Пад Клімавічамі на пажары загінуў мужчына, які самавольна залез у чужы дом

У чатыры гадзіны ночы 10 студзеня выратавальная служба атрамала сігнал пра пажар у закінутай хаце ў аграгарадку Ціманава Клімавіцкага раёна. На пажары знойдзены загінуўшы грамадзянін, які самавольна трапіў у дом – паведамляе прэс-служба МНС. Асоба загінулага, прычыны пажару і гібелі высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае.

 

Сёння – дзень нараджэння Клімавіч, знаёмімся з горадам

Першы ўспамін пра горад датуецца 20 снежня 1581 года.

Клімавічы вядомы ў гісторыі, як адзін з цэнтраў манахаў-дамініканцаў на ўсходзе краіны, разам з Мсціславам (у 1626 годзе быў адчынены кляштар), а таксама старавераў (ХVІІ стагодзе, буйное пасяленне, манастыр). Аб старажытным засяленні людзьмі тэрыторыі сённяшняга горада сведчыць знаходка скарбу антычных манет.  

Пасяленне належыла родам Бялецкіх, Галынскіх. Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай наданы статус павятовага горада (1777) у складзе Магілёўскай губерні, дараваны герб (1781, з вявай залатой пчалы).

Да 1850-х гадоў у Клімавічах працавалі 3 гарбарныя фабрыкі, 5 пачатковых школ, шпіталь, аптэка, бібліятэка. Паводле перапісу 1897 года ў горадзе жыла 4,7 тысяч жыхароў, з іх амаль палова беларусы і крыху меней габрэяў.

Да Першай Сусветнай вайны гэта дастаткова буйны горад: 7 тысяч жыхароў, працавалі друкарня, вінакурні, шкляныя мануфактуры, дзейнічалі 3 царквы, 3 яўрэйскіх малітоўных дома, 25 рамесных майстэрняў, жаночая і мужчынская гімназіі, 4 вучылішчы, бібліятэка, шпіталь, аптэка, шматлікія крамы, ладзіліся кірмашы.

Эканамічнаму развіццю горада паспрыяла будаўніцтва чыгункі Орша-Унеча (будавалася у 1912-1921). Першы цягнік прайшоў у маі 1921 года. Як буйны горад на усходзе, Клімавічы сталі ў 1924 годзе і цэнтрам раёна і цэнтрам Калінінскай акругі.

Перад Вялікай Айчыннай вайной жыла амаль 10 тысяч чалавек. Максімальнай колькасці насельніцтва за ўсю гісторыю горад дасягнуў у 2006 годзе – 17,1 тысяч.

Сёння Клімавічы – горад раённага падпарадкавання і цэнтр раёна на ўсходзе Беларусі і Магілёўскай вобласці. Месціцца на рэках Калініца і Лабжанка, у зоне радыяцыйнага постчарнобыльскага забруджвання глебы па цэзію–137 ад 1 да 5 Ku/км². Мае плошчу ў 16 км², насельніцтва 15,2 тысяч чалаек (на пачатак 2022 года). 

Горадаўтваральнымі прадпрыемствамі з’яўляюцца лікера-гарэлачны завод (працуе з 1858 года), камбінат хлебапрадуктаў (мука пшанічная,  жытнёвая, рапсавы алей), вапнавы завод (з 1928 года, былы камбінат будматэрыялаў, працуе на базе кар’ера ў в. Лазовіца). Працуюць таксама філіялы “Бабушкіна крынка”, “Дамачай”. Раней працавалі яшчэ прамкамбінат, завод металавырабаў і іншыя прадпрыемствы.

Дзейнічаюць цэнтр культуры, дом рамёстваў, дашкольныя, школьныя і пазашкольныя установы, каледж (з 1932 года, да яго далучана мясцовая СПТВ-214), школа мастацтваў, школа-інтэрнат, метэастанцыя, чыгуначны і аўтобусны вакзалы, гандлёвыя кропкі, рэстаран, кавярня, гатэль. Ёсць свой краязнаўчы музей (з 1978 года). Ёсць свая пешаходня вуліца.

З 1996 года Клімавічы – рэгіянальная культурная сталіца: тут ладзіцца штогадовы міжнародны фестываль дзіцячай творчасці  «Залатая пчолка». Асноўная пляцоўка размяшчаецца ў парку (1872 года). У маі гэтага года прайшоў ХХ фестыываль.

