Два мясных кантрабандысты за адну гадзіну былі затрыманы на Мсціслаўшчыне

Кожны вез па 300 кілаграм мяса для продажы ў Расію,  іх затрымалі супрацоўнікі ДАІ.

Спачатку на дзевятым кіламетры аўтамабільнай дарогі Мсціслаў – Каськова (Расійская Федэрацыя) інспектары ДПС спынілі аўтамабіль Iveco Daily, у якім знаходзілася 300 кг субпрадуктаў буйной рагатай жывёлы. Дакументы на мясны груз у кіроўцы машыны адсутнічалі. Аналагічнае парушэнне супрацоўнікі ДПС праз гадзіну зафіксавалі на гэтай самай дарозе. У багажным аддзяленні аўтамабіля Volkswagen Polo мужчына без дакументаў перавозіў 360 кг мяса буйной рагатай жывёлы. 

Сумарна, інспектары дарожна-патрульнай службы Мсціслаўля спынілі незаконную транспарціроўку 660 кг мяса. Матэрыялы парушэнняў накіраваны ў суд для разгляду абодвух выпадкаў. 

Фота mogilevnews.by

Электронныя цыгарэты завозіліся ў Магілёў у абыход мытні

У індывідуальнага прадпрымальніка знайшлі больш за 2 тысячы адзінак электронных цыгарэт без неабходных дакументаў. Яму пагражае адміністрацыйка і 50% штраф.

Магілёўская мытня паведаміла, што ў выніку спецыяльнага мерапрыемства аддзела па барацьбе з кантрабандай у трох гандлёвых аб’ектах на тэрыторыі абласнога цэнтра, якія належаць аднаму індывідуальнаму прадпрымальніку, устаноўлены факты рэалізацыі без неабходных транспартных і грузасуправаджальных дакументаў электронных цыгарэт і вадкасці для іх у колькасці звыш 2 тысяч адзінак і коштам больш за 44 тысячы беларускіх рублёў.

Па дадзеным факце Магілёўскай мытняй распачаты адміністрацыйны працэс па артыкулу 13.12 КаАП Рэспублікі Беларусь “парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспарціроўкі, водпуску ў рэалізацыі тавараў”. 

Рэалізацыя кантрабандных тавараў – небяспечная гульня ў рулетку. Нагадаем, што санкцыяй дадзенага артыкула прадугледжана накладанне штрафу ў памеры да пяцідзесяці працэнтаў ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Крыніца: mogilevnews.by

Цяпер цяляты! Расіянін спрабаваў вывесці 30 беларускіх бычкоў

50-гадовага кантрабандыста выкрылі дарогаю ў Расію. Туды ён кіраваў фуру наладаваную «жывым таварам», на які не было дакументаў. Спынілі машыну ў Кіраўскім раёне.

“Падчас агляду ў паўпрычэпе было выяўлена 30 бычкоў коштам блізу 65 тысяч рублёў”, – паведамляе тэлеграм-канал «Милиция Могилёщины».

Паводле яго, устаноўлена, што жывёлы былі закуплены ў грамадзян у Капыльскім раёне для далейшага перапродажу.

Аўтамабіль з грузам затрыманы. Праводзіцца праверка, па выніках якой дзеянням перавозчыка будзе дадзена прававая ацэнка.

Паведамленні пра выкрыццё кантрабанды дарогаю ў Расіі апошнім часам у міліцэйскім тэлеграм-каналам з’яўляецца ледзьве не штодня. У суседнюю краіну, на мяжы з якой адсутнічае сталы беларускі пагранічны і мытны кантроль, незаконна вязуць металалом, мясныя харчы, гароднінную прадукцыі, а цяпер і буйную рагатую жывёлу.

 

3,5 тоны каўбасы не далі вывесці кантрабандыстам у Расію

Машыну прыватнага прадпрымальніка спынілі ў Мсціслаўскім раёне. На тавар адсутнічалі грузасуправаджальныя дакументы.

