У беларускіх паляўнічых і рыбаловаў з’явіўся свой Кодэкс гонару

“Усе прэтэнзіі да паляўнічага, што прамахнуўся, выказваюцца ветліва” — беларускія паляўнічыя атрымалі Кодэкс гонару, што акрэслівае этычныя межы палявання і рыбалкі.

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў апублікавала Палажэнне аб паляўнічай і рыбалоўнай этыцы, культуры ўзаемаадносін і традыцыях членаў таварыства. У дакуменце зацвярджаюцца нормы па ветлівым і паважлівым стаўленні паляўнічых да дзейнасці адно аднога, а таксама што да сваёй здабычы і наогул прыроднага асяроддзя. Так, паляўнічым рэкамендуецца ў сваіх выказваннях не дапускаць выразу “забіць звера”. Замест гэтай фразы прапануюцца такія формы, як “здабыць”, “адстраляць”, “выняць”. 

Калі паляўнічы здабыў труса з-пад чужой сабакі, ён павінен аддаць здабычу гаспадару сабакі — гаворыцца ў пункце 5 правілаў. Гаспадар жа сабакі павінен будзе вярнуць патрон паляўнічаму, што патраціўся на стрэл. Усе прэтэнзіі да паляўнічага, што прамахнуўся, выказваюцца ветліва — гаворыцца таксама ў дакуменце. Асобна ў ім прагаворваюцца пункты па ветлівым і добразычлівым стаўленні паляўнічых і рыбаловаў адно да аднога і да прыродных угоддзяў. Так, забараняецца пакідаць пасля сябе смецце, выкарыстоўваць негуманныя метады здабычы і г.д.

За парушэнне правілаў прадугледжваецца выгнанне з шэрагаў таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Вакол Краснаполля ўводзіцца забарона на паляванне

Зона з забаронай на паляванне ўводзіцца вакол усяго горада Краснаполля – паведамляе газета “Чырвоны сцяг”. Зона ахоплівае дыяметр ад палутара да трох кіламетраў і цягнецца да аграгарадка Тур’я на поўдні, да вёскі Сідараўка на захадзе. Гэтае рашэнне прынята райвыканкамам. Больш дакладна прасачыць межы зоны з забаронай на палявання, можна тут.

Фота з адкрытых крыніц.

Адкрыта паляванне на глушцоў і цецярукоў

Сезон палявання на самцоў глушца і цецярука адкрыўся ў Беларусі з сённяшняга дня і працягнецца да 10 мая, паведамляе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

З 20 сакавіка па 10 мая дазволена паляванне на самцоў глушца і цецярука толькі ў перыяд з 3 гадзін ночы да 9 гадзін раніцы ва ўсе дні тыдня. Для палявання трэба мець дазвол карыстальніка паляўнічых угоддзяў, набыць пуцёўку  і дазвол на здабычу.

Дазволены спосаб палявання – ружэйны на таку з падыходу і з засады. Можна выкарыстоўваць наразную і гладкаствольную паляўнічую зброю з ужываннем патронаў са шротам, паляўнічыя лукі і арбалеты.

Акрамя таго, дазволена здабыча асобін любога полу і ўзросту белалобай гусі, гусі-гуменні, шэрай гусі і казаркі канадскай, баклана, шызага голуба, шэрай чаплі, белай вялікай чаплі. У гэты ж час здабычы падлягаюць толькі качары крыжанкі, свіязі, гогаля, шыраканоскі, чарнеці чубатай, чырка-свістунка і чырка-траскунка, качкі шэрай. 

Паляванне праводзіцца ў ранішнія і вячэрнія гадзіны, за выключэннем прамежку часу з 12 да 18 гадзін.

З 18 сакавіка па 14 мая дазволена паляванне на самцоў слонка (вальдшнэп) на цязе. Дазволены час палявання – з 18 да 22 гадзін.

У сакавіку працягваецца паляванне на кабана, бабра, выдру, ваўка, лісіцу, янотападобнага сабаку, варону шэрую, сароку.

