Пад Чавусамі збіраюць сродкі на рамонт царквы – а гэта адзіны помнік на ўвесь раён

Настаяцель Свята-Мікольскай царквы ў вёсцы Благавічы Чавускага раёна абвясціў пра збор сродкаў для рамонта царквы. Храм быў пабудаваны ў 1904 годзе, у 1930-м яго зачынілі і ператварылі ў сельскі клуб. У 2004 годзе храм быў асвечаны і зноўку адчынены. У 2024 годзе царква будзе адзначаць сваё 120-годдзе, і на сённяшні дзень яна з’яўляецца адзіным архітэктурным помнікам на ўвесь раён, унесеным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. 

Фота: chausynews.by

Неапаганскае свята “У госці да радзімічаў” пройдзе ў Радамлі 29 ліпеня

На Замкавай гары гарадка Радамля 29 ліпеня пройдзе этнакультурнае свята “У госці да радзімічаў”. На фестывалі плануюцца тэатралізаваныя дзеянні з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, абрады, рытуалы, здабыча жывога агню, паказальныя баі рэканструктараў. 

Пачатак свята ў 17.00, уваход вольны. Завершыцца мерапрыемства ў 22.00 рытуальным вогнішчам. З Чавус у Радамлю будуць арганізаваныя аўтобусы – туды ў 16.00, назад у 22.30 – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

“У госці да радзімічаў” заяўляецца як тэматычны фестываль, прысвечаны культуры дахрысціянскага перыяду на землях радзімічаў. Значнае месца падчас мерапрыемства займае імітацыя паганскіх традыцый і рытуалаў.

Фота: chausy.by

Пад Чавусамі сёння пройдуць “Пятроўскія радасці”

Раённае свята, прысвечанае дню святых Пятра і Паўла пачнецца ў аграгарадку Каменка “Чавускага раёна сёння ў 12:00. У праграме – заплятанне традыцыйнага вянка з дванаццаці траў, дзіцячы квест, конкурс “Пятроўскія дранікі”. Пачнецца мерапрыемства з хроснага хода і асвячэння крынічкі – перадае газета “Іскра”.

Фота: “Іскра”

Запякаў бульбу, ды так і кінуў касцёр – унук спаліў бабуліну сядзібу пад Чавусамі

У вёсцы Бясчынне Чавускага раёна днём 3 ліпеня агонь ахапіў пяць гаспадарчых будынкаў і падбіраўся ўшчылюную да жылога дома – паведамляе прэс-служба МНС. Як высветлілася, раней 11-гадовы ўнук гаспадыні дома паглядзеў у інтэрнэце рэцэпт печанай бульбы і вырашыў яго паўтарыць. Распаліў вогнішча, паклаў бульбу, але яна згарэла. Расчараваўшыся, хлопец пераключыўся на іншыя забаўкі, а пра касцёр забыўся. Агонь хутка перакінуўся на бліжэйшыя гаспадарчыя пабудовы.

Фота: МНС

Пажар на чавускай “Бабулінай крынцы”, на якім загінуў галоўны інжынер, нанес стратаў на 200 тысяч

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства. У выніку пажару ў цэху чавускага філіяла “Бабулінай крынкі” загінуў 62-гадовы работнік прадпрыемства, галоўны інжынер. Агнём пашкоджана і знішчана маёмасць на агульную суму звыш 200 тысяч рублёў.

Працоўная версія здарэння звязвае пажар з працамі па дэмантажу труб пры дапамозе газазварачнага абсталявання, што праводзіліся нанятай арганізацыяй.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

У Чавусах гарэў цэх “Бабулінай крынкі”, загінуў галоўны інжынер

Днём 21 чэрвеня у будынку цэха па перапрацоўцы і захоўванні сухога малака на тэрыторыі Чавускага філіяла «Бабулінай крынкі» адбыўся пажар. На момант прыезду ратавальнікаў увесь будынак быў ахоплены дымам, полымя пашкодзіла дах і абсталяванне.

З памяшкання цэха ратавальнікі вынеслі ў непрытомным стане работніка прадпрыемства 1961 года нараджэння – галоўнага інжынера прадпрыемства. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі была канстатавана яго смерць – паведамляе прэс-служба МНС.

