Толькі па выпадковасці новае і дарагое абсталяванне не пацярпела – адзначылі ў пракуратуры.
Пракуратура Магілёўскай вобласці падчас наглядных мерапрыемстваў устанавіла, што ў новым корпусе адной з бальніц Магілёва ў працэсе эксплуатацыі з-за заводскага браку масава пачало выходзіць са строю сантэхнічнае абсталяванне. У выніку замены патрабавалі 647 вадаправодных кранаў-змяшальнікаў.
З-за ўстаноўкі няякаснага абсталявання адбылося затапленне памяшканняў бальніцы, а таксама менавіта з гэтай прычыны чатыры дні на апараце магнітнай рэзананснай тэрапіі, які размяшчаўся ў будынку новага корпуса бальніцы, не абследаваліся хворыя. Толькі па выпадковасці новае і дарагое абсталяванне не пацярпела.
Адзначаецца, што адміністрацыя бальніцы неаднаразова накіроўвала ў адрас кіраўніцтва будаўнічай кампаніі прэтэнзіі, аднак меры па замене змяшальнікаў імі не былі прыняты. Пасля прадпісання пракуратуры ўсё сантэхнічнае абсталяванне заменена – піша mycity.by.
Працягваецца рамонт пуцеправодаў па вуліцы Завадской у Магілёве. Пасля завяршэння рэканструкцыі маста каля Быхаўскага рынка, з-за якога амаль на два месяцы была перакрытая вуліца Чалюскінцаў, будаўнікі пераходзяць да новага маста – па праспекце Шмідта (на фота).
На працягу рамонтных работ рух па праспекце будзе спынены. Работы пачнуцца 24 кастрычніка і паводле папярэдніх планаў працягнуцца да 31 снежня 2023 года – паведамляе mycity.by.
Цяпер мужчыне пагражае буйны штраф і пазбаўленне правоў на пяць гадоў.
Прэс-служба абласнога УУС выклала відэа, як 46-гадовы кіроўца аўтамабіля Volkswagen спрабуе ўцячы ад экіпажа ДАІ. Спачатку аўтамабіль прытармажвае каля ўзбочыны, пасля патрабавання спыніцца, але потым рэзка набірае хуткасць. На адным са скрыжаванняў кіроўца ледзь не збіў дзяўчыну, што пераходзіла дарогу на зялёнае святло. Паведамляецца, што У адносінах да яго складзена 6 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за адмову ад праходжання медыцынскага агляду. Цяпер мужчыну чакае вялікі штраф і пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання на бліжэйшыя 5 гадоў.
Колькасць хворых на сто тысяч насельніцтва – больш чым па краіне.
За перыяд са студзеня па верасень у Магілёўскім рэгіёне было зафіксавана 146 новых выпадкаў захворвання на ВІЧ – паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Сярэдні паказчык захворвання – 14,8 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва рэгіёну. Па Беларусі гэты паказчык складае 12,1 на 100 тысяч.
Асноўная доля грамадзян, у якіх упершыню выяўляюць вірус – людзі старэйшыя за 30 гадоў (87,5%). У агульнай структуры зарэгістраваных выпадкаў ВІЧ-інфекцыі 60,8% прыпадае на мужчын.
У сувязі з правядзеннем рамонта чыгуначнага маста паміж станцыямі Друць і Вендрыж, на працягу некалькіх дзён на наступным тыдні і ў канцы лістапада будуць адмяняцца цягнікі – паведамляе mycity.by. Так, 24, 25 кастрычніка і 28, 29 лістапада адмяняюцца цягнікі Мінск – Магілёў з адпраўленнем з Мінска ў 6.55, з Магілёва – у 15.33. Таксама цягнікі Магілёў – Салігорск адпраўленнем з Магілёва 6:18, з Салігорска – у 17:21. Некаторыя цягнікі з Мінска і ў Мінск будуць хадзіць праз Воршу і памяняюць расклад руху.
Таксама ў гэтыя дні некаторыя цягнікі на ўчастку Асіповічы – Магілёў будуць курсіраваць са змененым раскладам і маршрутам.
У Магілёўскім гарвыканкаме паведамілі, што рамонт маста каля Быхаўскага рынка фактычна завершаны, і 23 кастрычніка, у наступны панядзелак будзе адкрыты праезд па вуліцы Чалюскінцаў.
Нагадаем, што вуліцу перакрылі 9 верасня на адзін месяц, а 28 верасня тэрмін рамонту маста павялічылі да канца кастрычніка.
Аператыўнікі наркакантролю затрымалі трох жыхароў Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія рабілі закладкі ў Магілёве – паведамляе МУС.
