Пастановай Савета Міністраў ад 15 чэрвеня 2023 г. вызначаны пералік праектаў, што рэалізуюцца ў Магілёўскай вобласці ў 2023 годзе, накіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё раёнаў, якія падвергліся радыёктыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
У прыватнасці, у пералік уключаны праекты: па стварэнню комплексу па вытворчасці рыб каштоўных парод у Краснапольскім раёне паблізу ракі Палуж вытворчай магутнасцю 1000 тон. Таксама – па будаўніцтве рэабілітацыйнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, па будаўніцтве басейна ў Слаўгарадзе.
Таксама ў пералік уключаны праект па рэканструкцыі Чэрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, якая ўжо вядзецца – паведамляе краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг”.
Вядомаму святару, які аднаўляў храмы ў Краснапольскім раёне і стаў “Чалавекам года”, плануецца паставіць помнік.
Сяргей Давыдзенка, сын іерэя Віктара Давыдзенка, што служыў у вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна, збірае сродкі на выраб помніка святару – паведамляе краснапольская газета “Чырвоны сцяг”.
Паслужэнства Віктара Давыдзенкі добра вядомае на Магілёўшчыне. Ён аднаўляў храмы ў самым сэрцы зоны адсялення пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а царква ў Выдранцы стала месцам паломніцтва для людзей з далёкіх краёў.
Іерэй Віктар Давыдзенка (1956-2021) нарадзіўся ў в. Казелле Краснапольскага раёна ў шматдзетнай сям’і.
Служыў у войску, працаваў у мясцовым саўгасе «Халмянскі», ажаніўся і стаў бацькам чатырох сыноў. Пасля аварыі на ЧАЭС жыў у Шклове, Дукоры Пухавіцкага раёна.
У 1997 годзе цяжка захварэў, думаў, што яго дні палічаныя, а лекары разводзілі рукамі. Але нехта сказаў: «Маліся Богу». І ён прыняў рашэнне прысвяціць сябе Богу. Арцыбіскуп Сафроній прапанаваў яму рыхтавацца ў святарства. Быў на паслухмянстве ў Лядзенскім манастыры.
У 2010 годзе вярнуўся ў Выдранку, якраз на 105-годзе пабудовы храма. Дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці змог шмат зрабіць для добраўпарадкавання храма Святога Дзімітрыя Растоўскага. Яго працамі быў пабудаваны зімовы храм, храмы ў Мхінічах і Казеллі, добраўпарадкаваны крыніцы Дзімітрыя Растоўскага, Серафіма Сароўскага.
У 2018 годзе за значны асабісты ўклад у адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Краснапольскага раёна, за духоўна-асветніцкую дзейнасць настаяцель храма іерэй Віктар атрымаў ганаровае званне “Чалавек года Магілёўшчыны”.
У Краснаполлі мясцовыя футбалісты былі накаўціраваны гульцамі ФК “Горкі”, якія забілі гспадарам пятнаццаць галоў, а слаўгарадскія футбалісты на свой Дзень горада прайгралі з буйным лікам гасцям з Клімавічаў: 0-6. Па суме двух гульняў гаспадары атрымалі 21 гол ад сваіх гасцей.
Самым выніковым матчам трэццяга тура 2-й лігі па футболе Магілёўскага дывізіёна “Усход” атрымалася сустрэча паміж краснапольскімі і горацкімі футбалістамі. Тры дзясяткі гледачоў, якія сабраліся на футбольным стадыёне ў Краснаполлі ўбачылі поўнае знішчэнне і прыніжэнне мясцовай каманды на полі. Ужо ў першым тайме горацкія футбалісты забілі шэсць галоў гаспадарам, якія не змаглі нават “размачыць” браму гасцей.
Другі перыяд стаўся яшчэ большай ганьбой для краснапольскіх футбалістаў, якія прапусцілі ад гасцей дзевяць мячоў. Горацкія хаўбекі і форварды проста разрывалі абарону гаспадароў, якая сыпалася на вачах. Вынік матча сведчыць пра поўнае дамінаванне на полі гасцей, якія не прапусцілі ніводнага гола ад краснапольцаў і рэкордна выйгралі 0-15. У гэтым матчы нешматлікія заўзятары змаглі пабачыць галы на любы густ, ад мячоў з гульні да мячоў з пенальці і стандартных палажэнняў. Праўда, забівала толькі адна каманда.
