Ёсць рэкорд! Жыхарка Чавус вырасціла памідор на кіло шэсцьсот

Рэкордны для Беларусі памідор вырасціла пенсіянерка з Чавус Вольга Хічэўская. Рэдакцыя раённай газеты “Іскра” ўзважыла тамат і паведаміла, што плод атрымаўся амаль на 1 кілаграм 600 грамаў.

Папярэдні рэкордны памідор на Беларусі ў сёлетнім сезоне важыў 1 кілаграм 334 грамы. Яго прэзентавалі на Іўеўскім фестывалі таматаў – пісала БелТА. Яшчэ большы тамат у 2021 годзе знаходзілі ў Салігорскім раёне – амаль 1,5 кілаграмы.

Самы вялікі памідор у свеце быў вырашчаны Дэнам Сазэрлэндам у ЗША ў паселішчы Ўола-Ўола каля Вашынгтона ў 2020 годзе. Ён важыў 4 кілаграмы 896 грамаў.

Фота: “Іскра”

У Горках пенсіянер кінуўся пад цягнік

Раніцай 23 жніўня трагічны інцыдэнт здарыўся на станцыі Пагодзіна ў Горках. Работнікі чыгункі заўважылі на рэйках немаладога мужчыну, які выпіваў спіртное. Супрацоўнікі станцыі папрасілі яго сыйсці з рэек і пенсіянер паслухаўся. Але як толькі на станцыю прыбыў цягнік “Ворша-Крычаў”, мужчына кінуўся пад калёсы. З траўмамі яго шпіталізавалі, але выратаваць не ўдалося – паведамляе “Горацкі веснік”.

Фота ілюстрацыйнае

390 год таму Крычаў атрымаў Магдэбургскае права і гарадскі герб

23 жніўня 1633 года Крычаў атрымаў права на самакіраванне і гарадскі герб, якая сёння з’яўляецца афіцыйнай сімволікай горада. Крычаў з’яўляўся усходнім фарпостам Рэчы Паспалітай і атрымаў Магдэбурскае права за тое, што з гонарам змагаўся з захопнікамі з Усходу – маскавіцкімі войскамі.

 Нададзена Крычаву Магдэбурскага права было 23 жніўня 1633 года прывелеем князя Вялікага княства Літоўскага і караля Польскага Уладзіслава IV Вазы. Права на самакіраванне горад атрымаў за гераічнае змаганне з маскоўскімі войскамі, бо Крычаў доўгі час выконваў функцыю ўсходняга фарпоста дзяржавы. На працягу XVI-XVII стагоддзя горад неаднаразова асаджаўся варожымі атрадамі. У 1614 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Крычаў і разрабавалі староства. 

Але самым трагічным для горада аказаўся лютаўскі паход маскавітаў на Крычаў, які датуецца 1633 годам. Дзве тысячы жыхароў (жанчын і мужчын з дзецьмі) былі ўзяты ў аблогу (гэта ледзь не ўсе крычаўляне), а сам горад быў спалены. Але пакутамі і мужнасцю людзей замак выстаяў перад варожымі атрадамі. Менавіта за гераізм і адданасць радзіме кароль і вялікі князь Уладзіслаў IV Ваза надаў Крычаву Магдэбургскае права і герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач зь якім срэбны меч». Сення старадаўні герб з’яўляецца афіцыйнай сімволікай, што атрымала такі статус 18 лютага 2002 года.

Што цікава, згадак пра гэтую важную і нават эпахальную падзею ў гісторыі горада няма ні ў мясцовай прэсе, ні на сайце мясцовага музея, хоць раней у Крычаве нават праводзіўся круглы стол, прысвечаны пытанню Магдэбурскага права і была ідэя закласці ратушны сквер. Пра гэта  ў свой час актыўна распавядаў начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Вадзім Рыськоў.  

Фота з адкрытых крыніц

Грамадскі транспарт з Задняпроўя ў Магілёве 26 жніўня пусцяць праз мост Шмідта

У сувязі з правядзеннем на Пушкінскім праспекце ў Магілёве Кубка па аўтаспорце “Джымхана батл”, пра што пісалі mogilev.media, рух для транспарту на адрэзку ад маста Яшына да вуліцы Гагарына будзе перакрыты практычна на ўвесь дзень, з 10 да 20 гадзін.

Пагэтаму ўвесь грамадскі траспарт, які рухаецца з Задняпроўя ў бок плошчы Арджанікідзэ, будзе перанакіраваны на вуліцу Гагарына або праспект Шмідта – далей на мост імя О. Шмідта і на вуліцу Чалюскінцаў. Па гэтым жа шляху будзе ісці рух у адваротны бок.

Пры гэтым тралейбус №3 26 жніўня працаваць не будзе – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.  Замест тралейбуса №4 будзе працаваць №4к ад чыгуначнага пераезда да плошчы Арджанікідзэ.

Фота з адкрытых крыніц

Следчыя абнародавалі падрабязнасці забойства са згвалтаваннем дзяўчынкі 25 гадоў таму

Забойца гвалтаваў таксама і сваю ўласную дачку, а падчас следства высветлілася, што ў канцы 1970-х, калі яму не было яшчэ і 20-ці, ён здзейсніў яшчэ два забойствы.

