На Australian Open беларускі афіцыйны сцяг забаранілі з-за расіян

Пасля інцыдэнту ў першы дзень адкрытага чэмпіяната Аўстраліі па тэнісе арганізатары забаранілі сцяг Беларусі з-за паводзін балельшчыкаў Расіі.  

У чэмпіянаце Аўстраліі расіяне і беларусы прымаюць удзел “на ўмовах нейтралітэту” – без указання краіны, а таксама без сцяга і гімна. А вось заўзятарам з Беларусі і Расіі першапачаткова было дазволена прыносіць сцягі, але пры ўмове, што не будзе парушэнняў і правакацый. 

У першы ж дзень турніру расійскі сцяг з’явіўся на трыбунах падчас матчу паміж расіянкай Камілай Рахімавай і ўкраінкай Кацярынай Байндль. Украінскія фанаты сцвярджаюць, што ўкраінскую тэнісістку правакавалі і дражнілі, пасля чаго яны выклікалі ахоўніка і паліцыю. Расійскія заўзятары даказваюць, што проста падтрымлівалі суайчынніцу. 

Амбасадар Украіны ў Аўстраліі заклікаў арганізатараў выконваць умовы нейтральнага сцяга для расіян і беларусаў. А некаторыя ўкраінскія тэнісісты заявілі, што не будуць паціскаць руку спартсменам з Расіі і Беларусі, калі яны рашуча не асудзілі дзеянні сваіх урадаў, а простай фармулёўкі “мы не хочам вайны” недастаткова. Бо такая фармулёўка двухсэнсоўная, яна не асуджае агрэсара і сцвярджае, што ўкраінцы таксама нібыта хочуць вайны. 

Пасля інцыдэнту татальная забарона на выкарыстанне сцягоў Расіі і Беларусі адразу ўступіла ў сілу – кажуць арганізатары турніру.

Дзень у гісторыі. 12 студзеня. Нарадзіўся народны артыст Уладзімір Мулявін. Памёр аўтар эталона гербу «Пагоня» Яўген Кулік. Ліквідацыя «Аўтарадыё»

1581 год. Пінск атрымаў герб «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой»

Пінск – сталіца Палесся, тут знаходзяцца 44 значных гістарычна-культурных помніка і жыве 125 000 чалавек. Вядомы з 1097 года. Быў цэнтрам княства, вобласці (1939-1954), меў Магдэбурсгскае права. 

А. Блок параўноўваў яго з Кіцеж-градам. Тут заснавана першая ў Беларусі аптэка (1561). 

Буйны транспартны вузел, рачны порт. Працуюць важныя прамысловыя прадпрыемствы: адзіны ў Беларусі суднабудаўніча–суднарамонтны завод (тут пабудаваны цеплаход “Магілёў”), “Кузлітмаш”, “Амкадор-Пінск”, хімкамбінат, “Пінскдрэў” і іншыя. Дзейнічаюць Палескі драматычны тэатр, Музей Беларускага Палесся, Палескі ўніверсітэт, вышэйшая духоўная семінарыя імя Святога Тамаша Аквінскага. 

Радзіма Нобелеўскага лаўрэата Саймана Сміта (Сямёна Кузняца).

1591 год.  Мінск атрымаў герб “небаўзяцце панны Марыі». 

Да 29 ліпеня 1939 года меў назву Менск. Вядомы з 1067 года. Сталіца Беларусі (з 8 студзеня 1919 года), двухмільённы горад, самы вялікі прамысловы, навуковы, культурна-грамадскі, спартыўна-турыстычны цэнтр краіны.

1888 год. Нарадзіўся Язэп Каранеўскі. 

Беларускі дзяржаўны дзеяч, педагог, другі рэктар БДУ (1929-1931). Правадзейны сябра Інбелкульта.

Працаваў у Менскім настаўніцкім інстытуце, у грамадска-палітычнай арганізацыі «Маладая Беларусь», школьным інспектарам і выкладчыкам геаграфіі ў Менскай беларускай гімназіі, намеснікам наркама асветы, дырэктарам педтэхнікума. Займаўся арганізацыяй БДУ, праваднік масавай беларусізацыі.

У 1931 годзе пераехаў у Маскву. 15 ліпеня 1937 года арыштаваны НКУС і перавезены ў Менск. 28 кастрычніка прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і на другі дзень  расстраляны.

