На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць павышэнне тэмператур – ноччу ад +4°С да +7°С, днём – ад +11°С да +15°С. Будзе пераважаць воблачнае з праясненнямі, без ападкаў надвор’е. З пятніцы па нядзелю працягласць дня вырасце на чарговыя 8 хвілін з 14 гадзін і 26 хвілін 21 красавіка да 14 гадзін 31 хвіліны 23 красавіка.
Сінаптычны прагноз надвор’я на канец тыдня наступны.
21 красавіка, пятніца, уноч +4°С, раніцай да +8°С, удзень да +13 +14°С, увечары да +10°С. Цэлы дзень воблачна з праясненнямі. Вятры на працягу сутак паўночна-усходнія да 3-6 м/с. Маладзік. Магнітнае поле неустойлівае.
Суботняе, 22 красавіка, надвор’е абяцае быць воблачным з праясненнямі неба. Уноч да +7°С, раніцой і ўвечар да +7 +8°С, днём тэмпература падрасце да +11°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з усходу і поўначы, хуткасць вятроў 1-3 м/с. Маладзік. Магнітнае поле неустойлівае.
У нядзелю, 23 красавіка, ноччу і раніцай каля +5 °С, ўдзень і ўвечары тэрмометры пакажуць +15°С. Воблачна, без ападкаў. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёва-ўсходнія вятры хуткасцю да 3 м/с. Маладзік. Магнітнае поле неустойлівае.
Ранак панядзелка 24 красавіка пачнецца з воблачнага надвор’я, без ападкаў, з паўднёва-ўсходнімі вятрамі хуткасцю да 1-4 м/с, тэмпературай да +6°С. Днём паветра прагрэецца да +15°С.
Днём 19 красавіка ў вёсцы Галынец-1 адбылася аперацыя з удзелам АМАП па затрыманні асабліва небяспечнага злачынцы. Каля 14:20 жыхарка вёскі прыехала на дачны ўчастак свайго роднага, і пабачыла на ім свежавыкапаную яму, з якой былі відныя часткі цела. Адначасова яна заўважыла, што ў дачным доме нехта знаходзіцца.
На ўчастак былі выкліканыя праваахоўнікі, якія ачапілі ўвесь участак і пры дапамозе атрада АМАП правялі штурм дома. У выніку быў затрыманы 46-гадовы мужчына, раней асуджаны за забойства чалавека. Далейшыя дэталі справы высвятляюцца – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
Усходнія славяне лічылі, што ў гэты дзень прачынаюцца русалкі, з вады яны паднімаюцца зірнуць на белае святло і просяць у людзей палатна – атуліць голае цела. Яшчэ да зары некаторыя сялянкі прыносілі паношаную чыстую кашулю, ручнік ці кавалак палатніны, бо верылі, што гэты клопат адгукнецца дабром: русалкі засцерагуць ад глыбокай вады і іх, і мужа, і дзяцей.
Дзень кітайскай мовы ў ААН.
Кітайская мова была прызнана афіцыйнай мовай ААН у 1946 годзе, у 1973 годзе яна была ўключана ў лік шасці працоўных моў ААН. У свеце, паводле статыстыкі, на кітайскай гавораць 1,3 мільярды чалавек.
Дата святкавання абрана не выпадкова. Па легендзе, стваральнікам кітайскага пісьменства лічыцца прыдворны гістарыёграф Цан Цзэ і менавіта ў гэты дзень, які супадае з пачаткам сезона “гуюй” (“дождж проса”), нябесныя сілы аддзячылі Цан Цзэ за стварэнне кітайскага пісьменства, паслаўшы жыхарам Паднябеснай дождж з хлебных зерняў, які выратаваў многіх людзей ад голаду.
Пісьмовая кітайская мова лічыцца адной з самых складаных у свеце, у ёй выкарыстоўваецца каля 80 000 іерогліфаў. Пры гэтым у паўсядзённым жыцці кітайцы звычайна карыстаюцца 2000–5000 іерогліфаў.
1626 год. Вечарам загарэўся Магілёў.
Згарэлі цэнтр разам з недабудаванай ратушай, умацаванні Бліжняга Вала.
1639 год. Магілёўскі друкар Спірыдон Собаль быў выгнаны з Маскоўскай дзяржавы.
