Тэрмінам да 6 чэрвеня беларускія рамеснікі могуць прадставіць у райвыканкамы дакументы аб сваёй дзейнасці. Калі іх дзейнасць улады прызнаюць рамесніцкай, то ўмельцы далей будуць плаціць рамесны збор, а калі не – то падатак на прафесійны даход.
Паводле новай рэдакцыі Падатковага Кодэкса Беларусі пачынаючы з 1 ліпеня 2023 года ўсе людзі, якія зарэгістраваныя як рамеснікі, пераводзяцца на новую форму падаткаабкладання – яны павінны будуць выплочваць падатак на прафесійны даход. Яго сума для фізічных асобаў – 10% ад атрыманых даходаў.
Аднак робіцца выключэнне для асобных рамеснікаў, якія могуць атрымаць права на меншае падаткаабкладанне – на выплату рамесніцкага збора, які будзе складаць суму ў 6 рублёў штомесячна, пачынаючы з 1 ліпеня 2023 года. Для таго, каб атрымаць права на гэтае выключэнне, неабходна ў тэрмін да 6 чэрвеня 2023 года звярнуцца ў службу “Адно акно” свайго гарадскога альбо раённага выканаўчага камітэта.
Пры звароце неабходна напісаць заяву і дадаць фатаграфіі і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць ажыццяўленне рамеснай дзейнасці. Усе заявы будуць разгледжаны на камісіях, створаных пры гарвыканкамах і райвыканкамах. Камісія будзе абапірацца на крытэрыі, зацверджаныя ў артыкуле 189 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь.
Фота ілюстрацыйнае