1906 год. Нарадзіўся Язэп Малецкі. 

Беларускі грамадскі дзеяч, рэдактар і выдавец, урач.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Прымаў удзел у беларускім культурным і нацыянальным руху. Пад час вайны працаваў у Віленскім беларускім камітэце ў Гродна, кіраваў медыцынскай школай у Баранавічах, быў намеснікам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады.

У Германіі арганізаваў «Аб’яднанне беларускіх лекараў на чужыне», рэдагаваў часопіс «Медычная думка». У Аўстраліі быў старшынёй  Беларускага аб’яднання ў Новым Паўднёвым Уэльсе, удзельнікам выдання месячніка «Новае жыццё ў Сіднэі», дырэктарам Беларускага культурна-грамадскага клуба ў Сіднэі, старшынёй аўстралійскага сектара Рады БНР, Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі.

Аўтар мемуараў «Пад знакам Пагоні», медыцынскіх публіцыстычных артыкулаў.

Памёр 6 чэрвеня 1982 года ў Сіднэі.

1936 год. Заснавана добраахвотнае спартыўнае таварыства “Лакаматыў”. 

Мэта – паўсядзённая праца па аздараўленні чыгуначнікаў і членаў іх сем’яў.

Пры старшыні “Лакаматыва” Беларускай чыгункі Вікенціі Раманоўскім (1964-1994) было створана 12 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ – больш, чым на Маскоўскай і Кастрычніцкай магістралях. 

Больш за 32 выхаванцы таварыства сталі чэмпіёнамі і прызёрамі СССР, Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў. Сярод іх такія вядомыя спартсмены, як М. Кіраў, Н. Марыненка, С. Блоцкі, А. Бліняеў, М. Дамаросаў, А. Неўскі, І. Сумнікаў.

У 1994 годзе “Лакаматыў” стаў Дарожным фізкультурна-спартыўным камбінатам, у 2014 годзе ў кожным аддзяленні чыгункі былі створаны культурна-спартыўныя цэнтры (у Гомелі – Культурна-спартыўны комплекс).

Вялікі ўклад у развіццё спорту ўнеслі спартсмены Магілёўскага аддзялення чыгункі Таццяна Жукава і Валерый Палаўчэня.

Заўзятарам вядомая хакейная дружына «Лакаматыў-Орша». 

Спарткомлексы «Лакаматыва» працуюць на ўсіх чыгуначных вузлах, у тым ліку ў Крычаве, Бабруйску, Магілёве, Асіповічах.

Культурна-спартыўны цэнтр “Лакаматыў”, Магілёў  

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Мулявін. 

Беларускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры».

Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у ансамблі Беларускай ваеннай акругі. Стварыў ВІА «Лявоны» (1968), які ў 1970 годзе змяніў назву на «Песняры».

У 1976 годзе гастраляваў з «Песнярамі» у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.

Узнагароджаны медалём і  ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года трапіў у аўтакатастрофу, 26 студзеня 2003 года памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі. 

1959 год. Нарадзілася Вераніка Чаркасава. 

Беларуская журналістка.

Працавала на беларускім тэлебачанні, у газеце «Голас Радзімы», у незалежных выданнях: «Имя», «Белорусская деловая газета», «Наша Свабода», «БелГазета», «Салідарнасць». 

Праводзіла журналісцкія даследаванні, пісала на сацыяльныя тэмы, напісала некалькі артыкулаў на тэму незаконнага гандлю зброяй паміж Беларуссю і Іракам.

Займалася дакументалістыкай. Самыя знакамітыя дакументальныя фільмы — пра М. Багдановіча, С. Мяржынскага, А.  Чаркасава. Пэўны час працавала над праграмай «Крок».

20 кастрычніка 2004 года была забітая ва ўласнай кватэры ў Мінску. Забойца нанёс каля 20 нажавых удараў.

1989 год. Пачаў апошні перапіс насельніцтва СССР

Праходзіў з 12 па 19 студзеня. Паводле яго дадзеных у БССР жыло 10 200 200 чалавек. 