У 1637–1639 гадах Собаль займаўся асветніцкай дзейнасцю, прадаў маскоўскаму выдаўцу Бурцаву-Пратапопаву шрыфты, планаваў адкрыццё друкарні і школы друкароў.
1660 год. Нарадзіўся Крыштоф Завіша (1660–1721).
Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст. Ваявода менскі, староста менскі і чачэрскі.
Навучаўся ў Віленскай акадэміі, потым у Кракаве.
Браў актыўны ўдзел у палітычным жыцці: некалькі разоў абіраўся дэпутатам на соймы, маршалак.
Адзін з асноўных фундатараў капліцы Святога Феліцыяна ў касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры калегіуме езуітаў у Мінску.
Аўтар пераробкі італьянскага раману «Любасць бяз зменаў», шэрагу прамоваў на соймах, сабраных ягонай дачкой Барбарай Радзівіл у кнізе «Водгук прыемных мелодыяў» і іншых.
Найбольш значнае з літаратурнай спадчыны К. С. Завішы – яго мемуары, у якіх апісваюцца палітычныя падзеі і шляхецкі побыт Рэчы Паспалітай XVII–XVIII стагоддзяў.
1855 год.Яўстах Тышкевіч заклаў Музей старажытнасцяў у будынку бібліятэкі Віленскага ўніверсітэту.
Музейныя прадметы былі сістэматызаваны паводле калекцыйнага прынцыпу, што адпавядала дасягненням экспазіцыйнай практыкі тагачаснай Еўропы. На момант адкрыцця экспазіцыя выглядала наступным чынам: калекцыя манет і медалёў, гравюр, геаграфічных карт і атласаў, карцін, партрэтаў і скульптур, дыпломаў, рукапісаў, аўтографаў гістарычных дзеячаў; мемарыяльная калекцыя, у складзе якой меліся скарбы мясцовых шляхецкіх родаў; археалагічная калекцыя; бібліятэка.
1895 год. Нарадзіўся Ежы Петэрбурскі (1895–1979).
Польскі, беларускі дырыжор і кампазітар. Вядомы як аўтар музыкі танга “Стомленае сонца” і вальса “Сіняя хустачка”.
Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, Венскай акадэміі музыкі. Імрэ Кальман высока цаніў яго талент. Працаваў у аркестры варшаўскага тэатра-кабарэ «Qui Pro Quo».
Аўтар аперэт, музыкі да многіх польскіх кінафільмаў 1930-х гадоў, песень. Найбольшую вядомасць Петэрбурскаму прынеслі яго танга. Сярод самых знакамітых танга «Апошняя нядзеля».
У верасні 1939 года атрымаў савецкае грамадзянства і ўзначаліў Дзяржаўны джаз-аркестр БССР. Для свайго калектыву напісаў вальс «Сіняя хустачка». У 1942 годзе ўступіў у польскую армію Андэрса.
Пасля вайны з’ехаў у Лацінскую Амерыку, з 1949 па 1967 жыў у Аргентыне і працаваў у Teatro El Nacional у Буэнас-Айрэсе капельмайстрам. Разам з паэтам А. Шэвахам напісаў вядомую калыханку на ідышы, якая ўваходзіла ў рэпертуар Сары Горбі. У 1967 годзе вярнуўся ў Польшчу.
Памёр 7 кастрычніка 1979 года. Пахаваны на варшаўскіх могілках Старыя Павонзкі.
1906 год. Адна з першых сцэнічных пастановак на беларускай мове адбылася ў маёнтку Пятроўшчына (цяпер у межах Мінска).
Арганізатары А. Бурбіс, А. Уласаў, С. Кукель і іншыя. Была пастаўлена камедыя М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі».
“Па рэвізіі” – аднаактавая п’еса-вадэвіль, напісаная Маркам Крапіўніцкім у 1882 годзе, апублікаваная ў 1885, папулярная ў беларускіх тэатрах пачатку XX стагоддзя.
Сцэну абсталявалі на падворку. Прысутнічала больш за 300 гледачоў. Прадстаўленне ішло ў музычным суправаджэнні цымбалаў, скрыпак і бубнаў. Прагучалі таксама вершы Янкі Купалы ў выкананні Бурбіса.
