Рубрыка – прыдумай подпіс да фотаздымка

Вясёлай карцінкай падзяліўся чытач mogilev.media. Што тут адбываецца – у прынцыпе, інтуітыўна зразумела, але ўсё роўна лёгкая абсурднасць выявы не пакідае без усмешкі. То – смела каментуйце а самыя лепшыя водгукі мы неўзабаве апублікуем, разам з тлумачэннем карцінкі.

Каб пракаментаваць – падпісвайцеся на нашы старонкі ў VK, Facebook, Instagram, Ok, на канал у Telegram. Свае вясёлыя карцінкі высылайце таксама на пошту.

Фота з адкрытых крыніц

Цяпер купацца можна ўсюды – знялі забарону на пляжы, што быў закрыты

Санстанцыя правяла паўторную праверку на возеры каля базы адпачынку “Мерэя” ў Леніно Горацкага раёна.  7 чэрвеня тут уводзілася першая ў гэтым сезоне забарона на купанне – паведамлялі mogilev.media. Цяпер жа наяўнасць кішачнай палачкі не перавышае нормы – піша “Горацкі веснік”. Пагэтаму ўсе абмежаванні для купання на гэтай зоне адпачынку знятыя.

Па іншых афіцыйна зацверджаных зонах адпачынку вынікі даследаванняў спроб вады не перавышаюць нарміруючых значэнняў.

Фота з адкрытых крыніц

Вось на такіх арэлях ужо тыдзень гойдаюцца дзеці ў Магілёве

На вуліцы Якубоўскага ў Магілёве арганізацыя “Жылэкспа”, якая абслугоўвае раён, пачала рамонт дзіцячай пляцоўкі, ды так і кінула. Ужо тыдзень няма ніякага руху што да работ – паведамляюць сведкі. Дзеці, тым часам, працягваюць свае забавы на пляцоўцы.

Фота з соцсетак

Чайны фэст “Гарбата па-сваякоўску” пройдзе ў пасёлку Усход пад Магілёвам

Традыцыйны чайны фестываль сямейнага адпачынку і здаровага ладу жыцця “Гарбата па-сваякоўску” пройдзе ў аграгарадку Усход Магілёўскага раёна 17 чэрвеня, піша “Прыдняпроўская ніва”.

Mogilev.media рабілі рэпартаж з мінулагодняга фестываля – атрымалася душэўна. Сёлета зноўку чакаецца масавае чаепіцце, конкурсы і выступы фальклорных калектываў. 

Спецыяльна запрошнаныя госці фестывалю – артыстка беларускай эстрады Ульяна Шэлах, народны арт-гурт “Горад М”, народны шоу-балет “Крычэс”.

Да месца правядзення фестывалю ад аўтавакзала ходзіць аўтобус №238. Пачатак свята а 12-й гадзіне.

Фота: mogilev.media

Усе ФАПы на Магілёўшчыне плануецца адрамантаваць, але грошай на гэта не абяцаюць

Да 1 верасня плануецца адрамантаваць усе фельчарска-акушэрскія пункты ў Магілёўскай вобласці, а да 1 лістапада – таксама і ўсе амбулаторыі. Такія планы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі агучвае БелТА.

Прычым многія работы плануецца выканаць гаспадарчым спосабам або з прыцягненнем спонсарскіх сродкаў, а чакаць выдзялення вялікіх грошай з абласнога бюджэту чыноўнік не рэкамендуе – прыводзіць яго словы БелТА.

На гаротны стан сельскіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў на Беларусі ў свой час звярнула ўвагу Генеральная пракуратура. Пракуроры праверылі больш за 900 ФАПаў і амбулаторый, і ў кожным трэціх з іх былі знойдзены парушэнні. 

– Дзесьці не было лекаў, дзесьці лекі былі, але ўмовы захоўвання не выконваліся, была адсутнасць вады, столя абрушвалася і гэтак далей. – пракаментаваў сітуацыю намеснік начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Вячаслаў Дземідовіч – І быццам бы трэба прымаць меры, каб ФАПы працавалі, людзям дапамогу аказвалі, але летась пару дзясяткаў ФАПаў у краіне зачынена. На гэты год па планах некалькі дзясяткаў зачыненняў.

На сённяшні дзень у Магілёўскім рэгіёне 239 ФАПаў. Праблему з пошукам сродкаў Анатоль Ісачанка пракаментаваў так: галоўнае – індывідуальны падыход. Напрыклад, няма медыка ў канкрэтным ФАПе – заўсёды можна арганізаваць падвоз з іншай установы, і гэта толькі адзін з варыянтаў рашэння праблемы. “Трэба прывесці ў парадак тое, што ў нас ёсць, тым больш у кожнай раённай бальніцы ёсць гаспадарчая група.”