Насельніцтва Магілёўскай вобласці склала 1 297 800 чалавек, па асобных гарадах (тысяч чалавек): 

Асіповічы – 34,0, 

Бялынічы – 6,6, 

Бабруйск – 221,0, 

Быхаў – 20,0, 

Глуск – 8,6, 

Дрыбін – 1,5, 

Касцюковічы – 13,2, 

Кіраўск – 6,7, 

Клімавічы – 18,0, 

Клічаў – 7,8, 

Краснаполле – 6,9, 

Круглае – 7,0, 

Крычаў – 33,0, 

Магілёў – 359,0, 

Мсціслаў – 12,0, 

Слаўгарад – 7,2, 

Хоцімск -7,7, 

Чавусы – 12,5, 

Чэрыкаў – 7,7, 

Шклоў – 15,0.

2000 год. Памёр Яўген Глебаў. 

Беларускі кампазітар, дырыжор, педагог. Народны артыст БССР і СССР. 

Кіраўнік эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, музычны рэдактар «Беларусьфільм», прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. 

Аўтар шмтлікіх сімфоній, балетаў, музыкі да 32 фільмаў і 40 спектакляў. Яго опера «Майстар і Маргарыта» – класіка беларускай музычнай літаратуры. 

Падрыхтаваў больш за 40 вучняў, сярод якіх Л. Захлеўны, Я. Паплаўская, В. Раінчык, Э. Ханок. 

Па ўспамінах В. Быкава, Глебаў доўга супраціўляўся ўступленню у КПСС, а пры прыёме не змог адказаць, у якім годзе была Кастрычніцкая рэвалюцыя. 

2002 год. Памёр Яўген Кулік. 

Беларускі мастак, аўтар эталона гербу «Пагоня» ў якасці дзяржаўнага герба Беларусі ў 1991-1995 гадах. 

Яго майстэрня, што знаходзілася ў Мінску насупраць будынка КДБ, стала ў 1960-я гады нацыянальным асяродкамі сталіцы і атрымала назву «На паддашку».

У станковых творах распрацоўваў тэмы гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа: серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны», «Славутыя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі», малюнкаў рэканструкцый «Замкі Беларусі», паводле твораў У. Караткевіча, Янкі Купалы, «Паўстанне 1863 г. на Беларусі», трыпціх «Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Лазар Богша».

Займаўся і кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, у тым ліку «Слова аб палку Ігаравым», «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

2011 год. Ліквідавана беларуская радыёстанцыя «Аўтарадыё»

Першая незалежная радыёстанцыя ў незалежнай Беларусі, працавала ў Мінску з 7 жніўня 1992 года. 

Па меркаванню музычнага крытыка Зміцера Падбярэзскага, найбольш любімая сярод беларускіх FM-станцыяў. 

Ратыравала беларускую музыку, у прыватнасці такія гурты, як «N.R.M.», «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі» і «Neuro Dubel», лідараў хіт-парадаў «Тузін Гітоў». Вядомымі вядучымі перадач на радыёстанцыі былі А. Хаменка, З. Вайцюшкевіч, Маша Яр і іншыя. 

У перыяд агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2010 годзе радыё траслявала матэрыялы апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты А. Саннікава і У. Някляева.

2018 год. Памёр Расціслаў Жмойдзяк. 

Беларускі географ і картограф, прафесар, заслужаны работнік народнай адукацыі. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці.

З 1961 года ў БДУ прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара, дэкана геаграфічнага факультэта (1983–1998), загадчыка кафедры геадэзіі і картаграфіі (1980–2005). Распрацоўшчык праблем картаграфавання сельскагаспадарчай вытворчасці, дынамікі сельскага рассялення, сацыяльна-эканамічнага развіцця, экалагічнага картаграфавання. 

Пад яго кіраўніцтвам выдадзены атласы: “Атлас БССР”, “Атлас Рэспублікі Беларусь”, “Геаграфія Беларусi”, “Атлас геаграфіі Беларусі”, насценныя навучальныя карты, суаўтар Нацыянальнага атласа Беларусі. 

Дзень у гісторыі. 10 снежня. Дзень правоў чалавека. Запрацавала першая чарга “Беларуськалій”. Нарадзіўся Фердынанд Рушчыц

Дзень правоў чалавека (Human Rights Day, з 1950 года) святкуецца па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН. 

У гэты дзень у 1948 годзе ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

10 снежня 2013 года Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і праваабарончы цэнтр «Вясна» прадставілі падрабязную справаздачу на 80-ці старонках «Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі». З тых часоў сітуацыя з правамі чалавека ў краіне толькі пагоршылася.