Кантрабанду выкрылі супрацоўнікі Магілёўскай мытні, якая распачала адміністрацыйны працэс супраць уладальніка грузу.

«На тэрыторыі Мсціслаўскага раёну быў устаноўлены факт транспартавання ў напрамку Расійскай Федэрацыі каўбасных вырабаў у асартыменце, масай каля 3,5 тон, коштам звыш 25 тысяч беларускіх рублёў», піша тэлеграм-канал MOGILEVNEWS.

Прыватнаму прадпрымальнік пагражае штраф у памеры да пяцідзесяці працэнтаў ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

фота: mogilevnewsby

Недалёкае замежжа. Латвійскія пагранічнікі выявілі 38000 пачак кантрабандных цыгарэт з Беларусі

20 скрынак цыгарэт былі схавалі ў чатырох вагонах з чыгунам. Адшукалі не дэклараваны тавар з дапамогаю службовага сабакі.

i.imgur.com

«Кінолаг са службовым сабакам знайшоў у грузе чыгуну схаваныя тытунёвыя вырабы – 380 000 цыгарэт «Прэм’ер», NZ, «Мінск» і Queen з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь», – піша выданне «Наш горад».

Сума нявыплачаных дзяржаве падаткаў за канфіскаваныя цыгарэты складае каля 134.000 еўра. Матэрыялы, распачатай справы, перададзены ва Упраўленне падатковай і мытнай паліцыі службы дзяржаўных даходаў для прыняцця рашэнняў аб пачатку крымінальных працэсаў.

фота: gorod.lv

Кантрабандыстам не ўдалося накарміць Расію беларускім сырам. Яго канфіскавалі дарогаю

Вывесці ў суседнюю краіну збіраліся больш за 1 тону сыру, на які не было суправаджальных дакументаў. Ладунак ацэнены ў 15 тысяч рублёў. А выкрылі кантрабанду ў Мсціслаўскім раёне.

На перавозчыкаў складзены пратакол і ім пагражае штраф у памеры да пяцідзесяці працэнтаў ад кошту прадмету адміністрацыйнага правапарушэння, паведамляе інтэрнэт-рэсурс GOLK.by.

Паводле выдання кантрабандыстаў выкрылі падчас «спецыяльнага мерапрыемства супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з кантрабандай Магілёўскай мытні сумесна з супрацоўнікамі абласнога ДАІ Мсціслаўскага РАУС».

У Расію, на мяжы з якою адсутнічае сталы беларускі пагранічны і мытны кантроль кантрабандай вязуць металалом, мясныя харчы ды іншыя грузы, пісаў Магілёў.media. 

Двое грамадзян суседняй краіны нават спрабавалі вывезці з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Расіян спынілі ў Мсціслаўскім раёне. Як вынікае з публікацыяў праўладных мэдыяў у гэтым раёне найбольш затрымліваюць кантрабандыстаў.

фота: golk.by

Да Расіі не давезлі беларускае мяса. Кантрабандыстаў спынілі ў дарозе

Акрамя мяса ў суседнюю краіну незаконна вязуць металалом і іншую прадукцыю, якая там без цяжкасцяў збываецца.

За апошнія некалькі дзён у Расію кантрабандай спрабавалі вывезці пяць з паловай тон мяса. Як высветлілася, тавар не меў неабходных суправаджальных дакументаў. Машыны з кантрабандным грузам спынілі непадалёк ад расійскай мяжы.

У Клімавіцкім і Мсціслаўскім раёнах міліцыя затрымала чацвярых жыхароў Чавускага раёну, якія перавозілі разабраныя тушы буйной рагатай жывёлы. У трох машынах яны везлі без суправаджальных дакументаў больш за чатыры тоны мяса.

«Пры гэтым груз перавозіўся з відавочнымі парушэннямі ветэрынарнага заканадаўства. Фігуранты патлумачылі, што мелі намер прадаць тавар у Расіі», – піша тэлеграм-канал «УВД Беларуси».

