Магілёўскі скульптар прадставіў макет помніка мастаку Марку Шагалу. Дзе і калі ён з’явіцца невядома

Замысліў паставіць помнік Шагалу магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў. Аб сваёй задуме ён расказаў на творчай сустрэчы ў магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі.

На макеце адлюстраваны сімвал Парыжу – Эйфэлева вежа і летуценны чалавек, які цягнецца да яе, нібы, ляціць. Летуценнік двухаблічны, бо ў ім спалучаныя – жаночы і мужчынскі вобразы адначасова. Ён глядзіць у будучыню – бачыць свой Парыж, але ўглядаецца назад у свае віцебскія карані.

Пакуль невядомыя горад і месца, дзе будучы помнік Шагалу маглі б паставіць. Хаця, па словах Вераб’ёва, ужо знаходзіўся заказчык, які быў гатовы ўкласці грошы ў яго выраб. Помнік плануецца адліць з бронзы памерамі больш за 3 метры.


Андрэй Вераб’ёў лічыцца самым пладавітым магілёўскім скульптарам. Яго творы ўпрыгожваюць Быхаў, Горкі, Круглае, Клічаў, Магілёва. Ён аўтар знакамітых кампазіцыяў са львамі на Дняпроўскім мосце, скульптураў «Гімнасткі» ля Палаца гімнастыкі, «Маленькага прынца» у Камсамольскім скверы і многіх іншых. Вялічэзная скульптура «Кароль і каралева або Пясочны гадзіннік» усталявана і ў Нанкіне – кітайскім горадзе пабраціме Магілёва.


Творчую сустрэчу з Андрэем Вераб’ёвым арганізавала кіраўніцтва музею Бялыніцкага-Бірулі. Яе прысвяцілі 135-годдзя Марка Шагала. На ёй Вераб’ёў апавёў пра сваё першае знаёмства з работамі знакамітага мастака, пра ўражанні ад наведвання шагалаўскіх мясцін у Парыжы і ўплыў Шагала на яго творчасць.

Паводле Вераб’ёва найулюблёнымі тэмы яго творчасці зʼяўляюцца каханне і аўтапартрэт.

Па словах скульптара, ім яшчэ не створаная работа, якая б цалкам адлюстравала яго светапогляд. Але, як лічыць ён, найбольш блізкі яму твор з пясочным гадзіннікам і двума чалавечымі галовамі, якія, нібы, перацякаюць адна ў адну. Станковы варыянт гэтай работы знаходзіцца ў Беларусі, а вялікі помнік упрыгожвае Нанкін.

Андрэй Вераб’ёў кажа, што ў гадзінніку кожная з галоў па чарзе знаходзіцца то знізу, то зверху, а потым наадварот. Адсюль яднанне іх, і адначасова непаразуменні паміж імі.

«Гэта як жанчына і мужчына бачаць свет з розных бакоў, хаця разам і складаюць еднасць і часцяком мяняюцца месцамі», – заўважае ён.

Зноў пра Дняпро ў Магілёве. Такой рака выглядае ранкам (фота)

Серыю фотаздымкаў з ранішнім Дняпром даслала Магілёў.media чытачка. У сваім допісе яна адзначыла, што не маглі не сфатаграфаваць «такой прыгажосці». Ёю дзеліся з чытачамі і мы. Пагатоў, сёння, 9 верасня – Міжнародны дзень прыгажосці. У пільных справах не забывайма аб яе існаванні.

У Магілёўскім раёне забілі рысь, якая пакусала людзей

Ад жывёлы пацярпелі двое чалавек, а нападніцу «ліквідавалі».

Інцыдэнт адбыўся ў адным з дачных пасёлкаў у Магілёўскім раёне. На месца выехалі ратавальнікі, супрацоўнікі аддзелу міліцыі, прадстаўнікі ветэрынарнай станцыі і паляўнічай гаспадаркі, паведамляе прэс-служба Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

Рысь у дачным пасёлку хавалася пад машынай аднаго з пакусаных, які ратаваўся ад яе ў салоне аўтамабіля.

«Драпежніка ліквідавалі. Пацярпелыя – двое жыхароў Магілёва, 66 і 59 гадоў, шпіталізаваны», – адзначае прэс-служба МНС.