Па-іншым сцэнары развіваўся матч паміж слаўгарадскімі і клімавіцкімі футбалісталі. Матч быў уключаны ў праграму свята горада, пра што раней пісаліmogilev.media. Аднак гэта не дапамагло мясцовым футбалістам паказаць якасную гульню. Сотня слаўгарадскіх футбольных заўзятараў пабачыла больш-менш упартую барацьбу ў першым тайме. Менавіта ў першых 45 хвілін сладгарадскія футбалісты змаглі хоць крыху супрацьстаяць клімавіцкім гульцам, якія тым не менш змаглі двойчы забіць гаспадарам.
У другім тайме футбалісты з Клімавічаў выглядалі яшчэ больш упэўнена і рашуча. Барацьбу гасцям гаспадары не змаглі навязаць, працусціўшы ў першыя дваццаць хвілін другога перыяду яшчэ два мячы. Аднак на гэтым клімавіцкія гульцы не спыніліся і вырашылі дабіць суперніка на хатнім стадыёне, забіўшы ў суме за ўвесь тайм чатыры мячы. Адзначым, што матч быў з невялікім наборам парушэнняў правілаў, пагэтаму за ўсю гульню суддзя не паказаў ніводнай жоўтай карткі.
Яноўскі сельсавет у Краснапольскім раёне, які найбольш пацярпеў на Магілёўшчыне ад Чарнобыля, звярнуўся да былых жыхароў усіх адселеных вёсак на сваёй тэрыторыі. Сельсавет плануе рэалізаваць грамадзянскую ініцыятыву “Галасы зніклых вёсак”. Яе мэта – увекавечыць месцы, дзе некалі жылі людзі, каб яны не зніклі з памяці пакаленняў назаўсёды – паведамляе краснапольская раёнка “Чырвоны сцяг”.
Кожнае месца, дзе колісь знаходзілася вёска, плануюць пазначаць таблічкай-паказальнікам або памятным знакам. Важна што на такіх помніках ці побач з імі будзе QR-код са спасылкай на інтэрнэт-рэсурс, дзе размесцяць гісторыю той ці іншай вёскі, а таксама звесткі пра вядомых ураджэнцаў населеных пунктаў.
Старшыня Яноўскага сельсавета Наталля Лагуціна адзначае, што падтрымае любую форму ўшанавання вёсак, якая будзе даспадобы выхадцам з выселеных вёсак: помнік, памятны камень ці нешта іншае.
Гэтая ініцыятыва, па словах Лагуцінай, зможа аб’яднаць людзей з выселеных вёсак адной ідэяй і адной мэтай – захаваць памяць пра тыя неселеныя пункты, дзе яны нарадзіліся, жылі іх блізкія родзічы і далёкія продкі.
На могілках вёскі Забор’е Краснапольскага раёна ўстанавілі гранітны надмагільны помнік маладому салдату, якія загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Больш за год таму на могілках вёскі Забор’е было знойдзена пахаванне дзевятнаццацігадовага мясцовага салдата – Васіля Кажамякі. Было вядома, што ён гераічна загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Быхаўскага раёна і фарсіраванні Дняпра. Аднак больш інфармацыі не было ніякай. Зараз, практычна праз восем дзясяткаў год пасля страшнай вайны, усё больш складана знаходзіць сведкаў тых падзей і здабываць архіўныя звесткі.
Дзякуючы настойлівасці і ўпартасці старшыні Яноўскага сельсвавета Лагуцінай Наталлі, якая занялася грунтоўнымі росшукамі, дадаковая інфармацыя аб загінулым маладым салдаце знайшлася.
Старшыня сельсавета праявіла сябе як сапраўдны сышчык і знайшла стрыечную пляменніцу загунілага салдата. Аказалася, што яна пражывае ў гарадскім пасёлку Шуміліна на Віцебшчыне. Пасля была знойдзена старонка ў сацыяльнай сетцы пляменніцы Кажамякі, з якой даведаліся, што яна працуе ў адным з дзіцячых садкоў Шуміліна. Знайшоўшы ў інтэрнэце тэлефон установы адукацыі, Лагуціна спытала каардынаты пляменніцы, каб потым стэлефанавацца з ёй самой.
