаўлення аўтамабільнага парку ў рэгіёне, што нарэшце абласны выканаўчы камітэт пачаў вяртаць даўгі медыцыне. Але з іншага, яны ж паказвалі, што нават для простага аднаўлення аўтапарку медычных устаноў вобласці гэтага ўсё роўна недастаткова. З улікам недапаставак мінулых гадоў, машын павінна набывацца нават не па 60 у год, а яшчэ болей.
Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці за найгрубейшыя парушэнні заканадаўства прыпынена праца гандлёвага аб’екта індывідуальнага прадпрымальніка ў Кіраўску.
Праверка крамы высветліла, што ў продажы знаходзіліся 12 найменняў каўбасных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці да 71 сутак. Пры гэтым 19 найменняў – кандытарскія вырабы, рыба – без неабходнай маркіроўкі, а таксама без дакументаў аб іх набыцці і якасці.
На мяса птушкі гандлёвая надбаўка была завышана на 5%. На большчым дваццаці відах тавараў, якія прапаноўваліся пакупнікам, адсутнічалі цэннікі. Цяпер праца крамы прыпыненая.
У бягучым годзе ў Магілёўскай вобласці правядуць капітальныя рамонты 21 школы – расказала кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнню дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская. На рамонт выдзелена каля 27 мільёнаў рублёў.
У прыватнасці будуць адрамантаваны 3 школы ў Быхаўскім раёне (№2 і №3 Быхава і Чарнаборская), па 2 – у Асіповіцкім, Касцюковіцкім, Магілёўскім (Кадзінская і Усходаўская), у Чавусах (№№ 1 і 2). Па адной – у Клімавіцкім, Слаўгарадскім (Васькавіцкая), у Глуску, Кіраўску, Краснаполлі (гімназія), Мсціславе (гімназія), Крычаве (№7), Хоцімску (№1).
Усяго у вобласці 365 устаноў сярэдняй адукацыі. Такім чынам, капітальнаму рамонту падлягаюць 5,75% іх колькасці. Атрымліваецца, што тэмпы такія, каб рамантаваць школы раз на 20 гадоў.
Стан будынкаў навучальных устаноў павінны заўсёды быць пад пільнай увагай.
Нагадаем, што у жніўні 2014 года абрушыўся дах у Крычаўскай гімназіі, а ў студзені 2004 года ў выніку абрушвання даху ў школе ў Краснаполлі загінула 4 чалавекі – настаўнік і 3 вучня.
Дзень почырку, Дзень ручнога ліста (Handwriting Day)
Заснаваны па ініцыятыве Асацыяцыі вытворцаў пішучых прылад з мэтай нагадаць усім нам аб унікальнасці ручнога ліста, аб непаўторнасці почырку кожнага чалавека і зірнуць на стварэнне рукапіснага тэксту, як на спосаб самавыяўлення.
Дата гэтага свята абрана не выпадкова – у гэты дзень нарадзіўся адзін з вядомых амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў, Джон Хэнкок, які першым паставіў свой подпіс пад Дэкларацыяй Незалежнасці ЗША (1774 год). Подпіс Хэнкока быў буйным і размашыстым, што і дадало аўтарытэту яе аўтару.
Мастацтва ручнога ліста актыўна развівалася на працягу многіх тысяч гадоў. Аб сувязі почырку з духоўным светам і характарам чалавека выказваліся і Арыстоцель, і вялікія італьянцы эпохі Адраджэння. А ў 1875 годзе французскі абат Жан Іпаліт Мішанер ужыў тэрмін “графалогія”, які пазначае вобласць ведаў аб почырку і метадах яго даследавання ў сувязі з псіхічным станам асобы. Графалогія лічыцца адной з найважнейшых навук, здольнай толькі па ручным пісьме вызначыць індывідуальныя здольнасці чалавека.
Па почырку можна пазнаць характар асобы, яе моцныя і слабыя бакі, у якім настроі чалавек пісаў, яго стаўленне да навакольных і нават аптыміст ці песіміст аўтар.
1556 год. У кітайскай правінцыі Шаньсі адбыўся самы разбуральны землятрус з усіх сусветных сейсмічных катастроф.
Яго цэнтр знаходзіўся ў горадзе Сіань, які размешчаны на берагах вялікай ракі Хуанхэ.
Па сведчанні відавочцаў, цэлыя гарады апускаліся ў грунт за лічаныя секунды, колькасць ахвяр гэтай трагедыі налічвала больш за 830 000 чалавек. Па колькасці загінулых – гэта трэцяя катастрофа за ўсю пісьмовую гісторыю чалавецтва, а з землятрусаў – наймацнейшы ў гісторыі па колькасці ахвяр і адзін з наймацнейшых па магнітудзе (8,4)
На карце чырвоным колерам адзначана правінцыя Шэньсі, охравым – закранутыя землятрусам раёны.