З наступнага панядзелка на Магілёўшчыне можна будзе збіраць журавіны. І адначасова нельга

Наступае сезон збірання восеньскіх ягад – журавін і брусніц. Але ва ўсіх раёнах вобласці працягвае дзейнічаць забарона на наведванне лясоў.

Рашэнне Магілёўскага аблвыканкама, прынятае 8 жніўня бягучага года дазваляе пачынаць збор дзікарослых журавін з 12 верасня. Брусніцы дазваляецца збіраць толькі з 20 верасня. Пры гэтым пастанова прадугледжвае, што колькасць спелых ягад падчас нарыхтоўкі павінна складаць не менш за 95% ад агульнай масы – у выпадку з журавінамі. Што да брусніц, то тут спелых ягад мусіць быць не менш за 99%.

Дазвол на збор гэтых восеньскіх ягад не адзначае, аднак, што ў ягаднікаў з’явіцца магчымасць збору журавін менавіта з 12 верасня. Па ўсёй Магілёўшчыне працягвае дзейнічаць поўная забарона на наведванне лясоў. А гэта значыць, што нарыхтоўкай дарункаў прыроды можна будзе заняцца толькі пасля зняцця забароны.

Забарона на наведванне лясоў прадугледжвае поўную адмову ад якіх-кольвек прагулак у лясных масівах, у тым лік адпачынку на прыродзе, а таксама ад уезду ўсіх відаў транспарта акрамя службовага. Парушэнне гэтай забароны прадугледжвае адміністратыўную адказнасць.

Прыгожае відэа з краявідамі Магілёва. Зазірнём на праспект Міру

Гэтую мясціну з некалькімі скверамі, адзін з якіх мае сумную гісторыю, пазнае кожны магілёвец. Да ўзвядзення шматпавярховікаў над ёю дамінавала гасцініца «Магілёў». Яшчэ колькі дзясяткаў гадоў таму тут быў закутак «сялянскага» гораду. Праспект Міру змяніў яе аблічча.


Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.


 

Цяпер цяляты! Расіянін спрабаваў вывесці 30 беларускіх бычкоў

50-гадовага кантрабандыста выкрылі дарогаю ў Расію. Туды ён кіраваў фуру наладаваную «жывым таварам», на які не было дакументаў. Спынілі машыну ў Кіраўскім раёне.

“Падчас агляду ў паўпрычэпе было выяўлена 30 бычкоў коштам блізу 65 тысяч рублёў”, – паведамляе тэлеграм-канал «Милиция Могилёщины».

Паводле яго, устаноўлена, што жывёлы былі закуплены ў грамадзян у Капыльскім раёне для далейшага перапродажу.

Аўтамабіль з грузам затрыманы. Праводзіцца праверка, па выніках якой дзеянням перавозчыка будзе дадзена прававая ацэнка.

Паведамленні пра выкрыццё кантрабанды дарогаю ў Расіі апошнім часам у міліцэйскім тэлеграм-каналам з’яўляецца ледзьве не штодня. У суседнюю краіну, на мяжы з якой адсутнічае сталы беларускі пагранічны і мытны кантроль, незаконна вязуць металалом, мясныя харчы, гароднінную прадукцыі, а цяпер і буйную рагатую жывёлу.

 

3,5 тоны каўбасы не далі вывесці кантрабандыстам у Расію

Машыну прыватнага прадпрымальніка спынілі ў Мсціслаўскім раёне. На тавар адсутнічалі грузасуправаджальныя дакументы.

Кантрабанду выкрылі супрацоўнікі Магілёўскай мытні, якая распачала адміністрацыйны працэс супраць уладальніка грузу.

«На тэрыторыі Мсціслаўскага раёну быў устаноўлены факт транспартавання ў напрамку Расійскай Федэрацыі каўбасных вырабаў у асартыменце, масай каля 3,5 тон, коштам звыш 25 тысяч беларускіх рублёў», піша тэлеграм-канал MOGILEVNEWS.

Прыватнаму прадпрымальнік пагражае штраф у памеры да пяцідзесяці працэнтаў ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

фота: mogilevnewsby

Прыгожае відэа з краявідамі Магілёва. Агледзім Задняпроўе з вышыні «Юбілейнага»

Гэта магілёўская мясціна ўпадабаная гараджанамі, якія спрабуюць зазірнуць за далягляд. Тут збіраецца шумнай грамадою моладзь, апаноўваючы мясцовыя альтанкі. Уздоўж стромкага схілу прагульваюцца пад шчабятанне птушак пенсіянеры. Па ходніках жа шпацыруюць сямейныя пары.