У горадзе захавалася некалькі помнікаў архітэктуры. Да іх адносіцца жылы дом князёў Мяшчэрскіх – помнік драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя. Пабудаваны ў 1867 годзе. Зараз у ім прытуліўся краязнаўчы музей. У дарэвалюцыйны час ён з’яўляўся цэнтрам свецкага жыцця не толькі горада, але і павета: тут ладзіліся сустрэчы, імпрэзы мясцовых мастакоў, музыкаў, артыстаў.

Праваслаўная Свята–Міхайлаўская царква псеўдарускага стыля – помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя. Пабудавана на Базарнай плошчы з цэглы ў 1848 годзе (па іншых звестках у 1866). Паводле матэрыялаў краязнаўца і дырэктара мясцовай мужчынскай гімназіі С. Яраслаўца сабор пабудаваны “па ініцыятыве генерал-губернатара Магілёва графа Мураўёва”.

Захаваліся рэшткі кляштара дамініканцаў (1626–1832). На тэрыторыі горада і наваколляў зафіксаваны 3 старажытных селішчы, 2 стаянкі старажытнага чалавека, 2 курганных могільнікі, гарадзішча.

Клімавічы сталі горадам 245 год таму

Гарадскі статус, планіроўку вуліц, а таксама ўласны сімвал Клімавічы атрымалі ў спадчыну ад рускай імператрыцы Кацярыны ІІ

Наданне Клімавічам статуса горада адбылося ў 1777 годзе або 245 год таму, калі разам з усімі ўсходнімі землямі Рэчы Паспалітай мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Сумная падзея для краіны і нацыі, але магчымасць развіцця для паселішча.

У 1765 годзе Клімавічы сталі цэнтрам невялікага нягродавага (не гарадскога) староства — дзяржаўнага ўладання, якое здавалася ў арэнду і не было звязанае з выкананнем абавязкаў гродавага старасты. 

На той час Клімавічы былі зусім невялікім мястэчкам на ўсходзе Рэчы Паспалітай. Аднак з уваходжаннем у склад Расійскай імперыі статус мястэчка падвышаецца. У 1777 годзе распраджэннем імператрыцы Кацярыны ІІ Клімавічам надаецца статус павятовага горада, што паспрыяла далейшаму развіццю і зменам паселішча. 

У 1779 годзе зацвярджаецца новы план горада, згодна якому мяняецца традыцыйнае радыяльнае распалажэнне вуліц і пабудоў, цэнтрам якога быў пляц з касцёлам. Наступны этап развіцця і змен – 1781 год, калі  Клімавічы атрымоўваюць свой ўласны герб «у блакітным полі залатая пчала». Гэтая сімволіка для Клімавічаў і на сённяшні дзень з’яўляецца адметным сімвалам.  Такім чынам, у канцы XVIII стагоддзя Клімавічам быў створаны асноўныя рысы горада, які захоўваюцца да сёння.  

На фота: сядзіба Мяшчэрскіх 1867 года пабудовы ў Клімавічах

Фота ўзята з адкрытых крыніц

Кірмаш вакансій па-клімавіцку – з дваццаці чалавек на суразмову запрасілі чатырох

25 лістапада ў сектары занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Клімавіцкага райвыканкама 25 лістапада быў арганізаваны чарговы кірмаш вакансій – піша раённая газета “Родная ніва”. 

Па працаўладкаванне звярнуліся 20 чалавек. 

У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі КСУП “Полашкава”, КСУП “Прыгранічны-Агра”, ААТ “Клімавіцкі ЛГЗ”, ГУКДСП “Клімавіцкая ПМК № 256”, ДРБУ-172, Клімавіцкага райспажыўтаварыства. Як падкрэсліла кіраўнік сектара Алеся Белькіна, сёння на рынку працы запатрабаваны прафесіі: кіроўца аўтамабіля, вадзіцель пагрузчыка, электрагазазваршчык, токар, электраманцёр, трактарыст-машыніст, заатэхнік, ветэрынарны ўрач, жывёлавод. 

Па выніках кірмашу чатыром суіскальнікам прапанавана прайсці ссуразмову ў будучых наймальнікаў.

Акцыю па збору цёплай вопраткі і абутку праводзіць сацыяльны цэнтр у Клімавічах

Дабрачынная акцыя “Цёплая зіма” пакліканая дапамагчы дзецям з малазабяспечаных сем’яў. 

Клімавіцкі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва заклікае прынесці цёплую дзіцячую вопратку і абутак. Таксама прымаюцца былыя ва ўжыванні рэчы: дзіцячая мэбля, ложачка, каляскі, цацкі і г.д.

