Паглядзіце, якім будзе талісман ІІ Гульняў СНД, што пройдуць у Беларусі

На пасяджэнні аргкамітэта па забеспячэнні падрыхтоўкі і правядзення ў Беларусі міжнародных спартыўных спаборніцтваў разгледжаны эскізы талісмана, лагатыпа і слогана II Гульняў краін СНД на 2023 год – піша афіцыйны сайт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта.

Талісманам гульняў стала рысь па мінушцы Рыся. Таксама зацверджаны эмблема і слоган Гульняў.

Другія Гульні краін СНД пройдуць з 3 па 15 жніўня – паведамлялі mogilev.media. У Магілёве пройдуць спаборніцтвы ў двух відах: каратысты будуць змагацца ў спарткомплексу “Алімпіец”, а лучнікі адстраляюцца на стадыёне “Спартак”.

Фота: НАК

У Магілёве пройдуць рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы разам з расіянамі

Традыцыйныя рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы памяці заслужанага трэнера БССР Васіля Яроміна стартуюць сёння ў Магілёве.

Спаборніцтвы будуць праходзіць у спарткомплексе “Алімпіец” на працягу двух дзён.

У праграме 13 дысцыплін: бег на 60, 200, 400, 800, 1500 і 3000 м, бег з бар’ерамі на 60 м, спартыўная хада на 3000 м, змешаная эстафета 4х200 м, скачкі ў даўжыню і вышыню.

Як падкрэслілі арганізатары, у рэспубліканскіх спаборніцтвах будуць браць удзел таксама спартсмены з Расіі. 

Урачыстае адкрыццё пройдзе сёння ў 12.45 – паведамляе БелТА.

Фота ілюстрацыйнае.

Магілёў рыхтуецца ў жніўні прыняць другія гульні краін СНД

У жніўні шэраг беларускіх гарадоў прымуць II гульні краін СНД. Плануецца, што ў Магілёве пройдуць спаборніцтвы ў двух відах: каратысты будуць змагацца ў спарткомплексу “Алімпіец”, а лучнікі адстраляюцца на стадыёне “Спартак”.

Упершыню падобныя гульні прыняла Казань у верасні 2021 года. А сёлета з 3 па 15 жніўня спартыўныя спаборніцтвы запланаваны ў Мінску, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна, Жлобіне, Маладзечна, Оршы, Салігорску і Магілёве. 

Удзельнічаць у гульнях будуць спартсмены Беларусі, Расіі, Казахстану, краін Сярэдняй Азіі і Каўказу. Прапрацоўваецца магчымасць удзелу ў некаторых відах дэлегацый з Манголіі, Кітая, Кубы, Ірана, Амана і Саудаўскай Аравіі.

У сувязі з будучымі спаборніцтвамі рэканструкцыя чакае магілёўскі стадыён “Спартак”. Да лета тут плануюць абнавіць бегавыя дарожкі ў крузе на 400 метраў, якія зараз знаходзяцца ў непрыдатным стане, а таксама сектары для скачкоў і для кідання. Акрамя таго, плануецца замяніць святлодыёднае табло, абнавіць агароджы і цалкам замяніць сядзенні на заходняй трыбуне.

Улады спадзяюцца, што правядзенне II гульняў краін СНД у розных рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і ў Магілёве, адкрые іх турыстычны патэнцыял. 

Фота ілюстрацыйнае.

Чавускія юніёры – чэмпіёны краіны па біятлоне

Спартсмены Чавускай спартыўнай школы на рэспубліканскай спартакіядзе сярод ДЮСШ па зімовым біятлоне ў Наваполацку сталі чэмпіёнамі Беларусі – паведамляе раённая газета “Іскра”.

Чавуская каманда з васьмі чалавек (4 юнакі і 4 дзяўчыны) 2006-2007, 2008-2009 гадоў нараджэння сустрэлася з наймацнейшымі юніорамі краіны з 20 каманд і перамаглі ў трохдзённым марафоне.

У спрынтарскай гонцы чавусцы размясціліся на 2 месцы, у індывідуальнай гонцы занялі 1 месца, у змешанай эстафеце старэйшыя юніоры з Чавусаў занялі 3 месца, малодшыя – 2 месца.

Па суме набраных балаў чавускія біятланісты Вікторыя Салоха, Варвара Воўна, Уладзіслаў Ісакаў, Яфрэм Серпікаў, Вікторыя Рудзянкова, Алеся Патапенка, Максім Ганчароў, Яраслаў Пускаў сталі пераможцамі спартакіяды.