 

Усё гэта – Дняпроўскі бульвар. Частка мікрараёну «Юбілейнага» з яго «хрушчоўкамі» і сучаснымі шматпавярховікамі.


Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомым мясцінам гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.


 

“Справа аб змове”. Рыгора Кастусёва адправілі на 10 гадоў у калонію

Кастусёў адзіны з фігурантаў «справы аб змове» адпрэчыў абвінавачванні ў намерах учыніць дзяржаўны пераварот.

Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватымі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і даў яму 10 гадоў калоніі.

Столькі ж прысудзілі Аляксандру Фядуце. Юрася Зянковіча адправілі ў калонію на 11 гадоў. Фядуту і Зянковіча, як і Кастусёва, прызналі вінаватымі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчука асудзілі на 2,5 гады калоніі за «арганізацыі пратэстаў».

65-гадовы Рыгор Кастусёў ад красавіка мінулага году ўтрымліваецца ў няволі. Яго арыштавалі ў Шклове і завезлі ў Мінск. У следчым ізалятары ў зняволенага выявілі анкалагічнае захворванне. Звароты аб змяненні меры стрымання пакінутыя без задавальнення, пісаў Магілёў.media.

Кастусёў заявіў падчас допыту ў судзе, што з боку следства на яго аказваўся ціск.

«Калі тваю сям’ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна», адрэагаваў ён на цытаванне пракурорам яго ліста на імя старшыні КДБ Івана Церцеля.

фота: БелТа

«Вы неверагодныя людзі». Вызваленая журналістка Дар’я Чульцова падзякавала за падтрымку

Дар’ю Чульцову вызвалілі з Гомельскай калоніі 3 жніўня. 5 жніўня яна апублікавала відэазварот на сваёй старонцы ў Інстаграме.

«Хачу сказаць вялікі дзякуй, што пісалі і не забывалі. Хто піша цяпер. Даруйце, што не магу адказаць. Гэта дужа цяжка. Проста хачу ўсім сказаць дзякуй», кажа журналіста.

«Дагэтуль не магу паверыць, што адбываецца з Кацяй (журналістка Андрэева, Бухвалава, ММ). Спадзяюся, што ўсё хутка падыдзе да канца, – адзначае яна. – Вы неверагодныя людзі. Столькі падтрымкі. Не думала ніколі ў жыцці, што ў мяне будзе такая падтрымка. Дзякуй усім вялікі».

Журналісту Дар’ю Чульцову ўтрымлівалі за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Разам з каляжанкай Кацярынай Андрэевай (Бухвалавай) яе зняволілі ў кватэры, дзе яны хаваліся пасля разгону пратэсту на «плошчы Перамен» у Мінску. Журналісткі вялі стрым падчас асвятлення акцыі памяці Рамана Бандарэнкі.

Спачатку Чульцову і Андрэеву асудзілі на 7 дзён адміністрацыйнага арышту за «удзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванні». Потым абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 18 лютага 2021 году ім прысудзілі па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

ichef.bbci.co.uk


Зьняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву (Бухвалаву) асудзілі паўторна. Яе абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» ды «здраду дзяржаве». Ёй прысудзілі 8 гадоў і 3 месяцы ў калоніі узмоцненага рэжыму.


Праваабарончай супольнасцю Чульцова і Андрэева былі прызнаныя палітзняволенымі.

Дар’я Чульцова са Шклову. У зняволенні, 20 лютага адзначыла 25-годдзе.

Журналістыку Дар’я ўпадабала ў старшых класах. Скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўніверсітэту імя Куляшова. Працавала ў мясцовым інтэрнэт-выданні «Могилёв. Онлайн».

У 2019 годзе пачала супрацоўнічаць з тэлеканалам «Б….т». Яна разумела, што супрацоўніцтва з ім стане нагодай для пераследу і рэпрэсіяў. У Магілёве яе двойчы штрафавалі за працу без акрэдытацыі.

У верасні 2020 году перабралася ў сталіцу і там пачала рабіць яго аператаркай. Пра ейны арышт родным стала вядома з смс-паведамлення праваабаронцаў.