1910 год. Загінуў Сяргей Палуян (1890–1910).
Беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец, адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады.
Аўтар апавяданняў, вершаваных і драматычных твораў, рэцэнзій, першага ў беларускай крытыцы агляднага артыкула «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гістарычнага нарыса новай беларускай літаратуры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках».
Даследаваў украінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі.
Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры.
Сябраваў з Янкам Купалам, Якубам Коласам, М. Багдановічам, Цішкам Гартным, Ядвігіным Ш. і іншымі.
Скончыў жыццё самагубствам у 1910 годзе, у 20 гадовым узросце.
Памяці Сяргея Палуяна Янка Купала прысвяціў паэму «Курган» і верш, Максім Багдановіч —зборнік «Вянок» і верш, Ядвігін Ш. — верш у прозе «Раны».
1918 год. “Менскае беларускае прадстаўніцтва” дамаглося згоды германскага камандавання на стварэнне груп беларускіх саветнікаў пры акупацыйнай адміністрацыі – губернскіх і павятовых камендантаў.
1939 год. На другі дзень пасля ўхвалення ЦК ВКП(б) і Саўнаркамам СССР пераноса сталіцы з Мінска, ЦК КП(б)Б вызначыла тэрмін пераноса сталіцы ў Магілёў – лістапад 1939 года.
Мары магілёўцаў не ажыццявіліся. Планы пераносу былі скасаваны пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года.
1957 год. Нарадзілася Людка Сільнова.
Беларуская паэтэса. Скончыла БДУ.
Працавала на Маладзечанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, БДУ, ва ўстановах асветы Уздзенскага раёна і Мінска, у Нацыянальнай бібліятэцы.
Вершы паэтэсы перакладзены на польскую, украінскую, славацкую мовы. Аўтар 6 кніг і зборнікаў паэзіі.
1960 год. Створана першае ў БССР Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Пятром Шасцярыкавым.
1986 год. У Мінску на Траецкім прадмесці некалькі дзясяткаў удзельнікаў Афганскай вайны, нацкаваных камсамолам і КДБ, напалі на падлеткаў, што святкавалі Гуканне вясны.
23 аб’екты культурнай спадчыны Мікалаева пацярпелі ў выніку абстрэлаў з боку расійскіх акупантаў – паведамляе прэс-служба Мікалаеўскай гарадской рады.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Зараз у Мікалаеве на дзяржаўным уліку знаходзяцца 346 помнікаў: 71 – археалогіі, 108 – гісторыі, 19 – манументальнага мастацтва, 139 – архітэктуры; 9 – садова-паркавага мастацтва і яшчэ каля 400 аб’ектаў культурнай спадчыны.
З 23 аб’ектаў пацярпелі разбурэнні ў прыватнасці, такія помнікі архітэктуры, як музей Старафлоцкія казармы, Лецішча Кудраўцава, Марыінская гімназія, Гатэль Вімута.
Лецішча Кудраўцава
https://nikvesti.com/ru/news/politics/268223
Старафлоцкія Казармы
Нагадаем, поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны нанесла шкоду аб’ектам культурнай спадчыны краіны прыкладна на 2,6 мільярда даляраў.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
Міжнародны Дзень пралескі (International Snowdrop Day, з 1984 года).
Радзіма свята – Вялікабрытанія. У паўночным паўшар’і, у залежнасці ад кліматычнайзоны, пралескі зацвітаюць ад студзеня да красавіка.
Лацінская назва пралескі – “галянтус” – “малочная кветка”. Расліна вядома з 1 тысячагоддзя, у сярэдявеччы яе шанавалі як сімвал бязгрэшнасці.
У розных краінах кветку называюць па-рознаму: ангельцы – снежная кропля, снежная завушніца, чэхі – сняжынка, немцы – снежны званочак, у нас – пралеска.
Адна старажытная легенда абвяшчае, што калі Адам і Ева былі выгнаныя з раю, то пайшоў снег. Ева змерзла і стала плакаць, успамінаючы аб цёплых райскіх садах Эдэма. Каб суцешыць яе, Бог ператварыў некалькі сняжынак у кветкі пралескі. Убачыўшы кветкі, Ева павесялела і ў яе з’явілася надзея на лепшае.
Пралеска – сімвал надзеі.