Нагадаем, што ў Чавусах атрымалі пуцёўку у вялікі спорт вядомыя біятланісты С. Новікаў – прызёр алімпіяды ў Ванкуверы-2010, чэмпіяната свету, двухразовы чэмпіён Еўропы, Д. Алімбекава –  алімпійская чэмпіёнка-2018, чэмпіёнка свету, прызёр чемпіяната Еўропы, Р. Елятноў – чэмпіён Еўропы сярод юніораў, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, удзельнік XXIII Алімпіяды 2018 года.

На Магілёўшчыне расце колькасць наркаманаў – на 71% за год

Больш за ўсё наркаманаў у Магілёўскай вобласці – у Бабруйску, Магілёве і Асіповічах. 

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2022 год наркалагічнай службай вобласці ўзята пад назіранне 293 наркаспажыўцы (за 2021 год – 231). Рост на 71% – прыводзіць дадзеныя Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя

Узята пад дыспансернае назіранне з залежнасцю ад наркатычных сродкаў 49 чалавек (за 2021 год – 30), то бок маецца рост паказчыка на 63%.

Пад прафілактычнае назіранне ўзята спажыўцоў наркатычных сродкаў 244 чалавек (за 2021 год – 201) – больш на 21%. У тым ліку непаўналетніх – 17. Зза 2021 год было 14, гэта дэманструе рост паказчыка на 21%.

На 1 сакавіка 2023 пад наглядам наркалагічнай службы вобласці знаходзіцца 656 спажыўцоў наркатычных сродкаў (год назад іх было 644 чалавек), у тым ліку на дыспансерным уліку з залежнасцю ад наркатычных сродкаў –  285 чалавек (у 2022 годзе – 318), пад прафілактычным назіраннем – 371 чалавек (2022 год – 326) і тут  рост паказчыка складае 13,8%. Сярод апошніх – 11 непаўналетніх асоб, як і ў мінулым годзе.

Найбольшая колькасць наркаспажыўцоў, якія знаходзяцца пад наглядам наркалагічнай службы, жывуць у Бабруйску –  52,9% (347 чалавек), Магілёве – 23,5% (154) і Асіповічах  – 8,2% (54).

Сярэднестатыстычны наркаспажывец у Магілёўскай вобласці – гэта мужчына 30-50 гадоў, гараджанін, раней судзімы, з сярэдняй або сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, не жанаты, беспрацоўны.

Штогод у Беларусі памірае да 100 чалавек ад перадазіроўкі наркотыкаў. Праблема наркаманіі ідзе поруч з праблемай распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі, вірусных гепатытаў. 

У краіне назіраецца тэндэнцыя амаладжэння асоб, якія дапускаюць немедыцынскае спажыванне наркотыкаў. Сведчаннем таго з’яўляецца павелічэнне колькасці выяўленых нарказлачынстваў, учыненых з удзелам непаўналетніх.

Аналіз наркасітуацыі ў краіне паказвае, што наркаманы раней аддавалі перавагу марыхуане, гераіну, метадону. У цяперашні час шырокае распаўсюджванне сярод наркаспажыўцоў атрымалі сінтэтычныя псіхастымулятары – альфа-pvp і мефедрон.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

У Круглым пабудуюць басейн

Басейн у Круглым плануецца ўзвесці ў цэнтры горада па вуліцы Новая. 

Круглянскі раённы выканаўчы камітэт пачынае працэдуру грамадскага абмеркавання архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі басейна ў г. Круглае.

Басейн будзе прызначаны для выкарыстання школай і можа функцыянаваць як агульнадаступны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Будынак басейна будзе аднапавярховым, каркасным. 

У будынку запраектаваны басейн 25 на 8 метраў і глыбінёй 1,2-1,45 метраў, а таксама “лягушатнік” для навучання дзяетак – паведамляе раённая газета “Сельскае жыццё”. 

З “Белшынай”, без “Дняпра” і 15 каманд – вызначыўся фармат Вышэйшай лігі па футболе

Выканкам Беларускай федэрацыі футбола прыняў канчатковае рашэнне адносна рэгламента Чэмпіяната краіны па футболе на 2023 год. 

У сувязі з тым, што каманда з першай лігі “Макслайн”, што прабілася ў вышэйшы дывізіён праз стыкавыя матчы, занадта маладая і не з’яўляецца сябрам федэрацыі патрэбныя два гады, яна была выключаная з розыгрышу чэмпіяната. Просьбу кіраўніцтва каманды прымяніць у дачыненні да “Макслайн” з Рагачова выключэнне адхілілі. У выніку колькасць каманд Вышэйшай лігі будзе няцотнай – 15 клубаў. 