Следчы Камітэт Беларусі апублікаваў падрабязнасці пра забойства дзяўчынкі на Магілёўшчыне, што было раскрыта праз 25 гадоў.

26 ліпеня 1998 года ў Магілёве знікла адзінаццацігадовая дзяўчынка. Праз два дні яе абвугленае цела са слядамі згвалтавання і нажавымі раненнямі знайшлі грыбнікі ў лесе. На працягу дваццаці пяці гадоў следчыя час ад часу вярталіся да справы, і ў самы апошні час ім удалося знайсці новую зачэпку.

У пачатку жніўня 2023 года па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства быў затрыманы 63-гадовы мужчына. Падчас допыту ён прызнаўся, што ў 1998 годзе згвалтаваў і забіў дзяўчынку. Як высветлілася, яна была сяброўкай яго дачкі.

Мужчына, як бацька сяброўкі, а значыць, добра знаёмы чалавек, завёў дзяўчынку ў лес. Там ён пасцяліў загадзя падрыхтаваную прасціню, заткнуў ахвяры рот анучай, а затым згвалтаваў і ўдарыў нажом у спіну. Закідаў цела сухім галлём, абліў бензінам і падпаліў – расказаў ён следчым на допыце.

Таксама стала вядома, што пазней, у 2009 годзе ён згвалтаваў сваю ўласную дачку і пад пагрозай нажа патрабаваў ад яе нікому не расказваць. За гэтае злачынства ён ужо адсядзеў свой тэрмін. Акрамя таго, следчыя атрымалі інфармацыю, што ў канцы 1970-х гадоў – а гэта значыць, што яму тады не было і дваццаці гадоў – мужчына здзейсніў два забойствы.

Фота: скрыншот з відэа Следчага Камітэта

Магілёвец ускрыў сем аўто, каб паехаць да сяброўкі

30-гадовы мужчына, раней судзімы за разбой, ускрыў сем машын – паведамляе УУС. Ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.

Пасля перапіскі са сваёй дзяўчынай, якая знаходзіцца ў суседняй краіне, хлопец вырашыў паехаць да яе.  Мужчына ўскрыў шэраг транспартных сродкаў, але шэсць з іх завесці не змог, а ў сёмы заглух матор. Пашпарту і правоў на кіраванне аўто ў хлопца пры сабе не было.

Следчымі ўзбуджана крымінальная справа.

Фота: УУС

Пад Чавусамі збіраюць сродкі на рамонт царквы – а гэта адзіны помнік на ўвесь раён

Настаяцель Свята-Мікольскай царквы ў вёсцы Благавічы Чавускага раёна абвясціў пра збор сродкаў для рамонта царквы. Храм быў пабудаваны ў 1904 годзе, у 1930-м яго зачынілі і ператварылі ў сельскі клуб. У 2004 годзе храм быў асвечаны і зноўку адчынены. У 2024 годзе царква будзе адзначаць сваё 120-годдзе, і на сённяшні дзень яна з’яўляецца адзіным архітэктурным помнікам на ўвесь раён, унесеным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. 

Фота: chausynews.by

Жыхарка Бабруйска памерла ад атручвання сінтэтычнымі псіхатропамі

У кватэры 52-гадовага бабруйчаніна памерла яго 47-гадовая знаёмая. Смерць наступіла ад атручвання асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам альфа-PVP – гаворыцца ў паведамленні УУС.

Супрацоўнікі наркакантролю высветлілі, што ўладальнік жылля напярэдадні ўладкаваўся кур’ерам у наркашоп. Атрымаўшы першае заданне, ён прысвоіў “тавар”, ужыў яго сам і падзяліўся з жанчынай, ад чаго тая і памерла.

Следчым Камітэтам узбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў, які пацягнуў па неасцярожнасці смерць чалавека. Мужчыне пагражае пакаранне да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўскі прагулачны цеплаход, аказваецца, працаваў з рызыкай для пасажыраў

Магілёўская транспартная пракуратура выявіла парушэнні ў бяспецы на цеплаходзе “Магілёў”, уладальнікам якога з’яўляецца”Магілёўзелянбуд”. Так, у машынным аддзяленні цеплахода захоўваліся лёгкаўзгаральныя вадкасці, суднавае электраабсталяванне выкарыстоўвалі з пашкоджанай ізаляцыяй. Патрабаванні, якія прад’яўляюцца да эвакуацыі людзей у выпадку ўзнікнення пажару, у поўным аб’ёме не выконваліся – піша БелТА. Уласніку цеплахода выпісаны прадпісанні па выкараненні недахопаў.

Фота з адкрытых крыніц

15-гадовая пасажырка пацярпела у ДТЗ у Хоцімску

21 жніўня ў Хоцімску на скрыжаванні вуліцы Дзяржынскага і завулка Дзяржынскага аўтамабіль Audi 80 сутыкнуўся з машынай Peugeot – паведамляе УУС.  У выніку ДТЗ 15-гадовая пасажырка Peugeot з траўмамі шпіталізавана.

Фота: УУС