1793 год. У Санкт-Пецярбургу падпісана пагадненне паміж Расіяй і Прусіяй аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай.
Кацярына II і Фрыдрых Вільгельм II падпісалі трактат пра падзел, паводле якога да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выняткам Мазавецкага ваяводства. Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск (сёння Даўгаўпілс) – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія вобласці Падолле і Валынь.
У гэтым падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імперыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.
1783 год. Нарадзіўся Стэндаль (Анры-Мары Бейль).
Французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў французскага рэалістычнага раману, аўтар знакамітага рамана «Чырвонае і чорнае». Аўтар слова «турыст».
Удзельнік пахода Напалеона на Расію ў 1812 годзе. Праз Оршу, Смаленск дайшоў да Маквы.
Падчас панавання французскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, служыў ваенным інтэндантам у Оршы.
1849 год. У ЗША упершыню ўручаны дыплом урача жанчыне Элізабет Блэквел.
А вось першай жанчынай на Беларусі і ў Расіі з дыпломам доктара медыцыны ў 1867 годзе стала ураджэнка Чавус Варвара Руднева-Кашаварава(па нараджэнню – Нафанова).
1889 год. Памёр ураджэнец Беларусі Ігнат Дамейка.
Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг. Нацыянальны герой Чылі.
У 14-гадовым узросце стаў адным з самых юных студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Член таварыства філаматаў разам з Я. Чачотам, А. Міцкевічам.
Удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў, быў ад’ютантам 25 пяхотнага палка.
Пасля сканчэння Горнай школы ў Парыжы атрымаў запрашэнне на працу ў Чылі. Працаваў прафесарам горнай школы (зараз універсітэт яго імя) у Кікімба (1838-1846), прафесарам, загадчыкам кафедры хіміі, рэктарам (1867-1883) універсітэта Сант’яга. Чылійскі “Гранд дэ адукатар”, фактычны заснавальнік прародазнаўчых даследаванняў, сучаснай адукуацыі, увёў метрычную сістэму, арганізаваў метэаралагічную службу.
Склаў з каментарамі геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых земляў Рэчы Паспалітай.
У 1884 годзе наведаў сяброў і калег у Кракаве, Варшаве, Вільні, на радзіме ў Мядзведцы, у Міры і Навагрудку.
Памёр 23 студзеня 1889 года. Дзень пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы Чылі.
Імем вучонага названы малая планета, мінерал, шматлікія расліны, выкапнёвыя жывёлы, роды дыназаўраў, птэразаўраў, рыб, падвід лісіц, названы горад, універсітэт і вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі і яшчэ ў 9 гарадах Чылі, у Вільнюсе, Навагрудку. Таксама – горны хрыбет у Андах, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе, шэраг навучальных і навуковых устаноў у Чылі. Ёсць музей і стаіць абеліск у в. Крупава Лідскага раёна. У Мядзведкаўскай школе адкрыты музей, а ў вёсцы Мядзведка ўстаноўлены бюст і памятны камень, помнік усталяваны і ў Сант’яга.
1901 год. Нарадзіўся Станіслаў Калеснік.
Беларускі, савецкі географ, доктар геаграфічных навук, акадэмік АН СССР, прафесар, палярнік, заснавальнік савецкай гляцыялогіі, Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР (1964-1977).
У аўтабіяграфіі месца нараджэння – г. Віцебск.
Скончыў геаграфічны факультэт ЛДУ.
Удзельнік і кіраўнік шматлікіх геамарфалагічных даследаванняў горных раёнаў, ледавікоў, арктычных экспедыцый.
У Ленінградскім універсітэце прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара і загадчыка кафедры, дэкана геаграфічнага факультэта, прарэктара.
Працаваў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага геаграфічнага саюза, з’яўляўся Ганаровым членам Польскага, Сербскага, Харвацкага, Амерыканскага геаграфічных таварыстваў; Ганаровым доктарам Кракаўскага і Фінскага (Турку) універсітэтаў.
Рэдактар Энцыклапедычнага слоўніка геаграфічных назваў.
Памёр 13 верасня 1977 года.
Яго імем названы: пік у Забайкальскім Алатау, два пікі на Паміры, ледавікі – на Каўказе, Палярным Урале.
1916год. Самае рэзкае у свеце пахаладанне на працягу сутак: падзенне на 56 градусаў.