Пралеска – сваячніца нарцыса, належаць да сямейства амарылісавых.
1655 год. Пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) магілёўцы, якія перайшлі на бок Масквы, вытрымалі аблогу войскаў гетмана Радзівіла быццам бы дзякуючы іконе Магілёўскага Богаяўленскага храма.
Штурмы горада адбываліся 28 лютага, 18-19 сакавіка, 19,23 красавіка, 11 мая 1655 года.
Першы раз ікону выкарысталі ў мэтах абароны горада ў 1655 годзе, у тым ліку 19 сакавіка (1 красавіка) 1655 года, у дзень святых мучанікаў Хрысанфа і Дарыі.
З гэтага часу Магілёва-Брацкая ікона Божай Маці прызнаецца цудатворнай. Захоўвалася ў Брацкім Богаяўленскім мужчынскім манастыры да пачатку XX стагоддзя.
Потым Божая Маці праславіла свой абраз у 1708 годзе, калі князь Меньшыкаў, будучы ў Магілёве, задумаў адпомсціць жыхарам горада за забойства «маскавіцян» у 1661 годзе падчас паўстання гараджан супраць маскоўскага гарнізона. Паводле падання, стоячы ў Богаяўленскім храме перад цудатворным абразом, ён раптам быў павалены на зямлю невядомай сілай і пасля гэтага, застрашаны і збянтэжаны гневам Божым, больш не адважваўся ні ўваходзіць у царкву, ні задумваць спусташэння непакорлівага горада над Дняпром.
А ў 1910 годзе Божая Маці выратавала ўвесь горад ад знішчэння агнём. Тады загарэлася прадмесце Лупалава, пажар з-за ветру перайшоў у горад і пагражаў Васкрасенскай царкве і Богаяўленскаму манастыру. Магілёўцы вынеслі цудатворны абраз на агорнутыя полымем вуліцы – і вецер, раптам павярнуўшы, пагнаў агонь у зваротным напрамку ад цэнтра горада.
Пасля бязбожнага ліхалецця XX стагоддзя лёс цудатворнай Магілёва-Брацкай святыні невядомы.
У Трохсвяціцельскім кафедральным саборы Магілёва знаходзіцца старажытны спіс (рэпліка) абраза.
1734 год. Справаводам Магілёўскага магістрата абраны Юры (Рыгор, Ежы) Трубніцкі (1680–1747).
Адзін з аўтараў “Магілёўскай хронікі». Вёў запісы за 1701–1747 гады. Пісаў на польскай мове. Член магістрата з 1725 года, рэгент гарадской канцылярыі з 1734 года.
Працягнуў працу свайго папярэдніка Трафіма Сурты. Першы запіс, зроблены яго рукой адносіцца да восені 1709 года, апошні – да 1746 года.
У якасці крыніц інфармацыі выкарыстоўваў успаміны сучаснікаў і сведкаў падзей, дакументальныя матэрыялы магілёўскага архіва, гісторыка-летапісныя крыніцы і ўласныя назіранні. У рукапіс хронікі ўнёс алегарычную сатыру «Карнавал іншаземны ў Польшчы», зроблены ім пераказ падзей з кніг па гісторыі Даніі і Швецыі.
Пасля смерці Юрыя напісанне Магілёўскай хронікі працягнуў яго сын Аляксандр, магілёўскі купец і дарадца магістрата, які вёў хроніку з 1747 па 1788 год. Справу Юрыя і Аляксандра працягнуў сын апошняга Міхаіл, які давёў змест летапісу да 1856 года.
1773 год. У Варшаве распачалася праца Вальнага сойму, які зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай (адбыўся ў 1772 годзе).
Да Расіі адыйшлі беларускія землі ў 92 тысяч км² з 1 мільёнам 300 тысяч чалавек – па Дзвіне, Друці, Дняпру, уключаючы Віцебск, Полацк, Мсціслаў, Магілёў, Гомель.
1850 год. Вялікабрытанія і ЗША падпісалі дамову аб сумесным будаўніцтве Панамскага канала (пазней ЗША вырашылі будаваць канал саматугам).
Панамскі канал – суднаходны канал, які злучае Панамскі заліў Ціхага акіяна з Карыбскім морам і Атлантычным акіянам, размешчаны на Панамскім перашыйку на тэрыторыі дзяржавы Панама.
