У кожнай трэцяй з чатырох школьных сталовак выяўлены парушэнні

Больш за 620 парушэнняў санітарыі і гігіены ў І квартале 2023 года ўстаноўлены ў 74% аб’ектаў харчавання ўстаноў адукацыі – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Гэта пры тым, што маніторынгам было ахоплена толькі 60% іх наяўнай колькасці. 

У кожным чацвертым выпадку (25%) у сталоўках не вытрымліваецца прыкладнае меню па асартыменце страў, выяўлены абвесы (заніжаны выхад страў), не выконваюцца 

нормы харчавання па асобных прадуктах. 

У 15% сталовак выяўлены бруд на харчаблоках, амаль ў 5% выпадкаў – парушэнні тэрмінаў рэалізацыі, захоўвання харчовых прадуктаў, амаль у 4%  выпадкаў стравы не адпавядалі нарматывам па каларыйнасці. 

Праверкі паказалі, што  некаторым сталоўкам (1,2%) бракуе чысціні абсталявання, інвентара, тары, рук работнікаў харчаблокаў. 

Прычыны парушэнняў санітарыі і гігіены ў дзіцячых сталоўках вядомыя: абыякавасць, крадзёж.

Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар

У Касцюковіцкім раёне прадавачка нацягала з касы каля пяці тысяч рублёў

Падчас інвентарызацыі выявілі крадзёж грошай з вясковай крамы. 

Як паведамляюць ва Упраўленні ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, у выніку інвентарызацыі аднаго з раённых гандлёвых аб’ектаў была выяўлена значная нястача.

Падчас праверкі праваахоўнікі высветлілі, што 48-гадовая прадавачка, выконваючы абавязкі загадчыцы крамы, на працягу некалькіх месяцаў прысвойвала тавары і грошы гандлёвага аб’екта. 

Прадукты жанчына перапрадавала мясцовым жыхарам, а грошы з касы траціла на сябе. Шкода касцюковіцкаму райпо ацэньваецца на агульную суму каля 4 700 рублёў.

Узбуджана крымінальная справа. 

Фота ілюстрацыйнае 

Затрыманай у Круглым Аліне Горавай не аказваюць медыцынскую дапамогу, яе здароўе пагоршылася

Праваабаронцы і СМІ паведамляюць, што ў Круглым пасля выпускнога была затрыманая Аліна Горава. 20-гадовая дзяўчына вучылася ў Барысаўскім політэхнічным каледжы, і 27 сакавіка, ў дзень атрымання дыплома яе проста на аўтобусным прыпынку пасля вяртання ў Круглае затрымала міліцыя.

Паведамляецца, што ў круглянскім ІЧУ, куды была адпраўлена Аліна, было вельмі халодна. Дзяўчыне не выдалі матрац, ёй давялося спаць на голых дошках, забаранілі накрывацца нават уласнымі рэчамі. 

Праз тры дні Аліне стала дрэнна. У дзяўчыны паднялася тэмпература, а таксама абвастрылася хранічнае захворванне нырак і жаночых органаў. Ёй выклікалі хуткую, але забаранілі шпіталізацыю, матывуючы гэта тым, што ў турме № 4 у Магілёве, куды яе мусяць перавесці, ёсць лякарня.

Але, наколькі вядома, пасля этапу нічога не змянілася. Турэмны лекар, па словах праваабаронцаў, не прапісаў дзяўчыне антыбіётыкаў, нягледзячы на дрэнныя аналізы. На дзясятыя суткі, наколькі вядома, стан яе пагоршыўся, болі ўзмацніліся, запаленне прагрэсавала.

Фота з соцсетак.

Якім бы намалявалі Магілёў Босх, Шагал, Малевіч – пагуляліся з чарговай нейрасеткай

Следам за Stable Diffusion Online і DALL-E, якія па нашай просьбе малявалі альтэрнатыўны Магілёў, мы папрасілі новую нейрасетку Kandinsky 2.1 намаляваць наш горад. Але не простафантазійны, а такім, як яго маглі б выявіць славутыя мастакі.

Але спачатку спыталі штучны інтэлект, як бы ён выглядаў Магілёў у папулярных мастацкіх стылях. Напрыклад, кіберпанк.

Анімэ.

Поп-арт. Звярніце ўвагу, чым вянчаецца цэнтральная цыбуліна.

Наогул, звяртае на сябе ўвагу аднатыпнасць фантазіі нейрасеткі. Як бы мы ні фармулявалі пытанне, на цэнтральным месцы выявы амаль заўсёды знаходзіцца стылізаваная царква. А вось мастацкі почыркі знакамітых жывапісцаў амаль заўсёды Kandinsky улоўлівае трапна. Вось, напрыклад, пару варыянтаў ад “Босха”.

Кандзінскі.

Шагал.

А вось стыль Бялыніцкага-Бірулі, на наш погляд, зусім не ўгаданы. Відаць, нейрасетка брала за аснову не ўзорныя працы знакамітага ўраджэнца Магілёўшчыны, а нейкія выпадковыя выявы.

Казімір Малевіч так не расчараваў, хоць і не вельмі аказаўся падобным на сябе, хутчэй патрапіў пад моцны ўплыў Кандзінскага.

Таксама некуды не туды адбыўся зрух у стылістыцы Сая Твомблі, хоць у прынцыпе праца атрымалася прыемная, лаканічная.

Рэмбранд парадаваў.

Ну, і нарэшце, Сальвадор Далі.

Kandinsky 2.1 – гэта расійскі аналаг знакамітай нейрасеткі Midjourney, якую распрацавалі праграмісты “Сбербанка”.