Адбылося ў амерыканскім штаце Мантана: тэмпература знізілася з з +6,7 да -48,8°С.
1938 год. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі.
Беларускі пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік.
Рэдактар, выдавец беларускіх газет, часопісаў, кніг, падручнікаў.
Кіраўнік Кабінета міністраў Народнай рады БНР.
Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, сакратаром Інбелкульта, у Камісіі жывой беларускай мовы, Камісіі па ахове помнікаў старасветчыны, арганізатарам этнаграфічных экспедыцый, у час адной з якіх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.
Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі.
Аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі» (1910) – першай кнігі, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага, «Падручнага расійска-крыўскага слоўніка» (1924), фантастычнай аповесці «Лабірынты», сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі»). Таксама – апрацовак гістарычных легенд, апавяданняў, артыкулаў пра знакамітых беларускіх дзеячаў, па гісторыі Беларусі, перакладаў з рускай, англійскай, польскай, дацкай і іншых моў.
21 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ. Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска, знаходзіўся ў ссылцы. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937, 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу і ў гэты ж дзень расстраляны.
1960 год. У склад Магілёўскай вобласці ўключаны Глускі раён.
Гэта адзіны палескі раён у складзе вобласці і адзіны са здабычай нафты, у басейне р. Прыпяць. Самы цёплы, з самым працяглым вегетатыўным перыядам, адзіны раён, дзе пануе ветравая эрозія глебаў.
У 1938-1944 гадах уваходзіў у склад Палескай, у 1944-1954 – Бабруйскай, у 1954-1960 –Мінскай вобласці. Зараз у раёне каля 12 000 жыхароў.
1981 год. Памерла Вера Маслоўская.
Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, паэтэса.
Арганізатар беларускай школьнай працы ў Заходняй Беларусі, настаўнічала на Міншчыне, была школьным інструктарам Барысаўскага, Дзісенскага паветаў. Сузаснавальніца і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак (1920).
У 1920-1921 гадах стварала падпольныя паўстанцкія арганізацыі на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Удзельніца І Усебеларускай канферэнцыі (Прага). Арыштавана ў 1923 годзе, цэнтральная фігура «Працэсу 45-ці», прыгаворана да 6 гадоў турмы.
Пры прыходзе Саветаў, займалася школьнай справай на радзіме, у Агароднічках, якую працягвала і пры нямецкай акупацыі. У 1946 годзе ў Сілезіі арганізавала дзіцячы сад, у 1951-1958 гадах працавала ў Супраслізагадчыцай гарадской бібліятэкі, у Лізе жанчын, у беластоцкай Павятовай радзе. Аўтар вершаў.
Вера Маслоўская сярод членаў фракцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў на І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, 1921.
2007 год. Памёр ураджэнец Пінска Рышард Капусцінскі.
Польскі сусветна вядомы рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт, фатограф, «імператар рэпартажу».
Дэбютаваў як паэт у 17 гадоў. У 24 гады атрымаў Залаты Крыж Заслугі за газетны рэпартаж. Працаваў у выданнях “Polityka”, “Kultura”, Польскім прэс-агенцтве (PAP) як замежны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі.
Удзельнік руху «Салідарнасць».
Па яго кнізе «Імператар» пра ўпадак рэжыму ў Эфіопіі, у 1987 годзе лонданскі Royal Court Theatre паставіў сцэнічную адаптацыю.
Ганаровы доктар Слянскага, Уроцлаўскага, Ягелонскага,Гданьскага ўніверсітэтаў. Лаўрэат каля 40 прэмій і узнагарод.
Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Памёр 23 студзеня 2007 года.
У Пінску на доме, дзе жыў Капусцінскі, ўсталявана мемарыяльная дошка.
У чатырох раёнах падтоплены масты і шэраг аўтамабільных дарог
Як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных спраў, у першыя дні новага года ў Магілёўскай вобласці былі падтоплены два нізкаводныя масты ў Мсціслаўскім і Чавускім раёнах і чатыры ўчасткі дарог у Слаўгарадскім, Касцюковіцкім, Круглянскім і Хоцімскім раёнах.
У Круглянскім раёне падтапленне ўчастка дарогі адбылося паміж вёскамі Грыбіна і Аляксандрава – паведамлялі mogilev.media.
У выніку павышэння ўзроўня вады ў рацэ Проня адбылося падтапленне ўчастка аўтамабільнай дарогі паміж вёскамі Ляцягі і Улукі Слаўгарадскага раёна, а таксама падтапленне нізкаводнага аўтамабільнага маста і ўчастка аўтамабільнай дарогі каля вёскі Скварск Чавускага раёна.
