На Краспапольшчыне хочуць увекавечыць месцы вёсак адселеных пасля Чарнобылю

На Краспапольшчыне хочуць увекавечыць месцы вёсак, адселеных пасля Чарнобылю

Яноўскі сельсавет у Краснапольскім раёне, які найбольш пацярпеў на Магілёўшчыне ад Чарнобыля, звярнуўся да былых жыхароў усіх адселеных вёсак на сваёй тэрыторыі. Сельсавет плануе рэалізаваць грамадзянскую ініцыятыву “Галасы зніклых вёсак”. Яе мэта – увекавечыць месцы, дзе некалі жылі людзі, каб яны не зніклі з памяці пакаленняў назаўсёды – паведамляе краснапольская раёнка “Чырвоны сцяг”.  

Кожнае месца, дзе колісь знаходзілася вёска, плануюць пазначаць таблічкай-паказальнікам або памятным знакам. Важна што на такіх помніках ці побач з імі будзе QR-код са спасылкай на інтэрнэт-рэсурс, дзе размесцяць гісторыю той ці іншай вёскі, а таксама звесткі пра вядомых ураджэнцаў населеных пунктаў.

Старшыня Яноўскага сельсавета Наталля Лагуціна адзначае, што падтрымае любую форму ўшанавання вёсак, якая будзе даспадобы выхадцам з выселеных вёсак: помнік, памятны камень ці нешта іншае. 

Гэтая ініцыятыва, па словах Лагуцінай, зможа аб’яднаць людзей з выселеных вёсак адной ідэяй і адной мэтай – захаваць памяць пра тыя неселеныя пункты, дзе яны нарадзіліся, жылі іх блізкія родзічы і далёкія продкі.  

Фота: “Чырвоны сцяг”