Крычаўская будаўнічае прадпрыемства ПМК-264 прабіла чарговае дно

Жыхары дома па адрасе мікрараён Камсамольскі 44 скардзяцца на касякі будаўнікоў, якія ствараюць ім зручнасці, а тыя не спяшаюцца выпраўляць свае недапрацоўкі і агрэхі. І гэта нягледзячы на тое, што дом на “асаблівым кантролі” ў кіраўніцтва раёна.

У некаторых кватэрах дома цячэ дах, а ў пад’ездах вада ліецца па аконных праёмах, асела адмостка, адышла плітка пры ўваходзе ў пад’езд, вакол паціпавярховіка дагэтуль не прыбрана будаўнічае смецце. Недахопаў вельмі шмат, але мясцовая будаўнічая арганізацыя ПМК-264 не імкнецца іх выпраўляць. 

Кіраўніцтва ПМК-264 спасылаецца на тое, што няма грошай, альба па просту не хапае часу. Жыхары дома, якія чакалі рамонту, на нацярашні час канчаткова расчараваліся ў абяцанках прадстаўнікоў будаўнічай арганізацыі, бо тэрміны рамонту пераносяцца ўсё далей і далей паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”

Тым часам, злашчасны дом далёка не адзіны ў «скарбонцы недахопаў» будаўнічага прадпрыемства. Менавіта будаўнікі ПМК-264 займаліся капітальным рамонтам дома на мікрараёне Камсамольскім, 3, падчас чаго аблажаліся на ўсю вобласць, пра што пісалі mogilev media. Не лепш выглядае карціна і з будаўніцтвам дома па адрасе Камсамольскі, 37а, які будуюць ажно два гады, парушаючы правіла бяспекі і забруджваючы будаўнічым смеццем ўсё навакол, пра што выйшаў асобны матэрыял на mogilev media.

Гэта ўсё не стварае добрага іміджу дзяржаўнай будаўнічай структуры. Яе рэпутацыя падае ўсё ніжэй і ніжэй, а будаўнікі не толькі страцілі давер у вачах простых крычаўлян, але і ў кіраўніцтва раёна: капітальны рамонт ім ужо не давяраюць, і чарговы шматпавярховік будуюць будаўнікі суседняга раёна, і паліклініку ў горадзе таксама ўзводзяць не мясцовыя.

Фота “Крычаўскае жыццё”

Вялікая калюжына ў густанаселеным раёне Крычава – фотафакт

Пяціпавярховік за кітайскія грошы крычаўская ўлада пабудаваць змагла, а вось адрэмантаваць дарогу побач не можа ўжо не першы дзесятак год. 

У мікрараёне “Сож” каля дома пабудаванага на кітайскія інвестыцыі адным з пастаянных элементаў пейзажа стала вялікая калюжына, якая редка высыхае нават летам. Дом пабудавалі, аднак дарогу за домам так і не адрамантавалі. 

Прычым такая карціна не змяняецца гадамі, бо гэтае месца ўжо сталася звыклым краявідам і ланшафтам густанаселенага мікрарёна “Сож” у Крычаве. Мясцовыя ўлады нават не стараюцца хоць крыху падлатаць дарожнае пакрыццё, з-за чаго ў восенькі час тут небяспечна едзіць любой машыне, бо можна проста сур’ёзна паламацца. 

Не надта бяспечна і звычайным пешаходам, бо калі аступіцца можна даць нырца і намачыцца вельмі моцна, што ў халодную пару года можа выліцца ў хваробу з моцнай тэмпературай.

Дарэчы, ужо раней mogilev.media пісалі пра гаротны стан дарожнага пакрыцця ў Крычаве, але паляпшэнняў на вялікі жаль не багата. 

Фота mogilev.media

Пад Кіраўскам гарэла база адпачынку, пад Дрыбінам загінуў мужчына

У начны час дрыбінскім ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў аграгарадку Трылесіна на вуліцы Гагарына. 

Па прыездзе на месца здарэння супрацоўнікамі службы быў знойдзены загінулы муж гаспадыні дома 1956 года нараджэння. Меркаваная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. 

Пажар адбыўся і ў вёсцы Колбава Кіраўскага раёна, дзе на базе адпачынку «Лясны рай» згарэла лазня. Пасля прыбыцця да месца пажару супрацоўнікаў Кіраўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, адбывалася гарэнне лазні адкрытым полымем. Унутры будынка, на шчасце, нікога не было – піша кіраўская раённая газета “Кіравец”.