У ведамстве адзначаецца, што пры павышэнні ўзроўня вады пад’езд да вёсак Вярбоўка, Пухнова, Дзедня Чавускага раёна будзе ажыццяўляцца па аб’яздной дарозе праз вёску Пуцькі.
Падтапленне ўчастка грунтовай дарогі адбылося і каля аграгарадка Баханы Хоцімскага раёна па прычыне павышэння ўзроўню вады ў р.Бесядзь. Працягласць участка падтаплення складае дзесяць метраў, пагэтаму праезд паміж вёскамі Баханы, Юзэфаўка і Дуброўка не парушаны. Праезд транспарта магчымы, жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана.
Скарацілі кучу раёнаў, прычым Крычаў стаў шараговым пунктам Мсціслаўскага раёна, хоць быў у два разы большы за Мсціслаў.
У канцы 1962 года была распачата рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Савецкага Саюза. Валюнтарысцкім рашэннем партыйнае кіраўніцтва пачало па ўсяму СССР узбуйняць адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, у выніку чаго толькі на тэрыторыі Савецкай Беларусі замест 123 раёнаў рэспублікі засталося 77.
У Магілёўскай вобласці яшчэ ўвесну 17 красавіка 1962 года быў ліквідаваны Хоцімскі раён, а яго тэрыторыя падзелена паміж Клімавіцкім і Касцюковіцкім раёнамі.
Больш неадназначная, а часам і абсурдная сітуацыя адбылася ў канцы 1962 года. 25 снежня гэтага года ліквідуецца Слаўгарадскі і Крычаўскі раёны. Тэрыторыя ліквідаванага Слаўгарадскага раёна была падзелена паміж Быхаўскім, Краснапольскім і Чавускім раёнамі. Крычаўскі раён падзяляецца паміж Клімавіцкім, Краснапольскім, Мсціслаўскім і Чавускім раёнамі. Больш за ўсё было далучана да Мсціслаўскага раёна: Бацьвінаўскі, Касцюшкавіцкі, Лабковіцкі і Маляціцкі сельсаветы, а таксама сам горад Крычаў. Прычым на той час Крычаў быў большы Мсціслава па колькасці насельніцтва ў два разы.
Падобныя працэсы адбываліся і на захадзе Магілёўскай вобласці. 25 снежня 1962 года быў ліквідаваны Клічаўскі раён, а яго тэрыторыя цалкам ўвайшла ў Кіраўскі раён. Гэтым зімнім днём быў ліквідаваны і Глускі раён, які тэрытарыяльна стаў часткай Бабруйскага раёна.
Аднак даволі хутка рэформа паказала сваю неэфэктыўнасць і ў канцы 1964-га — пачатку 1965-га гадоў была згорнута. Згодна пастанове прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 6 студзеня 1965 г. былі наноў утвораны больш за дваццаць раёнаў у сваіх колішніх межах. Менавіта тады былі адноўлены Слаўгарадскі, Крычаўскі і Клічаўскі раёны Магілёўскай вобласці. Пазней паўторным загадам ад 30 ліпеня 1966 года было ўтворана яшчэ больш за трыццаць новых раёнаў. У гэты час на карце Магілёўскай вобласці зноўку ўзнік Хоцімскі раён, а таксама Глускі і Чэрыкаўскі раёны.
Менавіта гэтыя падзеі паспрыялі станаўленню некаторых сучасных раённых цэнтраў, а межы шэрагу раёнаў Магілёўскай вобласці з гэтага часу практычна не змяняліся дагэтуль.
Дзяржаўная санітарна-эпідэміялагічная служба правяла маніторынг уборкі снега за перыяд з 25.11.2022 па 23.12.2022 на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.
Было абследавана 5916 тэрыторый і аб’ектаў што да правядзення суб’ектамі гаспадарання супрацьгалалёдных мерапрыемстваў. Парушэнні ў частцы несвоечасовай ачысткі снегу выяўлены на 1220 аб’ектах – а гэта 20% ад агульнай колькасці, несвоечасовага прымянення супрацьгалалёдных сродкаў на 159.
Асноўная частка парушэнняў прыпадае на ўнутрыдваровыя тэрыторыі – праезды, пешаходныя дарожкі, тратуары, вуліцы, аўтадарогі. Таксама парушэнні выяўляліся на прыпыначных пунктах, аб’ектах гандлю, прамысловых прадпрыемствах.
Па выніках нагляду за выяўленыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства вынесена 15 пастаноў аб накладанні штрафу – паведамляецца на афіцыйным сайце санстанцыі.