У асабістых рэчах і на здымнай кватэры фігурантаў знайшлі і канфіскавалі фасовачныя пакеты, шпрыцы і больш за 180 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва.
Са слоў аднаго з затрыманых, у мэсэнджэры яму прыйшла прапанова аб незаконнай падпрацоўцы, на якую ён пагадзіўся. Паехаць на крымінальныя заробкі ён прапанаваў сваёй сяброўцы і прыяцелю. Разам яны не толькі рабілі закладкі, але і ўжывалі частку наркотыкаў, якія прызначаліся для рэалізацыі.
Вядома, што затрыманыя 38-гадовыя раней неаднаразова судзімыя мужчыны і іх 22-гадовая саўдзельніца рабілі аналагічныя тайнікі ў Брэсцкай і Віцебскай вобласці.
Следчымі распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту. Кур’ерам пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Аднак гэта не мяняе таго факту, што металічная “гаргара” пастаўлена ў гэтым месцы з парушэннем ахоўнага заканадаўства.
Вертыкальная ротарная паркоўка была пастаўлена паміж гандлёвым цэнтрам “Магніт” і Магілёўскім абласным мастацкім музеям імя П. Масленікава ў сакавіку 2023 года – пісалі mogilev.media. Гэта адбылося з парушэннем заканадаўства аб ахове помнікаў. Справа ў тым, што паркоўка не гарманіруе з навакольнымі аб’ектамі і парушае эстэтычнае ўспрыняцце помніка архітэктуры, якім з’яўляецца музей Масленікава, былы Пазямельна-Сялянскі банк, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя.
Цяпер жа гэтую дысгарманічнасць вырашылі прыглушыць шчытом з выявай новага магілёўскага слогана-брэнда “Магілёў – мой горад”, выкананага ў рускай мове.
Дапаўненне паркоўкі шчытом не адмяняе, аднак, таго факта, што будынак банка з’яўляецца самастойнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, для якой яшчэ не зацверджаны праект зон аховы. А без яго зацвярджэння распрацоўка праектнай дакументацыі для аб’ектаў побач з ім забаронена палажэннямі Кодэкса аб культуры – адзначалі яшчэ ў сакавіку спецыялісты.
Дом па вуліцы Першамайскай, 32 у Магілёве памяняў свой знешні выгляд. Mogilev.media пісалі пра гэта, дэманструючы шмат фота і відэа. А днямі на тэлеграм-канале “Спадчына” з’явіўся экспертны каментарый пра хібы, дапушчаныя магілёўскімі будаўнікамі на рэканструкцыі гэтага аб’екта.
Аўтар канала звяртае ўвагу на дробныя, амаль незаўважныя з абывацельскага пункта гледжання нюансы, якія, аднак, ствараюць агульную карціну ўсяго будынка. А будынак з нядаўняга часу ўваходзіць у спіс дамоў “каштоўнай забудовы”, на якіх забараняецца мяняць характар архітэктуры фасадаў.
Такім чынам, хібы, якія можна назіраць ужо зараз. Па-першае, парапетная сценка балкона стала роўнай, у той час як папярэдне яна мела раскрапоўку – прамавугольныя выступы на плоскасці.
Па-другое, памяняўся знешні выгляд балясін – ажурнага шэрагу калон у праёмах парапетнай сценкі. Цяпер яны не ідуць на адным узроўні з плоскасцю сценкі, а заглыбленыя.
Таксама змяніліся самі балясы – слупочкі парэнчаў. Раней гэта былі роўныя калоны цыліндрычнай формы з карынфскай капітэллю. Цяпер жа гэта фігурныя кеглепадобныя калоны з дарычнай капітэллю.
Па-трэцяе, адсутнічае кесаніраванне ніжняй плоскасці балкона. Кесон – гэта прамавугольнае заглыбленне. У ранейшым выглядзе балкон нібыта абапіраўся бэлькай на фігурныя кранштэйны з раслінным арнаментам. Зараз ён стаіць на прамавугольных выступах.
Таксама адсутнічаюць прафіляваныя паяскі, адзначае аўтар канала “Спадчына”, агаворваючыся, што іх яшчэ могуць дадаць. Але тыя, што зроблены – не адпавядаюць тым, што былі да рамонту.
“Магчыма, што пры аднаўленні паяскоў кіраваліся прафілямі з гістарычных чарцяжоў будынка – адзначае эксперт – але іншыя вышэй пералічаныя хібы кажуць пра тое, што чарцяжы тут наўрад ці адыгрывалі нейкую ролю. Больш менш праўдападобна аднавілі хіба што самі кранштэйны – і гэта ўжо вялікі прагрэс для горада.”