Фота ілюстрацыйнае

Трагедыя ў Магілёве – палутарагадавалая дзяўчынка выпала з вакна шостага паверху

Вечарам 11 чэрвеня на вуліцы Якубоўскага ў Магілёве насмерць разбілася дзяўчынка палутара гадоў. Яна засталася разам з бабуляй у кватэры на шостым паверсе. Бацькі былі ў ад’ездзе. У нейкі момант бабуля выйшла на кухню, каб прыгатаваць ежу.

Падчас адсутнасці дарослай, дзяўчынка забралася праз канапу на падваконне, адчыніла вакно і выпала ўніз. Ад атрыманых траўмаў яна загінула – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Фота: Следчы камітэт

Горача не будзе – пахмурнае з дажджамі надвор’е. Прагноз на тыдзень

На працягу новага рабочага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае з дажджамі, цёплае надвор’е. Будуць пераважаць вятры паўночна-усходнія і паўночныя. 

Удзень чакаецца да +15, +24°С, начныя тэмпературы падрастуць да +11 +16°С. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы падрасце і дасягне 17 гадзін і 7 хвілін – не хапае ўсяго 2 хвілін да макісмальнай велічыны дня. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:27, зойдзе ў 21:34.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 12 чэрвеня. 

У ноч з нядзелі на панядзелак да +11°С, раніцай +14°С, увечары да +16°С. У дзённыя гадзіны паветра прагрэецца месцамі да +20°С. На працягу сутак будзе воблачна, пераважна без ападкаў. Вятры на працягу сутак паўночна-усходнія, хуткасцю да 4 м/с, пры парывах да 9 м/с. Геамагнітнае поле няўстойлівае. Убываючы Месяц.

У аўторак, 13 чэрвеня будзе воблачна, без ападкаў. 

Будуць панаваць паўночна-ўсходнія вятры хуткасцю да 4-6 м/с. Уноч і раніцай ад +12°С да +14°С, днём тэмпература падрасце да +18°С, месцамі і да +20°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на рысцы не ніжэй за +17°С. Геамагнітнае поле спакойнае. Убываючы Месяц.

Серада – воблачная

У сярэдзіне рабочага тыдня, 14 чэрвеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна з дажджамі. Начныя і ранішнія тэмпературы да +16°С, у другой палове дня да +22°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-усходнія вятры хуткасцю 3-5 м/с. Геамагнітнае поле спакойнае. Убываючы Месяц.

Чацвер – дажджы 

У чацвер, 15 чэрвеня, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі надвор’е. Вецер паўночны, хуткасцю 4-5 м/с. Ноччу і ўранні да +15°С, у абед і на працягу другой паловы дня +15° +17°С. Месяц убывае.

Пятніца, 16 чэрвеня

У апошні дзень працоўнага тыдня, 16 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным воблачнае, з ападкамі ноччу і ў першай палове дня надвор’е з панаваннем заходніх  вятроў хуткасцю да 3 м/с. У другой палове дня воблачна, без істотных ападкаў, з паўночнымі вятрамі 3-4 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +13°С, удзень і ўвечары да +24°С. Маладзік.

Фота: mogilev.media

Куды схадзіць на выхадных – у Магілёве адкрылася годная выстава

У магілёўскім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі адкрылася выстава “V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў “ДЭКАРТ-22. Выбранае”.

Для Беларускага саюза мастакоў стала ўжо традыцыйным раз на тры гады напрыканцы года ў лістападзе праводзіць буйны мастацкі праект, прысвечаны сучаснаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. 

Цяпер творы Трыенале выстаўлены ў магілёўскім філіяле Нацыянальнага мастацкага музея – музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі.

У выставе ўдзельнічаюць не толькі сябры секцый дэкаратыўнага мастацтва і тэкстылю“Беларускага саюза мастакоў”, але і творчая моладзь, студэнты, мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Прадстаўлены формы як класічнага, традыцыйнага мастацтва, так і новыя эксперыментальныя інтэрпрэтацыі.

У экспазіцыі можна ўбачыць сучасны тэкстыль, кераміку, шкло, батык, метал.