Канал аказаў неацэнны ўплыў на развіццё суднаходства і эканомікі ў цэлым у Заходнім паўшар’і і ва ўсім свеце, што абумовіла яго надзвычай высокае геапалітычнае значэнне.
Дзякуючы Панамскаму каналу марскі шлях з Нью-Ёрка ў Сан-Францыска скараціўся з 22 500 да 9 500 км.
Ідэю будаўніцтва Панамскага канала падаў ураджэнец Крычава Аляксандр Галынскі (1816–1893) – журналіст, падарожнік, аўтар падрабязнай карты Каліфорніі.
1881 год. Нарадзіўся Валянцін Волкаў (1881–1964).
Народны мастак БССР, прафесар, аўтар выяў герба БССР (1927, 1938), мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.
З 1919 года жыў на Беларусі. Выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучылішчы, тэатральна-мастацкім інстытуце, кіраваў мастацкімі студыямі Саюза архітэктараў БССР, юных талентаў пры Доме народнай творчасці ў Мінску.
Бацька Анатоля Волкава і дзед Сяргея Волкава, таксама мастакоў.
Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, пісаў пейзажы, нацюрморты. Ствараў сюжэтна-тэматычныя карціны, прысвечаныя гісторыі Беларусі, партрэты.
У 1918 годзе ў Петраградзе ён займаўся ўбраннем горада да 1-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі – працы захоўваюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі. Адзін з першых беларускіх жывапісцаў стварыў вобраз Леніна.
Ілюстраваў і аформіў шэраг кніг для Дзяржаўнага выдавецтва БССР.
Сярод яго шматлікіх работ – «Кастусь Каліноўскі», «Барыкады», партрэты М. Багдановіча, М. Гусева, дзеячаў тэатра імя Я. Купалы. Шырокую вядомасць мае велізарная кампазіцыя «Мінск 3-га ліпеня 1944 года» (фота).
1881 год. Нарадзіўся Усевалад Ігнатоўскі (1881–1931).
Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук (1928–1931), яе акадэмік і акадэмік Усеўкраінскай акадэміі навук.
Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Працаваў Членам Часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ, наркамам земляробства, асветы, членам Прэзідыума ЦВК БССР (1920–1930), прафесарам БДУ, старшынёй Інбелкульта, першым прэзідэнтам Акадэміі навук і дырэктарам Інстытута гісторыі.
Актыўны распрацоўшчык палітыкі беларусізацыі, барацьбіт за ўзбуйненне БССР. Увёў новую перыядызацыю гісторыі Беларусі.
У 1930 годзе патрапіў пад рэпрэсіі, зняты з пасады Прэзідэнта Акадэміі навук. Выклікаўся на допыты ў ДПУ. Пасля аднаго з іх скончыў жыццё самагубствам. Паводле другой версіі быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сваім доме 4 лютага 1931 года.
Яго імя носіць Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка, на будынку якой устаноўлена мемарыяльная дошка.
1908 год. Нарадзіўся Вільгельм Гараўскі.
Беларускі празаік. Брат літаратара Адама Гракала-Гараўскага, унук мастака Гілярыя Гараўскага.
Максім Гарэцкі адгукаўся пра яго так: «Змалку, як і ўсе сялянскія дзеці, быў пастухом, пасля вучыўся, але пашкодзіла вайна і акупацыя», «пад уплывам польскага патрыятызму» ў 1921 годзе, у 13 гадоў, выехаў у Польшчу, але праз два месяцы вярнуўся ў БССР. Трапіў у Інстытут сацыяльнага перавыхавання (дзіцячы прытулак) у Мінску, адкуль потым уцёк і як беспрытульнік вандраваў па Украіне і Каўказе.
Скончыў польскі педтэхнікум. Выкладаў у польскіх школах у Беларусі. Пісаў на польскай і беларускай, друкаваўся ва «Узвышшы» і «Маладняку», у мінскіх і бабруйскіх выданнях. Ягоная лірычная імпрэсія «Скрыпка», аповесць «На ўздыме» выклікалі рэзананс.
У 1931 годзе браў удзел у І Усесаюзным з’ездзе польскіх пралетарскіх пісьменнікаў. Арыштаваны ў пачатку 1937 года. Расстраляны НКУС 27 жніўня 1937 года.