У выніку пажару пашкоджаны сцены і столь пабудовы. Акрамя таго, знішчаны дах і маёмасць, размешчаная ўнутры лазні. Пацярпелых няма. Прычына і абставіны здарэння пажару высвятляюцца.

Фота: “Кіравец”

Старадаўні калядны абрад Шчадрыца адрадзілі ў Магілёўскім раёне

Старадаўні калядны абрад “Шчодрыца” – Шчодры вечар, або Шчадрэц – адрадзілі ў аграгарадку Кадзіна Магілёўскага раёна.

Удзельнікамі абраду сталі выхаванцы тэатральнага гуртка, школьнікі мясцовай школы і работнікі Кадзінскага дома культуры.

Калядныя абрады праводзяцца па ўсёй Беларусі, але ў кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці. Па традыцыі на стары Новы год калядоўшчыкі вялікім і вясёлым гуртом ходзяць па хатах суседзяў, водзяць Казу і Мядзведзя, танчаць і спяваюць шчадроўкі – хвалу гасцінным гаспадарам, варожаць.

Асаблівасцю Шчадраца ў Магілёўскім раёне стала забытая традыцыя перадачы дзяўчатамі адна адной свечкі-шчодрыцы – абярэга ад адзіноты.

Гісторыю абраду захавала жыхарка Кадзіна Ніна Пятрэня.

– Свечку прыносілі ў хату той прыгажуні, якая хацела выйсці замуж. – тлумачыць хармейстар раённага цэнтра культуры Ірына Якаўлева – Лічылася, што шчодрыца дапамагала ва ўладкаванні асабістага шчасця. Свечка перадавалася з хаты ў хату толькі ў Шчодры вечар і заставалася ў незамужняй дзяўчыны на цэлы год – да наступнага свята. Лічылася, што за гэты перыяд яна абавязкова павінна сустрэць наканаванага. Дарэчы, кожная дзяўчына ўпрыгожвала свечку самастойна – рабіла для яе своеасаблівую карункавую або атласную спаднічку”.

Традыцыйна Каляды былі самым спрыяльным часам для варажбы – усе вечары са Шчодрай Каляды да Вадохрышча дзяўчыны толькі гэтым і бавілі час. Аднак свечка-абярэг у варожбах не ўдзельнічала, з ёй было прынята мець зносіны сам-насам: прасіць дапамогі праз малітву аб любым і вырашэнні сардэчных спраў.

Самае галоўнае вясёлае музычнае дзейства ў Кадзіна па традыцыі разгарнулася на сельскіх вуліцах. Вялікі і шумны гурт на чале з Калядай, Казой і гарманістам спявалі песні-калядкі і зазіралі ў кожны дом. У стракатым натоўпе пераапранутых былі заўважаны Мядзведзь, цыганы, Механоша, пераапранутыя неслі ўпрыгожаную рознакаляровымі стужкамі “калядную зорку”.

Калядоўшчыкі ўваходзілі ў хаты са словамі: “Мы – людзі не простыя, з далёкага краю, ідзём вакол святла ажно ад пана Лета. Не адны ідзём, свечку-шчодрыцу з сабой нясем!” Дзяўчына, якая жыве ў гэтым доме прымала свечку, прыбірала і несла да бажніцы. З малітвай яе ставілі пад выявы: “Свяці-свяці, Шчодрыца, шчасце хай памножыцца!”

Як толькі вясёлая гурма трапляе ў хату, пачынаецца жартоўнае паданне па класічных канонах.

Ніводнае беларускае народнае свята не абыходзіцца без музыкаў. На свяце ў Кадзіна сярод усіх музычных інструментаў вылучаўся незвычайны самаробны “бусел”. 

 

Яго прыдумаў і зрабіў акампаніятар Падгорскага клуба Магілёўскага раёна Віктар Пастухоў. Гэта шумавы інструмент, якога больш няма ў Беларусі. Каб ён загучаў, варта ўсяго толькі стукнуць ім аб зямлю, як кіем. Яго асновай стаў раздвоены сук, паміж галінамі якога нацягнута струна з маленькімі талерачкі. Унізе на ножцы прылады прадугледжана гумка, каб стук быў мякчэйшым. Уверсе прымайстравана “бусліная” галава з доўгім носам.

У наступным годзе Віктар Пастухоў хоча зрабіць “саву” са званочкамі і бразготкамі – яшчэ адну музычную навінку.

Навіны Мікалаева – акупанты пашкодзілі 14 000 дамоў

На Новы год у горадзе будзе Ёлка нязломнасці.