Пагаварыўшы непасрэдна з пляменніцай Васіля Кажамякі, высветліла, што тая забрала з дому сваёй цёткі (і маці салдата) партрэт Васіля на памяць. Гэты партрэт быў вельмі дарэчны, бо як насамрэч выглядаў загінулы салдат Кажамяка дагэтуль не ведалі. У выніку фотапартрэт быў адсканаваны і дасланы старшыні сельсавета – паведамляекраснапольская раёная газета “Чырвоны сцяг”.
Урэшце старанна сабраныя матэрыялы паказалі, што звесткі пра салдата, якія былі ўказаныя на надмагільнай таблічцы раней, не адпавядалі рэчаіснасці.
Каб усталяваць чорны гранітны помнік з вялікім партрэтам Васіля Кажамякі трэба былі нямалыя фінансавыя выдаткі. Хоць пахаванне знойдзена больш года таму, аднак пошук фінансаў на помнік краснапольскаму салдату ўвянчаўся поспехам толькі цяпер. У зборы сродкаў для набыцця і ўсталявання помніка Яноўскаму сельсавету дапамагла Магілёўская абласная калегія адвакатаў.
У раёне аграгарадка Халмы былі знойдзены снарад і граната часоў Другой сусветнай вайны. Дзякуючы пільнасці мясцовых жыхароў боепрыпасы былі выяўлены і знішчаны на месцы групай размініравання – паведамляе краспапольская раённая газета “Чырвоны Сцяг”.
Адзначым, што абодва боепрыпасы былі цэлыя і маглі здэтанаваць, калі б іх своечасова не ліквідавалі.
Зона з забаронай на паляванне ўводзіцца вакол усяго горада Краснаполля – паведамляе газета “Чырвоны сцяг”. Зона ахоплівае дыяметр ад палутара да трох кіламетраў і цягнецца да аграгарадка Тур’я на поўдні, да вёскі Сідараўка на захадзе. Гэтае рашэнне прынята райвыканкамам. Больш дакладна прасачыць межы зоны з забаронай на палявання, можна тут.
У выставачнай зале Краснапольскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея праходзіць персанальная выстава “Рукатворны свет дрэва” народнага майстра разьбы па дрэве Андрэя Ганчарэнкі – паведамляе раённая газета Краснаполля “Чырвоны Сцяг”.
На часовай экспазіцыі наведвальнікі могуць пазнаёміцца з мастацкімі творамі мясцовага таленавітага разьбяра па дрэве. Некалькі дзясяткаў прац, якія экспануюцца ў музейных сценах, маюць свой непаўторны стыль, жанравыя асаблівасці і тонкія нюансы вырабаў з дрэва.
Прадстаўлены шырокі дыяпазон драўляных вырабаў: ад упрыгажэнняў і посуду да статуэтак жывёлаў, людзей, персанажаў міфалогіі і нават драўляных цацак.
Творчы конкурс прыгажосці і майстэрства “Маленькая Міс – 2023” прайшоў у Краснапольскім раённым Цэнтры культуры.
Як паведамляе Краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг” у конкурсе прыняла ўдзел сем маленькіх дзяўчынак. Конкурсная праграма атрымалася насычанай і цікавай не толькі для саміх удзельніц, але і для іх мам, настаўнікаў і выхавальніц, якія падтрымлівалі і перажывалі за юных удзельніц.
Кожная з дзяўчынак атрымала запаветны тытул, аднак карона і дыплом пераможцы дастаўся толькі адной з іх – Сафіі Румянцавай.
У 2023 годзе ў дачыненні да трох жыхароў Краснапольскага раёна распачаты крымінальныя справы. Яны па месцы жыхарства захоўвалі наразныя боепрыпасы і выбуховыя рэчывы – паведамляе “Чырвоны сцяг”.
У іх знойдзеная агнястрэльная зброя, выбуховыя рэчывы і боепрыпасы і цяпер пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 12 гадоў.