1926 год. Нарадзіўся Барыс Аракчэеў (1926–2013).
Беларускі мастак, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
Працаваў у станковым жывапісе, у жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычных карцін і батальных сцэн. Пад час вайны служыў у Бабруйску, Мінску.
Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Тэатральна-мастацкі інстытут (першы выпуск, разам з будучымі народнымі мастакамі А. Анікейчыкам, В. Грамыкам, А. Кашкурэвічам i Л. Шчамялёвым).
Сярод яго твораў – пейзажы, нацюрморты, серыя партрэтаў сучаснікаў і знакамітых людзей. З’яўляўся адным з чатырох стваральнікаў дыярамы «Мінскі кацёл» у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Акадэміі мастацтваў, з’яўляўся настаўнікам многіх вядомых беларускіх мастакоў.
Творы мастака знаходзяцца ў шматлікіх музеях: у Нацыянальным мастацкім музеі, Фондзе Саюза Мастакоў, Магілёўскім мастацкім музеі і іншых, галерэях Гомеля, Светлагорска, Полацка, Крупак, Баранавічаў, у прыватных калекцыях замежных краін.
Імя мастака носіць галерэя ў г. Крупкі.
Мемарыяльная дошка на доме, дзе працаваў Б. Аракчэеў.
1934 год. Гістарычнае фота лохнескай пачвары, нэсі.
Палкоўнік медыцынскай службы хірург Кенэт Уілсан ішоў з прыяцелем па беразе возера Лох-Нес. Таварыш Уілсана раптам застыў на месцы, узіраючыся ў возера, і выклікнуў: “Божа, ды гэта ж пачвара!”. Уілсан павярнуўся і ўбачыў у вадзе, прыкладна за 200 метраў ад берага, дзіўную жывёліну. Хірург спешна схапіў фотаапарат і зрабіў чатыры здымкі. Праз пару хвілін пачвара пагрузілася ў водную роўнядзь і знікла з выгляду. З чатырох здымкаў толькі адзін захаваў профіль невядомай свету істоты.
Гэты здымак зрабіў фурор ва ўсім свеце. Ён быў надрукаваны ў “Дэйлі мэйл”. Экспертыза пацвердзіла сапраўднасць здымка.
Было вызначана, што на ім адлюстраваны старажытны плезіязаўр. Навукоўцы даказалі, што плезіязаўр цалкам мог ацалець у возеры Лох-Нес, калі яно аддзялілася ад мора. Асяроддзе пасялення цалкам падыходзіла яму. Глыбіня возера складае да 330 метраў, што глыбей Паўночнага мора, дно рассечана расколінамі, дзе можна схавацца, а рыбы для пражытка плезіязаўра там дастаткова.
Лічыцца, што першая пісьмовая згадка аб пачвары зроблена абатам шатландскага Аёнскага манастыра Адамнанам, каля 700 года.
1939 год. Прынята пастанова ЦК ВКП(б) і Саўнаркама СССР “Аб гарадскім будаўніцтве ў Магілёве ў сувязі з пераводам сталіцы БССР».
Пытанне аб пераносе сталіцы было пастаўлена яшчэ 16 снежня 1937 года Пратаколам палітбюро № 56 ЦК ВКП(б) за 11 снежня 1937 – 21 студзеня 1938 года, дзе ў пункце 114 запісана: “Прыняць прапанову… аб пераводзе сталіцы…”.
Мары магілёўцаў стаць сталічнымі жыхарамі не ажыццявіліся. Планы пераносу былі скасаваны пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года. Верагодна, дзякуючы гэтаму, цэнтр Магілёва, у пэўнай ступені, захаваў свой аўтэнтычны выгляд.
1970 год. На Волжскім аўтазаводзе (пабудаваны італьянцамі) на базе “Fiat” быў сабраны першы ВАЗ-2101 – у народзе “капейка”.
Гэта адбылося а 7:00. Першы аўтамабіль звёў з канвеера італьянскі шэф-інструктар. Рытмічная праца галоўнага канвеера пачалася толькі ў жніўні.
У розных мадыфікацыях было выраблена ў 1970-1988 гадах 4,85 мільёнаў “капеек”. Апошні аўтамабіль на базе ВАЗ-2101 выраблены 17 верасня 2012 года.