Фота з адкрытых крыніц

Незаконная здабыча казулі пад Касцюковічамі скончылася крымінальнай справай

На Касцюковіччыне ўзбудзілі крымінальную справу ў дачыненні да мужчыны, які груба парушыў Правілы палявання.

Як распавёў начальнік Касцюковіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Крымкоў, пры правядзенні палявога мерапрыемства ў студзені 2023 года супрацоўнікамі інспекцыі быў затрыманы мужчына, які вырашыў праігнараваць Правілы палявання.

Пры паляванні на пушную дзічыну (а гэта заяц, ліса, вавёрка і інш.) мужчына вырашыў здабыць што-небудзь пабольш. Мэтай палянічага стаў самец казулі, якога ў гэты час, паводле Правілаў палявання, здабываць было забаронена. Паляўнічы, пагрэбаваўшы правіламі, здабыў звера, аднак сутыкнуўся супрацоўнікамі Касцюковіцкай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету

У выніку незаконных дзеянняў была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да парушальніка. Больш за тое, мужчына ў добраахвотным парадку ўжо кампенсаваў шкоду, якую прычыніў навакольнаму асяроддзю, у памеры 4 625,00 беларускіх рублёў.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Новы сезон палявання на птушку адкрываецца з 11 сакавіка

З другой суботы сакавіка – 11 сакавіка – стартуе вясновы сезон палявання на птушыную дзічыну. Сезон прадоўжыцца па другую нядзелю мая – 14 мая – паведамляе Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. 

Каб выключыць негатыўныя наступствы для прыроды, паляваць вясной трэба з асаблівай увагай, дакладна выконваючы ўсе нюансы правілаў. Паляванне павінна праводзіцца ў светлы час сутак, акрамя перыяду з 12 да 18 гадзін. Здабываць дазволена пралётных гусей: шэрага, белалобага, гуменніка, канадскую казарку.

Можна паляваць і на самцоў качак: крыжанкі, свіязі, гогаля, шыраканоскі, чарнець чубатую, чыркоў – свістунка і трэскунка, качкі шэрай. Здабываць самак гэтых відаў забаронена. 

Таксама з 2023  года ў перыяд вясновага палявання выключана з дазволеных да здабычы відаў – чарнець чырвонагаловая.

Фота з адкрытых крыніц.

З 1 кастрычніка дазваляецца паляванне на зайцоў

З першай суботы кастрычніка па першую суботу лістапада адкрыта ружэйнае паляванне на зайца-русака і зайца-беляка з гончымі пародамі сабак.

З такім сабакам маюць права паляваць ружэйным спосабам з выкарыстаннем гладкаствольнай паляўнічай зброі і патронаў, забяспечаных шротам. Паляванне дазваляецца толькі ў светлы час сутак. З адным ганчаком паляваць можа група паляўнічых да трох чалавек уключна. 

Гэтак жа дазваляецца бяззбройны спосаб палявання на зайца-бяляка і зайца-русака з выкарыстаннем хартоў, альбо лоўчых птушак.

Пачынаецца сезон палявання. На мушцы самая папулярная дзічына – вадаплаўная птушка

Гэтая катэгорыя дзічыны, а ў першую чаргу качкі, лічыцца самай масавай здабычай, дасяжнай усім катэгорыям паляўнічых. Страляць яе дазволілі з 13 жніўня і да 11 снежня.

Акрамя качак, дазваляецца здабываць слонка, вялікага і шызага галубоў, а таксама перапёлку, бажана, шэрую варону ды сароку.

Паляваць дазваляецца як з дапамогай агняпальнай зброі, так і без яе – напрыклад, з дапамогай лоўчых птушак. Забараняецца, аднак, здабыча дзічыны ў цёмны час сутак, а таксама дазвол не распаўсюджваецца на гуся.

Сэзон палявання на гусей пачнецца з 20 верасня. З 3 верасня дазволяць страляць арабка і курапатку. 

На сайце Таварыства паляўнічых і рыбаловаў адзначаецца, што здабываць птушак можна любога полу і ўзросту за выключэннем маладых асобін, якія не лётаюць, ці ліняюць.