Расійскія войскі разбурылі або пашкодзілі каля 14 000 жылых дамоў у Мікалаеве і вобласці. Усе гэтыя аб’екты наносяць на геакадастравую карту. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваенай адміністрацыі Віталь Кім у эфіры “Апостраф TV” 

Каля 14 тысяч аб’ектаў былі знішчаныя або пашкоджаныя, 9 400 – гэта прыватныя дамы. Мы заканчваем ідэнтыфікаваць усе аб’екты, ужо 64% дадзеных па разбурэннях апрацаваны.

 Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Новая манета

Нацыянальны банк Украіны з 28 снежня ўвёў у абарачэнне памятную манету “Павел Глазавой” наміналам у 2 грыўны – паведамляе “Укрінфарм”.

Манета прысвечана аднаму з самых папулярных украінскіх паэтаў-гумарыстаў, заслужанаму дзеячу мастацтваў Украіны, лаўрэату прэміі імя Астапа Вішні, першаму лаўрэату прэміі імя Пятра Сагайдачнага – Паўлу Глазавому (1922-2004), які нарадзіўся ў Мікалаеўскай вобласці. Глазавы з’яўляецца аўтарам паэмы “Славься, Отчизна моя!”, 13 кніг сатыры і гумару, 8 кніг для дзяцей.

Галоўная ёлка за 5 гадоў знасілася.

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваенай адміністрацыі Віталь Кім заявіў, што галоўная ёлка 22 метра вышынёй, якую на працягу апошніх 5 гадоў усталёўвалі на Саборнай плошчы, ужо знасілася. За яе ў 2017 годзе заплацілі 3 мільёны грывен.

Каб не марнаваць грошы на новую ёлку падчас вайны, вырашылі зрабіць «ёлку нязломнасці» у Каштанавым скверы, паведамляе “Апостраф TV”.

Кім нагадаў, што сёлета ў Мікалаеве стаіць асаблівая ёлка – гэта помнік Святога Мікалая ў Каштанавым скверы, абаронены мяшкамі з пяском. Іх накрылі сеткай, а мясцовыя ўпрыгожылі яе цацкамі.

– Была ідэя ўсталяваць навагоднюю ёлку на цэнтральнай плошчы, як мы рабілі гэта кожны год, але яна ўжо састарэла, і менавіта сёлета трэба было купляць новую. Мы з мэрам вырашылі, што зараз не самы добры час, каб купляць дарагую ёлку і ўсталёўваць на пэўную кароткую колькасць дзён, таму вырашылі паступіць так. – паведаміў Віталь Кім.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

У Керчы адначасова нельга і можна будзе запускаць навагоднія феерверкі

Кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў дазволіў запускаць феерверкі ў навагоднюю ноч. Дзяржаўных святочных салютаў у навагоднюю ноч у Крыме і Керчы не плануецца, але прыватныя асобы змогуць запускаць феерверкі –  перадае яго словы Керчь.ФМ. 

Адначасова, прынятым у верасні Указам № 214-У Аксёнаў забараніў запуск феерверкаў на тэрыторыі Крыма ўсім фізічным і юрыдычным асобам. Пасля выступу акупацыйнага кіраўніка Крыма якіх-небудзь змен у забараняльным указе не было.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці 

Керч – з 1988 года горад-пабрацім Магілёва. Заснаваны ў 610-590 гг. да нашай эры грэцкімі каланістамі з Мілета. У розныя эпохі горада называўся Панцікапей, Чаркіа, Воспора, Корчаў, Баспор. У 480 г. да н.э. Пантыкапей стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы. сця. Знаходзіўся пад уладай Усходняй Рымскай (Візантыйскай) Імперыі  ў VI і ў XI -XII стагоддзях, у VIII стагоддзі патрапіў у сферу ўплыву Хазарскага каганата. У канцы X-XI стагоддзях уваходзіла ў склад рускага Тмутараканскага княства. У 1318 годзе горад увайшоў у склад Генуэзскіх калоній. У 1475-1774 у Асманскай, у 1774-1917 – у Расійскай імперыі, у 1917-1954 гадах у складзе РСФСР, у 1954-2014 – у складзе Украіны. У 2014 годзе Крым анэксаваны Расіяй. Сучаснае насельніцтва горада 155 тысяч чалавек.

У Магілёве жыхары скардзяцца на ліфт – відэа

Грукат, шархаценне, удары – адбіваюць жаданьне жыхароў ад перасовання ў ім.