Пенсіянера ў Магілёве даставалі з калодзежа

10 красавіка ў Магілёве на вуліцы Завадской мужчына 1946 года нараджэння на сваім прысядзібным участку праваліўся ў калодзеж глыбінёй 2,5 метра. Даставаць яго давялося ратавальнікам – паведамляе прэс-служба МНС. З траўмамі ён шпіталізаваны.

Фота: МНС.

Яшчэ адзін магілёвец атруціўся мухаморамі – а іх можна свабодна купіць праз інтэрнэт

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз апублікаваў даследаванне пра чарговае атручэнне мухаморамі жыхара Магілёва. Нагадаем, у снежні мінулага года пятнаццаці- і шаснаццацігадовыя падлеткі ў Магілёве труціліся гэтымі ж грыбамі і траплялі ў рэанімацыю – пісалі mogilev.media.

Гэтым разам – у сакавіку бягучага года ў Магілёўскую гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі з прыкметамі наркатычнага атручэння паступіў 31-гадовы магілёвец. Мужчына на вуліцы паводзіў сябе неадэкватна, відавочцы выклікалі “хуткую дапамогу” і міліцыю. У той жа дзень супрацоўнікі міліцыі правялі агляд у кватэры маладога чалавека, канфіскавалі два шкляныя слоікі з здробненым раслінным рэчывам.

Як выявілася, гэта здрабнёныя мухаморы, якія мужчына свабодна набыў праз інтэрнэт. Падчас апытання магілёвец растлумачыў супрацоўнікам міліцыі, што не першы раз ужываў у ежу расліннае рэчыва з сушаных мухамораў як харчовую дабаўку. У той дзень ён з’еў некалькі лыжак, затым пайшоў у краму і неўзабаве адчуў, што губляе сувязь з рэальнасцю, пачаў паводзіць сябе неадэкватна.

Наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў у такіх мухаморах не ўтрымліваецца, што дазваляе іх свабодна прадаваць. Разам з тым, у чырвоным мухаморы змяшчаюцца рэчывы, якія ўплываюць на псіхіку – мусцымол і ібаценовая кіслата. Ад іх парушаецца ўспрыманне знешняга свету, з’яўляецца пачуццё нерэальнасці таго, што адбываецца вакол.

Фота: Камітэт судовых экспертыз.

Пад Крычавам агонь спаліў тры тысячы кубаметраў лесу

Пажар спынены ратавальнікамі, яшчэ 4,5 кубаметраў лесу ўратавана

Як паведамляе міністэрства па надзвычайных сітуацыях, на адкрытай пляцоўцы ўздоўж аўтамабільнай прасёлкавай дарогі каля вёскі Прыгаўка Крычаўскага раёна загарэўся штабель круглала леса памерам 6х200 м, вышыней 2-4 м.  

У выніку пажара пашкоджаны тры тысячы кубаметраў круглага лесу на плошчы 400 квадратных метраў. Яшчэ больш лесу супрацоўнікі міністэрства па надзвычайных справах і работнікі лясгаса змаглі ўратаваць, а менавіта 4,5 тысячы кубаметраў. 

Пацярпелых няма, прычына пажару высвятляецца.

Фота ілюстрацыйнае

За 10 дзён працы закладчыкам – 11 год турмы

21-гадоваму жыхару Магілёва інкрымінавана набыццё, захоўванне і перавозка асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе арганізаванай групы.

Як паведамляе генеральная пракуратура у кастрычніку 2022 года хлопец звязаўся з адміністратарамі інтэрнэт-крамы, якая займаецца распаўсюджваннем псіхатропных рэчываў. Па ўказанні куратараў, малады чалавек да 26 кастрычніка 2022 года выконваў функцыі «закладчыка»: размяшчаў схованкі з псіхатропнымі рэчывамі на тэрыторыі Магілёва.

За 10 дзён «працы» ён набыў у некалькі этапаў не менш за 24 грам сінтэтычнага наркотыка, больш за два грамы якога размясціў у тайніках.

Цяпер ён асуджаны на тэрмін у 11 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 200 базавых велічыняў.

Фота ілюстрацыйнае

Пенсіянер пад Хоцімскам прыбіраючы свой участак падпаліў суседскі дом, спаліў пуню

Вясковец на Хоцімшчыне спальваў смецце на ўласным ўчастку – у выніку знішчана пуня і пашкоджаны дах дома ў суседзяў.

Як піша інфармацыйнае агенства БелТА, здарэнне адбылося ў вёсцы Падлесная Хоцімскага раёна, дзе 65-гадовы мясцовы жыхар наводзіў парадкі на сваім прысядзібным участку спальваючы смецце.

Вецер спрыяў таму, што агонь выйшаў з-пад кантролю і хутка перакінуўся на суседні ўчастак, дзе знішчыў хлеў і пашкодзіў дах дома. Праз узрост і адсутнасць тэлефона, разгублены пенсіянер не адразу звярнуўся па дапамогу, і калі мясцовыя жыхары ўбачылі зарыва, агонь ужо знішчаў будынкі на суседнім участку. 

На шчасце, пацярпелых няма.

Фота ілюстрацыйнае

Паглядзелі, дзе ў Магілёве можна купіць бярозавы сок

Кожны дзень на тэрыторыі магілёўскага лясгаса на вуліцы Крупскай арганізаваны продаж бярозавіка. Адзін літр соку каштуе 53 капейкі ў сваю тару. Продаж пачынаецца з 12.00 і звычайна збірае агромністыя чэргі – пераканаліся mogilev.media.

Фота: mogilev.media