У Дрыбіне пройдзе Кубак па більярдзе

22 красавіка ў більярдным зале Дрыбінскага цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы адбудуцца штогадовыя спаборніцтвы па більярдзе сярод калектываў раёна. Кубак стартуе ў 10 раніцы, рэгістрацыя ўдзельнікаў – да 9.30, паведамляе “Савецкая вёска”.

Фота з адкрытых крыніц.

У Магілёве пройдуць рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы разам з расіянамі

Традыцыйныя рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы памяці заслужанага трэнера БССР Васіля Яроміна стартуюць сёння ў Магілёве.

Спаборніцтвы будуць праходзіць у спарткомплексе “Алімпіец” на працягу двух дзён.

У праграме 13 дысцыплін: бег на 60, 200, 400, 800, 1500 і 3000 м, бег з бар’ерамі на 60 м, спартыўная хада на 3000 м, змешаная эстафета 4х200 м, скачкі ў даўжыню і вышыню.

Як падкрэслілі арганізатары, у рэспубліканскіх спаборніцтвах будуць браць удзел таксама спартсмены з Расіі. 

Урачыстае адкрыццё пройдзе сёння ў 12.45 – паведамляе БелТА.

Фота ілюстрацыйнае.

У Магілёве праходзяць спаборніцтвы ратавальнікаў – відэа

Рэспубліканскія спаборніцтвы ратавальных служб праходзяць у Магілёве і ў вобласці з 21 па 24 лютага. У першы дзень 9 каманд спаборнічалі ў пошукава-выратавальных работах. Паводле легенды, ратавальнікі абследуюць мясцовасць з мэтай пошуку чалавека, які пайшоў у адзіночны турыстычны паход і які ў прызначаны час не выйшаў у зададзены квадрат. Сувязь з ім адсутнічае.

На этапе “Мост” ратавальнікі паднімаліся на мост пры дапамозе альпінісцкага абсталявання, арганізоўвалі спуск “пацярпелага” на зямлю і на насілках транспартавалі яго да месца аказання першай медыцынскай дапамогі – паведамяе прэс-служба МНС. 

Фота: МНС

Рэспубліканскія спаборніцтвы па лыжаролерах пройдуць у Магілёве 24 верасня і перакрыюць праезд па вуліцы Залатавустоўскага

Рух транспарту на вуліцы будзе абмежаваны 23-24 верасня. Гэта звязана са спаборніцтвамі маладых беларускіх спартсменаў на лыжаролерах. 

Лыжаролерныя спаборніцтвы набіраюць папулярнасць у свеце. У суботу 24 верасня ў Магілёве каманды юнакоў і дзяўчат спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў Рэспублікі Беларусь будуць удзельнічаць у 3 этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў па лыжаролерах “SKIBEL-тур”. Гонка пройдзе па вуліцы Залатавустоўскага і пачнецца ў 11 гадзін. 

З-за правядзення спаборніцтваў праезд транспартных сродкаў каля Фацінскай затокі Дняпра ў Магілёве часова перакрыюць. Дзяржаўтаінспекцыі даручана ўжо 23 верасня да 20.00 вызваліць ад аўтамабільнага транспарту праезджую частку вуліцы Залатавустаўскага і паркоўку ў раёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу “H2O”. 24 верасня з 8.00 да заканчэння спаборніцтваў інспектары павінны будуць перакрыць рух транспартных сродкаў па ўсёй вуліцы.

Рух аўтобуснага маршруту нумар 4 будзе арганізаваны з улікам перакрыцця руху.

Пенсіянеры з Быхава перамаглі на спартакіядзе для пажылых у Кіраўску

Ва ўпартай барацьбе ны абыйшлі клічаўскіх і кіраўскіх пенсіянераў.

На Кіраўшчыне прайшло спаборніцтва “Планета спорту” для грамадзян сталага ўзросту – піша газета “Кіравец”.  Жыхары Быхаўскага, Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў спаборнічалі ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце-2030”.

На базе трэнажорнай залы “Геркулес” фізкультурнікі паважанага ўзросту трох суседніх  раёнаў спаборнічалі ў дартсе, у набіванні тэніснага мяча, эстафеце пажарных-выратавальнікаў, конкурсе на спрыт “Лавіся рыбка”. Узроставыя “спартсмены” дэманстравалі сваё майстэрства і ў іншых спартовых дысцыплінах. 

Трэба адзначыць, што спаборнічалі не проста грамадзяне пажылога ўзросту, а тыя, хто наведвае аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 

Як сведчыць фотастаронка газеты “Кіравец”, у зале панавала атмасфера пазітыву, радасці і здаровага спартыўнага суперніцтва. Нягледзячы на шаноўны ўзрост усе фізкультурнікі імкнуліся даказаць, што менавіта яны мацней і кемлівей за іншых. 

Дыпломам 1 ступені і каштоўнымі падарункамі была адзначана каманда Быхаўскага ЦСАН, 2-е месца заваявалі кіраўчане, 3-е – на рахунку каманды з Клічава. Пры гэтым кожная з каманд перамагла хаця б у адной дысцыпліне.

Галоўны вынік спартакіады – добры настрой і незабыўныя ўражанні. Завяршылася мерапрыемства сяброўскім чаяваннем.

 

Беларускім біятланістам забаранілі ўдзельнічаць у спаборніцтвах Міжнароднага саюзу біятланістаў

Міжнародны саюз біятланістаў працягнуў адхіленне расійскіх і беларускіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў. Пра тое гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным  на старонцы International Biathlon Union у Twitter.

«Кангрэс падтрымаў запыт Выканаўчага камітэту па адхіленні расійскай і беларускай федэрацыі пакуль яны не прадэманструюць сваю поўную прыхільнасць падтрымцы і прасоўванню мэтаў і прынцыпаў IBU», – гаворыцца ў допісе.

Рашэнне было падтрымана 40 галасамі. Адзін быў супраць, чацвёра – устрымаліся.

Днём раней, Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук заявіў, што не чакае пазітыўнага рашэння наконт удзелу беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднага саюзу біятланістаў. На ягоны погляд, «у спорт умяшалася палітыка».

«Мы супраць палітыкі ў спорце. Беларусь правяла чэмпіянат Еўропы ў 2019 годзе, пасля гэтага Эстонія ў 2020 годзе не змагла правесці турнір з-за адсутнасці снегу. Падставілі плячо, узялі мы на сябе ўсе выдаткі і правялі чэмпіянат Еўропы. Вось, нам сказалі дзякуй за працу, якую мы зрабілі», – адзначыў урадовец у каментары БелТА.

У лютым, пасля нападу расійскіх войск на Ўкраіну, IBU забараніў расіянам і беларусам на міжнародных спаборніцтвах выступаць пад нацыянальнай сімволікай. У сакавіку наагул адхіліў зборныя гэтых краінаў ад спаборніцтваў.