Жадаючых аказаць дапамогу чакаюць па адрасе: г. Клімавічы, зав. Рэвалюцыйны, 5у. (РЦСАН). Кантактны тэлефон: 70226.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Жыхарка Клімавіч уваткнула нож у жывот мужу. І адразу працверазела

Сумеснае распіццё алкаголя прывяло да сямейнай спрэчкі. Завяршыць яе жанчына вырашыла кардынальным спосабам.

Пра актуальныя метады вырашэння побытавых спрэчак у Клімівічах газеце “Родная ніва” распавёў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку УУС Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Ботчанка. Жыхарка раённага цэнтра выпівала разам са сваім мужа, і падчас гэтага баўлення часу паміж супругамі адбылася спрэчка. Падчас яе жанчына ўдарыла мужа нажом у жывот. Яна адразу працверазела – сцвярджае Аляксандр Ботчанка, але “не павернеш час назад”. Артыкул 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”, прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Падобны выпадак здарыўся ў сям’і грамадзяніна Б., што пражывае ў Клімавічах. Падчас сваркі з жонкай мужчына дэманстраваў сякеру і выказваў пагрозу забойствам. І зноў каталізатарам быў алкаголь. Па арт.186 КК за пагрозу забойствам прадугледжана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, папраўчых работ на тэрмін да аднаго года, арышт да трох месяцаў, а таксама абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

 

У Клімавіцкім раёне сфарміравалі першы атрад народнага апалчэння – фота

У Беларусі толькі рыхтуюцца прыняць закон аб апалчэнцах, але людзям ужо даюць зброю.

Фарміраванне першага добраахвотнага атрада тэрытарыяльнай абароны адбылося ў аграгарадку Лабжа на Клімавіччыне – паведамляе раённая газета “Родная ніва”. 11 верасня ў лабжанскім сельскім клубе намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Андрэй Маціевіч прывітаў першых добраахвотнікаў мясцовага апалчэння. На мерапрыемстве апалчэнцам растлумачылі іх правы і абавязкі, а таксама распавялі пра ўладкаванне аўтамата і паказалі, як ім карыстацца. 

Добраахвотны атрад тэрытарыяльнай абароны налічыў 22 чалавекі. Усе ўдзельнікі – жыхары Лабжанскага сельскага савета Клімавіцкага раёна. У атрадзе апынулася адна жанчына. Наталля Ермаковіч прыйшла запісвацца ў апалчэнцы разам са сваім мужам, Дзмітрыем Малахавым. Пара жыве ў вёсцы Рудня, вядзе вялікую гаспадарку, трымаючы авечак, коз, свіней і птушку.

На сённяшні дзень народнае апалчэнне ў Беларусі не мае свайго юрыдычнага афармлення. Праца над законам аб ім яшчэ вядзецца – паведамілі падчас сустрэчы з лабжанскімі добраахвотнікамі. Але ўжо пачалася арганізацыя атрадаў апалчэння на месцах. 

Сярод асноўных задач, якія будуць стаяць перад народным апалчэннем – абарона сваіх дамоў, населеных пунктаў ад марадзёраў, цеснае ўзаемадзеянне з фарміраваннямі ўзброеных сіл, міліцыяй, удзел у ахове грамадскага парадку.

Фота: “Родная ніва”

Не вывезенае смецце, у няскошанай траве пусткі. Клімавічы вачыма санэпідэмстанцыі

Цэнтральныя часткі такіх гарадоў, як Клімавічы, дагледжаныя да бляску. Крок у бок і трапляеш у іншы свет. Яго пабачылі супрацоўнікі Клімавіцкага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Яны бэсцяць нядбайных гараджанаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў за псаванне вобразу прыбранага гораду.

«Адразу адзначу, што выяўленыя факты парушэнняў у вочы кідаліся адразу. А ўсё таму, што на фоне добрага ці практычна ідэальнага тое, што не адпавядае неабходным стандартам, рэзка выбіваецца з роўнага шэрагу», – каментуе ўбачанае мясцовай раёнцы «Родная ніва» кіраўніца службы Ірына Лазоўская.

rodniva.by

«Ідзем па вуліцы Янкі Купалы, адзначаем, што ўсе прыдамавыя тэрыторыі абкошаны, вакол прыгажосць, у кветніках кветкі цешаць вока мінакоў, – апавядае яна. – Як гаворыцца, што ўсё так выдатна, што нават прычапіцца няма да чаго – і раптам бачым невялікі астравок зямлі, зарослы травой, а пасярэдзіне – яго студня».