Прадукцыю і транспартныя сродкі ў “кантрабандыстаў” канфіскавалі.  Аператыўнікі праводзяць праверку.

Паводле гэтага ж інфармацыйнага рэсурсу, раней жыхар Бабруйску спрабаваў вывезці ў Расію больш за 1,5 тоны мяса. Яго спынілі ў Крычаўскім раёне.

У Расію, на мяжы з якою адсутнічае беларускі пагранічны і мытны кантроль, акрамя мяса кантрабандай вязуць металалом і іншыя грузы. Тыдзень таму двое грамадзян суседняй краіны спрабавалі вывезці з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Расіян спынілі ў Мсціслаўскім раёне.

фота: gstatic.com

Расіянам не дазволілі вывезці буйную партыю беларускай гародніны

Двое грамадзянаў Расійскай Федэрацыі везлі з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Гэта выявілі магілёўскія мытнікі.

Адзначаецца, што затрыманне расіян стала вынікам «спецыяльнага мерапрыемства» супрацоўнікаў аддзелу па барацьбе з кантрабандай сумесна з супрацоўнікамі мсціслаўскага ДАІ»

«Паблізу беларуска-расійскай мяжы на тэрыторыі Мсціслаўскага раёну былі спыненыя дзве грузавыя машыны пад кіраваннем грамадзян Расійскай Федэрацыі» – паведамляе тэлеграм-канал «MOGILEVNEWS».

Што зрабілі з выяўленай кантрабанднай прадукцыяй, праўладны рэсурс не паведамляе.

 

«Дапамог бюджэту». Магілёвец цягнуў на радзіму 20 тон расійскай цыбулі і збіраўся на ёй абагаціцца

Кошт кантрабанднага тавару ацэнены ў 38,7 тысяч рублёў. Кантрабандыста аштрафавалі на 160 рублёў, а цыбулю канфіскавалі.

«Падатковая інспекцыя па Гомельскай вобласці і Гомельская мытня ўстанавілі жыхара Магілёва, які, не з’яўляючыся індывідуальным прадпрымальнікам, увёз з Расіі ў Беларусь 20,3 тон рэпчатай цыбулі», піша БелТА, спасылаючыся на прадстаўніцу падатковай інснэкцыі Таццяну Жылінскую.

Буйную партыю цыбулі на суму 38,7 тысяч рублёў магілёвец збіраўся прадаць.

Фота ілюстрацыйнае

Кантрабандны «рубец свежы». Чаму не рызыкаваць, калі няма мяжы з Расіяй

33 тоны мясной прадукцыі кантрабандай вёз у Расію кіроўца, машыну якога спынілі ў Клімавіцкім раёне. Вага ладунка перавышала дапушчальныя нормы перавозкі тавараў па дарогам агульнага карыстання, а яго кошт – больш за 91 тысячы рублёў – быў значна вышэйшы за пазначаны ў суправаджальных дакументах. Згодна з імі ў машыне мелася быць 20 тон «рубца свежага».

Як паведамляе краснапольская раённая газета «Чырвоны сцяг» уладальнікам ладунку аказаўся сам кіроўца – прыватны прадпрымальнік. У яго былі падробленыя дакументы для перасоўвання па тэрыторыі Расіі.

Бізнесоўца прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за падробку дакументаў, а таксама за парушэнне парадку ўдзелу ў дарожным руху цяжкавагавых, або буйна габарытных транспартных сродкаў.

Як сцвярджаюць прыватныя прадпрымальнікі, якія займаюцца пастаўкамі прадуктаў і тавараў у Расію, кантрабанда гэта адзін з спосабаў пазбегнуць лішніх затрат. Паводле бізнесоўцаў многія спадзяюцца, што іх прапусцяць мытнікі і не зверне ўвагу на машыну транспартная міліцыя.

«Рызыка часам апраўданая, – заяўляюць яны. – Чаму не рызыкаваць, калі мяжы з Расіяй няма».

фота: customs.gov.by