Ліфт, усталяваны ў шматпавярховым доме па вуліцы Каштанавай тры месяцы таму, палохае яго жыльцоў незвычайнымі гукамі.  

Відэа з праблемнай працай ліфта адна з жыхарак выклала ў адзін з магілёўскіх паблікаў.

 

“Як вы думаеце, праца такога ліфта – ці бяспечная?” – задае пытанне аўтар відэа ў пабліку.

– Гэта труць кантрольныя чаравікаў… Спачатку нічога страшнага, пакуль не заб’юць накіроўвальныя, укладышы і г.д. – адказвае адзін абазаны чытач.

– Нічога небяспечнага няма, – паўтарае другі “спецыяліст” – ідзе прыцірка.

“Навошта і што прыціраецца ўжо тры месяцы? – не сунімаецца аўтар допісу – І шум апошнім часам у грукат перайшоў – у кватэрах чутны”.

– Не небяспечна. – супакойвае яшчэ адзін каментатар – Націсніце на кнопку са званочкам і растлумачце праблему дыспетчару. Абслугоўваючы механік прыбярэ праблему. Пасля мантажу, яшчэ бывае паўгода вылазяць “касякі”. І гэта таксама нармальна.

 

У Клічаве шматкватэрныя дамы пазбаўляюць гарачага водазабеспячэння. Людзі пратэстуюць

Ад уладальнікаў кватэр патрабуюць дэмантаваць газавыя калонкі, якія яны ставілі за свой кошт, каб у іх была гарачая вада. Пазбаўляцца адной з даброт цывілізацыі людзі не хочуць і атакуюць райвыканкам калектыўнымі скаргамі. 

Чыноўнікі кажуць, што шукаюць варыянты развязання праблемы. Пакуль выйсце не знойдзенае. Патрабаваньні тлумачацца мерамі бяспекі

Прапрацоўваецца аптымальны варыянт вырашэння праблемы

Пра праблему райцэнтру стала вядома са звестак абласнога сэмінару-нарады, прысвечанага зваротам грамадзян у органы ўлады. На ім было адзначана, што ў Клічаве зафіксаваны істотны іх рост.

«Гэта выклікана калектыўнымі зваротамі жыхароў шматкватэрных дамоў. Праблемная тэма – адключэнне газавых воданагравальнікаў і забяспечанасць гарачым водазабеспячэннем. На гэты момант прапрацоўваецца аптымальны варыянт вырашэння праблемы», – піша газета «Прысожскі край», спасылаючыся на начальніцу ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян аблвыканкаму Іну Філіпаву.

Жыхарам шматкватэрных дамоў прапануюць замест дэмантаваных падагравальных газавых калонак ставіць электрычныя. Людзі патрабуюць, каб тое рабілася за дзяржаўныя грошы, бо газавыя воданагравальнікі яны ставілі за свае.


З гісторыі праблемы. У Круглым супрацоўнікі газавай службы хадзілі па кватэрах з міліцыяй.


Клічаў не першы горад на Магілёўшчыне, які сутыкаецца з падобнай праблемай. Раней такая ж сітуацыя паўстала перада жыхарамі Круглага.

На іхныя скаргі чыноўнікі адпісвалі, што на закуп такога абсталявання ў бюджэце няма грошай, і абяцалі вырашыць праблему з гарачай вадой на працягу дзесяці гадоў.

Цэнтралізаванай сістэмы гарачага водазабеспячэння ў Круглым няма, хаця дамы, як паінфармавала жыхароў Міністэрства энергетыкі, праектаваліся з гарачай вадой. Трубаправод дэмантавалі. Каб мець у кватэрах гарачую ваду, гаспадары і пачалі ставіць газавыя калонкі.

Супрацоўнікі газавай службы разам з міліцыяй абыходзілі кватэры і «зразалі» абсталяванне. Гаспадары зачыняліся ў сваіх хатах і адмаўляліся пускаць візіцёраў.

Мясцовая ўлада тлумачыла дэмантаж газавых калонак мерамі бяспекі. Для адводу прадуктаў гарэння людзі выкарыстоўвалі вентыляцыйныя шахты, што стварала небяспеку ўзгарання ў нутры яе і нават выбуху.

Каб узаконіць наяўнасць газавай воданагравальнай калонкі неабходна зрабіць знешні адвод прадуктаў гарэння, а тое вымагае немалых сродкаў. Спачатку трэба замовіць праект на такую працу.