На адной з вуліц некалі стаяла гарадская лазня. Яе знеслі.

«А цяпер тут каласіцца бур’ян у рост чалавека», – падае абурэнне Лазоўскай выданне райвыканкаму.

rodniva.by

Заяўляецца, што па ўсіх выяўленых парушэннях санітарнай службай кіраўнікам арганізацыяў дасланыя рэкамендацыйныя лісты з указаннем тэрмінаў іх устаранення. Калі тое не будзе зроблена то будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

 

У Клімавічах тля атакавала ліпы. Дрэвы «заплакалі»

Тлю актывізавала спякотнае надвор’е. Ледзь заўважная жамяра харчуецца лістотай дрэва, перакусваючы капіляры. Паратунак для дрэваў – пахаладанне.

«Звярніце ўвагу на лісце ліпаў у нашым горадзе. Яны ўсцяж у тлі, якая бязлітасна грызе лісцейка, разбураючы капіляры. Вось і пакутуюць нябогі дрэвы, і плачуць», – б’е трывогу мясцовая раёнка «Родная ніва».

stroy-podskazka.ru

Як сцвярджаюць спецыялісты, спякотнае надвор’е стварае спрыяльныя ўмовы для масавага размнажэння шкоднікаў. Да ліпкай вадкасці, якае капае з дрэва, часта дадаюцца павуцінкі, утвораныя ў выніку лінькі тлі.

Ліпкія выдзяленні жыццядзейнасці жамяры для ліпы бяспечныя. Аднак, тля сілкуецца клеткавым сокам лісця, што адмоўна адбіваецца на стане дрэва. Яно слабне і можа загінуць.

Ліпа – неабходнае дрэва для гарадскога асяроддзя. Яно добра расце, выдатна адаптуецца да забруджвання атмасферы аўтатранспартам і прамысловымі прадпрыемствамі. Ліпа назапашвае ў лістоце вялікую колькасць цяжкіх металаў, што істотна аптымізуе стан навакольнага асяроддзя.

Пра важнасць ліпы для гораду і яе адметнасць у свеце раслін пісаў Магілёў.media ў адной са сваіх публікацыяў. 

Ліпа – найулюблёнае дрэва беларуса. Яе высаджваюць пры гарадскіх магістралях, у дварах жылой забудовы, у асяродках адпачынку. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня водар ад гэтага дрэва насычае паветра.

Ліпа – сімвал кахання, урадлівасці, дабрабыту, вернасці, дружбы, міру, справядлівасці, альтруізму, удачы. Яшчэ яна – сімвал сужэнскай любові, гасціннасці і сціпласці.

На ўсходзе Магілёўшчыны актывізавалася перавозка тавараў чыгункай

На станцыі Клімавічы за два апошнія месяцы павялічыўся грузапаток больш чым удвая. Чыгункай вязуць драўніну, угнаенні, будаўнічыя матэрыялы. Стала больш пасажыраў.

“Калі ў маі тут на пагрузку было адпраўлена 437 вагонаў, то ў чэрвені — 1039. Такая ж лічба была і ў ліпені”, – кажуць клімавіцкія чыгуначнікі.

Паводле кіраўніцы чыгуначнай станцыі Лідзіі Нерасценкі дадатковыя аб’ёмы перавозак далі работнікі лясной гаспадаркі.  Па ліквідацыі наступстваў навальніцаў буралом вывозяць на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Піламатэрыялы пастаўляюць у Расію ды Азербайджан. 

Штодня да 10 вагонаў ідуць на адгрузку прадукцыі клімавіцкага цэха Беларускага цэментнага завода. Будаўнічыя матэрыялы прыбываюць для мясцовых прадпрыемстваў. На станцыю для сельгаспрадпрыемстваў рэгулярна прыбываюць угнаенні, піша  клімавіцкая газэта “Родная ніва”.

Друз, адсеў і іншыя матэрыялы прыходзяць для ДРБУ-172, цэгла, блокі – для ПМК № 256. Камбінат хлебапрадуктаў адпраўляе спажыўцам муку, вотруб’е і іншую прадукцыю.

Кіраўніца чыгуначнай станцыі кажа, што ў параўнанні з мінулым годам на 35 працэнтаў вырас аб’ём пасажыраперавозак. У чэрвені білетная каса рэалізавала 30 тысяч білетаў. 

Ілюстрацыі з рэсурсу www.rodniva.by