Папярэдне ўстаноўлена, што ў цэху прадпрыемства сіламі іншай арганізацыі ажыццяўляўся дэмантаж труб. З-за пажару ў цэху, дзе знаходзіцца каля 450 т сухой малочнай сумесі, часткова абрынуўся дах.

Фота: МНС

У Чавусах пройдзе дзень горада, вось праграма

Святочныя мерапрыемствы ў Чавусах  і раёне пройдуць на бліжэйшых выходных 24 і 25 чэрвеня.

Яны распачнуцца ў суботу а 19:00 у Ратушным скверы. Тут  пройдзе раённы фестываль-конкурс маладзёвай творчасці “Агонь маладзёжных талентаў”.

На наступны дзень, 25 чэрвеня, у Дзень вызвалення Чавускага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбудуцца аўтапрабег Чавусы – в. Дрануха, мітынг на месцы ўсталявання памятнага знака загінуўшым байцам Чырвонай Арміі ў 1943-1944 гадах у баях на рацэ Проня, канцэрты, дзіцячы фестываль яркіх фарбаў, дыскатэка.

Нагадаем, што 25 чэрвеня 1944 года, пасля 9-месячнага стаяння фронта, Чавусы былі вызвалены часткамі 330-й і 385-й стралковых дывізій 50-й арміі. 

За праяўлены гераізм у баях за вызваленне раёна больш за 40 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Больш за 18 000 воінаў загінулі ў баях на тэрыторыі раёна. 

За гады акупацыі фашыстамі былі пакараныя 1 786 жыхароў раёна, 3 472 былі сагнаны ў Германію. Больш за 25 000 чавушчан загінулі на франтах Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах і падполлі. Поўнасцю спалены 22 вёскі раёна.

З поўнай праграмай можна азнаёміцца тут.

Фота з адкрытых крыніц.

У гарадскім парку Чавусаў старую агароджу заменяць дэкаратыўнымі кустамі

У чавускім гарадскім парку камунальныя службы праводзяць работы па дэмантажы старой агароджы. У планах – высадка па перыметры тэрыторыі парку дэкаратыўных кустоў, у выніку чаго будзе створана жывая загарадзь. 

Плануецца, што з боку гарадской плошчы будуць устаноўлены малыя архітэктурныя формы з элементамі азелянення. На тэрыторыі самога парка таксама будзе праведзена добраўпарадкаванне – паведамляе чавуская раённая газета “Іскра”.

Фота: “Іскра”

Фантан у цэнтры Чавусаў ператварылі ў сметніцу

Чавускія камунальшчыкі ўжо прыбіралі гэты фантан у цэнтры горада, але людзі зноў у яго накідалі – ужо праз чатыры дні пасля ўборкі. 

У цэнтры горада каля аўтастанцыі ў Чавусах ёсць зона адпачынку з фантанам, лаўкамі, сметніцам, клумбамі. Зусім нядаўна камунальныя службы Чавусаў зрабілі работы па ачыстцы фантана ад смецця: адкаталі старую ваду, падмялі і вымылі басейн, залілі свежай вадой. Такія мерапрыемствы, згодна плану прадпрыемства, праводзяцца раз на месяц.  

Аднак не паспелі камунальшчыкі прыбраць прыгожую гарадскую лакацыю, як фантан праз некаторыя час аказаўся зноўку засмечаны мясцовымі жыхарамі піша чавуская раённая газета “Іскра”. 

Фота: “Іскра”

У Чавусах з’явілася алея са спірэі

Прыгожая алея са спірэі вясновай з’явілася ў Чавусах – паведамляе газета “Іскра”. Яна цягнецца ад крамы “Міла” да мікрараёна Цэнтральны. 

Тут супрацоўнікамі мясцовага жылкамгаса высаджана 200 раслін спірэі вясновай. Калі расліна набірае сілу, яна выдатна глядзіцца “жывой загараддзю”.

У планах жылкамгаса працягнуць працы па вуліцы Азарава, будуць высаджаны петуніі ў дэкаратыўныя бочкі, а на ўездзе ў горад каля помніка СУ-100 на кветніках з’явяцца бягоніі.

Фота chausynews