У дакладзе Упраўлення ААН па правах чалавека канстатуюцца парушэнні правоў дзясяткаў тысяч жыхароў Беларусі. Калі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года сотні тысяч людзей аб’ядналіся, каб мірна выказаць сваю нязгоду, у адказ на іх дзеянні адбыліся «масавыя і гвалтоўныя рэпрэсіі», якія дасягнулі небывалых маштабаў. 

З мая 2020 па май 2021 года было арыштавана 37 000 чалавек. На 4 сакавіка 2022 года ў турмах заставалася да 1084 палітзняволеных. Да канца 2021 года 270 няўрадавых арганізацый былі зачыненыя, 32 журналісты былі арыштаваныя і 13 СМІ абвешчаныя «экстрэмісцкімі», 36 юрыстаў пазбавіліся сваіх ліцэнзій.

 

Міжнародны дзень правоў жывёл ( International Animal Rights Day, з 1998 года). 

У гэты дзень абаронцы жывёл ва ўсім свеце імкнуцца данесці да людзей, што дабрыня і павага важныя для ўсіх жывых істот. Дзень адмыслова супадае з Днём правоў чалавека.

Важна разумець, што жывёлы таксама маюць тыя ж правы, што і людзі. Мэта дня – выкрыццё ўсіх формаў гвалту над жывёламі. Заснавальнікі дня заявілі, што, паколькі жывёлы не могуць галасаваць, пратэставаць або выступаць за сваю бяспеку, людзі павінны рабіць гэта за іх.

 

1802 год. Англійскі афіцэр Фрэнсіс Луі Баралье першым з еўрапейцаў апісаў прымяненне бумеранга абарыгенамі Аўстраліі. 

Першы аўстралійскі бумеранг прывёз у Еўропу Джэймс Кук, тады яго палічылі простай дубінкай.

Падобныя да бумерангу прадметы выкарыстоўвалі людзі палеаліту і ў Еўропе, але наскальныя выявы бумерангаў, выяўленыя ў Аўстраліі – самыя старажытныя (ім 50 000 гадоў). 

Акрамя таго, менавіта жыхары гэтага мацерыка прыдумалі як будзе вяртацца бумеранг да свайго гаспадара. Самы старажытны ў свеце бумеранг (20 000 гадоў) знойдзены ў Карпатах. Ён выкананы з біўня маманта.

  

1870 год. Нарадзіўся Фердынанд Рушчыц. 

Беларускі і польскі мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог.

Аказаў уплыў на далейшае развіццё жанру пейзажу ў мастацтве.

Майстра краявідаў, ён бачыў тэмы для сваіх прац у кожным фрагменце беларускай прыроды.

Працаваў над кніжнай графікай, аформіў звыш 50 кніг.

Аўтар дэкарацый для 15 тэатральных пастановак.

Палотны захоўваюцца ў музеях Польшчы, Літвы, Расіі, Беларусі, еўрапейскіх і амерыканскіх зборах.

Браў удзел у рэстраўрацыі Маці Божай Вострабрамскай.

Працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці.

Памёр 30 кастрычніка 1936 года.

 

 

1878 год. Нарадзіўся  Мікалай Бліадухо. 

Беларускі геолаг, акадэмік, прафесар.

Арганізатар геалагічнай службы БССР, складальнік першай геалагічнай карты Беларусі, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння выкапняў у Беларусі.

Узнгачальваў горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі БССР,  выкладаў у БДУ, загадваў кафедрай геалогіі, арганізаваў і ўзначаліў  Інстытут геалогіі АН БССР.

Узначальваў экспедыцыі па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай (цэнтр – Клімавічы) акруг. Вывучаў мелавыя адкладанні і фасфарыты на паўднёвым усходзе рэспублікі.

З яго непасрэдным удзелам былі адкрыты новыя радовішчы мергеляў, крэйды, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапеляў, будаўнічых матэрыялаў, мінеральных вод.

Вынікі даследаванняў з’явіліся падставай для будаўніцтва Крычаўскага цэментавага завода.

Падараваў БДУ уласную вялікую калекцыю горных парод і мінералаў, якая стала пачаткам Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.

Быў рэпрэсаваны ў 1930-я. Памёр 13 студзеня 1935 года. 

 

1926 год. Нарадзіўся Уладзімір Бакуновіч. 

Беларускі грамадскі дзеяч ЗША, эканаміст. Доктар эканомікі.