2013 год. Узровень Дняпра у Магілёве дасягнуў абсалютнага максімума 661 см. Найвялікшы паказчык за ХХІ стагоддзе.
Крытычным з’яўляецца ўзровень у 610, а небяспечным – 620 см.
У гэтым, 2023 годзе, максімуму вышыня вады ў Дняпры ў Магілёве дасягнула 7 красавіка – 570 см.
Гістарычны максімальны пад’ём вады рэгістраваўся 24 красавіка 1931 года – 853 см, калі вада пералівалася праз Пушкінскі праспект. Блізкі пад’ём быў у 1956 годзе – 834.
На праваслаўную Пасху ў паўднёвых раёнах вобласці заквітнелі вольха – яна квітнее раней за з’яўленне лісця – амела, асіна, ляшчына, у гарадах, Магілёве, Бабруйску з’явіліся лісточкі ў фарзіцыі, вярбы, бярозы, каштана, па сонечных схілах з’явіліся кветачкі ў падбела, які яшчэ называюць маць-і-мачахай.
Нашы чытачы з вялікай ахвотай і задавальненнем дзеляцца сваімі фотаздымкамі папрыгажэўшых гарадоў.
Такое рашэнне прынята ў сувязі з добрымі ўмовамі надвор’я і перспектыўным прагнозам – паведаміў старшыня гарвыканкама Аляксандр Студнеў. Камунальнікі адключаюць у абласным цэнтры сістэмы ацяплення другой чаргі. Гэта жыллёвы фонд, інтэрнаты, установы адукацыі – акрамя школьных і дзіцячых дашкольных устаноў – а таксама тэатры і агульнагарадскія лазні. Першыя аб’екты сталі адключаць ужо 17 красавіка.
У Магілёўскай вобласці пачалася штогадовая рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу”. З 17 па 23 красавіка будзе пасаджана 3 мільёны дрэў на плошчы 500 гектараў – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”.
Сярод асноўных парод лясных культур – хвоя, елка, дуб, ясень, клён, ліпа. Акцыя пройдзе ва ўсіх лясгасах, аднак самыя вялікія аб’ёмы пасадак плануецца правесці ў раёнах, якія найбольш пацярпелі ад стыхіі ў 2022 годзе: Быхаўскім, Горацкім, Клімавіцкім, Магілёўскім, Чавускім, Чэрыкаўскім”.
Пад час акцыі таксама будуць адноўлены 35 месцаў адпачынку, вывезена смецце – каля 250 кубоў, ачышчаны прыдарожныя палосы і тэрыторыі вакол населеных пунктаў на плошчы каля 150 гектараў.
Стаць удзельнікам акцыі можа кожны. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў бліжэйшы лясгас ці лясніцтва і заявіць аб сваім жаданні. У вобласці заяўкі на ўдзел у акцыі падалі ўжо больш за 12 500 чалавек, аднак іх чакаецца яшчэ больш.
Запланаваныя аб’ёмы стварэння лясных культур складаюць каля 20% ад агульнага плана па лесааднаўленню гэтай вясной і каля 12% – ад гадавога задання.
Следчы камітэт заявіў, што высветліў жахлівыя падрабязнасці знаходкі нованароджанай дзяўчынкі на казырку паштовага аддзялення на вуліцы Габраўскай у Магілёве. Паведамляецца, што ноччу дзіцячы крык пачула жыхарка дома, якая выйшла на балкон пакурыць. Жанчына ўбачыла нованароджанага дзіцёнка, што ляжаў у пакеце і выклікала міліцыю. Дзіця з пераахаладжэннем дастаўлена ў бальніцу. Яму аказана кваліфікаваная дапамога, дзяўчынка знаходзіцца пад назіраннем лекараў.
Папярэдне ўстаноўлена, што дзяўчынку нарадзіла 34-гадовая мясцовая жыхарка. Яна загарнула малую ў ручнік, паклала ў пакет і выставіла на казырок. У жанчыны ёсць яшчэ трое дзяцей, аднаго, двух і дзевяці год.
Заведзеная крымінальная справа за замах на забойства заведама малалетняга, што знаходзіцца ў бездапаможным стане.