Фота: mogilev.media

Сёння магілёўскіх выпускнікоў будуць заганяць на канцэрт расійскіх Z-артыстаў

Хочуць школьнікі, ці не хочуць, але адміністрацыі гімназій і школ прымушаюць іх пайсці на канцэрт прапуцінскіх спевакоў – Вольгі Бузавай, гурта “Прапаганда” і іншых.

Сёлета ў Магілёве выпускны вечар ператворыцца ў афіцыйнае мерапрыемства з афіцыёзнай праграмай. Звычайнага развітання са школай у адзінаццацікласнікаў практычна не будзе – выступленні чыноўнікаў і канцэрт прапагандыстаў зоймуць увесь вечар, каля пяці гадзін, з 18:00 да 23:00. Мерапрыемства будзе праходзіць перад “Атрыумам”. Бацькі і дзеці выпускнікоў, што цэлы год рыхтаваліся да аднаго з самых запамінальных вечароў у жыцці, проста пастаўленыя перад фактам.

– Спачатку пагражалі, што напішуць дрэнную характарыстыку, а атэстат не выдадуць 10-га, тыпу яго падправяць. – расказаў беларускім журналістам адзін з магілёўскіх выпускнікоў – Пасля абурэння бацькоў “слёзна” прасілі прыйсці. Цяпер ужо проста «настойліва рэкамендавалі». Тлумачаць, што павінна быць максімальная яўка, казалі, што самі ўсё разумеюць, але зрабіць нічога не могуць, бо пры адсутнасці людзей на канцэрце пытацца будуць з адміністрацыі школы.

Пра новы фармат правядзення выпускнога вечара ў 2023 годзе школьнікі і іх бацькі даведаліся ў пачатку траўня. Цяпер усе раней запланаваныя мерапрыемствы на вечар прыходзіцца адмяняць альбо істотна скарачаць – па сваёй праграме юнакі і дзяўчаты змогуць адсвяткаваць толькі бліжэй да апоўначы.

Культурную праграму для выпускнога вечара ў Магілёве падрыхтавала упраўленне культуры гарвыканкама. У спісе – расійскія спевакі, што адзначыліся актыўнай падтрымкай вайны супраць Украіны. 

Хэдлайнер канцэрта Вольга Бузава – актыўная прыхільніца Пуціна, у кастрычніку 2022 года яна ездзіла ў самаабвешчаную ДНР з гуманітарнай дапамогай. У канцы 2022 года яна выпусціла адмысловую песню з крытыкай тых расіян, якія паехалі за мяжу на фоне масавай мабілізацыі.

Вакалісткі гурта “Стрэлкі” ездзілі ў Данецк яшчэ ў 2017 годзе, да поўнамаштабнай вайны і анэксіі Расіяй новых тэрыторый Украіны. А «Прапаганда» адзначылася тым, што павіншавала расейскіх мужчын з 23 лютага фатаграфіяй (на загалоўным фота) з літарай Z, якая стала сімвалам уварвання, а ў лістападзе 2022-га выступала ў расейскай вайсковай частцы, пажадаўшы байцам «вярнуцца з перамогай жывымі і цэлымі!».

У канцэрце таксама возьмуць удзел магілёўскія артысты. Дзмітрый Азаранка выканаў сумна вядомую песню “Беларуская жонка”. Таксама будзе спяваць Ганна Трубяцкая, якая раней выступала на украінскім шоў “Х-фактар”.

Фота з адкрытых крыніц

Дзівосы дня цвярозасці – на Магілёўшчыне гарэлку нельга, піва можна, на Гомельшчыне піва нельга, гарэлку можна

10 чэрвеня ў Беларусі пройдуць выпускныя вечары ў школьнікаў, і па гэтай прычыне практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны будзе абмежаваны гандаль алкагольнымі напоямі. Але ўсюды па-рознаму.

Чытачы mogilev.media падзяліліся дзіўным назіраннем. Заўтра, 10 чэрвеня ва ўсіх крамах Магілёўшчыны забараняецца продаж моцных алкагольных напояў, а вось піва і слабаалкагольныя напіткі можна будзе набываць. А вось на Гомельшчыне абмежаванне адваротнае – так, у крамах Рагачоўскага раёна нельга будзе набыць піва і слабаалкагольныя напоі, тады як на любую прадукцыю з градусам вышэй за 7 – ніякіх абмежаванняў.

Атрымліваецца, што калі на Магілёўшчыне нельга будзе набыць гарэлку, а піва можна, то на Гомельшчыне піва не, а вось гарэлку – колькі заўгодна.

Фота: чытачы mogilev.media і з адкрытых крыніц