З 1944 года на эміграцыі ў Германіі, з 1950 – у Аўстраліі, дзе браў удзел у арганізацыі Беларускага аб’яднання. З 1960-х жыў у ЗША, у Нью-Брансвіку, у Дэтройце, дзе працаваў як спецыяліст па падатковых справах. Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Беларуска-Амерыканскага Задзіночання і Рады БНР. Прымаў удзел у Пятай сустрэчы беларусаў Аўстраліі, прысвечанай 100-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Памёр 23 мая 1992 года ў Дэтройце.

1930 год. Нарадзіўся Мікола Арочка. 

Беларускі паэт і літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук.

Працавў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

Аўтар 8 зборнікаў паэзіі,  драматычных паэм, кніжкі вершаў для дзяцей, аповесцей. 

Асноўныя рысы паэзіі – сардэчнасць, засяроджаны роздум пра жыццё і час, паглыбленне філасофскага пачатку, зварот да перажытага падчас вайны і гістарычнага мінулага.

Аўтар многіх крытыка-літаратуразнаўчых кніг, у тым ліку  «Беларуская савецкая паэма», «Максім Танк: Жыццё ў паэзіі». Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы».

Перакладчык з рускай, латышскай, польскай і англійскай моў.

Памёр 2 сакавіка 2013 года.

Мікола Арочка

 

1951 год. Нарадзіўся  Алесь Каско. 

Беларускі паэт. 

Настаўнічаў, працаваў у жабінкаўскай раённай газеце «Сельская праўда», на Брэсцкай студыі тэлебачання.

Аўтар кніг паэзіі «Вестка», «Скразная лінія», «Набліжэнне», «Час прысутнасці», зборніка выбранай паэзіі, кнігі «Сорак пяць»

Памёр 26 лістапада 2017 года.

 

1963 год. Уведзена ў эксплуатацыю першая чарга “Беларуськалій” у  Салігорску. 

У 1949 годзе ў Беларусі было адкрыта адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калійных соляў – Старобінскае. Яго асваенне пачалося ў 1958 годзе, а прамысловая здабыча калійнай солі была пачата ў студзені 1961 года.

Цяпер у ААТ “Беларуськалій” уваходзяць 5 рудаўпраўленняў, 5 абагачальных фабрык і 8 руднікоў. Прадпрыемства кантралюе 11-13% сусветнага рынку калію. Адзінае ў свеце прадпрыемства, якое вядзе здабычу на глыбіні больш за 1 км шахтавым спосабам.

У 2020 годзе «Беларуськалій» стаў адным з цэнтраў забастовак пасля прэзідэнцкіх выбараў і гвалту над пратэстоўцамі.

 

2007 год. Пачаў выходзіць у эфір тэлеканал «Белсат». 

Структурная частка Польскага тэлебачання. Ініцыятыва стварэння спадарожнікавага тэлеканала для беларускіх гледачоў належыць журналістцы А. Рамашэўскай-Гузы.

Канал быў адказам на выказаную ў беларускіх дэмакратычных колах патрэбу ў незалежнай ад уладаў Беларусі тэлестанцыі.

Канал пачаў трансляванне ў Міжнародны дзень правоў чалавека пад кіраўніцтвам А.Рамашэўскай-Гузы.

У склад Назіральнай рады канала ў 2008 годзе ўвайшлі В. Акудовіч, М. Анемпадыстаў, З.Бандарэнка, Г. Бураўкін, А. Гуляеў, С.Калінкіна, У. Колас (старшыня), А. Трусаў, Ю. Хашчавацкі.

У 2020 годзе каманда налічвала амаль 300 работнікаў з Польшчы, Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін.

  

2017 год. Памёр Іван Мацкевіч. 

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст.

Працаваў у Тэатры-студыі кінаакцёра, Брэсцкім тэатры, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага.

Сыграў некалькі дзясяткаў тэатральных, больш за 140 кінароляў, у тым ліку ў фільмах,  «Вазьму твой боль», «Дзяржаўная мяжа», «Раскіданае гняздо», «Казка пра Зорнага хлопчыка», «Сакрэтны фарватар», «Давід Гарадзецкі», «Снайпер», «Вольф Месінг», «Снайпер-2. Тунгус», «Смерць шпіёнам».

Памёр 10 снежня 2017 года.