У эліце застаецца “Белшына”, якая ў мінулым сезоне заняла 12-ты радок з 30 ачкамі за 30 гульняў. “Днепр” з 12 баламі заняў апошні радок турнірнай табліцы ў 2022 годзе і вылецеў у Першую лігу. 

Чэмпіянат стартуе 17 сакавіка, а завершыцца 3 снежня. Гуляць, дарэчы, будуць афіцыйным мячом чэмпіянату свету-2022, піша pressball. 

Фота: sports.ru

Абласная “Магілёўская лыжня” пройдзе ў Чавусах 18 лютага

Абласное зімовае свята «Магілёўская лыжня» пройдзе ў Чавусах у суботу 18 лютага на базе раённай СДЮШАР – анансуе падзею газета “Іскра”. Свята праводзіцца дзеля папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Традыцыйна пройдуць чатыры старты лыжнай эстафеты, у якіх прымуць удзел больш за 700 лыжнікаў-бюджэтнікаў. Гэта каманды структурных падраздзяленняў абласнога,  гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, праваахоўных органаў і сілавых структур, клубаў па гульнявых відах спорту, абласных цэнтраў і вучылішчаў алімпійскага рэзерву. Чакаюць таксама аматараў лыжнага спорту. 

У залежнасці ад узросту будзе сфарміравана 12 забегаў сярод мужчын і жанчын. Самую кароткую дыстанцыю пабягуць спартсмены-аматары ў катэгорыях 60+ – усяго 1 км, самую доўгую –  ва ўзросце 18-29 гадоў – 3 км трасы.

У месцы правядзення лыжні арганізоўваецца пракат спартыўнага абсталявання, выязны гандль з гарачай кавай, гарбатай, юшкай і салдацкай кашай.

Пераможцы атрымаюць грошы, медалі, дыпломы. 

Свята “Чавуская лыжня-2023” прайшло ў мінулыя выходныя.

Фота газета “Іскра”

Сайт tabletka.by перастаў працаваць з-за хакерскай атакі

Сервіс, які прадстаўляе інфармацыю пра наяўнасць і кошты лекавых сродкаў больш чым у 4 000 аптэках Беларусі перастаў адкрывацца з 13 лютага. Спецыялісты тэхнічнай падтрымкі сайта паведамілі журналістам, што збой адбыўся з-за масіраванай хакерскай атакі і “ўсё вельмі сур’ёзна”. 

Сайт з’яўляецца буйнейшым сервісам інфармавання пра наяўнасць лекавых сродкаў у аптэках населеных пунктаў. На ім размяшчаюцца таксама інструкцыі па прымяненні лекаў. Калі будзе вернутая функцыянальнасць рэсурса – не паведамляецца.

Фота ілюстрацыйнае.

ВІЧ-хворых у Магілёўскай вобласці стала больш

За мінулы год іх колькасць павялічалася на 173.

У Магілёўскай вобласці за мінулы год выяўлена новых 173 хворых на СНІД і паказчык захварваемасці склаў 17,2 чалавек на 100 000 насельніцтва – інфармуе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. 

Усяго ў Магілёўскай вобласці за перыяд 1987–2023 гадоў зарэгістраваны 2471 выпадак ВІЧ-інфекцыі. Зараз з ВІЧ пражывае 1950 чалавек (у 2021 – 174 новых выпадкі, у 2022 – 173).

Пераважае палавы шлях перадачы інфекцыі – 72,8%. Удзельная вага жанчын – 39,3%, мужчын – 60,6%.

Больш за ўсё захварэўшых – ва ўзроставай групе 15-49 гадоў – 83,8%.

Сярод пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй у 2022 годзе пераважалі асобы без пэўнай дзейнасці – 39,8%,  працоўныя – 31,4%, служычыя  – 6,3%.  4,6% пацыентаў выяўлена пры паступленні ў месцы пазбаўлення волі.

Магілёўская вобласць па паказчыках захворвання – “сярэднячок” сярод рэгіёнаў. Лідыруюць  традыцыйна Гомельская вобласць, Мінск. Самы нізкі ўзровень мае Гродзенская вобласць.

Самая цяжкая сітуацыя па захворванню у вобласці – у Асіповіцкім раёне.

Увогуле, сітуацыя з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІД у краіне з’яўляецца крытычнай. Ацэнкі хворых вагаюцца ад 25 000 да амаль 40 000. Напрыклад, па разліках Spectrum яшчэ ў 2020 годзе колькасць людзей з ВІЧ складала каля 28 000, па дадзеных UNAIDS у 2020 годзе называлася колькасць інфіцыраваных 37 000. 

Краіна знаходзіцца на трэцім месцы ў Еўропе па колькасці новых выпадкаў заражэння, саступаючы Расіі і Украіне.