У Касцюковічах пабудуюць яшчэ адзін электрадом

У Касцюковічах хутка з’явіцца другі ў горадзе элетрадом, паведамляе рэсурс golk.by

Плануецца ўвод 40 кватэр агульнай плошчай 2488 квадратных метраў у пяціпавярховіку па вуліцы Камсамольскай.   Дом будзе абсталяваны ліфтам,  а ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне и кухонныя пліты будуць працаваць толькі ад электраэнергіі. У новабудоўлі прадугледжана сацыяльнае і арэнднае жыллё.

Акрамя гэтага, у 2023 годзе ў раённым цэнтры будзе праведзены капітальны рамонт  жылых дамоў па вуліцах Ленінская, 123 і Мікрараён Маладзёжны, 30. Капітальны рамонт чакаюць у бягучым годзе трохпавярховы дом у аграгарадку Шарэйкі. 

На Магілёўшчыне ў 2023 годзе адрамантуюць больш за дваццаць школ і гімназій

У бягучым годзе ў Магілёўскай вобласці правядуць капітальныя рамонты 21 школы – расказала кіраўнік Магілёўскага абласнога цэнтра па забеспячэнню дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская. На рамонт выдзелена каля 27 мільёнаў рублёў. 

У прыватнасці будуць адрамантаваны 3 школы ў Быхаўскім раёне (№2 і №3 Быхава і Чарнаборская), па 2 – у Асіповіцкім, Касцюковіцкім,  Магілёўскім (Кадзінская і Усходаўская), у Чавусах (№№ 1 і 2). Па адной – у Клімавіцкім, Слаўгарадскім (Васькавіцкая), у Глуску, Кіраўску, Краснаполлі (гімназія), Мсціславе (гімназія), Крычаве (№7), Хоцімску (№1).

Усяго у вобласці 365 устаноў сярэдняй адукацыі. Такім чынам, капітальнаму рамонту падлягаюць 5,75% іх колькасці. Атрымліваецца, што тэмпы такія, каб рамантаваць школы раз на 20 гадоў.  

Стан будынкаў навучальных устаноў павінны заўсёды быць пад пільнай увагай.

Нагадаем, што у жніўні 2014 года абрушыўся дах у Крычаўскай гімназіі, а ў студзені 2004 года ў выніку абрушвання даху ў школе ў Краснаполлі загінула 4  чалавекі – настаўнік і 3 вучня.