 

У Магілёве аднавілі «рэканструкцыю» даўгабуду. Працы ў 2017 годзе спынілі актывісты Таварыства аховы помнікаў

Рупліўцы магілёўскай даўніны ўгледзелі парушэнні ў рэканструкцыі тады яшчэ помніка архітэктуры і паскардзіліся ў пракуратуру.

Пра аднаўленне прац паведамілі Магілёў.media яго чытачы, даслаўшы фотаздымак.

Дом на вуліцы Лазарэнкі, 15 узяліся «рэстаўраваць» у 2013-ым. Чыноўнікі абяцалі, што яму вернуць гістарычнае аблічча і ён стане аб’ектам шматфункцыянальнага адміністрацыйна-гандлёвага і культурна-дзелавога прызначэння.

Абяцалася, што аднаўляльныя працы на помніку архітэктуры завершаць у найкарацейшыя тэрміны. У пашпарце аб’екту было пазначана, што «рэстаўрацыю нежылога будынку» меліся завяршыць у сакавіку 2015-га.

Пасля заяваў чыноўнікаў у справу ўмяшалася пракуратура. Туды звярнулася Таварыства аховы помнікаў. Яно давяло службоўцам, што працы з помнікам нельга лічыць рэстаўрацыйнымі.

«Дом у два і тры паверхі без фундаменту, стаіць на пяску, з драўлянымі перакрыццямі, каб быў лёгкі. А на ім дабудавалі яшчэ адзін паверх, і перакрыцці зрабілі жалезабетоннымі. То бок павялічылі нагрузку на сцены, і па іх пайшлі трэшчыны. Зразумела, уласнік не ўмацоўваў падмурак, а імкнуўся пры меншых затратах як найхутчэй здаць аб’ект у эксплуатацыю», – каментаваў сітуацыю актывіст Таварыства Ўладзімер Краўчанка.

У 2017 годзе «рэстаўрацыя» будынку спынілася. “У сувязі з прадпісаннем Міністэрства культуры”, тлумачылі ў гарвыканкаме. Арганізацыя, якая абяцала вярнуць гістарычнае аблічча помніку архітэктуры, збанкрутавала.

Урэшце і сам квартал дамоў на вуліцы Лазарэнкі, якой абяцалі вярнуць гістарычную назву Віленская, пазбавілі ахоўнага статусу. Будынкаў больш няма ў Рэспубліканскім спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пазбаўленьне статусу тлумачылася тым, што ён палохае патэнцыйных інвестараў і яны не хочуць іх купляць.

З дому, які пакутліва пераносіць «рэстаўрацыю», быў скрадзены ганак, на якім быў пазначаны год яго ўзвядзення. Знікла і балконная агароджа.

Дамы, пазбаўленыя ахоўных шыльдаў, узведзеныя на пачатку 20 стагоддзя. Яны добра праглядаюцца з вышыні транспартнай развязкі з мостам праз Дубравенку. У 2007 годзе занядбаныя будынкі хавалі банернай сеткай ад Аляксандра Лукашэнкі, калі ён праяжджаў па новай тутэйшай гарадской магістралі.

 

У Магілёве асвяжылі графіці на доме, з якога сыплецца тынкоўка

Гэты дом у цэнтры гораду. Ён вядомы гадзіннікам на паддашку. Колісь тут месціўся магазін «Тэатральны». Многія гараджане дагэтуль лакалізуюць будынак па даўно не існуючай назве. Цяпер у тутэйшай краме прадаюць канфіскат. Графіці размяшчаецца ў адной з арак гэтага дому.

Невялікі мурал стварыла група маладых людзей. Вядома ж, без дазволу мясцовай улады зрабіць тое ў маладзёнаў не выйшла б. Несанкцыянаванае ўвасабленне крэатыўных ідэяў сканчаецца ў сучаснай Беларусі кепска.

Твор маладых людзей у абшарпанай, але падфарбаванай арцы з разбітым асфальтам выглядае чужародным. Некаторыя мінакі, аднак, лічаць іначай. На іх думку – “графіці гарманічна ўпісваецца ў антураж закрытай прасторы”.

Пра сам дом Магілёў.media пісаў двойчы. Пра тое, што з яго абвальваецца тынкоўка паведамілі чытачы. Пазней стала вядома, што камунальнікі ўзяліся будынак прыхарошваць. Цяпер на месцы абваленага тынку пляміны вапнянай замазкі. А Магілёў.media працягвае сачыць за лёсам знакавага для гораду будынка.