Дзіцячы парк у Крычаве ператварылі ў ідэалагічную пляцоўку

Крычаўскі дзіцячы парк за апошні час ператварыўся ў пляцоўку, якая насычана асноўнымі ідэалагічнымі пастулатамі дзяржавы. У ім можна пабачыць алеі вайны і міру, выявы мясцовых партызанаў і спартоўцаў, сярод якіх – Аксана Мянькова, якую пазбавілі алімпійскай узнагароды за допінг. 

Парк лакалізуецца ў старой частцы горада, зусім блізка з сярэдняй школай № 1. У мінулым годзе ў парку былі ўсталяваны банэры, якія ілюструюць савецкія дывізіі, што вызвалялі Крычаў. Яны размешчаны такім чынам, што вядуць да брацкай магілы салдатаў, якія палеглі ў баях падчас абароны горада. Гэтая брацкая магіла ў старой частцы Крычава, дарэчы, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю горада. 

Акрамя таго, былі ўсталяваны банэры з выявамі і асноўнай інфармацыяй пра самых вядомых удзельнікаў партызанскага руху на Крычаўшчыне, імёнамі якіх названы вуліцы горада. 

На гэтым “банерызацыя” дзіцячага парка не скончылася, а працягнулася ў выглядзе ўсталявання стэндаў з выявамі спартоўцаў, якія бралі ўзнагароды на Алімпійскіх гульнях і паходзяць з Крычава. Напрыклад, Аксана Мянькова, якая на летніх Алімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне ў дысцыпліне кідання молата здабыла залаты медаль. Аднак Алімпійскі камітэт яшчэ ў 2016 годзе дыскваліфікаваў Мянькову і пазбавіў залатога медаля з-за знойдзенага ў тэстах спартсменкі допінгу.  

Адзначым, што некалькі год таму з’явілася і алея воінаў-інтэрнацыяналістаў, што дадае героікі ідэалагічна насычанаму гарадскому дзіцячаму парку. 

А літаральна два месяцы таму побач з алеяй воінаў-інтэрнацыялістаў з’явіўся яшчэ адзін падобны аб’ект – алея міра і стваральнай працы. Пагэтаму ў дзіцячым парку цяпер дзве алеі, якія спалучаюць вайну, мір і стваральную працу ў адзін сэнсавы клубок.

 

Праўда, ідэалагічная нагрузка дзіцячага парка, які афіцыйна называецца скверам імя 60-годдзя Кастрычніка, пачалася яшчэ за савецкім часам. Менавіта тады з’явілася брацкая магіла савецкіх салдатаў і канечне ж, побач быў пабудаваны дом піянераў і помнік Леніна. Цяпер колішні дом піянераў трансфармаваўся ў філіял Крычаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Крэчут”, а летась знік і помнік Леніна, пра што пісалі mogilev.media.

Аднак, ідэалагічная апрацоўка зялёнай зоны адпачынку ў цэнтры горада працягваецца, з’яўляюцца новыя ідэалагічна “правільныя” аб’екты, што ствараюць новыя сэнсы і мэседжы.  

Фота: mogilev.media

У Чавусах з’явілася алея са спірэі

Прыгожая алея са спірэі вясновай з’явілася ў Чавусах – паведамляе газета “Іскра”. Яна цягнецца ад крамы “Міла” да мікрараёна Цэнтральны. 

Тут супрацоўнікамі мясцовага жылкамгаса высаджана 200 раслін спірэі вясновай. Калі расліна набірае сілу, яна выдатна глядзіцца “жывой загараддзю”.

У планах жылкамгаса працягнуць працы па вуліцы Азарава, будуць высаджаны петуніі ў дэкаратыўныя бочкі, а на ўездзе ў горад каля помніка СУ-100 на кветніках з’явяцца бягоніі.

Фота chausynews